epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыха́рыкі

Тое, што ёсць на зямлі жыхары, мы з вамі — усім і даўно вядома. Як гэта без нас?

А вось тое, што ў кожным кутку зямлі беларускай ёсць жыхарыкі,— мала каму вядома.

Ды што такое, мала каму! Бадай, ніхто пра іх, жыхарыкаў, і не ведае, і не чуў. Ніхто, акрамя мяне. Не таму, што я такі ўжо разумны ці дасведчаны, а, таму, што я, вандруючы пешшу па роднай Лагойшчыне і захапляючыся яе непараўнальнай прыгажосцю, выпадкова натрапіў на нейкі дзіўны сход нейкіх дзіўных чалавечкаў.

Я, амаль не дыхаючы і зусім не кратаючыся, затаіўся за ялінай і з цікавасцю назіраў за тым, што адбываецца на лясной паляне.

Мне пашанцавала, бо сход толькі пачынаўся.

Магчыма, недзе, у другіх краінах, іх, гэтых маленькіх чалавечкаў, называюць гномамі ці нейкімі там тролямі, яны ж сябе назвалі жыхарыкамі, і мне гэта было вельмі даспадобы.

Адзін з гэтых чалавечкаў, пэўна, старшынствуючы, выступіў з уступным словам:

— Мы, беларускія жыхарыкі, сабраліся сёння тут, на Лагойскай зямлі таму, што Лагойшчына — адзін з самых маляўнічых куткоў Беларусі. Яе, Лагойшчыну, некаторыя жыхары памылкова называюць Швейцарыяй. Далёка той Швейцарыі да тутэйшых мясцін!

Хачу нагадаць, што сёння тут прысутнічаюць дэлегаты: ад Віцебскай Браслаўшчыны — Азёрык, ад Брэсцкай Піншчыны — Палесік і Балоцік ды яшчэ — Белавежык, ад Гродзеншчыны — Налібочык і Нямонік, ад Магілёўшчыны — Дняпровік, ад Гомельшчыны — Сожык.

Міншчыну, як гаспадыню нашага сходу, прадстаўляюць Нясвіжык, Заслаўлік, Нарачанік і Салігорык.

Дадаткова, ад кожнага названага рэгіёну дэлегіраваны сюды Жытнёвікі, Гаспадарыкі, Рупліўчыкі і Гасціннікі.

І ўсё ж, з асаблівым задавальненнем, я называю дэлегатаў славутай Лагойшчыны.

Гэта — Лагожык, Прыгожык, Мурожык, Крынічык, Пагорык, Гаёвік, Баровік, Блакіцік і Таленавіцік.

Вось якое сузор’е Лагойскіх жыхарыкаў!

Пра кожнага трэба сказаць асобна.

Лагожык — першы, хто колісь пасяліўся на гэтай зямлі. Таму некалі ягоным імем назвалі сталіцу Лагойшчыны — Лагожск, а затым ужо — сучасны Лагойск.

Прыгожык — адказны за прыгажосць Лагойскай зямлі, з чым ён, як мы бачым, паспяхова спраўляецца.

Мурожык — стварыў і ўтрымлівае сёння ў належным стане шаўковыя лугі-мурагі.

Крынічнік — не дае замутніцца крыштальным крыніцам, якіх вельмі шмат на Лагойшчыне.

Пагорык — стварыў тут непаўторныя, маляўнічыя пагоркі, якія прывабліваюць да сябе турыстаў і спартсменаў. Чаго толькі вартыя адны знакамітыя Сілічы.

Гаёвік і Баровік — раскідалі па ўсёй Лагойшчыне празрыстыя бярозавыя гаі і задуменныя хваёвыя бары, у якіх нараджаюцца легенды і паданні.

Блакіцік — расхінуў над гэтай старажытнай зямлёй бяздонныя блакітныя шаты.

А вось Таленавіцік — узбагаціў зямлю і людзей духоўна, творча.

Пачуліся шчырыя апладысменты, пасля чаго прамоўца працягваў:

— Прыгожая ўся зямля Беларуская! І мы сёння сабраліся тут, каб абмеркаваць, як яшчэ больш упрыгожваць яе, абмяняцца вопытам і надалей дапамагаць людзям захоўваць і множыць гэту навакольную прыгажосць.

Як заўсёды, шмат намаганняў неабходна нам прыкласці для ачысткі лясоў ад смецця і бруду, якія людзі чамусьці пакідаюць пасля сябе...

Мне зрабілася сорамна за нашы паводзіны на прыродзе, якую мы вельмі любім і якую, тым не менш, нярэдка забруджваем.

Прабачце нам, жыхарыкі. Мы больш так сябе паводзіць не будзем!

Далей я даведаўся, што ва ўсіх кутках Беларусі, сярод жыхарыкаў, ёсць свае Гаспадарыкі, Рупліўчыкі, Прыгожыкі, Крынічыкі, Блакіцікі і Таленавіцікі.

— Ды інакш і быць не можа! — заключыў аратар.— зямля наша — гаспадарлівая. Гасцінная і слынная сваімі творчымі здабыткамі!

Затым ён прадставіў слова Лагожыку, назваўшы яго працавітым, гасцінным і кемлівым і, што асабліва мне спадабалася — непазбаўленым гумару і аптымізму.

«Дык вось чые рысы характару,— падумаў я,— перадаліся маім землякам! У кожным з нас ёсць штосьці ад Лагожыка!»

Калі Лагожык пачаў сваю прамову, я нечакана кашлянуў, што не дазволіла мне пачуць свайго маленькага земляка і дагледзець да заканчэння гэты дзіўны сход, бо жыхарыкі імгненна зніклі, як іх і не было.

А тое, што яны былі — я ўпэўнены і магу ўрачыста пацвердзіць гэта, паклаўшы руку на сэрца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.