epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыта сей

Дарогі памяці бяспамяцтва палоніць —

Падкрэслена-будзёна, чэрствы час

Знікненне пакаленняў узаконіць

І «пахавае» пахаваных нас.

 

І пабягуць за годам год руплівы,

Адных заўважаць, іншых — не крануць.

І, бачыўшыя пыл вякоў архівы,

Пра нас старонку вестак прыхінуць.

 

Ды боль жывых людзей не запыліцца,

Нам розум — сябар, але й вораг ён,

Бо прысуджае: варта нарадзіцца,

А ўжо чакае памінальны звон.

 

Што зробіш — чалавечы век кароткі,

Імклівы час — зусім не дабрадзей...

Ды дзякуй Богу, нас вучылі продкі:

Сабраўся паміраць, а жыта сей.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.