epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыццё нанова

Я дажываю век

амаль што без астатку,

І раптам задае

Гасподзь пытанне мне:

— Ці хочаш ты пражыць

сваё жыццё спачатку?..

Звычайна, ўсе ў адказ

адпіхваюцца: — Не!

 

Маўляў, мы пражылі

сваё жыццё у працы,

Адказна і сумленна,

стваралі, што маглі.

Нам жыць нанова? Не!

Навошта паўтарацца?

Няхай бы нашы дзеці

сваё так пражылі.

 

І я пражыў жыццё

адказна і талкова,

І я аб «заўтра» дбаў,

праз сілу кожны раз.

І ўсё такі жыццё

хачу пражыць нанова

На вельмі шмат чаго

хачу знайсці адказ.

 

І тым не менш раблю

на іншае спасылкі,

Мне іншае баліць,

душа гарчыць ад слёз —

Вярнуцца б мне ў той час

і выправіць памылкі

Якімі неяк мог

пагоршыць нечы лёс.

 

Якімі раніць мог

кагосьці незнарокам

Я выпраўлю свой грэх,

я іх перапрашу,

Бо многае і мне

вылазіць сёння бокам

Ад тых, хто шмат разоў

параніў мне душу.

 

А у астатнім я

ўсё б паўтарыў агулам,

Бо што ні гавары,

А быў цікавы баль.

Не, не вярнуцца мне

ў той час, што стаў мінулым,

Не выправіць сваіх

памылак мне, на жаль.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.