epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жыву — у iншым вымярэннi

Жыву — у iншым вымярэннi,

Як лес, апалены агнём,—

Бядой знявечаны карэннi,

Бядой скалечана галлё.

 

Не год, не два, а цэлых дзесяць

Чарнобыль душыць спакваля —

Счарнела сонца, выцвiў месяц

I стогне хворая зямля.

 

I лёс ужо не перайначыць

Тут, на апошнiм рубяжы.

Балюча жыць, балюча бачыць

Штодзённа новыя крыжы.

 

I бачыць вымерлыя хаты,

Што назаўсёды адгулi.

I кожны лёс, бядой распяты,

На роднай, змучанай зямлi.

 

Гады прасуюцца ў iмгненнi,

Рыхтуюць спадчыну сваю...

Жыву — у iншым вымярэннi,

Не, не жыву, а iсную.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.