epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыві

Ні часоў няма, ні меж

Для акрыленага слова.

Я пішу цябе, мой верш,

І прашу адначасова:

 

Я пакіну родны край,

Дзе нуду і радасць зведаў.

Толькі ты не памірай,

Не знікай за мною следам.

 

Што ні год, вышэй сваю

Уздымай над светам долю.

Я табе жыццё даю

І наказ: — Ляці на волю!

 

У табе, як і ўва мне,

Ісціна высокай пробы.

Не заўжды яна ў цане,

Шмат каму недаспадобы.

 

Ісціна, яна ў крыві,

Ісціна, яна у слове.

Вось чаму, мой верш, жыві

Пільна і напагатове.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.