epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жывая паэзія

Глядзіць, бывае, хтосьці

ў гэты свет.

І здзіўлена,

(Як гэта і бывае)

Адкрыць імкнецца

для сябе «сакрэт» —

А дзе ж яна,

паэзія жывая?

 

Як хочацца сказаць:

— Ты страціў шмат,

Паслухай салаўя,

як ён спявае,

Душа святкуе

ад яго рулад —

Ці ж гэта

Не паэзія жывая?

 

А вунь бярозка —

прыгажосць сама,

Ідзе насустрач,

ветліва ківае.

Нічога ў свеце

прыгажэй няма —

Ці ж гэта не паэзія жывая?

 

Ачніся сэрцам,

ў неба погляд кінь,

Яно ў палёт нас вабіць,

Заклікае.

А ці ж не цуд

Загадкавая сінь?

Ці ж гэта не паэзія жывая?

 

Ёсць шмат чаго,

што крыліць нас даўно...

А вунь дзяўчыну

хлопец абдымае,

Два сэрцы

Аб’ядналіся ў адно —

Ці ж гэта

не паэзія жывая?

 

Маленства, сталасць,

старасць, маладосць —

Дарунак лёсу,

існасць векавая.

Шмат цудаў у жыцці

заўсёды ёсць,

Жыццё само —

паэзія жывая.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.