epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жывое неба

Малюе неба воблакі-выявы,

Людзей, мядзведзя, птушку, матылька.

Малым я назіраў дзеля забавы,

Цяпер дзіўлюся густу «мастака».

 

Адно і тое ж воблака знянацку

Нам дорыць вобраз дзеда з барадой,

А дзед перарабіўся ў ляльку-цацку,

А цацка ў белы ветразь над вадой.

 

А вунь другія воблакі, як коні,

І космы грыў, і тонкіх ног сцяна.

Вунь аблачына з сэрцам на далоні —

Шануе дух Шамякіна яна.

 

Вунь кучавыя — ўзораная глеба,

А вунь і знакамітае руно.

Цікавае яно, жывое неба,

Яшчэ — заўсёды новае яно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.