epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыццё не ўдалося...

Здаецца, што скочыў

Я «з гра́зі ды ў князі» —

Пачаў век і скончыў

Ў змаганні-экстазе.

 

Гной, плуг і рыдлёўку,

Бясхлеб’е, бяспраўе —

Іх, нібы вяроўку

На шыі, спазнаў я.

 

Да ведаў быў прагны,

Да лепшага часу —

Як з жудаснай багны,

Ірваўся з калгасу.

 

Дасягнута мною

За век свой немала,

Ды горыч сцяною

Наперадзе ўстала.

 

Назад азірнуўся —

О, неба святое!

Зрабіў я, Ісусе,

Не ўсё, шмат — не тое.

 

І ты, Божа правы,

Падшкоджваў патрошкі —

Няўжо для забавы

Мне ставіў падножкі?

 

Я, з веку малога,—

Ні ныцік, ні цынік.

Не га́ню нікога,

Падводзячы вынік.

 

З мінулым гута́ру,

Душой адчуваю —

Галоўную мару

З сабой пахаваю.

 

Не, не далілося

Здзяйсненняў калоссе —

Шмат што не збылося,

Жыццё не ўдалося.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.