epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыццё

Гучыць маё слова не ў шумным палацы,

Дзе свецкай няшчырасці — свет,

А ў хаце сялянскай, вярнуўшыся з працы,

Бярэ маю кнігу сусед.

 

Шурпатыя пальцы паслініць спачатку,

Прыткнецца плячыма ў куток —

I вусны бягуць за вачыма ўпрысядку,

Вышэптваюць кожны радок.

 

То з болем чытае, то раптам са смехам

Пра час і пра лёс землякоў.

I ў сэрцы яго адгукаецца рэхам

Пякучая праўда радкоў.

 

Ён пальцам старанна па літарах водзіць —

Кранае душу пачуццё.

Цікава суседу — сябе ён знаходзіць

У творах пад назвай — жыццё.

 

I ходзіць паціху мой зборнік па хатах,

Па роднай лагойскай зямлі.

Утульна яму на далонях шурпатых,

I грэюць яго мазалі.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.