epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыцця не хапае

Празрысты, крыштальны бярозавы гай,

Нібыта памыты вадою крынічнай.

Фантанам вяршынь да аблокаў шугай,

Спявай і далей мілагучна, лірычна.

 

Зялёнае мора, ласкавы уздых —

Раздольна душы і пачуццям разгульна.

У кроне пяшчотных карункаў тваіх

І ветру не цесна, і промням утульна.

 

Халоднай зімой я вясну тваю сню,

І побач з табой, цемра-ноч — не сляпая.

Даўно палюбіў я тваю чысціню,

Табой наталіцца — жыцця не хапае.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.