epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыццё і смерць

Памяці Паўловіч Анюты

 

З глыбінь мінулага яна не прападае,

Не паглынуў яе падзей шматлікіх цень...

Ішла цяжарная жанчына маладая

Ля ганку нашага амаль што кожны дзень.

 

Ішла паволі, асцярожна, беражліва,

А я, хлапчук малы, глядзеў тады праз плот

На «безфігурную фігуру», як на дзіва,

На недарэчны, мне здавалася,— жывот.

 

Ёй жыць далей дало... ды толькі ва ўспамінах,

Спыніўся шлях зямны у росквіце жыцця —

Не ўратавалася, памерла пры радзінах,

Ды, дзякуй Богу, захавалася дзіця.

 

І мне з малечных год забыцца немагчыма,

Хоць да падзеі той — «сваіх» падзей сцяна,

Як па жыцці ішла цяжарная жанчына

І несла ў чэраве жыццё і смерць яна.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.