epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жывая душа

Каштану, як ён лічыў, пашанцавала ў жыцці. Яго гаспадар, Савось, меў характар памяркоўны, незласлівы.

Пугай амаль не карыстаўся, хаця, ходзячы за плугам альбо седзячы на колах, трымаў яе ў руцэ. Каштану дастаткова было гаспадарскага «но-о-о» ды лёгкага патузгвання лейцамі.

Увогуле, у дадзеным выпадку, паміж чалавекам і канём даўно ўсталявалася поўнае паразуменне, нават сяброўства.

Бывала, прыйдзе Савось запрагаць Каштана і, перад тым, як накінуць на галаву каню аброць, паднясе на далоні да конскай пысы кавалачак хлеба ці цукру, зазірне ў яго вочы і з цеплынёй скажа:

— Прабач, дружа, але, пасля ласунка я мушу тыцкаць табе ў зубы жалеза... Ды ты ж сам ведаеш, што незацугляны конь, як вятрак без ветру,— і накідваў на галаву каню аброць, устаўляючы між зубоў цуглі.

Савось кожны раз, запрагаючы каня, прыкладна гэтак вінаваціўся перад ім, і Каштану гэта вельмі падабалася.

Бывала, Савось крыху мяняў гаворку, тады Каштан чуў:

— Шкада, дружа, што ты няўмееш размаўляць. Вочы ў цябе разумныя, выразлівыя, а вось язык твой — ні «бэ» ні «мэ».

Каштану крыўдна было гэта чуць, бо гаспадара ён разумеў і заўсёды адказваў яму — «падтрымліваў гаворку», але Савось і падумаць не мог, што калі конь «стрыжэ вушамі», пафырквае на розны манер ды ціхенька іржэ — ён гэткім чынам размаўляе. Трэба толькі прыслухацца, прыгледзецца ды прызвычаіцца да конскага «лексікону». Матухна-прырода зрабіла так, што той, хто асвойваў сэрцам гэты лексікон жывёлінак, той з лёгкасцю мог зносіцца, размаўляць з канём, сабакам ці катом.

На жаль, мала такіх людзей, бо большасць лічаць сябе царамі-ўладарамі і прыроды, і ўсяго жывога ў ёй.

Як ні дзіва, але дзесяцігадовы сын Савося, Піліпка, бавячы вольны час ля Каштана, не толькі пасябраваў з ім, але вывучыў ад «а» да «я» і яго конскую азбуку, і яго лексікон.

Хлопчык з захапленнем распавядаў яму свае навіны і з цікавасцю даведваўся ад Каштана пра яго маленства, пра тое, як пазней аддзялілі яго ад маці Каштанкі, як ён сумаваў па ёй, як яму першы раз накінулі на шыю хамут, пасля чаго пуга ўтаймоўвала яго наравістасць — пра многае-многае іншае да таго часу, калі Каштан патрапіў да сучаснага гаспадара, Савося.

Піліпка неяк вечарам зрабіў спробу расказаць пра ўсё гэта свайму бацьку, але той адмахнуўся:

— Фантазёр ты, сынку...

Жыццё рухаецца наперад, мяняе прыярытэты і патрэбы. Тэхнічны прагрэс закрануў і сялян з іх адвечным укладам жыцця.

Вось чаму аднаго дня, Савось з форсам заруліў на сваю сядзібу на трактары «Беларус», які купіў, падпарадкоўваючыся тэхнічнаму прагрэсу.

— Прымайце жалезнага каня! — з гонарам абвясціў ён жонцы і Піліпку.

— А як жа Каштанчык? — з болем усклікнуў хлопчык.— Куды яго?

— Яго збудзем... Прададзім,— адказаў Савось сыну.— Не вечна ж гнуць спіну над плугам. Глянь якая моц! Сотня Каштанаў у гэтым волаце! Сядай, пракачу!

— Не! Не хачу! — ледзь не захлынуўся слязьмі Піліпка і пабег прэч са двара на выган, туды, дзе пасвіўся яго самы шчыры сябар.

Хлопчык абхапіў рукамі шыю каня і, ўздрыгваючы ўсім целам, загаласіў:

— Мілы! Родны! Не аддам цябе нікому! Не хачу! Не хачу!..

Вечарам бацька абняў Піліпку і пачаў супакойваць:

— Ты думаеш, мне не шкада Каштана? І мне баліць душа... Знойдзем яму другога гаспадара, будзе жыць неяк. Супакойся, сынок.

Потым пачалі прыходзіць розныя людзі, прыцэньваліся на каня, зазіралі яму ў зубы, цікавіліся пра яго ўзрост і нораў.

Піліпка сціскаўся ў камячок і з жахам назіраў за ўсім гэтым.

Неяк раніцай Савось, які рупліва ўставаў раней за сонца, ускочыў у хату з крыкам:

— Каня ўкралі!

І сапраўды, дзверы ў хляве былі расчынены, а Каштана ў ім не было.

Прыехала міліцыя — штосьці пісала, кагосьці апытвала — і ўсё, канцы ў ваду — ні грошай, ні каня.

Савось відавочна мяняўся ў горшы бок. Знікла яго разважлівасць і памяркоўнасць, рабіўся злосным. І не толькі ад таго, што ўкралі каня, але і таму, што трактар, у адрозненні ад Каштана, мёртвае жалеза. Ён не зазірне з цеплынёй у вочы, не прыхіне галаву да грудзей, не возьме сабе твой боль. З трактарам не паразважаеш пра жыццё, не паскардзішся яму. У трактара няма цёплай пысы і жывой душы. Трактар часцяком «капрызнічае», бывае, не заводзіцца, ён мазутны, чадны. Рукі і адзенне ў Савося прапахлі саляркай і маторным алеем.

Савось быў падобны на хмару, якая вось-вось заплача навальнічным дажджом.

І толькі Піліпка ў гэтай сітуацыі паводзіў сябе на дзіва спакойна. Дзівілася і маці Піліпкі,— чаму сын, падчас летніх канікул, адмовіўся ехаць з класам у лагер. І асабліва дзівілася таму, куды дзяваецца хлеб з хаты.

— Я яго ем, мамачка! — запэўніваў маці хлопчык, а сам запіхваў ціхенька запазуху акраец і ўпотай бег да свайго сябра Каштана аж на Прылуцкія лугі, дзе конь быў навязаны і спакойна пасвіўся на сакаўной траве.

— Я ж казаў, што нікому цябе не аддам! — крычаў шчаслівы хлопчык, падбягаючы да свайго сябра.— Еш! Еш хлеб, родненькі! Лета наперадзе, а там пабачым. Я люблю цябе, конік!

— Дзякуй табе, дружок! — адказваў на сваёй мове Каштан.— І я цябе люблю!

Піліпка перавязваў каня на свежае месца, расказваў яму пра ўсе хатнія навіны, абдымаў за шыю і зноў бег дамоў.

Так мінуў цэлы месяц.

Савось ішоў да трактара, як да прынукі. Штосьці неабходна было падкручваць, падцягваць, падмазваць. У дадатак да ўсяго, трактар настолькі растрос Савося, што ў яго пачала балець сярэдзіна.

— А мае нервы,— сумна жартаваў Савось,— патрабуюць капітальнага рамонту

Ён абняў сына і з горыччу выдыхнуў:

— Эх, Піліпка, быў бы з намі наш Каштанчык!.. Я так па ім сумую. Здаецца, абняў бы яго, прытуліўся да жывой душы — і падужэў бы, і ўся хворасць адступіла б...

— Ты ж хацеў яго прадаць, тата...

— Дурны быў, прабач... Ну купіў я трактар. І што? Няхай бы і конь быў... Жывая душа, як процівага жалезу... Эх, сынок...

Піліпка кінуўся на шыю да бацькі, моцна абняў яго:

— Тата! Татачка родны! Ты сядзі тут — я хутка! Я зараз! — і паімчаў на Прылуцкія лугі, каб вярнуцца адтуль да свайго таты з ратавальнай жывой душой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.