epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Гэта ж яна

 

На летнія канікулы з’язджаліся ўсе знаёмыя студэнты, ужо адметныя ад сваіх местачковых равеснікаў гарадскою вопраткаю, прычоскамі, моднымі слоўцамі і манерамі трымацца, упэўненасцю ў сваёй дасведчанасці і перавазе. Хлопцы і дзяўчаты весела шпацыравалі па адзінай брукаванай вуліцы, пры месячным святле гулялі ў «гарэлкі» ў ціхай зялёнай Дашкоўскай вулачцы, а потым парамі разыходзіліся на зацішныя цьмяныя ганачкі, у бэзавыя і язмінавыя палісады.

Толькі наезджая практыкантка-медычка, статная дзяўчына ў ружовай сукенцы, з круглаю каштанаваю стрыжкаю і зеленаватымі вачамі ні з кім не знаёмілася і не сябравала, не хадзіла на шпацыр, гульні і вечарынкі. Лічылі яе ганарліваю, хоць адметнаю красуняю яна і не была. Проста па-маладому статная, імклівая ў хадзе, круглатварая і трошкі кірпаценькая, але была ў ёй нейкая іскрынка, што вабіла і спыняла ўвагу. Я ведаў, што завуць яе Марусяй, праходзіць практыку ў бальніцы, жыве ў сястры на агранамічным участку пры выяздзе з мястэчка.

Хлопцы казалі, што на ўсе падыходы толькі ўсміхаецца, скоса пазірае і ідзе далей. Што ж яна за цаца? — заінтрыгавала мяне. І пачаў цікаваць яе, але ў вочы сляпіцаю не лез, толькі назіраў здалёк.

Кожны вечар, калі зарэчныя лугі млелі ў сіняватай смузе і над імі курыліся пасмы туману, а чароды гусей з гергетаннем цягнуліся з выгану дадому, дзяўчына ў ружовай сукенцы спяшалася на рэчку. Цераз плячо перакінуты квяцісты ручнік, яна шпарка ішла па вузкай лугавой сцежцы, толькі мільгалі на моцных нагах беленькія «таргсінкі». Часцей яе бачыў на адлегласці, але нешта прывабнае было ў яе постаці і абліччы. Яна адна прыходзіла на стромкі бераг, дзе звычайна купаліся жанчыны. Купальнікаў і плавак у той час мы не ведалі: у жанчын было адно месца, мужчыны купаліся дзе прыйдзецца — распраналіся ў зацішку надрэчных кустоў і, азіраючыся, сігалі ў павольную плынь ракі.

Я здалёк пазіраў, як за кустамі ракітніку мільгала ружовая сукенка, потым, затуліўшыся спераду рукамі, з крутога берага зрывалася высокая белая постаць. У вечаровай цішыні далёка было чутно, як звонка б’юць далоні па вадзе.

Канчаўся жнівень, а з ім і нашы канікулы. Я і не спадзяваўся сустрэцца і загаварыць з гэтай ганарлівай дзяўчынай. Не ведаю, што больш замінала, залішняя сціпласць ці ўласны ганарок. Я пераконваў сябе, што нічога асаблівага ў ёй няма, і ўсё ж кожным надвячоркам ішоў на ўтравянелы надрэчны вал, углядаўся ў далёкія замглёныя лугі з пачарнелымі стагамі. За далёкім пясчаным узгоркам сінелі маладыя хвойнікі. На заваротах жывым срэбрам паблісквала рака і знікала зноў за крутымі берагамі і кустамі алешніку. Да ад’езду заставаліся лічаныя дні, я збіраўся ў свой інстытут, не сёння-заўтра магла знікнуць і Маруся.

У суботні вечар на рэчку яна не прыйшла. Я даседзеў на вале да змяркання і, нібыта нешта страціўшы, пайшоў у мястэчка. Пасярод базарнай плошчы стаяў высокі і доўгі нардом. У ім праводзілі сходы, ставілі аматарскія спектаклі і разы са тры на тыдзень паказвалі старыя кінакарціны. Пры мне ў вокнах патухла святло, загайдаўся зеленаваты слупок з праектара. Я паспеў узяць білет і ўбег у цёмную залу. На доўгіх лаўках, часам асветленыя экранам, чарнелі абрысы галоў. Я спыніўся ў вузкім праходзе, не ведаючы, куды прыткнуцца. Нехта крайні заварушыўся, адсунуўся. Я зразумеў, што мне даюць месца. Я сеў, мая суседка памкнулася далей управа. Каб не заміналі пярэднія, нахіліўся да суседкі і адчуў цяпло яе пляча. Запалілі святло, каб закласці новы ролік, і я ўбачыў, што сяджу побач з Марусяю. На ёй была мяккая мультановая сукенка ў буйную клетку. Толькі цяпер я здагадаўся павітацца і падзякаваць за месца. Яна ўсміхнулася і абыякава адказала: «Лаўка казённая, сядзіце дзе прыйдзецца, а месцы адзначаць у вас яшчэ не дадумаліся».— «І добра, што не дадумаліся, а то не сядзець бы мне побач з вамі».

Святло патухла, і каторы ўжо раз на нашым экране замітусіліся Гопкінс і Фогель, таямніча выплывала злавесная постаць Чычэ ў многа разоў бачаным фільме «Мес-Мэнд». Я глядзеў нібыта засяроджана, а правая рука трымалася ўжо не за спінку, а краналася цёплага Маруднага пляча. Пасля сеанса мы выйшлі разам і поруч пайшлі ў яе бок.

Мястэчка сцішылася пад халаднаватым зорным небам. Праз шчыліны некаторых акон прабіваліся тоненькія нітачкі святла, высокія таполі здаваліся чорнымі зданямі, і толькі на верхавінах пад блакітным святлом поўні срабрыліся і дрыжалі лісты: месяц толькі выплыў з-за хмары з залацістымі беражкамі. Адзін бок вуліцы патанаў у чарнаце густога ценю, на другім баку хаты нагадвалі тэатральную дэкарацыю ў хісткім зеленавата-сінім святле — зырка блішчалі шыбы, друзачкі шкла на дарозе аж сляпілі вочы. Мы ішлі моўчкі. Каб толькі не маўчаць, я спытаў, ці спадабаўся маёй спадарожніцы фільм.

— Я глядзела яго не менш як пяць разоў. А пайшла, бо не было куды дзецца.

— Тут жа столькі студэнтаў. Збіраюцца вечарамі, гуляюць, спяваюць, катаюцца на лодках, а потым разыходзяцца парамі і не сумуюць.

— Вы ж усе тут свае, а я так і не знайшла ні сяброў, ні сябровак.

— Кажуць, вы грэбуеце ўсімі.— Маруся толькі засмяялася. Так, гаворачы ні пра што, мы дайшлі да вялікага дома ў канцы мястэчка. У шырокіх вокнах з белымі рамамі святла не было. У гэтым доме быў адзіны на ўвесь раён агранамічны ўчастак. Тут, у сястры, аграномавай жонкі, кватаравала Маруся. Каля брамкі я дакрануўся да Марусіных рук. Яны былі халодныя і дрыготкія. Ад месячнага святла яе вочы здаваліся яшчэ зелянейшымі, а вакол валасоў гайдаўся зіхатлівы німб. Я паднёс яе рукі да вуснаў і пачаў хукаць, каб сагрэць, потым пацалаваў адну і другую далонь. Маруся прыхінулася да мяне і тут жа рэзка падалася назад.

— Вы так усіх праводзіце і развітваецеся, з першай сустрэчы?

— Не, толькі вас.

— Вы ж мяне зусім не ведаеце. Адкуль такі спрыт?

— Ведаю вас даўно. Ведаю, што вы медычка і хутка паедзеце ў свой Магілёў, добра запомніў вашу ружовую сукенку, месца і час, калі купаецеся. А сёння чаму не прыйшлі?

— Божа мой! Дык вы сачылі за мною? І не сорам?!

— Сачыць не сачыў, а бачыць хацелася кожны дзень. Які ж тут сорам?

— Чаму ж не падышлі раней?

— Чуў, што вы ганарлівая і, як палякі кажуць, недаткнёнтая.

— Усё хлусня. Ганарыцца мне няма чым. А нахабнікаў не цярплю і адбіваюся, як ад сляпнёў.

Я асмялеў, абняў за плечы і прытуліў да сябе. Яна не адштурхнула, адвяла назад галаву, прыплюшчыла вочы, я асцярожна пацалаваў халаднаватую шчаку, дакрануўся да вуснаў і ўпіўся ў іх доўгім пацалункам. Яна шчыльней прыхінулася да мяне, я адчуў яе невялічкія пругкія грудзі. Маруся рэзка адарвалася ад мяне, паправіла рассыпаныя валасы:

— Вар’яты. Што гэта мы сабе дазваляем? І з першай сустрэчы! Што падумаеш пра мяне? Я толкам нават не ведаю, як... вас зваць, хто вы і што вы, а вось адштурхнуць не магла. Вы, мабыць, нейкі чараўнік,— усміхнулася яна.

— А вы — чараўніца. Кажуць, у такія ночы людзі становяцца лунацікамі і блукаюць па дахах. Вы бачылі калі-небудзь лунаціка?

— Не даводзілася і наўрад ці давядзецца.

— Чаму?

— Я — медык і не веру ў дзівосы.

— Такою ж месячнаю ноччу сам бачыў, як па самым вільчыку босы, ва ўсім споднім павольна хадзіў, задраўшы галаву, чалавек. Дойдзе да краю і — назад, ступае як здань. Ад святла ўвесь аж блакітны. Мы з таварышам угледзелі і замерлі. Кажуць, калі, барані божа, крыкнуць ці вытнуць па чым, спалохаецца і разаб’ецца.

— Па-мойму, вы нядаўна начыталіся Гогаля ці старажытных казак.

Я не пярэчыў і не пераконваў, бо і сам быў не вельмі ўпэўнены — сапраўды бачыў ці прывярзлося. Месяц стаяў амаль у зеніце. Усё навокал было ў срабрыстым блакіце, а цені — вугальна-чорныя. За мястэчкам у далёкай нізіне павольна плыў сіні туман, над ім узнімалася Мыслачанская гара, белая каплічка на ёй здавалася тоўстым манахам у зіхоткім капюшоне, а на самай вяршыні стаяла, нібы сплеценая з павуціны, стромкая трыганаметрычная вышка, якую ў нас чамусьці звалі маяком. Наўкол была цішыня і прыгажосць, што мне страшэнна захацелася ўзняцца на вышку і паглядзець на гэтае хараство з вышыні. Я сказаў Марусі, не спадзеючыся, што яна пойдзе са мною.

— Сапраўды, так хораша! Праспаць такую ноч крыўдна. Другой такой можа не быць.

Я адчуў, што Марусю працінае жнівеньскі халадок, і накінуў ёй на плечы свой пінжак.

— Мне не холадна, а дрыжу сама не ведаю чаго.

Мы падышлі да доўгай жоўтай стадолы бальніцы. Маруся зазірнула ў акно:

— Анікееўна дзяжурыць. Ёй сягоння нялёгка. І я так часам не сплю ночы.

Мы звярнулі з пясчанае сыпкай дарогі на тупкую сцежку. Абапал зіхацеў росны трыпутнік і даўно адцвілыя рамонкі. Мы ўзяліся за рукі і пайшлі поруч. Маруся нечакана спытала:

— Алёша, а ты на каго вучышся?

Я здзівіўся і ўзрадаваўся, што Маруся мяне так ласкава называла і першая перайшла на «ты».

— А казала, што не ведаеш, як мяне зваць.

— Ведала даўно і заўважыла не сёння. Вельмі ж ты нейкі ціхі і далікатны... а цалавацца, відаць, навучыўся даўно. Колькі ж ты перацалаваў сваіх мінчанак?

— Шкада, што не лічыў, а так, як цябе, нікога,— і ўпіўся доўгім пацалункам у яе гарачыя вусны.

Мы адышлі далёка ад мястэчка. Пад месяцам цямнелі хаты і маўклівыя сады, недзе ў акне мільгаў адзінокі агеньчык, ледзь чуцен быў лены брэх сабак, а ў туманнай нізіне чалавечым стогнам заходзілася сава. Павольна па зараселым схіле мы ўзышлі на ўзвышша. Падобная на пячурку, ніша каплічкі была пустая, а каля яе валяліся чарапкі ад колішняга святога Антонія. Спыніліся каля прыступак лесвіцы, што з пляцоўкі на пляцоўку вяла на самы верх вышкі.

— Палезем?

Маруся кіўнула галавою.

— А на маё пытанне так і не адказаў.

— На якое?

— На каго вучышся?

— Няўжо так важна адразу запаўняць анкету пры першай сустрэчы?

— Бачыш, я, нічога не ведаючы пра цябе, не пабаялася пайсці ў такую далеч.

— Вучуся на журналіста. Працую ў адной невялічкай газеце, якую ты не чытаеш, бо завецца яна «Рабселькор». Там я і лічуся «літрабом». У перакладзе — літаратурным работнікам. Жыву ў падсуседзях у прыватным пакойчыку на ціхім Трамвайным завулку. Пражыў на свеце аж дзевятнаццаць гадоў. Камсамолец, халасты і бяздзетны, не судзімы, родзічаў за мяжою не маю,— расказваў я, ідучы па хісткіх счарнелых прыступках. Уверсе лагодны ветрык ледзь казытаў нашы валасы, здавалася, мы плывём у хісткім блакітным прасторы. У туманнай нізіне тырчалі, падобныя на крыжыкі, верхавіны елак, на ўсе бакі разыходзіліся і знікалі ў блакітнай смузе зжатыя палі. Я ўспомніў і прадэкламаваў радкі:

Мёрзлы месяц з-за гор васількамі Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё...

Ледзянымі сярпамі Выйшла восень рабіну касіць...

Маруся чмокнула мяне ў шчаку І хуценька пабегла ўніз.

— Хадзем хутчэй. Тут ад прыгажосці можна звар’яцець і нарабіць глупства.

З нізін паднімаўся туман, месяц замурзала лёгкая хмарка, недзе далёка закукарэкаў першы певень.

Мы яшчэ доўга развітваліся каля брамкі. Дамовіліся заўтра ў поўдзень сутрэцца на рэчцы.

І сустрэліся. Не ведаю, як Маруся, а я амаль усю ноч качаўся ў гумне на колкім сене, а як праз шчыліны прабіліся першыя малінавыя палоскі святла, заснуў і праваліўся ў нейкае салодкае трызненне, нібыта ніяк не канчалася тая дзівосная блакітная ноч. Прахапіўся ад задухі ў нізкім нагрэтым сонцам паддашшы. На скорую руку апаласнуўся, стоячы з’еў пару дранікаў і пабег да падмытай паводкамі пахілай вярбы. Вада плюскатала ў прамыінах высокага тарфяністага берага, а левы быў пясчаны, сталочаны авечкамі і гусінымі лапамі, зарэчны луг упінаўся ў густы дубняк, там-сям блішчалі маленькія азярынкі. Я глядзеў на наваколле і кожны раз дзівіўся прыгажосці знаёмых з маленства краявідаў, здавалася, што нідзе нічога прыгажэйшага і быць не можа. Ад свайго захаплення схамянуўся, пачуўшы блізкія крокі. Маруся ішла нацянькі, абмінуўшы мястэчка. Яна трымала загорнуты ў хусцінку скрутачак і падбеленыя зубным парашком «таргсінкі». Відаць, хацела падысці непрыкметна, а калі я азірнуўся, пабегла насустрач і замест прывітання спытала, ці даўно чакаю. Я хацеў прыкінуцца пакрыўджаным, але ўсміхнуўся і сказаў, што стаю тут зрання.

— А я ледзь уцякла ад сястрычкі. І ўсё ты вінаваты. Зірні, што нарабіў,— і яна адхінула каўнерык ружовай сукенкі. На шыі пасінелі прыпудраныя плямкі ад учарашніх пацалункаў.

— Я вытрымала такі допыт. Сястра так і не верыла, што не ведаю, з кім была ўчора ў кіно. А калі б, барані божа, даведалася пра маяк, замкнула б да самага ад’езду.

— Дай лепей пахукаю на твае сінячкі, і яны адразу пройдуць. Трэба было іх пакінуць трохі ніжэй, каб ніхто не ўбачыў.

Маруся мне пагразіла пальчыкам.

— Ты калі-небудзь была на Высокім беразе?

— Дзе гэта?

— Значыць, не бачыла сапраўднай прыгажосці. Хадзем.— Я ўзяў яе за руку, і мы пайшлі па высокім парудзелым рамонніку і кураслепе, абмінаючы кусты, сухія затокі і старыцы. Хоць і не надта зыркае сонца прыпякала ў спіны, я зняў кашулю і даткнуўся загарэлаю да чарнаты рукою да Марусінага белага локця, яна ўсміхнулася:

— Негр і альбіноска. Да мяне загар не прыстае, ды я і не стараюся злузваць уласную скуру.— Яна скінула ружовую кофтачку, і адкрыліся прыгожыя плечы ў залацістых вяснушках, крыкнула: «Даганяй!»—і замільгалі пругкія белыя ногі па рудым сталочаным беразе. Маруся часам азіралася і бегла яшчэ хутчэй. Я не вельмі ўлягаў, каб дагнаць яе трохі далей, у зацішку. Раптам яна знікла за кустамі алешніку. Я запаволіў бег, пазіраючы ў розныя бакі. Маруся выскачыла ў вузенькіх белых трусіках і тугім ліфчыку і, размахваючы сукенкаю, пабегла далей. Я яе хутка дагнаў, абхапіў звільжэлыя плечы, а рукі дакрануліся да карункаў на ліфчыку. Маруся далікатна ляпнула па маіх сашчэпленых далонях, пагразіла пальчыкам: «Далей няможна». Шумна дыхаючы, мы пайшлі лугам. З чорненькіх круглых пячурак высокага берага выпырхвалі вастракрылыя беражанкі, кружыліся над вадою, узляталі вышэй і знікалі ў блакіце. На скошаным лузе адскочыла і блішчала прыгладжаная ветрам атава, дагарала пабляклая лотаць, соладка запахла медуніцай.

— А якія прадметы вывучаюць журналісты і што гэта наогул за работа?

— Ад сусветнай літаратуры да стэнаграфіі ўключна вывучаем усе прадметы. Толькі, дзякаваць наркамату, не займаемся матэматыкай. Я яе неўзлюбіў з першага класа.

— Хіба ж можна не любіць матэматыку? — здзівілася Маруся.— Мы і цяпер вывучаем хімію і фізіку, рашаем задачкі, а галоўнае — спецыяльныя прадметы, хоць часам пасля практычных заняткаў кавалак у рот не лезе... А журналіста я толькі аднаго і бачыла: прыбягаў да нас у тэхнікум маленькі, кудлаценькі, увесь у прышчах, штонікі цыліндровыя, пінжачок не разбярэш якога колеру. А шустры, не давядзі гасподзь,— скрозь лезе, усіх распытвае, праточвае шылаваты нос куды можна і няможна, а ў газеце праз тыдзень з’явілася вось та-а-ке-нечкая заметачка пра лепшых студэнтак, ды яшчэ імёны пераблытаў.

— І пра цябе?

— Не, я трапіла ў «іншыя».— Памаўчала, неяк грэбліва зыркнула ў мой бок.— Тожа мне ра-а-бота.

— Усяк бывае. Часам тыдзень збіраеш матэрыял, начамі пішаш, бывае, ужо і набяруць, а потым усё ляціць у сметнік. З людзьмі, якім назаляў, сустракацца сорам. Бываюць такія «ляпы», што горай пажару. Аднойчы набралі буйным шрыфтам загаловак «Піянеры і школьнікі, збірайце металалом!». Чалавек дзесяць чыталі адбіткі, а выйшла газета, і ўсе ахнулі: надрукавана «Піянеры і шкоднікі».

— Тыраж пайшоў пад нож, сакратар, выпускаючы, карэктары і цяпер шукаюць работу. Іх так і завуць «шкоднікі». А наборшчык аднойчы памыліўся на адну літару ў вельмі папулярным прозвішчы, дык у той жа дзень знік, і адрасу яго ніхто не ведае. У кожнай рабоце ёсць свае радасці і чорныя дні. І ўрачы ж не ўсіх выратоўваюць, а то замест гнілога зуба вырвуць здаровы, а бывала, што ў страўніку нажнічкі зашыюць.

Непрыкметна мы адышліся далёка ад мястэчка. Паблізу не было ні душы. На лузе цямнелі падобныя на рыцарскія шаломы ўлежалыя стагі, на другім баку рэчкі ўзнімаўся стромкі, як сцяна, высозны пясчаны бераг, на зломе ракі прасвечвалася пясчанае дно, хвалі дрыжалі пад сонцам і паблісквалі люстранымі зайчыкамі. Увесь Высокі бераг зарос густым маладым хвойнікам. Вецер даносіў адтуль густы смольных дух.

Мы па мелкаводдзю перайшлі рэчку і пачалі караскацца на пясчаны бераг. У вадзе, нібы спіны нейкіх пачвар, чарнелі калоды моранага дубу, чародкамі стаялі і ўздрыгвалі срабрыстымі хвосцікамі ўклейкі, з-пад нашых ног асыпаўся і цурчэў цёплы белы пясок.

У хвойніку было суха і душна, як у смалярні, наўкол цвіў густы верас, на пакатым беразе па атаве хадзіла чарада стракатых кароў, а ўдалечыні цямнелі купы старых ліп і саламяныя, а часам гонтавыя стрэхі зарэчнай вёскі. Мы доўга стаялі і моўчкі глядзелі на наваколле.

— Сапраўды, калі ёсць на зямлі рай, дык ён тут,— сказала Маруся.

— А мы ў ім, як Адам і Ева.

— Толькі змею не ўдасца спакусіць. Ты гэта май на ўвазе.

Марусіны плечы і рукі паружавелі на сонцы, вяснушкі здаваліся гусцейшымі, ад шыі па вузенькай упадзінцы сплывалі цурочкі поту.

Мы сышлі да вады. Я кінуўся адразу і паплыў, а яна асцярожна плёскала нагой каля самага берага і пацепвалася плячыма, паволі ўвайшла, войкнуўшы, акунулася і ўпэўнена паплыла на самы стрыжань, дзе жаўтапесак крута абрываўся ў чорны вір. Я даганяў яе, хацеў паймаць, а яна, як вялікая белая рыбіна, выслізгвала з маіх рук.

Потым мы доўга грэліся на цёплым пяску, дыхаючы сухім смольным водарам. Па верасе слалася павуцінне, на высокія былкі садзіліся стракозы, недзе непадалёк гуў марудны чмель. Маруся выпрастала рукі і заплюшчылася ад сонца. Я разглядаў кожную яе рыску: ад левага вока да скроні ледзь прыкметна бялеў даўні пісяжок, на руцэ ад вялікага да ўказальнага пальца некалі зарубцаваўся прыкметны шрам. Я пяшчотна пацалаваў яго. Маруся схамянулася, села, сціснула кулачок, шрам напяўся і пабялеў.

— Хто ж табе пакінуў такі знак? Відаць, забіякаю была. Вунь як бегаеш і плаваеш,— не дагнаць.

— Што праўда, то праўда. Хлопцаў часам лупцавала. Няхай не лезуць. А гэта? Гэта на грушу ўзадралася. Гадоў дванаццаць не болей было. Сук хруснуў — і паляцела, абдзіраючыся аб голле. Ледзь вока не выпарала, а руку аб пабітую пляшку на зямлі параніла. Гэты знак заўсёды напамінае: «Не лезь, куды не трэба».

— Відаць, што ты занадта асцярожная.

— А як жа іначай?! Даваць сабе і другім волю нельга. Нагледзелася я за гэтыя два гады сваёй медычнай практыкі на пакуты дурнічак. Не прывядзі гасподзь. Равуць, а то труціцца збіраюцца. І шкода, і злосць бярэ.

Калі сонца звярнула з паўдня, мы перайшлі на другі бераг і дамовіліся сустрэцца ўвечары, а каб не было лішніх плётак, разышліся рознымі сцежкамі.

Увечары мы сустрэліся на старасвецкім удзірванелым вале (ад яго цяпер і знаку няма). На развітанне Маруся мне падаравала зачытаны томік Надсана. На апошняй старонцы быў запісаны адрас яе Магілёўскага тэхнікума. Дамовіліся пісаць адно аднаму. Развіталіся на змярканні, бо заўтра раненька яна ад’язджала на некалькі дзён у Асіповічы да мамы, а потым — на вучобу.

Перапісваліся мы даволі доўга. У такім узросце прыемна чытаць дзявочыя лісты і самому пісаць лірычную ахінею з шматкроп’ямі, намёкамі і пацалункамі. Пасля зімовых канікулаў лісты прыходзілі радзей і радзей, усё сушэйшыя і абыякавыя. Напрадвесні Маруся перастала адпісваць зусім. Я асабліва не бедаваў: вольнымі вечарамі гуляў з дзяўчатамі ў садзе «Прафінтэрн», асабліва не заляцаючыся і нічога не абяцаючы — праводзіў адну, назаўтра сустракаўся з другою.

Пасля інстытута пайшоў на службу ў Радыёкамітэт. Пачаліся камандзіроўкі, рэпартажы, перадачы з раёнаў па тэлефонных правадах, сумятня і бязладдзе ў маім халасцяцкім жыцці. Зімою з рэдакцыйным заданнем прыехаў у Слуцкую МТС, пасяліўся ў маленькай утульнай гасцініцы «Случ» і цэлымі днямі ездзіў з начальнікам палітаддзела па калгасах.

Як толькі вывіднела, пад акном затрубіла эмтээсаўская машына. Я выйшаў на ганак. З шафёрам гаварыла высокая жанчына ў кароткім аксамітным жакеціку з белым футравым каўнерыкам і ў гэтакай жа кругленькай шапачцы. Калі я сышоў з ганка, жанчына павярнулася да мяне. Маруся! Аж адхіснуўся я ад нечаканасці. Яна ўсміхнулася, павіталася, не падаючы руку.

— Прашуся, каб падвезлі ў Вясею да хворай, а шафёр без дазволу карэспандэнта не адважваецца. Можа, дазволіце?

— Без карэспандэнта ён бы адразу падхапіў,— кіўнуў я на маладзенькага шафёра,— і давёз бы аж да Мінска... Сядай. Давязём, куды скажаш.

Мы селі побач на халоднае цыратавае сядзенне. Едзем. Маўчым. Нарэшце пытаюся:

— Якім чынам тут, як жывецца? — знарок не ўжываю займеннікаў ні «ты», ні «вы».

— Пераехала сюды да мужа. Ён загадвае аддзелам ў райвыканкоме, а я — па спецыяльнасці. Ратую жанчын. А ты як? — Шафёр зірнуў на нас і пачаў праціраць анучкаю ветравое шкло...

— Як бачыш. Матаюся па раёнах. Дома ніхто не чакае і не сумуе па мне. Жыву, як і жыў, бабылём. Відаць, старым кавалерам і астануся.

— Не прыкідвайцеся сіратою. Такія бабылямі не астаюцца. Толькі кіўні, адразу прыбягуць, і не адна.

— Ты ж нават на лісты адказваць не захацела.

— А навошта дарэмна паперу і час пераводзіць?.. Каб нешта пэўнае напісаў, можа б, усё інакш склалася.

— Спадзяюся, знайшла сваё шчасце?

— Як табе сказаць... Мы ж не ведаем, сваё ці чужое шчасце натрапіла на нас. Не мы выбіраем, нас выбіраюць. А мы ідзём, куды пазавуць.

— Не прыдумляй. Гэта ж — дамастрой.

Маруся спахапілася, зірнуўшы на шафёра.

— Муж у мяне слаўны чалавек. Шануе і даглядае, як малую.

Памаўчалі. Машына ішла па наслізганай саньмі, прыцярушанай сенам дарозе, абапал застылі ў густой срабрыстай шэрані прысады і прыдарожныя кусты, праз пярэдняе шкло відны былі замглёныя прасторы заснежанай Случчыны. Шафёр затармазіў на канцы вёскі і буркнуў: «Прыехалі». Я папрасіў давезці нашу пасажырку, куды ёй трэба. Я выйшаў з машыны развітацца з Марусяй. Яна зняла суконную рукавічку і падала мне цёплую руку. Я толькі дакрануўся вуснамі да памятнага шрама. «А за тую ноч і за Высокі бераг заўсёды дзякую табе»,— сказала і, не азіраючыся, пабегла на ганачак фельчарскага пункта. Мы развярнуліся. Я зірнуў у задняе шкельца: Маруся, падняўшы руку, глядзела нам услед. Мяне агарнуў нейкі сум,— здалося, што замужжа радасці ёй не прынесла, што і дома яна адзінокая, як на гэтым замеценым снегам ганку.

 

* * *

Пасля таго развітання мінула амаль паўстагоддзя. Змянілася ўсё, змяніліся і мы. Вайна выкасіла маіх аднагодкаў, іх дзеці ўсё адбудавалі нанава — я не пазнаю родных мясцін, і мяне ўжо там амаль ніхто не пазнае: пасівелі рэшткі валасоў і барада, сагнуліся плечы, запаволіўся крок. А краявіды нагадалі юнацтва, сяброў і сябровак, кароткія сустрэчы і горкія развітанні. Пра ўсё гэта думалася, усё ўспаміналася ў невялічкім аўтобусіку па дарозе з майго палескага раёна ў Асіповічы. Я спяшаўся, каб трапіць на вячэрнюю электрычку. На прывакзальнай плошчы ўгледзеў аптэчны кіёск. Дай, думаю, вазьму капсулку свежага нітрагліцэрыну, бо мой за дарогу стоўкся на муку. Верхняе шкло кіёска застаўлена пляшачкамі, пудэлачкамі, у вузкім акенцы толькі пабліскваюць акуляры, відны дзюбачка носа ды шчокі рыхлаватага твару прадаўшчыцы. Я сказаў, што мне трэба. «Трынаццаць капеек»,— пачуў у адказ. Дробязі не знайшоў і падаў рубель. «Так бы адразу сказаў, што размяняць трэба, а то — нітрагліцэрын»,— упікнуў мяне не надта ласкавы голас з будкі.

Набраклая маршчыністая рука, густа прысыпаная «грэчкаю», падала шкляны патрончык і пачала адлічваць рэшту. Зацвярдзелы рубец ад вялікага да ўказальнага пальца мне здаўся знаёмым. Я адышоў на некалькі крокаў, успомніў, памкнуўся вярнуцца, але хрыпаты рэпрадуктар грымнуў на ўсю плошчу: «Электрапоезд да станцыі Мінск адправіцца праз пяць хвілін». А ў мяне яшчэ і білета няма. Махнуў рукою і пабег на перон.

У напалову пустым вагоне я сеў у куточак і да самага змяркання глядзеў, як за акном мільгаюць роўныя елачкі, круцяцца, як на каруселі, і адплываюць пад зялёнай рунню палі, абляцелыя прысады і далёкія жоўта-барвовыя лясы. Адна думка не давала спакою: я ўсё больш пераконваўся, што ў кіёску была Маруся, што ўбачыў шрам на яе руцэ. Чаму ж не затрымаўся? Куды так ляцеў? Праз дзве гадзіны паехаў бы наступнай электрычкай. Трэба было спытаць, назваць сябе, даведацца, як жыла і жыве, расказаць пра свае нялёгкія і радасныя дарогі, знайсці на схіле жыцця яшчэ адну некалі блізкую сэрцу равесніцу. Куды ж мы спяшаемся? А потым шкадуем, што размінуліся з добрым і блізкім чалавекам. Думаю спецыяльна паехаць, але наўрад ці збяруся.


1985-1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грахоўскі С. Сустрэча з самім сабою: Лірыч. проза: Для ст. шк. узросту/Маст. В.Сідарава.- Мн.: Юнацтва, 1988.- 316 с., [8] л. іл.