epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Жывы феерверк

У лесе не стала вавёрак,

З чыёй, невядома, віны.

Адкінуць, напрыклад,

Год сорак,

Ў лясах шчыравалі яны.

 

Вавёрачка —

Мар нараджэнне,

Бяскрыўднай прыроды

Дзіця.

Якое яны ўпрыгажэнне

Ляснога «жывога» жыцця!

 

Ідзеш —

А направа, налева,

То ўніз нечакана,

То ўверх,

То з фырканнем

з дрэва на дрэва,

Пульсуе жывы феерверк.

 

То ладзяць

гульню між сабою —

Маланкава скача камяк.

То цокаюць над галавою

Сярдзіта, прыветна — усяк.

 

Успомніць прыемна, ахвотна,

Насычаны жыўнасцю лес.

А сёння —

у лесе самотна,

Лес —

Нібы драўляны пратэз.

 

І час наш —

таксама ён грэшнік,

Мяняе аблічча зямлі.

Амаль што ўвесь

звёўся арэшнік,

Грыбам знікнуць

мы памаглі.

 

Грыбы дык бываюць часова,

Але ж, у грыбны

самы пік,

Збіральшчыкі — напагатове,

Іх сто на адзін баравік.

 

Мы нішчым

братоў меншых межы,

Зусім не зважаем на іх.

Не стала

Ў вавёрачкаў ежы,

Не стала, на жаль,

іх саміх.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.