epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Мальвы

 

Памяці Вольгі Матусевіч

 

З утравянелага старасвецкага вала яна ўглядалася ў затуманены зарэчны выган. За павольнаю плынню ракі ў паружавелым тумане чуўся конскі тупат, іржанне і перазвон бомаў. З нахіленых над валам дуплістых парэпаных вербаў сцякалі пацяжэлыя кроплі расы. Мальвіна склала дудачкаю вялікія пасівераныя далоні і гукнула ў туман: «Орлік! Орлік! Орлік!»

Азвалася доўгае звонкае ржанне. Часта і пругка затупалі спутаныя коні, а неўзабаве на мелкаводдзі захлюпала вада і ў тумане ўзніклі абрысы гарэзнага маладога каня. Ён спыніўся, высока падняў галаву, і над цішынёю росна-туманнага рання пакаціўся залівісты голас.

Мальвіна, стрымліваючы разбег з удзірванелае кручы, павольна ступала пакручанымі раматусам нагамі ў галёшах-шахцёрках.

— Ну, хадзі ўжо, хадзі, басата! — і працягнула Орліку прысолены акрайчык хлеба. Захлюпала пад нагамі вада, бліснула скасавуранае фіялетавае вока, і Орлік аксамітнымі губамі ў рэдзенькіх валасінках далікатна ўзяў з далоні хрусткі акрайчык, а Мальвіна гладзіла яго храпу і гарачую шыю. Ад дотыку далоні на сівай поўсці праступалі пыльныя плямы. Мальвіна прыгнулася, развязала набрынялае вераўчанае пута, выпрасталася, трымаючыся за ўвярэджаны крыж, і павесіла пута Орліку на шыю.

— Патупаем, Орлік, цішэй, цішэй, не вельмі падскоквай: сёння папацягаць прыйдзецца плужок.— І яна пайшла берагам, пакідаючы доўгія сляды на зараселай траве. Без аброці і повада, як паслухмяны шчанюк, следам за Мальвінаю ішоў Орлік.

Яны звярнулі ў вузкую вулачку паміж валам і платамі гародаў, што ўпіналіся ў топкі куп’істы выган. Абапал сцежкі густа разросся запылены лапушысты дзядоўнік, пахла прывялымі рамонкамі, на схілах вала гергеталі чароды гусей з ладнымі, пацямнелымі ўжо гусянятамі. Насустрач ішлі жанкі — хто з каромыслам па рачную ваду, хто на каламажцы вёз паласкаць бялізну; і ўсе ветліва здароўкаліся з Мальвінаю, аклікалі Орліка, і ён у адказ матляў прыгожай, высока паднятай галавою. Светлай, у яблыкі, масці, ён здаваўся ўкрытым лёгкім туманом, даверліва цягнуўся мяккімі губамі да кожнай выстаўленай далоні і далікатна браў драбочак цукру, цукерчыну ці кавалачак батона. Мальвіна верыла, што Орлік разумее кожнае яе слова: калі хваліла і лашчыла, ён цёрся аб яе плячо і выскаляў буйныя пазелянелыя зубы, а ўшчувала — вінавата згінаў галаву і прыплюшчваў вялікія фіялетавыя вочы, ступаў павальней, баючыся гаспадынінага гневу. Мальвіна жартам казала, што праводзіць з ім выхаваўчыя гутаркі, і ён іх засвойвае лепш за любога неслуха.

Мальвіна выняньчыла Орліка з першых дзён, выкарміла з соскі, аб’ездзіла, прывучыла да хамута і аглабель, сядла і плужка, навучыла слухацца таго, хто трымае повад, прыняты з яе рук, асцерагацца чужога.

На першых парах яна клікала яго сірацінкай, шкадавала, як малое дзіця, а як толькі стаў пруткім і порсткім жарабком, ахрысціла Орлікам. Ён прыняў новае імя, заіржаў і пабег за сваёй гаспадыняй.

Да Мальвіны ён трапіў от як.

У мясцовым лясніцтве трымалі немаладую кабылу. На ёй па абходах і кардонах ездзіў ляснічы, вясною даваў аб’ездчыкам і леснікам заворваць соткі, абганяць бульбу, цягаць на гала сена, зімою — прывезці дроў.

Пад восень кабыла ажарабілася, і побач з ёю пабег шустры, танканогі, беленькі сысунок. Аднаго разу ляснічы ноччу вяртаўся з далёкіх дзялянак. Пакрапаў, а потым і добра разышоўся дождж. Дарога раскісла, колы грузлі ў залітых вадою выбоінах, коўзаліся на гліністых схілах. Ляснічы ведаў: у змроку пусці лейцы, і кабыла сама знойдзе лепшую дарогу дадому.

Уз’ехалі на хісткі масток праз нешырокую канаву. Загрукалі пад капытамі і рассунуліся слізкія жардзіны. Кабыла асунулася і прысела на заднія ногі. Ляснічы хвастануў яе ляйчынаю, нокнуў, спадзеючыся, што выскачыць на тупкую дарогу. А кабыла — ні з месца. Валіцца на правую аглабіну і жаласна стогне. Жарабя лёгка пераскочыла масток, адбеглася трохі, азірнулася на маці і залілося звонкім іржаннем. Ляснічы злез, чыркнуў запалку, яна толькі бліснула і патухла на ветры. Але ён паспеў заўважыць, што правая нага правалілася паміж жардзінамі, левая — выцягнулася на гразкім насціле. Кабыла тузаецца, сіліцца ўстаць, але не здолее выцягнуць нагу, а пад заднімі капытамі круцяцца аслізлыя плашкі скіданага натандэнт мастка.

Ляснічы пацягнуў за аброць кабылу, а яна толькі стогне, матляе галавою і хіліцца на правую аглабіну. Пад’ехалі дзве фурманкі сельпо. Вазакі пазналі ляснічага. Адзін пасвяціў ліхтарыкам:

— А ё-ё-ма-а-ё! Гэта ж гатовая пастка! — загадаў маладзейшаму.— Адскоч, пашукай добрага дрына. Можа падважым пад чэрава і паможам выскачыць.

Знайшоўся мокры слізкі калок. Падвялі яго пад перад, пяліся, пяліся, кракталі, кракталі і сяк-так выбавілі кабылу на масток. Яна стаіць на трох нагах і ні з месца. Сагнутая ў калене правая нага вісіць, як пусты рукаў. Памацалі — капыт целяпаецца.

— Ну, усё. Пішы прапала. Адбегала Сіўка. Во, бачыце,— зламаная. Конскія косці не зрастаюцца. Яны, як шкляныя,— вынес прысуд стары сельпоўскі вазак,— цяпер, шчытай, шкура ды цэнтнер фашыркі. І то старая.

— Што ж, хлопцы, рабіць? — развёў рукамі ў роспачы ляснічы.

— Адна рада — дастрэліць і на камбінат.

І сельпоўцы ўзяліся закладаць, замошчваць дзіркі ў мастку. Папіхаючы вазок ляснічага і прытрымліваючы за аброць атрыножаную кабылу, ледзьве сцягнулі яе на абочыну, асцярожна перавялі сваіх коней і паехалі ў мястэчка.

З-за хмары выкаціўся замурзаны месяц, асвяціў куп’істае балота, чорныя стажкі паміж лазняку, пасохлы аер і сітнік на беразе ржавай канавы. Кабыла ўздрыгвала змакрэлай скурай, бездапаможна вісела перабітая нага, а гарэзлівае жарабятка падбегла да маці, падсунула галоўку пад сцягняк і пачало таўчы ў вымя. Яго злосна адагнаў прыгнечаны і разгублены ляснічы. Ён стаяў на ўзбочыне гразкай дарогі і не ведаў, што рабіць.

Потым усё збылося, як сказаў сельпоўскі вазак: у лясніцтве засталося асірацелае жарабятка. Куды яго дзець, як гадаваць, ляснічы адразу прыдумаць не мог. Жарабок лятаў па прасторным дзядзінцы лясніцтва, голасна ржаў, а як толькі ўбачыць сівага каня, гатоў быў сігануць праз высозны плот (не адолеўшы, бег побач паўз плот), высока задзіраў зграбную галоўку і галасіў, не раўнуючы, як малое дзіця. Ён агаладаў, занудзіўся і пачаў прыкметна вянуць.

Праз колькі дзён у лясніцтва прыйшла кантралёрка з мясцовай ашчадкасы, жанчына ў гадах, ні па апратцы, ні па гаворцы не падобная на канторскую служачую,— Мальвіна Матукевіч. Калі не была на службе, часцей хадзіла ў гумавых ботах, у мужчынскім пінжаку з падкасанымі рукавамі, у гаматной клятчастай хустцы, а на сваім месцы была найлепшым работнікам — з самай маладосці так авалодала ашчаднай справай, так вывучылася лічыць і захоўваць чужыя грошы, што ў яе ахвотна вучыліся выпускніцы фінансавых тэхнікумаў і інстытутаў.

Дастаўся Мальвіне ад дзядзькі, вечнага халасцяка, добра дагледжаны дом з садам і гародам амаль у цэнтры мястэчка, хлеў з адрынаю і склепам, выпешчаная малочная карова, кожны год Мальвіна трымала доўгіх, як луты, кормнікаў, вяліся куры і гусі. Апошнім часам завяла тры вуллі пчол. Сама падглядала з дымаром, адсаджвала матку, пільнавала раі, качала мёд. Словам, была гаспадыня: уставала з пеўнямі, клалася пасля гімна.

У лясніцтва Мальвіна прыйшла выпісаць кубаметры са тры дроў, што пачыналі буцвець на расцяробе пад высакавольтную лінію. На дзядзінцы ўбачыла асірацелае жарабятка і ўжо не ў кантору, а праз фортку зайшла ў двор, працягнула руку з выстаўленым указальным пальцам і ласкава загаварыла: «Кось, кось. Не бойся, дурненькі. Хадзі, хадзі сюды, сіраціначка». Жарабятка некалькі разоў аббегла незнаёмую жанчыну, стала, натапырыла вострыя вушкі. Мальвіна ціха-ціха падышла да яго, трымаючы выцягнутую руку. Жарабятка асцярожна пацягнулася мяккімі губамі да выстаўленага пальца, паспрабавала пасмактаць. Другою рукою Мальвіна пачухала яго паміж вушэй. А яно даверліва прыгарнулася да незнаёмае жанчыны, пацягнула ружовымі ноздрамі пах малака і свежага хлеба, а можа, і цеста, што зранку мясіла Мальвіна. Дайшло да форткі, а калі яна зачынілася, тыцкалася храпкаю паміж завостраных штыкецін.

Усё гэта бачыў ляснічы. Ён, заўсёды сухаваты і стрыманы, сустрэў Мальвіну як ніколі ветліва — падаў руку, падставіў крэсла і без слова выпісаў білет не на тры, а на пяць кубаметраў.

— А цяпер хачу з вамі параіцца, Мальвіна Юстынаўна, што рабіць з асірацелым жарабяткам? Дзіцячых ясляў пакуль што для іх няма, а вы, даўно ведаю, любіце коней.

— Хіба ж можна іх не любіць і не шкадаваць? Самая патрэбная чалавеку і самая чыстая жывёліна. Давайце паспрабуем. Можа, і выгадую добрага вам каня. А жарабок, відаць, завадскі. Глядзіце — малы-малы, а вунь якія персі, і шыя, як у таго лебедзя... Стайня ў мяне цёплая, кароўка, дзякаваць богу, малачка дае, а дагледзець дагледзім.

— На чым жа пагодзімся? — запытаў ляснічы.

— Як канём стане, тады будзе відно. А пакуль што дасцё на зіму трохі аўса і сена. Астатняе — мой клопат. Не аднаго ж каня выгадавала.

— А за работу вашу, за гадоўлю, як разлічвацца будзем? У вас жа служба, ды і свая гаспадарка.

— У вашым лясніцтве процьма траўных лапікаў, балацінак і някошаных пеляў. Дасцё дзе-небудзь пакошваць на кароўку, і жарабок пры ёй перакідаецца. Сірот жа людзі гадуюць без усялякае платы. Вырасце — аддзячыце, а не — і на тым спасіба. А гэта ж скаціна: не папросіць і не пажаліцца.

Мальвіна накінула на шыю жарабяці павадок, намацала ў кішэні запылены драбок цукру, абшорхала яго аб спадніцу і паднесла да аксамітных губ жарабка. Ён уцягнуў ноздрамі паветра, недаверліва і асцярожна ўзяў з далоні салодкі пачастунак.

— Ну, хадзем,— Мальвіна пагладзіла прыгожую сінявокую морду.

Гэтак у жарабка з’явілася новая «маці».

Мальвіна няньчыла яго, як малое дзіця: ноччу ўставала, грэла малачко і выпойвала з соскі. А колькі яна папакутавала пасля канавалавай аперацыі,— лясніцтву трэба быў цягавіты конь, а не жарабец. І ён стаў вунь які рэзвы ды цягавіты, разумны ды паслухмяны: без аброці і повада, як сабачаня, хадзіў за Мальвінаю. Колькі яна яму папаношвала «цаглін» хлеба, колькі скарміла пачкаў цукру, а колькі доўгімі зімовымі начамі папаношвала цёплай паранкі, засмачанай вобмешкай і пылам з млына.

І вось ідзе за Мальвінаю з пашы з высока паднятаю галавою, танканогі, дужы і зграбны Орлік. Цяпер у яго гарачая пара — абганяць картоплю. А насадзілі яе леснікі на сотках, на лясных палянках, на расцяробах, не шкадуючы ні сябе, ні Орліка. Сёння ён па разнарадцы пойдзе да лесніка з Балашоўскага кардону. Той ужо чакае на лавачцы каля Мальвінінай хаты з белымі аканіцамі і новым шыферным дахам. Пакуль вяла Орліка з пашы, чаго толькі не перадумала Мальвіна — у яе заўсёды нешта круцілася ў галаве. Успомніла, як нябожчык дзядзька Андрон гадоў да сарака ўсё падбіраў сабе пару, ды так бабылём і звекаваў. Жыла пры ім аўдавелая сястра Варвара з дачушкаю Мальвінаю. Маленькую яе звалі то Аляю, то Мальваю, у школе запісалі з метрыкі Мальвінаю, так і была яна адна з такім імем на ўсё мястэчка. Вучыцца Мальвіна не ленавалася: табліцу множання схапіла адразу, нібы аддрукавала ў мазгах, задачкі лузала, як гарбузікі, чытала — рэпу грызла, і кожную весну на радасць маме і дзядзьку прыносіла пахвальныя лісты.

Пасля школы лынды ніколі не біла. Павучыць урокі — і з лясёнкаю па маладую траву, то свінням намяшае, то курэй пакорміць, а ўсё лецечка — у полі і ў полі. Да калгасаў дзядзька меў два маргі зямлі, каня і пару кароў, ды яшчэ служыў. За Мікалаем — у манапольцы, за Саветамі — у крэдытным таварыстве «Гаспадарка» загадваў складам: выдаваў у растэрміноўку «культурным» гаспадарам жняяркі, веялкі, дыскавыя бароны, у касавіцу і жніво прадаваў косы і сярпы. І да свае гаспадаркі быў падкі, хоць нашто яна яму была, і сам не ведаў. Думаў — усё для Мальвіны. Як толькі яна папрутчэла, скрозь паспявала, а больш за ўсё любіла свайго пястунчыка Варанка. Выпасвала ўсе ўзмежкі і канаўкі, разам з хлопцамі вадзіла на начлег і ніколі не адставала ад іх галопу туды і назад. Варанок азываўся на яе голас, а наскубшыся, спутаны дрыбаў да вогнішча і стаяў каля закручанай у рудую суконную світу Мальвіны. З тае пары яна ўжо ніколі не разлучалася з коньмі. Калі ўжо нельга было трымаць сваіх, бралася даглядаць то сельпоўскіх, то з дарожнага ўчастка, а некалі гады са два трымала пракурорскага перастарка, то вось з соскі выкарміла і не разлучалася з лясніцкім Орлікам. Клопату і траты з ім было куды больш, як таго набытку.

Мальвініны ўспаміны дзяліліся не па гадах і важных падзеях, а па конях: мама памерла, калі яшчэ быў Варанок, вайна пачалася пры наравістым Буяне. Хоць не раз ёй даваўся ў знакі, але часцей выручаў з бяды і верна служыў, пакуль на палаючым мосце не скасіла яго варожая куля. Работу ў ашчадкасе пачала, калі даглядала пракурорскага Кодэкса. Гэтак яна ахрысціла супроць волі гаспадара. І слухаўся. Пакуль вяла Орліка з пашы, чаго толькі не перадумала Мальвіна.

На лавачцы аж круціўся ад нецярпення балашоўскі ляснік Зміцер. На кожнага, каму давала каня, глядзела Мальвіна з недаверам і затоенай варожасцю, нібы роднае дзіця аддавала ў егіпецкую работу. Яна павяла Орліка ў двор, на Змітра і не глянула, насыпала ў карытца аўса, выцерла травяным вехцем холку і крыж, вынесла лясніку вупраж і барак з пастронкамі, паклала на лавачку і буркнула: «Барак нясі. А будзе валачыцца, барані божа бабкі пазбівае».

— «Не бойся, Юстынаўна,— заюліў Зміцер,— усё будзе ў парадку. Тутака наш шофер е, казаў, і хамут з сядзёлкаю давязе».— «Ну, глядзі! Сядзеш палуднаваць — і Орліка не забудзь пакарміць. Гэта ж табе не трактар».— «Усё будзе як часы. Там і работы тае ад сілы на паўдня». Узяў повад і заспяшаўся.

Мальвіна пад умывальнікам, прыбітым да плота, апаласнула рукі і твар, стоячы з’ела аладку, каўтнула з гладышкі малака, надзела чыстую кофту, пацёрты да бляску на рукавах карычневы жакецік, упхнула парэпаныя, пакручаныя ногі ў добра растаптаныя туфлі, абцерла іх трапкачом, паглядзелася ў пацямнелае люстэрка ў паточанай шашалем раме з адбітымі балабешкамі і зноў пашкадавала сябе: «Чаму ж я не такая, як другія бабы майго веку?» Шчокі прыпечаныя сонцам і ветрам, а пад вушамі і на падбародку бледна-жоўтая скура з рысачкамі маршчын, невялікі, востры, як дзюбка, нос, замест шыі, падобнае на гладыш, валлё, тонкія бровы ад пераносся крута спадаюць уніз, рэдкія гладка зачэсаныя валасы, сабраныя на патыліцы ў куксачку, шчодра прыцерушыла сівізна. З дзяцінства пакутавала Мальвіна, што бог не даў хоць трохі зграбнасці і прыгажосці. Таму цуралася сваіх статных і ладных равесніц, рэдка глядзелася ў люстэрка. Неяк паспрабавала падмаляваць вусны і бровы,— сама сабе брыдкаю здалася. Выкінула парфуму. Пра ўсе свае пакуты і беды расказвала толькі коням і верыла, што ўсё яны разумеюць і спагадаюць ёй.

Мальвіна прыгладзіла валасы, завязала беленькую хустачку і не вельмі ходка пайшла ў сваю ашчадкасу. Па дарозе падумалася: колькі ж ёй яшчэ хадзіць сюды? Як толькі стрэлка дойдзе да двух пяцёрак, павіншуюць з заслужаным адпачынкам, паднясуць электрычны чайнік, штапелю на сукенку, пашкадуюць, што трацяць такога вопытнага работніка і чулую жанчыну, назаўтра на яе месца сядзе размаляваная, з чырвонымі пазуркамі фіфачка і пачне «чивокаць» на гарадскі манер.

Апошнім часам усё часцей і часцей апаноўвалі Мальвіну ўспаміны. Значыць, набліжаецца старасць.

Летам пуставата было ў ашчадкасе — з кніжкамі чалавек дзесяць — дванаццаць заходзіла, болей здавалі членскія ўзносы, прыходзілі з пералічэннямі, правяралі латарэйныя білеты. Але ёсць людзі ці няма — сядзі, чакай, пазірай у акно, хто куды ідзе, што нясе, хто з кім сустрэўся, хто прыехаў аўтобусам. Ашчадкаса — на рагу местачковай плошчы ў колішняй цаглянай краме. Непадалёк — аўтобусная станцыя, цераз плошчу — райком, а побач — універмаг. Калі што вартае прывозілі туды, у ашчадкасе ведалі раней за ўсіх і па адной бегалі ў чаргу.

Мальвіна ведала ўсіх местачкоўцаў да трэцяга калена, і яе ведалі ўсе. Не толькі ведалі — паважалі старыя і малыя за сумленнасць, працавітасць, за ласкавую дабрату і нават за любоў да коней. Сядзіць Мальвіна, чакае наведвальнікаў, але адкуль ім быць: гарачая пара ў полі і ў гародах, у краме да канца месяца няма чаго рабіць. Вось і сядзіць сабе, перабірае ў памяці ўсё сваё жыццё. Як праз туман, бачыць невялічкую станцыю, дзе нарадзілася ў жоўтым чыгуначным доме пад стромкімі таполямі. Бацька быў старшым кандуктарам. Ад яго вобліку толькі і засталіся ў памяці казыткія светлыя вусы і два словы «дачушка» і «Мальвачка». Запомнілася яшчэ, як галасіла маці, праводзячы мужа на тую, мікалаеўскую, вайну. Больш яго ніхто не бачыў і нічога не чуў. Тады ж яны і пераехалі сюды, да дзядзькі Андрона. Усю нерастрачаную любоў ён аддаў маленькай пляменніцы: куды б ні ехаў, браў з сабою, гуляючы, прывучаў да рыдлёўкі і капаніцы, маленькую прыахвоціў да лічыльнікаў. А потым год ад году ўпрагалася ў бабскую і мужчынскую работу.

Была Мальвіна і партызанскай сувязной. Адыходзячы ў тыл, раённы ваенком пакінуў ёй на догляд казённага, занадта гарачага Буяна. Развітваючыся, ваенком сказаў: «Вернемся, аддзячым. А калі часам зойдзе чалавек адведаць Буяна і спытае, ці не трэба перавязаць хамут, не бойцеся яго, памажыце, калі чаго папросіць. Вам мы давяраем». Паціснуў руку і паехаў на райкомаўскай машыне са сваімі паперамі.

І праўда, неўзабаве зайшоў знаёмы ляснік з Лучак і, не вельмі тоячыся, дамовіўся з Мальвінаю, што і як ёй рабіць, каб памагчы «хлопцам у лесе».

Буян карміў яе і дзядзьку ўсю вайну: заворвала людзям гароды, вазіла дровы і сена і на сваёй гаспадарцы ўпраўлялася. Нанач адводзіла пасвіць за рэчку, у Дубнякі. На досвітку, як і Орліка, клікала, стоячы на вале. Як бы далёка ні быў Буян, бег на гаспадынін голас — ведаў, з пустымі рукамі не прыйшла. Абдыме яго Мальвіна за шыю, намацае пад густою грываю заплецены каснічок, а ў ім у адказ — для яе скручаная пісулька: «Калі збіраюцца ў Заракушу сваты? Чаму трымаюць на прывязі Бобіка?» Гэты няхітры шыфр партызанскага разведчыка Васі Мікіцюка добра разумела Мальвіна і адпісвала пра ўсё, што бачыла і ведала. Надзейным паштальёнам быў Буян. Рызыкоўны, зіркаты, з цыганскім чубам Вася ноччу падкрадаўся да спутанага на выгане Буяна, мяняў пошту і знікаў у тумане. Успамінала і яго. Разануў ён па самым сэрцы, спакусіў неспакушаную Мальвіну, і хлопец — выліты ён.

Гаркавата-салодкія ўспаміны перабіў грукат дзвярэй: у ашчадкасу ўскочыла Мальвініна суседка Антоля Карбуцянка, у суконных тапачках на босую нагу, без хусткі, запыханая. І адразу з парога:

— Юстынаўна, што ж гэта ён, гад, робіць, га? Няўжо ты дала такую волю? Загубіць жа каня. Бяжы барзджэй, даганяй гэнага шкурадзёра. Але дзе ты здагоніш. Каб хіба на легкавушцы...

Мальвіна ўскочыла за шкляною загарадкаю:

— Кажы толкам, куды бегчы, каго даганяць?

Антоля трохі аддыхалася:

— Насіла гэта я да Буячыхі адрэз на сукенку. Ледзьве ўпрасіла пашыць. Не табе ж казаць, якая яна нотная. Ага, толькі выйшла ад яе, аж бачу: курыць цераз масток «газон», з кузава тырчыць мазгаўня балашоўскага Змітра, а ззаду... што б ты думала? Прывязаны да кузава Орлік. Ледзь паспявае. Повад напяты, як струна. Каб з таго дурня кішкі павыцягвала, а ён, што б ты думала? Курыць сабе ў кузаве і не шманае. Я крычу, махаю рукамі, а ён — пень пнём. Машына, праўда, дабітая, уся лескаціць, а як выскачыць на гравійку, чаго добрага, газане на ўсе застаўкі...

Мальвіна, як апараная, выскачыла з-за свае загарадкі.

— Так бы адразу і казала, а то Буячыха, адрэз... каб яго разачка рэзала,— і ўжо не папрасіла, а наказала загадчыцы: — Надзечка, пасядзі за мяне. Я мігам. Скруціўся ён, няйначай.— І выскачыла з ашчадкасы.

Але куды бегчы? Як яго дагнаць? Гэта ж столькі часу прайшло!

Мальвіна ў роспачы закруцілася на месцы. Але ж нешта трэба рабіць, некуды бегчы. Яна перасекла плошчу, абсаджаную старымі ліпамі і таполямі, і ўгледзела, што якраз каля райкома спынілася «Волга». Адкуль толькі той спрыт узяўся: праз якую хвіліну запыханая Мальвіна спынілася каля машыны. З пярэдняга сядзення сышла сакратарка райкома і нешта наказвала шафёру.

— Вольга Барысаўна, галубачка,— запрычытала Мальвіна,— выручайце, ратуйце!

— Што здарылася? — здзівілася такой трывозе ўжо не надта маладая, падцягнутая, у зграбнай джынсавай сукенцы Вольга Барысаўна.

Захлынаючыся, Мальвіна коратка расказала пра сваю бяду: «Загубіць жа каня, ахламон. Памажыце пераняць».

Сакратарка шырэй расчыніла дзверцы:

— Сядайце. Паўлік, пакуль што паездка адкладаецца. Даганяй. Вернешся, зойдзеш. Шчасліва,— ляснула яна дзверцамі. «Волга» сарвалася з месца.

— Газуй, Паўлічак. Гэты шкурадзёр загубіць та-а-к-к-ога каня!

— Куды ехаць, Юстынаўна?

— Гані на Балашоўскі шлях. Каб яго разачка ганяла.

Хутка праскочылі шчарбаты булыжнік колішняй кавалёўшчыны, мінулі масток праз забраснявелую канаву, і машына пакацілася па шырокай пясчанай Слабадзе.

Як толькі выскачылі з мястэчка, Мальвіна аж падскоквала з сядзення і ўглядалася ўдалеч. Мільгалі пабеленыя прыдарожныя слупкі, на зарэчным выгане шчыпалі траву чароды гусей, тупалі прыпнутыя козы, а грузавіка ўсё не было відно. Толькі за павароткаю Мальвіна ўбачыла: матляючы галавою, ледзь паспявае за машынаю Орлік.

— Паўлушачка, гані, галубочак, газуй на ўсе застаўкі,— аж заенчыла Мальвіна. Адлегласць хутка менела. Павел пасігналіў, а грузавік і не думаў стараніцца.

— Абганяй, заходзь наперад. От жа гад, от жывадзёр,— аж падскоквала Мальвіна.

Паўлік не здымаў руку з сігналу. А «газон» валачэ воблака пылу і не шманае сабе. Мальвіна перад шклом гразілася кулаком, гатовая выскачыць і бегчы напярэймы. Як толькі параўняліся з упараным Орлікам, па расчырванелых Мальвініных шчоках пакаціліся слёзы. Райкомаўская «Волга» заскочыла наперад і перагарадзіла дарогу, а Мальвіна выбегла на шлях, ухапіла на ўзбочыне хлудзіну і кінулася напярэймы грузавіку. Той стаў. Узваліўшыся на кабіну, лыпаў вачыма Зміцер з прыліплаю да губы цыгарэтаю. Мальвіна размахнулася, хацела выцяць яго, але сухая хлудзіна ляснула па борце і пераламалася напал.

— Ты што, здурэла, Юстынаўна? — адхіснуўся Зміцер.— Усё ж нармальна.

— Ану, злазь, жывадзёр,— з пенай на вуснах аж заходзілася Мальвіна.— Яму нармальна, га?! А хіба ж ты нармальны? — I ў роспачы яшчэ раз ляснула аскабалкам па борце, а сама зайшлася горкімі слязьмі.

— Скруцілася баба. Мы ж етта, на первай скорасьці пілуем. Праўда, Грыша? — звярнуўся ляснік да свайго шафёра.

— Каб табе дошак на труну напілавалі. Злазь, кажу!

Зміцер пазнаў райкомаўскую «Волгу» і адразу здрэйфіў. Відаць, Барысаўна ведае, а ў тае не заржавее. Усе мужыкі ў раёне асцерагаюцца яе: барані божа, убачыць каторага пад мухай ці пасля ўчарашняга, адразу мяняй партфель на вілы. Ды і гэтая «конская мама» скруцілася.

— Ну, чаго ты ўжо так, Юстынаўна? Палянь, што яму зрабілася? Не мог я, дальбог, верхам ехаць, не тут казана, скула на тым самым месцы ўскочыла, а пешкі да захаду сонца раскаракаю не давёў бы. Кінь хлудзіну, тады злезу.

Мальвіна адкінула палку і прыхінулася да змакрэлай Орлікавай храпы. Апалыя бакі хадзілі, як кавальскі мех, з ніжняе губы цягнуліся густыя, як патака, цуркі зеленаватай пены, трывожнае сіняе вока, здавалася, набрыняла слязою. Зміцер дрыготкімі рукамі апасліва адвязаў ад кузава повад, кінуў яго Мальвіне, адсунуўся да кабіны і заенчыў:

— Чым жа я картоплі абганю? Злітуйся, Юстынаўна, дальбог, за повад павяду. От табе хрэст,— і ён, не здымаючы шапкі, няўмела перажагнаўся.

— Каб цябе сляпога вадзілі. Нідзе дзенешся, сам упражэшся, а баба паганяць будзе. А вупраж заўтра на сабе прынясеш. Чуеш? І ў цябе, ёлупня, мазгоў хапіла, а яшчэ шофер называецца. Эх т-ы-ы! Круціць баранку навучыўся, а чалавекам так і не стаў,— Мальвіна горка заплакала. Орлік цяжка дыхаў, нізка звесіўшы галаву. Дзе дзеўся яго спрыт, пастава, жвавасць? Ад хуткага бегу па няроўным местачковым бруку распляскаліся, як старыя атопкі, капыты, ад газаў, што наглытаўся за машынаю, яго хістала з боку ў бок.

Следам і насустрач ехалі машыны і фурманкі, людзі пазіралі на распатланую Мальвіну, на змардаванага Орліка і спалоханага Змітра ў кузаве. Грузавік доўга не заводзіўся — рыпела, тузалася ручка, потым чмыхнуў, стрэліў і пусціўся наўцёкі.

Мальвіна асцярожна звяла каня на прырэчны куп’істы выган з дробным дзяцельнікам і кураслепам. За ракою жаўцелі пясчаныя выдмы з чырвоным ракітнікам, за імі цягнуліся сінія хвойнікі, прагрэтыя сонцам і набрынялыя смаловым духам, што аж сюды яго даносіў павольны слюдзяны ветрык. Орлік увесь калаціўся ад стомы і страху — хвалямі прабягала дрыготка па змакрэлай скуры, у каленях, нібы памякчэлыя, прагіналіся ногі, а насцярожана-пудкія вочы азіраліся на кожную машыну. Мальвіна пяшчотна гладзіла яго гарачую храпу, пальцамі разбірала злямчаную грыўку, суцяшала, верачы, што ён разумее кожнае слова: «Не бойся, Орлічак, болей цябе ў крыўду не дам. А гэтага дурня, бачыш, і след прастыў. Ёсць яшчэ вырадкі, што душа тванню зарасла, а мазгі ад сівухі, як смярдзючы баўтун».

Яна выскубла жменьку дзяцельніку і паднесла Орліку. Ён лена, губляючы былкі, пачаў пераціраць зубамі. Дажаваў і пацёрся мордаю аб Мальвінін плячук. Яна выпусціла повад. Орлік адышоўся на роўную лагчыну і лёг, выцягнуўшы пярэднія ногі. Мальвіна села побач. Па рэчцы плылі ружовыя воблакі, на перакаце плюскатала, калышучы сіняваты сітнік, жаўтаватая вада. Каля лазовага куста стаяў нечы пачарнелы веласіпед, над берагам тырчала ссунутая на вочы з пасівелай патыліцы маленькая кепачка, час ад часу мільгала і шлёпала па вадзе гнуткая вуда.

Мабыць, не столькі зрокам, колькі сэрцам адчула Мальвіна, ці не ён гэта, яе колішні Вася Мікіцюк. Вася, Васечка, Васілёк. Быў Васілёк, ды выцвіў, звяў і асыпаўся. Акружэнец, аднекуль з Палтаўшчыны, быў адважным і дзёрзкім разведчыкам у атрадзе «Разгром». Гэта ён здымаў пісулькі з грывы Буяна. Паранілі Васю вясною ў блакаду сорак чацвёртага. Выняньчыла, выпесціла яго Мальвіна спачатку ў зямлянцы, а як адкаціліся немцы, у сваёй хаце. Буяна ўжо не было. Прывезла Мальвіна Васю на яго маленькім «манголе», празваным Хаз-Булатам.

Лётаў ён, як вецер, сцелючыся па зямлі, не раз ратаваў свайго гаспадара. Васю з прабітым навылёт плячом у бальніцу Мальвіна не аддала: харчы там былі посныя, палаты цесныя, а дома — і сырадойчык, і маселца, і скварка вялася. Нічога не шкадавала Мальвіна, асабліва пяшчоты і ласкі. Паіла, карміла, перавязвала, бінты парыла, самога ў трусах у балеі купала, часам вазіла да доктара ў амбулаторыю. Камандавала хворым, як малым дзіцём, хацела здавацца грубаватай і абыякавай, каб не паказаць сваіх пачуццяў, а часам, каб суцешыць, шаптала ласкавыя словы і гладзіла смольныя пярсцёнкі валасоў.

Плёткі паўзлі па трох вуліцах, хоць праўды ў іх і каліва не было. Акрыяў Вася, заслужыў медаль «Партызану Айчыннай вайны», і прызначылі яго загадваць нафтабазай, а кватараваў і сталаваўся ў прасторным Мальвініным доме. Яна пайшла рабіць у ашчадкасу і ўпраўлялася ў хаце і ў хляве. Паехалі яны неяк з Васілём на сена. Ён таптаў стог, Мальвіна падавала пласты сена. Толькі накінулі на сцежар віцы, адкуль ні вазьміся, насунулася вялізная хмара з малінавымі беражкамі, кроеная-перакроеная зыркімі стрэламі бліскавіцы, і ўрэзаў суцэльнай сцяною дождж. Мальвіна з Васілём падскублі пад стогам пячурку і схаваліся ў ёй. Узмакрэлыя распараныя целы прытуліліся адно да аднаго. У проразь кофты на потную Мальвініну спіну і шыю насыпалася пацяруха, яна спрабавала вытрасці яе. «Давай памагу». І Васіль асцярожна запусціў руку пад кофту і затрымаў яе, гарачымі вуснамі ўпіўся ў падатлівыя перасмяглыя дзявочыя губы. Мальвіна прытулілася шчыльней і ахапіла дужую шыю, і тут упершыню адчула боль і радасць жаночага шчасця. З тае навальніцы яны жылі, як муж з жонкаю.

Часам Васіль прыносіў з базы заткнутую кудзеляю пляшку першаку і тлумачыў: «Шафёр замастоцкі запраўляўся, дык от участаваў». Вечарамі патроху «запраўляўся» і сам. Пад восень усё часцей і часцей Вася пачаў адлучацца вечарамі на базу — то «рабіць справаздачы», то «афармляць заяўкі», то «падбіваць накладныя». Вяртаўся позна, падпіты, з пахам незнаёмай салодкай парфумы. Аднаго разу Мальвіна не сцярпела і выгаварыла яму. А Вася і вокам не міргнуў: «Ты ж стайняю і паранкаю смярдзіш. Прачнешся ноччу і не разбярэш, хто спіць побач — баба ці конь. Цьфу! Абрыдла». Ляснуў дзвярыма і знік у цемені ночы. Камень крыўды і жалю прыдушыў Мальвініна сэрца, а слёзы стрымала, толькі болька смылела ўсё жыццё і жальба да сябе, што першы раз пакахала і не ўтрымала такога статнага і вясёлага прайдзісвета з цыганскім чубам і вачамі. А пад сэрцам ужо ўпінаўся ножкамі яго нашчадак.

Ні заўтра, ні пазаўтра Вася не вярнуўся. А людзі раней за Мальвіну ведалі, што ён, туляючыся, прападаў у гладкай, як ласіца, адзінокай медсястры. Калі пасяліўся ў яе, Мальвіна склала на воз яго транты, адвезла на новую кватэру, перакінула іх цераз плот, паляпала ў шыбіну пугаўём: «Забірай пасаг свайго абармота»,— села на воз, сцебанула ляйчынаю Хаз-Булата, і толькі пыл закурэў.

Праз тры месяцы Мальвіна нарадзіла Толіка. Ніхто на яе брыдкага слова не сказаў, пальцам не тыцнуў, не папракнуў. Хадзіла вясёлая і шчаслівая, а колькі начамі слёз праглынула, ніхто ніколі не дазнаецца. Затое хлопец удаўся ўсім на дзіва.

А Вася патроху співаўся, азыз, спахмурнеў, па тыдню хадзіў няголены. На базе выявілася недастача. Хацелі судзіць, але зжаліўся і заступіўся былы камандзір брыгады, нешта аформілі, нешта скруцілі. Спецыяльнасць у Васі, як кажуць, вузкая — піць, спяваць ды цешыць маладзіц.

Пакуль валаводзіла следства, аціраўся Васіль у «шаткоме», пляшку зарабляў на разгрузцы-пагрузцы, спрабаваў шабашыць з сякераю, але не цярпеў мазалёў. Кінуў. Быў дарожнікам і вартаўніком крамы, пакуль не ўкралі стрэльбу. Цяпер вось на пенсіі. Ат, і пенсіі тае на хлеб ды на «Прыму» ледзьве хапае. Летам — усяе работы шлёпаць вудаю па вадзе, а ўвечары ацірацца каля чайной: можа, каму спатрэбіцца трэці.

Пакуль Мальвіна глядзела на кепку над берагам і з жалем успамінала і Васю, і сваё горкае жыццё ні дзеўкі, ні ўдавы, Орлік устаў і ўзяўся асцярожна скубці дробную траўку на сталочаным выгане. Толькі выпнуліся рэбры, ды ямкі над клубамі надзімаліся і ападалі, як пухіры. Гэта ж трэба! За якога паўдня такога каня зрабіць інвалідам... А Вася? Вася сам сябе жывасілам у інваліды перавёў. Ах, такі ж хлопец быў! Чорт чортам у любым дзеле, а розуму, выходзіць,— на адну зацяжку. Адно шчасце, што Толік толькі мордаю ды чубам у бацьку ўдаўся, а сэрца і рукі залатыя.

Мабыць, Васіль здалёк пазнаў Мальвіну, ніжэй нацягнуў кепку, скруціў акунёўку, забраў свой веласіпед і падаўся берагам за лазовыя кусты, ці на лепшае месца, ці каб не сутыкнуцца з ёю. Мальвіна доўга глядзела ўслед, потым падняла галаву ўгору, каб не скаціліся непатрэбныя слёзы. Высока-высока ў чыстым блакіце адно за адным плылі бусел з бусліхаю на буслянку на старой таполі да сваіх буслянят.

Мальвіна ўзяла повад, і за ёю млява патупаў Орлік. Пасля прабежкі за грузавіком куды дзеліся спрыт, сіла і жвавасць? Глядзіш — Орлік і не Орлік, ён і не ён: нейкая струна лопнула ў ім, ужо не чутно залівістага ржання, гулкага цокату капытоў, ужо не нясе высока сваёй зграбнай белай галавы, толькі па-ранейшаму лашчыцца да Мальвіны і слухае яе.

Але хутка прыйшлося ім разлучыцца: лясніцтва прэміравалі невялічкім універсальным трактарам і «газікам» не першай маладосці. Ляснічаму давялося «пералічыць» Орліка аддзелу камунальнай гаспадаркі. З плачам правяла Мальвіна свайго гадаванца з двара. Ён упершыню паўпінаўся каля варот, быццам ведаў, што пакідае іх назаўсёды.

Калі везлі на Орліку дровы ці дошкі па Мальвініным завулку, як ні тузаў, як ні круціў лейцамі камунгасаўскі вазак, конь станавіўся каля знаёмага двара, падаваў асіплы голас і жывасілам цягнуў воз да брамы, а калі ехалі на ім па плошчы, спыняўся насупраць ашчадкасы і ціха ржаў. Вазак хвастаў яго дубцом, а з дзвярэй ужо выскоквала Мальвіна і коршакам налятала на фурмана: «За што ж ты яго б’еш? Каб цябе падучка біла. Гадаваў ты яго? Га?!» — Вырывала ў вазака дубец і гатова была адхвастаць самога, але не адважвалася, толькі махала над галавою, а той засланяўся рукамі. Людзі спыняліся і пасмейваліся з аднаго і другога. Мальвіна папраўляла збітую набок сядзёлку, падцягвала церассядзёлак, гладзіла па шыі, пхала ў мяккія губы акрайчык хлеба і, не азіраючыся, павольна ішла назад у ашчадкасу. А там ужо яе чакала чалавекі чатыры ўкладчыкаў, усё бачылі праз акно. Самыя языкатыя пад’юджвалі: «Каня без чаргі ўлагоджвае, а нам стой». Мальвіна прасіла прабачэння і хуценька адпускала ўсіх.

Пасля работы загадчыца не раз выгаворвала ёй за адлучкі: «Жаляцца, Юстынаўна. Кажуць, каб была другая ашчадкаса, туды б панеслі свае грошыкі. А ў нас план, самі разумееце. І даўся вам гэты конь. Возіць смецце, няхай сабе возіць».— «Ён у мяне, не раўнуючы, дзіця малое, соскаю выпаены. Адно што гаварыць не ўмее, а то мог бы сам быць... ого-го!» Камунгасаўскія вазакі аб’язджалі ашчадкасу і Мальвінін завулак, каб не сутыкацца з ёю.

Як толькі выйшлі Мальвіне гады, па заяўцы загадчыцы з фінансавага тэхнікума прыехала маладзенькае дзеўчанё на пасаду кантралёра. Чырванеючы і мнучыся, загадчыца сказала Мальвіне: «Я асабіста супраць вас нічога не маю. Наадварот, удзячная, што многаму і мяне навучылі. Але вось прыслалі па размеркаванню маладога спецыяліста. Самі разумееце, не магу ж яго адправіць назад...» — «Вядома, не можаш. Калі здаваць? Яно і лепш. Пайду на Орліку смецце вазіць».— «Што вы, Юстынаўна! Не сярчайце, пажалуста. Аформім вам пенсію чын чынам. Я ўжо ў сабесе ўсё высветліла».— «От дзякую. І даўно паспела паклапаціцца?» Мальвіна павярнулася і пайшла. Потым былі сумныя праводзіны, электрычны чайнік і гадзіннік за 27 рублёў. Пасля гэтага нагі не было Мальвінінай у ашчадкасе.

Хоць і падалася, але не здавалася пенсіянерка Мальвіна — скрозь упраўлялася сама: і ў хаце, і ў хляве, на гародзе і на сотках, ледзь дапаўзе на сточаны шашалем бабчын ложак, але дзе ты заснеш, калі сама бабкаю стала. Адслужыў яе Толік у войску, добрым шоферам стаў, казаў, самога палкоўніка вазіў, а вярнуўся дадому, пайшоў шафярыць у дарожны ўчастак. Адразу палегчала Мальвіне. Як ні кажы, машына — у руках: і сена, і дроў, і картоплю з поля ёсць на чым вывезці. А неўзабаве і ажаніўся сынок. І з кім! Каб прыснілася, не паверыла б. З тою самаю «фіфачкаю», што села на Мальвініна месца. Адразу маці была ані блізка, а як разважыла, дык чым жа яна вінавата,— дзеўка як дзеўка. Праўда, прыехала трэска трэскаю, а тут папышнела, раздалася, і з мордачкі нішто сабе.

Вяселле справілі як мае быць. Аж тры дні гулялі — радні развялося, за тры сталы не ўсадзіш. Паладзіла з нявесткаю Мальвіна, а як прыйшоў час, тая прывезла з бальніцы гарластых двайнятак — Косціка і Аленку. Які ўжо тут сон бабе?

Неяк пад восень адвярнулася Мальвіна ад печы, аж нейкая шэрая постаць прасунулася за акном. На парозе адчыненых дзвярэй нячутна прыхінуўся да слесака Васіль. Зняў кепачку з аблезлай галавы, стаіць няголены, у абвіслых, выкачаных у пыле штанах — жабрак жабраком. Ледзь чутна сказаў «здрастуй» і маўчыць.

— Што скажаш, чалавеча? — спытала Мальвіна. Маўчыць. Яна дастала з-пад кужэльнага ручніка цёплую аладку і працягнула Васілю. У таго вочы наліліся слязьмі.

— За што ты так, Мальвіна? Я ж міласціну не прашу. Дай на ўнукаў глянуць, хоць хлопца на руках падзяржаць.

— Адкуль у цябе тыя ўнукі ўзяліся? І сына ў цябе няма. Дзе ж ты быў, як ён у пустой хаце плачам заходзіўся, а суслу не было каму падаць, як ён у адзёры ды ў гарачцы качаўся? А тут ні села ні пала — дзеда прыдбала. Лепш ідзі, чалавеча. Сабе скруціў жытку, хоць нас не труці. Тут жа канём смярдзіць. Бяжы, Васечка, туды, дзе пархумаю пахне. Богам прашу: і пад вокнамі не ацірайся, бо апару. Сэрца не ад’ядай ні сабе, ні нам,— і лагодна, праз слёзы, папрасіла,— трэба ж неяк па-людску век звекаваць, каб без крыўды і злосці. Хто вінаваты, глядзі сам. Я табе даравала. Слязьмі выліла боль. А што сына маю,— яна нізка пакланілася,— дзякую табе.

— А сабе не даруеш.— Васіль шморгнуў носам. І тут у два галасы залемантавалі Косцік з Аленкаю. Мальвіна пабегла да іх з дзвюма пляшачкамі малака. Пачула, як ляпнула клямка форткі, за акном прасунуліся ўвагнутыя плечы Васіля. Пякучы боль перахапіў дух, тугі камяк падкаціўся пад самае горла. Памкнулася зірнуць, куды ён падаўся, а яго і след прастыў.

На вуліцы глуха затупалі капыты. Каля брамкі стаяў спутаны Орлік. Мальвіна ўхапіла ладны акраец і выбегла з хаты.

Заўсёды заклапочаная і паспешлівая, яна толькі цяпер прыгледзелася, як у вузкім гародчыку буйна расцвілі цёмна-барвовыя вяргіні з пабялелымі кіпцікамі на кончыках вострых пялёсткаў, як выцягнуліся і пазгіналіся ад ружовых званочкаў светла-зялёныя сцябліны мальваў. Расцвілі мальвы — значыць, не за гарамі восень: трэба барзджэй упраўляцца, і Мальвіна пабегла на звонкія галасы ўнукаў.




Беларуская Палічка: http://knihi.com