epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Гарадзецкі

Ландыш

 

Пра што шумяць кусты ў цяні?

Пра бездань сіняй вышыні?

Пра змрок, што ногі ім спавіў,

Дзе ландыш квола стан схіліў?

 

Яго ўжо зморвае жара,

I паміраць яму пара.

А лета толькі надышло,

Вакол рассеяўшы цяпло.

 

Лагодны, гожы і адзін,

Увяўшы сумна між раслін,

Апошні раз ён празвініць,

Апошні раз ён апʼяніць.

 

Вячэрні подых, і зямля

Глыне крышталь з яго лісця

У грудзі прагныя свае,

Пясняр жа песню ёй спяе.

 

Яна дала, яна ўзяла,

Яна звіла ў адзін вянок

I слодыч першага цяпла

I смерці горыч — халадок.


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11