epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыццё і процілегласць

Ідзе па жыцці побач з намі,

не толькі жыццё,

Няспынна ідзе па жыцці

і жыцця процілегласць.

І як бы ў жыцці нам ад антыжыцця

паратунак знайсці?

І як паміж імі хаця б

павялічыць адлегласць?

 

Ідзе чалавек да апошняй мяжы

да апошняй пары,

Прыроды няўдзячны уладар

і часу ўладар ганарысты,

А побач, ідуць з двух бакоў

чалавечыя уладары —

Жыццё і Яна — процілегласць жыцця,

два антаганісты.

 

Ідзе чалавек па жыцці —

ўсё далей і далей ад яго,

Ідзе — ўсё бліжэй і бліжэй да яе —

процілегласці клятай,

Ідзе чалавек — ўсё бліжэй і бліжэй

да прытулку свайго,

А цешыцца думкай, што доўга ісці па жыцці,

што наперадзе святы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.