epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Недапісаная кніга

І
  ЛІРЫЧНАЯ ПАМЯЦЬ
    Недапісаная кніга
    З далёкай даўніны
    Каля вогнішча
    Чужая роль
    * * *
    Сцюдзёная ноч
    На Пцічы
    Белы бэз
    Чаромхавы чад
    Уверцюра дваццатага стагоддзя
    Сувой жыцця
    * * *
    Завялыя рамонкі
    Светлы смутак
    Вершы ў сне
    Шлюб
    Лісты без адраса
    Вячэрняя малітва
    * * *
    Хвіліна развітання
    Салаўіная ноч
    Майму інстытуту
    Павал
    Расінкі
    * * *
    На сконе веку
    Равесніца
    Пакаянне
    Далёкае
    Змяя
    Дзіця стагоддзя
    Закаханым
    Асеннія паркі
    * * *
    Ноч і ціш
    Адна надзея
    * * *
    Каляндарны дзень
    * * *
    * * *
    Вяртанне
    Снегапад
    Блакітная зіма
    Каштаны
    Падзяка грому і дажджу
    Незваротнае
    Ваганні
    Зімовы сум
    Пад месяцам
    Начныя званкі
    Самотны вечар
    Страты
    Двайнік
    * * *
    Таемны гук
    * * *
    Ростань
    * * *
    Маці Багдана
    Доўгачаканыя лісты
    Сум па моры
    * * *
    Сэрца
    * * *
    Дзень
    Памяці ненапісаных вершаў
    * * *
    Нязводны боль
    Жаданне
    Дзіўны сон
    Загадка
    Таемная вячэра
    Срэбны пасаг
    * * *
    У вяночку Мельпамены
    Незабыўнаму
    Журавы
    Глухі
    Любошчы
    Неюбілейны
    Маўчанне
    Посах
    Мелодыя
    Музыка
    Позняя восень
    Пад знакам Вегі
    У раі і ў пекле
    Летуценні
    * * *
    На самоце
    На вогнішчы сумлення
    Мінае лета
    Мята
    Адзінае жаданне
    У святле маланкі
    Высакосны год
    Хвіліны
    Таямніца
    Мара
    Забытае лета
    Радкі, запісаныя на білеце
    Вясна
    Мае радкі
    Купалаў запавет
    Маё багацце
    * * *
    Незабыты снежань
    Спрэчка
    Муза
    Інфаркт душы
    Адзінота
    На раздарожжы
    Одум
    Канцавая станцыя
    Прычына
    Маленне
    На Дзяды ў бальніцы
    Слова
    Дарадцы
    Права
    Апошняя іскрынка
    Святое імя
    Дагарае свечка
    Тастамент
    Казка жыцця
    * * *
    Скарб
    Рэпартаж з уласнай паніхіды
    Вечная песня
    Сон
    Аўтаэпітафія
    Крыж
    Фінал
    Збавенне
    Памяць
ІІ
  БАЛЮЧЫЯ ЭЛЕГІІ
    Прадмова
    Надзейны спрат
    Новыя каралі
    Цярпенне
    Абаронцы міру
    Павадыры
    Расплата
    На стыку смерці і жыцця
    Чарнобыльскі чад
    Размова з помнікам
    Несмяротная
    Над прорваю
    Маўчуны
    Вечныя
    Хвіліна адчаю
    Дарэмны крык
    Бяда
    Мой народ
    Жывучыя
    Атрутнае джала
    «Купляю ардэны»
    Бежанцы
    Маці
    Пытанні
    Трывога трывог
    Гараць лясы
    Воля слова
    Манкуртызацыя
    Памаліся
    Няволя
    Тост
    У сацлагеры
    Спруты
    Тупікі
    Страты і страты
    Весела жывём
    Шукаю ўсмешку
    Каму мы трэба?
    Змена — змене
    Апошняя
    Квартальны план
    * * *
    Апошні кароль (Па матывах старой шатландскай песні)
    О колькі паэтаў!
    Мая Беларусь
    Часовыя госці Зямлі
    Літанне
    Пад небам Беларусі
  БЕЗНАЗОЎНЫЯ ЭЛЕГІІ
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
    Неспакой
    * * *
    * * *
    * * *
    Чынадралы
    Смага
    Мара функцыянера
    Здані
    Пасерабрыла сівізна
    Першае чысло
    «Пакутнікам» за народ
    І раманіст і лірык
    У тупіку
    Мана
    Гонар Беларусі
    Век
    Салаўіны плач
    * * *
  ПЕРАКАЗЫ З РОБЕРТА БЁРНСА
    Надпіс на папяровых грашах
    Надпіс на алтары незалежнасці
    Адказ вернападданым
    Помнік, пастаўлены Бёрнсам на магіле Роберта Фергюсона
    Надпіс на магіле школьнага педанта
    Джонсану
    Перакладчыку Марцыяла
    Радкі пра вайну і каханне
    Аб кепскіх дарогах
    Да партрэта Роберта Фергюсона, шатландскага паэта
    Дзяўчыне маленькага росту
    Люстэрка
    Да партрэта


 

І

 

ЛІРЫЧНАЯ ПАМЯЦЬ

У сад увойдзем мы з табою,

Адны у змрочнай цішыні,

Ты будзеш за густой травою

Шукаць купальскія агні.

 

Пачну чакаць з глыбокай верай

Дзівосаў, што натхняюць жыць.

Няхай на папараці шэрай

Жывы агеньчык задрыжыць.

А. Блок

«Купальская ноч»

 

Недапісаная кніга

У кожным слове — боль маёй душы,

Трывогі, радасці і слёзы.

Іх, як лісток асенні, засушы,

Каб не пабілі раннія марозы.

 

Спытаеце: «А дзе твой аптымізм,

Дзе вера, дзе любоў з надзеяй?

Як толькі ўспамінаю кожны «ізм»,

Дрыжыць душа і сэрца халадзее,

 

Бо я ўсё зведаў па чужой віне

І гора паспытаў па поўнай меры...

Цяпер не ашукаюць больш мяне,

Не пахіснуць маёй адзінай веры

У дабрату, у праўду, у сумленне

І не паставяць болей на калені.

У Бога я адтэрміноўку папрашу

І, можа, людскае хоць нешта напішу.

20/VI—92

 

 

З далёкай даўніны

 

 

С.К.

 

Не ведаю, вы спіце, ці не спіце,

Ці бачыце за снамі сны,

Вы толькі у душы краніце

Струну далёкай даўніны.

 

Дзе хвоі з хвоямі гамоняць,

Сумёты сцежкі замялі,

Мяне туга і смутак гоняць

Туды, дзе вы гняздо звілі.

 

У светлы, як пароша, чысты,

Спакойны і салодкі сон

Мне б даляцець і ўпасці лістам,

Як у пару далёкіх дзён.

 

Таемным шэптам, поўным згоды,

І поглядам душу сагрэць,

Каб стаць шчаслівым назаўсёды

Ці да світання дагарэць.

 

19-28/ІІІ—94

 

 

Каля вогнішча

 

Ігару Лучанку

 

Давай распалім вогнішча на ўзлессі,

Па зорах паварожым давідна,

Бо ты — і Вераніка, і Алеся,

Ты, як і сэрца, у мяне адна.

 

Заранкамі твае іскрацца вочы,

Хоць усміхніся, хоць загавары.

Мінаюць хутка чэрвеньскія ночы,

Нас кліча перапёлка на зары.

 

Няўжо твае сляды туман укрые?

А я знайду прымятую расу

І па слядах, дзе ясені старыя,

Цябе, нібы пушынку, данясу.

 

Пасядзем каля светлае крыніцы

У ціхую світальную пару,

І я табе з расінак завушніцы

І сонечны пярсцёнак падару.

 

Увечары сустрэнемся на ўзлессі,

Не будзем паўтараць забытых слоў...

Мая ты — Вераніка, і Алеся,

І Вера, і Надзея, і Любоў.

6/ІІІ — 94

 

 

Чужая роль

Мы часта хлусім і іграем

Вясёлую чужую роль,

Каб выглядала пекла раем

І асалодай здаўся боль.

 

Калі сціскаюць горла слёзы,

Глядзім з ухмылкай на распад

І не зважаем на пагрозы

Вярнуць пакуты зноў назад.

 

Хлусню з усмешкай непрыкметна

Адчаю засцілае муць,

Хоць і стаім над апраметнай,

Якой ніяк не абмінуць.

 

Калі нарэшце без апаскі

Іграць чужую кінем роль,

Трагедыяю стануць казкі,

Слязамі — слёзы, болем — боль.

22/ІІІ—94

 

 

* * *

На шыбах — белыя лілеі

З крышталю выразаў мароз.

Ад захаплення я нямею

І захапляюся да слёз.

 

Мне мроіцца далёкі бераг:

Дрыжаць лілеі на вадзе.

Блукаю я ў туманах шэрых,

А любая ўсё не ідзе.

 

Як ні гукаў — не дагукаўся.

Здалася прывідам яна.

Гляджу туды, дзе ашукаўся,

Праз шыбы цёмнага акна.

22-23/ІІІ—94

 

 

Сцюдзёная ноч

 

Глянь іншы раз на яе — у расстанні.

М. Багдановіч

 

Туманны вечар.

І карункі снегу

На вербах і на чырвані рабін

Мне нагадалі даўнюю кунегу

І шчасце першых радасных хвілін.

 

Як на марозе палымнелі губы,

Твая дрыжала у маёй рука,

І мне здалося —

нехта шэпча «любы»

На беразе застылага стаўка.

 

Такая цішыня на белым свеце,

Іскрацца срэбрам чыстыя снягі,

На вербах долу пазвісала вецце

Ад шэрані і ціхае тугі.

 

Пасля твае таемныя іскрынкі

У цёплым змроку мне былі відны,

Гадзіны праляталі, як хвілінкі,

І без твае,

і без мае віны.

 

А досвітак прарочыў развітанне,

Снег зараўняў вячэрнія сляды,

Мы не маглі паверыць, што расстанне

Разлучыць нас са шчасцем назаўжды.

 

Дзе ты цяпер?

Зірні ў сівыя высі,

Каб толькі зорку нашую знайсці.

Не знойдзем, хоць апоўначы прысніся

Апошні раз у блытаным жыцці.

4/XII—93

 

 

На Пцічы

Гляджу на месяц і дзіўлюся

І тут, і ў дальняй старане,

З маленства на яго малюся,

Што ён глядзіць і на мяне.

 

Свяціў ён яснымі начамі

І затуманены імжой,

Твая лажбінка між плячамі

Мне болей не была чужой.

 

Спаўзла блакітная сукенка,

Твой цень гайдаўся на вадзе,

Дзве зорачкі дрыжалі ў зрэнках

І дзве сунічынкі грудзей.

 

Мы кінуліся ў вір глыбокі

Пад затуманенай вярбой.

Плылі і зоркі, і аблокі

І над табой, і пад табой.

 

У хісткі месяц ты нырнула,

І ён расплыўся па рацэ,

Вясёлка сіняя мільгнула,

Хвасталі пырскі па шчацэ.

 

Па водмелі і росным лугам

Я за табою, як сляпы,

Ішоў, адным з’яднаным кругам,

Да першай свежае капы.

1/І—94

 

 

Белы бэз

Калі чакаў цябе я ў змроку,

Расцвіў у садзе белы бэз,

На кожным я спыняўся кроку,

Пакуль праз плот не пералез.

 

Спалоханы і абраселы,

Загледзеўся я праз акно,

Зачараваны і нясмелы,

І закаханы так даўно.

 

Праз цюлевую афіранку

Убачыў чуб, пагон і кант,

Як недаступную каханку

Адважна лашчыў лейтэнант.

 

А я баяўся дакрануцца

І да рукі і да спіны...

Цяпер яны з мяне смяюцца,

Што быў нясмелы і дурны.

 

А я яшчэ не траціў веры,

Што даражэй за ўсіх яна,

Пакуль не ўбачыў, што ў кватэры

Святло патухла давідна.

24/IX—92

 

 

Чаромхавы чад

Як пахнуць травы пад дажджом

І яблыні пад навальніцай,

А нам з табою пад плашчом

Вясна чаромхавая сніцца.

 

Мы ўспомнілі ўдваіх адно,

Як сэрцы горача трымцелі,

І мы з аблокаў, як на дно,

Пад шаты райскія зляцелі.

 

Я верыў, ты — навек мая,

І ні адна на свеце сіла

Больш не разлучыць, і змяя

Нас нечакана спакусіла.

 

Мінула шчасце так даўно,

Прайшлі дажджы і навальніцы,

А мне, як хмельнае віно,

Вясна чаромхавая сніцца.

26/V—92

 

 

Уверцюра дваццатага стагоддзя

 

Какое милое у нас тысячелетье на дворе.

Б. Пастарнак

 

Мне дваццаць год.

Табе аж дваццаць пяць.......

А нам не развітацца да паўночы.

Суседзі за сцяной салодка спяць,

А ў нас дваіх гараць да рання вочы.

 

Мы ў змроку.

Не запальваем святла,

Адно гаворым, думаем другое.

Завея столькі снегу намяла

І вокны пазавешвала смугою.

 

Ты тулішся бліжэй, усё бліжэй,

Гаворыш пра чаканыя сустрэчы.

А мне за ўсё здаецца даражэй

Твой тонкі стан і ў залацінках плечы.

 

Ужо ў руцэ дрыжыць твая рука,

Да вуснаў вусны прагнуць дакрануцца,

І толькі паўхвіліны да рыўка,

Каб у маіх абдымках апынуцца.

 

Ледзь-ледзь чуваць, як музыка гучыць,

То набліжаецца мелодыя, то гіне.

Нас да адзінства можа далучыць

Хіба што уверцюра Паганіні.

 

Сціхае музыка, і вецер сціх,

А наша не канчаецца спатканне,

І вузкая канапка на дваіх

Дала прытулак да світання.

 

Я не забыў, як сцежкі замяло,

Але ў якім, не ўспомню, годзе

Знарок мы не запальвалі святло...

Усё ж было дваццатае стагоддзе.

26/VI—92

 

Сувой жыцця

 

Яўгеніі Пфляўмбаўм

 

Такім натхнёным, юным і прыгожым

Наканаваны быў шчаслівы лёс,

Шляхі без ростаняў і раздарожжаў,

Без смутку, без адчаю і без слёз.

 

Разгортвалі і Вы на ўзлёце крылы

Чысцейшай галубінае красы,

І зачароўвалі пяшчотнай сілай

Дзявочыя, як песня, галасы.

 

Натхнёна Жэня, Зіна і Наташа1

Спявалі дзеля шчасця і святла,

Але ў злавесны век атруты чаша

Іх напаткала і не абышла.

 

Дарогі разышліся назаўсёды,

Сарваліся і змоўклі галасы.

Нягоды напаўзалі на нягоды,

Як майскі снег, як град, як маразы.

 

А Вы не страцілі лірычнай ліры

Ні ў горы, ні ў адчаі, ні ў тузе,

Яна была ратункам у Сібіры

І пуцяводнай зоркаю ў тайзе.

 

Яе збівалі лютыя бураны

І каты распіналі на крыжы,

Але і ў горы гоіліся раны,

Бяда не стала пусткаю душы.

 

Як прывіды, прыходзяць успаміны,

Імёны і жывых і нежывых.

Пад ветразем натхнення Вы павінны

Спяваць і хвалявацца і за іх.

 

Расстаўшыся з далёкай маладосцю,

Ў шчаслівыя хвіліны забыцця

Іду зачараваны, як у госці,

І развінаю Ваш «Сувой жыцця».

 

Падкрэсленыя сказы належаць Я. Пфляўмбаўм.

 

1 Я. Пфляўмбаўм, 3. Бандарына, Н. Вішнеўская - паэтэсы-маладнякоўкі.

* * *

Твае далоні пахнуць першым снегам,

А познімі антонаўкамі — снег.

Над цішынёю нечаканым рэхам

Звініць і коціцца дзявочы смех,

 

Што заблудзіўся ў зорнай ночы

За ціхаю застылаю ракой

І радасць бесклапотную прарочыць

І першага кахання неспакой.

 

Па-стой... Паслухаем і пазайздросцім,

Пакуль праменьчык радасці не згас

Бяздумнай і вясёлай маладосці,

Якая больш не вернецца да нас.

16/ХІ—92

 

 

Завялыя рамонкі

Чаго ў нас толькі не было?

Былі і слёзы, і усмешкі.

Даўно снягамі замяло

Твае сляды і нашы сцежкі.

 

Куды б ні кідаў горкі лёс,

Як ні караў па поўнай мерцы,

Ад патаемных нашых слёз

Рубцы не загаіць у сэрцы.

 

Ты іх хавала ад мяне,

Маліўся я ў таежных нетрах

І спадзяваўся, што міне

Боль на апошніх кіламетрах.

 

Не, не мінула, не прайшла:

Гады як здані праляцелі,

І не відно дасюль святла

Ў канцы жалобнае тунелі.

 

Свайго гнязда мы не звілі,

Рамонкі нашыя завялі,

І мы з табою не жылі,

А толькі доўга існавалі.

3/Х—92

 

 

Светлы смутак

Скуголіць вецер па завуголлю,

У шыбы хвошча бясконцы дождж,

Датлела ў печы даўно вуголле,

А ты мой смутак не патрывож.

 

У хаце пуста. Слязіцца свечка,

Нікога побач даўно няма,

І толькі чутна, што недалечка

На раздарожжы звініць зіма.

 

Сняжынкі лягуць на першапутак,

Засцелюць Нёман, і Пціч, і Сож,

А ты здалёку мой светлы смутак

Халодным словам не патрывож.

11/IX—91

 

 

Вершы ў сне

Так лёгка складаліся вершы і ў сне:

Звінелі радкі, апяраліся рыфмы,

Буслы прыляталі насустрач вясне,

На золку віталі і славілі іх мы.

Пасля навальніца над намі гула,

Маланкі спляталі блакітныя ўзоры,

А бусел паволі ляцеў, і з крыла

Сцякалі крывінкі, як раннія зоры.

Ад страху тулілася ты да мяне,

Гулі ясакары, гайдалася глеба.

Пыталася ты, калі нас абміне

Бяда і ўратуюць і людзі, і неба.

Цябе не ўтрымаў. Ты растала, як цень,

Буслы адляцелі, забыліся словы,

За крыжам акна распагодзіўся дзень,

Блакітна-ружовы, зялёна-вясновы.

На чыстай старонцы пачаты радок,

Што мне журавы і маланкі прынеслі.

Хапаю паветра гаючы глыток,

Пішу, углядаюся, крэслю і крэслю.

3/IV—92

 

 

 

Шлюб

Яе, як ляльку, нёс у клуб

І аж трымцеў увесь ты.

Ты не ішоў, ляцеў пад шлюб

Ад дотыку нявесты.

 

Міналі тыдні і гады,

Былі, як будні, святы.

Забыўся ты, што малады

Ў нялёгкім чыне таты.

 

Далёка першая вясна,

Няма як маладзіцца,

І заблішчала сівізна

На скронях маладзіцы.

 

Бацькоў сыны перараслі,

Не рвуцца да сталіцы,

Каханых па сабе знайшлі,—

Прыйшла пара жаніцца.

 

Пасля вяселля прывялі

Сыны дамоў нявестак.

Паўхаты тыя занялі

Дзеля сябе і дзетак.

 

Каторы год у хаце — чад,

Што нават гінуць мухі...

І дзіўна, як растуць з дзяўчат

Злавесныя свякрухі.

7/ІV—92

 

 

Лісты без адраса

Я ўсё яшчэ пішу лісты

Мне не вядомым адрасатам

І ўзводжу хісткія масты

Між буднямі і тлумным святам.

 

Я ўсё ж пішу, бо не магу маўчаць,

Каб гаварыць зусім не развучыцца,

Хоць часта не ўяўляю, як пачаць

І чым маё пасланне завяршыцца.

 

Я ні пісаць, ні думаць не магу.

Мінае ноч. За вокнамі світае.

Магчыма, нехта і маю тугу

Ці радасць выпадкова прачытае.

 

Мяне не вабяць званні, ні пасада,

Бо ўсё жыццё шукаю адрасата.

19/VI— 93

 

 

Вячэрняя малітва

Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,

У неба, у зорак і ў Бога малю

Даць волю і долю маёй Беларусі,

Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.

 

Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,

Зайшоўся ад болю і голас, і зык,

Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі

І вырвалі ў нашага Бога язык.

 

А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,

Распяты не раз без адходнай імшы,

У памяці нашай, у долі народнай,

У кожнай жывой акрыялай душы.

 

Зацятыя прыхадні енку не чуюць,

Бо ведаюць толькі: «крышы» і «карай»!

Пагардай і лютай знявагай лінчуюць

І мараць пра «Северо-Западный край».

 

Яго нашы продкі і мы паспыталі,

Але не здаліся пякельнай бядзе:

Прарока нам Бог дараваў на Купалле,

Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»

 

О, Божа магутны, малю і малюся:

Спрадвечныя нашы пакуты згадай,

Хоць ты заступіся за лёс Беларусі

І згінуць не дай.

30/ VI—3/VIІ—92

 

 

* * *

Іду дарогай без звароту,

Над прорваю, на самы край,

І ўжо віднеюцца вароты

У пашчу пекла, а не ў рай.

 

Ніколі раю я не бачыў,

Ні ў родным, ні ў чужым краі,

Бо на зямлі так мала значыў,

Тырчаў, як тычка на буі.

 

Мяне ламалі і крышылі

У сцюжу лютыя вятры,

І нумар на спіну прышылі

Майго жыцця гаспадары.

 

Хто ж гэты знак пякельны здыме?

Мне ж не сплаціў ніхто даўгі,

І я з Радзімаю любімай

Прайшоў пякельныя кругі.

 

Хоць ты, Гасподзь, не пакарай

І пакажы здалёку рай.

 

 

Хвіліна развітання

Кахала ты мяне ці не кахала,

Не разумеў я ўсё жыццё,

Ты ласкаю душу закалыхала,

А вочы засцілала забыццё

 

Ўсяго, што адцвіло на раздарожжы,

Што знікла за асенняю смугой,

І за сібірскай колкай агароджай

Здавалася ты самай дарагой,

 

Бо верыла у будучае шчасце,

А шчасце — не расстацца у жыцці,

І гора, і наступныя няшчасці

Адолець, абмінуць і абысці.

 

Не абышлі, не абмінулі гора,

Яно паўзе за намі, быццам сліж,

Закрэсліла, што радавала ўчора,

На плечы наваліўшы цяжкі крыж,

 

Увесь у стрэмках, на вятрах настылы,

І нам з табой у поцемках густых,

Відаць, без паратунку да магілы

Яго данесці суджана ўдваіх.

 

Не дачакацца яснага світання.

Я ўсё, што лёсам суджана, сцярплю,

І ў горкую хвіліну развітання

Прашэпчуць вусны: «Я цябе люблю».

5/ІV—92

 

 

Салаўіная ноч

Блакітны месяц і ліловы бэз

Дурманілі табе і мне галовы,

А недзе побач непрыкметны бес1

Шаптаў не сказаныя намі словы.

 

Я траціў і развагу, і спакой,

Пачуўшы голас ціхі і спакусны,

Лавіў руку гарачаю рукой

І вуснамі — асмужаныя вусны.

 

Усё трымцела ў сэрцы і ў душы,

Мы апрытомнелі з палёгкай,

Калі ў заранкавай цішы

Прачнуўся салавей і радасна зацёхкаў.

 

Стрымаць свае пачуцці не змаглі

У тыя таямнічыя хвіліны

І ўсё, што бераглі, не збераглі

Блакітнай ноччу салаўінай.

 

Нас акрапіў расою чадны бэз.

Гайдаўся на галлі і пасміхаўся бес.

25-26/VIІІ—93

 

 

1 Бес — д’ябал (руск.).

Майму інстытуту

Былі і радасці, і хваляванні тут,

Узлёты, і правалы, і трывогі,

Мой родны, вечна юны інстытут,

Пачатак вашай і маёй дарогі.

 

Тут мы кахалі і кахалі нас,

Палалі ў спрэчках, як запалкі,

Хоць быў галодны і шчаслівы час,

Былі «хвасты», і двойкі, і шпаргалкі

 

Дзе б я ні быў, у памяці жылі

Духоўныя настаўнікі заўсёды,

Як зоркі пуцяводныя, вялі

Яны мяне цераз усе нягоды.

Запомніўся іх кожны жэст і гук

Натхненнем усхвалёванага слова.

Замоцін, Барычэўскі і Бузук

Нам адкрывалі ўсіх асноў аснову,—

 

Свет Пушкіна, і Блока, і Сафо,

І дзеясловы у загадным ладзе,

І байранаўскай звонкаю страфой

Здзіўлялі ў беззаганным перакладзе.

 

Сваіх сяброў не забываю я

І нашы ўсе няздзейсненыя мэты.

Жылі мы як адзіная сям’я,

Плебеі, летуценнікі, паэты,

 

І скептыкі, і крытыкі сістэм,

Спрачаліся да хрыпаты і стомы,

Бо ў пекле не прадбачыўся Эдэм,

І гэта стала не-ка-му вядома.

 

Натхнёна лірыку пісалі Маракоў,

Лявонны, і Сяднёў, і юны Розна,

Ды зрэнкамі бязлітасных ваўкоў

На іх глядзелі ўчэпіста і грозна.

 

Усе злачынцы вершаць свой кашмар

Начамі, учарнелымі ад страху,

І гналі, як загадваў «гаспадар»,

І вучняў, і настаўнікаў на плаху.

 

«Тот ураган прошел, нас мало уцелело»,

Засведчыў і Ясенін малады...

Апошні сведка я. І сведчу смела,

Каб вы такой не зведалі бяды,

 

Каб спасцігалі ўсё, што захацелі,

Каб не сустрэлі гора і пакут...

Мае равеснікі у вырай адляцелі,

Але заўсёды юны інстытут.

12/ІХ—92

 

 

Павал

Яшчэ непатрывожаныя намі,

Не верачы ў пагібель без пары,

Зачараваныя завеямі і снамі,

Яны маўчаць на студзеньскай зары.

 

Глядзяць у неба і ратунку просяць,

Крутой слязою застые смала,

І толькі пошчак у глушы даносіць,

Як снег рыпіць і як звініць піла.

 

Яны стаяць магутныя на ўзвеі,

І кожная, як непаўторны цуд,

Пад імі — мітуслівыя пігмеі —

Нявольнікі выконваюць прысуд.

 

Яшчэ паўзмрок, і снег неабтаптаны,

А вогнішчы палаюць і гудуць...

Пахукаем на рукі і... тытаны,

Ламаючы падлесак, упадуць.

 

Я не спяшаюся, я пазіраю з жалем

На гонкі стан і пасівелы чуб

І раюся, куды і як павалім,

А пара замярзае каля губ.

 

Бяру настылую і вострую сякеру,

А мне сумленне шэпча: «Не валі!..»

Я поглядам да верхавіны змераў,

І паляцелі смольныя скрылі.

 

Жывіца заліла жывую рану.

Пакутую, хоць і не мая віна,

Хіснулася... і знікла нечакана

У снежным дыме гонкая сасна.

 

За ёй — другая, трэцяя, дзесятак

Кладзецца, як гарматныя ствалы,

І капаюць на снег з ружовых пятак

Бурштынавыя кропелькі смалы.

 

О, Божа, Божа! Колькі я іх спляжыў!

Шкадуючы, ў пагібельнай глушы,

Замшэлым каменем той грэх на сэрца ляжа

І застанецца ў змучанай душы.

 

Снягі расталі, адгулі завеі,

Адкочваўся за валам грозны вал.

А толькі ўспомню — сэрца пасівее...

Ішоў на волі і ў тайзе павал.

20/ХІ—92

 

 

Расінкі

Расцвіла канвалія

Ў лузе, на юру,

І букецік Валі я

З росамі збяру.

Вочы ледзь замглёныя,

Спелая каса,

На павекі сонныя

Скоціцца раса.

На такую мілую

Гляну і замру

І расінкі стылыя

Вуснамі збяру,

Нашы сэрцы зверу я,

З ласкай пагляджу,

У твой сон паверу я

І не пабуджу.

28/V—92

 

 

* * *

Залочанымі трубамі аргана

Гудзе на ветры шчыры бор,

Трывожна мне і на душы пагана,

Што не знайшоў сябе да гэтых пор.

 

Жыццё мінае ў пошуках дарэмных,

Я ўсё збіраўся нанава пачаць,

А быў і заставаўся пад’ярэмным,—

На вуснах і душы была пячаць.

 

Блукаў па чарналессі без звароту,

Знікалі назаўжды мае сляды,

Трашчалі аканіцы і вароты

Пад націскамі лютае бяды.

 

Я сам хаваўся ад сябе самога,—

Здавалася, нягода абміне,

Але яе пякельная дарога

Вяла няўхільна да мяне.

 

Змяркаецца, і вечар дагарае,

Датлеў у пушчы парадзелы ўбор,

Журботную мелодыю іграе

На дзікім ветры пасівелы бор.

 

На сконе веку

Цнатліваю ружоваю дзяўчынкай

Са мною засталася ты навек,

Як з-пад прыжмураных павек

Паблісквалі іскрынка за іскрынкай,

Як пахлі залатыя валасы

Даспелымі рамонкамі і мятай,

І кожны дзень падобны быў на свята

У тыя незабыўныя часы.

 

На сконе веку ты і я — не тыя,

І ўсё даўно не тое на зямлі,

І мы з табою некалі былі

І грэшныя, і трошачкі святыя.

Ранейшага нічога ўжо няма:

І лета іншае, і восень, і зіма.

 

Равесніца

Давай і памаўчым і пасумуем,

Дап’ём апошняе віно,

І ўсё, што не збылося, падсумуем,

І ўсё, што ў вечнасць канула даўно.

 

Успомнім, чым былі, якімі сталі,

Прыкінем, колькі нам яшчэ прайсці

Без лозунгаў і «гартавання сталі»,

Што нас вялі аслеплых па жыцці.

 

Не па евангеллі, не па карану

Вучылі нас дабру і дабраце,

І кожны нізавошта пакараны

Паверыў, што да волі дабрыдзе.

 

І дабрылі. Стаміліся, і годзе,

Гасподзь, грахі бязгрэшным адпусці

На рубяжы наступнага стагоддзя,

Хоць да яго наўрад ці нам дайсці.

 

Без крыўдаў, скаргаў і без злосці

Гатоў я абавязкі ўсе злажыць,

На юных паглядзець і пазайздросціць,

Што ім наканавана доўга жыць,

 

Магчыма, ў радасці і поўнай згодзе

За перавалам новага стагоддзя.

 

Пакаянне

 

Табе і мне

 

Дарагая! Ну, вось мы з табой і сівыя,

Дачакаліся ўнукаў, а шчасця чакаем дарма.

За акном то дажджы, то завея завые,

То пастукае ў дзверы сівая зіма.

Мы з табою былі пад захмараным небам,

Нам здавалася — шчасця з гарчынкай стае,

Як настылае пайкі казённага хлеба,

Як усмешкі, як горкай слязінкі твае.

Мы чакалі сустрэч, але толькі разлукі

Чарадою адна за другою ішлі.

Сэрца сэрца шукала, а кволыя рукі

Нечакана настылыя рукі знайшлі.

Маладосць нечакана ўваходзіла ў сталасць,

І з паўслова душа разумела душу.

На апошнім вітку нам чагось не ставала...

Я і суд над сабой і расправу вяршу,

І караю сябе за пралікі і страты

І за тое, што ў многім адзін вінаваты.

Нас калісьці лічылі шчаслівымі ў свеце:

Гасцявалі ў сяброў і збіраліся ў нас.

Мы любілі дзяцей, шанавалі нас дзеці,

А з гадамі і гэты агеньчык пагас.

На апошняй вярсце, на апошнім парозе

Сэрца сэрцу патрэбна, рука —

саслабелай руцэ,

Каб у згодзе прайсці, што яшчэ засталося,

Покуль знікнем бясследна ў бяздоннай рацэ.

Ты прыйшла на зямлю пад Каляднаю зоркай.

Я цябе не збярог. Нас не мілуе лёс.

Як цяпер ні балюча, ні цяжка, ні горка,

Ты ўсё церпіш адна і маўчыш, як Хрыстос.’

Дай Табе, Усявышні, хоць трошачкі шчасця,

Без трывог і пакут, і бяссонных начэй,

Каб яшчэ пратрымацца, каб разам не ўпасці

Покуль дзецям і ўнукам не стане лягчэй.

Божа, дай табе сілы да новага веку,

Як святому няскоранаму Чалавеку.

6/І—94

 

 

Далёкае

О, Божа мой, які я быў шчаслівы,

Калі усё наперадзе было,

Калі за хатай даспявалі слівы

І маладзік пасерабрыў сяло.

 

Хадзіў адзін я палявою сцежкай,

І пырскалі расою каласы,

Былі надзеі, радасці, і ўсмешкі,

І любыя з маленства галасы.

 

Цяпер усё далёкае ў мінулым

Сплыло паводкай веснавой вады,

І толькі часам азавецца гулам

Неспадзяванае бяды.

 

З трывогай кожны ранак сустракаю

І сам не ведаю, чаго чакаю.

8—9/І—94

 

 

Змяя

І ў раі магчыма палюбіць

Адзіную, не знаючы аб здрадзе.

А як Адам дазнаўся, што рабіць,

Каб Ева стала жонкаю і маці?

 

Здаецца, здагадаўся я:

Перамаглі і маладосць і сіла,

І, з яблыні схіліўшыся, Змяя

Адкрыла вочы ім і спакусіла.

 

З тае пары пайшоў і род людскі —

Чарнявы, русы, шматгалосы,

Пячорны, вандраўнік і гарадскі,—

Кітайцы, еўрапейцы, эскімосы.

 

З гадамі разбрыдацца пачалі

То па адным, а то сумесна,

І так кахаліся,

што на Зямлі

Адамавым нашчадкам стала цесна.

 

Адных палохала за стратай страта,

Другія не вылазілі з маны,

І рушылі з прашчамі брат на брата,

Каб дарасці да атамнай вайны.

 

І дараслі, і залілі крывёю

Зямлю,

што не знайсці каго вініць...

Пакуль вайны, пажараў і разбою

Ні Богу, ні Адаму не спыніць.

 

Як ні пакутую, а дзякую, Змяя,

Што гэты дзікі свет спазнаў і я.

18/І—94

 

 

Дзіця стагоддзя

Гудзе за вокнамі завея,

У шыбы звоніць і скрабе.

Мяне ніхто не разумее,

Не разумею сам сябе.

 

Не заціхае завіруха.

Пасля дванаццаці гадзін

У хаце холадна і глуха,

І я пакутую адзін,—

 

Сябе бязлітасна караю

За ўсе пралікі і грахі,

Бо не пабачыў зроду раю,

Не выйшаў з пеклішча сухі.

 

Такі, як быў, і застануся,

Не стану лепшы і другі,

Бо для мяне на Беларусі

Усе самкнуліся кругі.

 

Я чую і ў завейным свісце

Адчай, пагрозу і бяду

І вобмацкам шукаю выйсця,

Але не веру, што знайду.

 

Такі ўжо лёс наканаваны

З пачатку да канца жыцця,

Бо ў сэрцы не загоіць раны

Стагоддзя страшнага дзіця.

17/І—94

 

 

Закаханым

Гляджу на маладых і закаханых,

Нібы здалёку на сябе гляджу,

Вясновай стомаю закалыханы

І шэптамі маруднага дажджу.

 

Здаецца, расхінаю гронкі бэзу,

Што расцвіце сягоння давідна,

І праз густы шыпшыннік пералезу

Да цёмнага высокага акна.

 

У цішыні дрыжаць на шыбах зоры,

І маладзік глядзіць у твой пакой,

Ты расхіні хоць напалову шторы

І хоць усмешкай сэрца супакой.

 

Далёкае прыпомніцца, як сёння,

Хоць зморшчыны не сцерці на ілбе,

І сівізна пасерабрыла скроні,

Каханая, ў мяне, а і ў цябе.

 

Мінула ўсё, і казачная стома

З табою разлучыла назаўжды.

Дзе ты цяпер? Нікому невядома,

І безнадзейна страчаны сляды.

 

Успамінаю даўнія гады я

І шчасце ад вясны і да зімы...

Шкада, калі такія маладыя

Расстануцца дарэмна, як і мы.

16—17/І—94

 

 

Асеннія паркі

Маўчаць фантаны,

Апусцелі паркі,

Не засталося нават ліхтароў,

І толькі водзяць мопсы і аўчаркі

На павадках сваіх гаспадароў.

 

Трава някошаная стыне,

Іскрыцца павуціна на галлі,

На пачарнелым бэзе і язміне

Пасядуць хутка першыя гілі.

 

Яшчэ шуміць апалая лістота

І з кожным ранкам пахне саладзей,

Азімак-дуб не скінуў пазалоту

І журыцца, што — менш і менш людзей,

 

Што многія датлелі, як агаркі...

Пусцеюць душы, і пусцеюць паркі.

12/ VI— 93

 

 

* * *

Як мне ні горка на душы,

Як ні трывожна ў свеце,

А салавей пяе ў глушы

Чаромхавага вецця.

 

Заходзіць сонца за лясы

І ўсходзіць, як заўсёды,

І ўсё цішэюць галасы

Яшчэ жывой прыроды.

 

Яе пакінулі на здзек

І нелюдзі, і людзі.

Няўжо і дваццаць першы век

Такі злачынны будзе?

 

Мне кажуць: «Боль не варушы,

Пакуль душа жывая».

Як добра, што ў лясной глушы

Хоць салавей спявае.

 

Ноч і ціш

Прыпомніў шэпт і пацалункі

Ў блакітнай месячнай цішы,

І каляровыя карункі

І на грудзях, і на душы,

 

Знарок прыплюшчаныя вочы

І ледзь пачутае «Люблю».

Я ўпершыню на крылах ночы

Спусціўся з неба на зямлю.

 

На золку бліскалі зарніцы,

І хмеліў водар светлых кос,

А шчасце першай таямніцы

Я праз усё жыццё пранёс.

$

Праз паўстагоддзе на руінах

Здаецца, ў вочы мне глядзіш,

І ў непаўторных успамінах —

Ты, таямніца, ноч і ціш.

3/IV—92

 

 

Адна надзея

Я заўтра ўстану рана-рана

І працай смагу наталю,

Каб зажыла старая рана,

Масты ў мінулае спалю.

 

Улягу ў марную работу,

Хоць і не ведаю, калі

Па віражах, праз павароты

Я адарвуся ад Зямлі

 

І палячу ў такія высі,

Якіх не бачыў чалавек,

Хоць і загадваюць: «Вярніся»,

Імчуся ў дваццаць першы век,

 

Бо век, што ўжо даўно на сконе,

Прапах крывёй і дзікім злом,

Ад нараджэння і па сёння

Кляймёны д'яблавым таўром.

 

Вядзе пякельнымі кругамі

З пякельных і бяздонных сфер

Аслеплы, з вострымі рагамі

Люцыфер люты і цяпер.

 

А ў рай закрэслена дарога,—

Усталяваны гвалт і здзек,

Адна надзея што на Бога,

Каб блаславіў наступны век.

 

Усё, што рупіла, старанна

Зраблю, каб раны залячыць,

Таму і сёння ўстану рана,

Каб хоць душою адпачыць.

21/ІІ—94

 

 

* * *

Лісты не прыходзяць, няма тэлеграм,

Табе дазваніцца ніяк не магчыма,

І нават з адчаю не вып’еш сто грам,

Каб ты ажыла прад вачыма.

 

Магчыма, цябе і на свеце няма,

А ў памяці быццам — Мадонна святая,

Магчыма, сухімі снягамі зіма

Ці восень лістамі твой след замятае.

 

Пакуль я жывы, ты жывеш як жыла,

Адданая, прагная і трапяткая.

Шкада, што гняздо на дваіх не звіла,

Што сёння мяне ўжо ніхто не спаткае.

 

І я не праводзіў цябе назаўжды

У дождж ці ў крутыя марозы.

 

Імкліва бягуць за гадамі гады,

Як познія горкія слёзы.

19/ІІ—94

 

 

Каляндарны дзень

Колькі дзён яшчэ мне засталося?

Быццам і стары, і не стары.

Ці пабачу новае калоссе

І рабіну ў чырвані зары?

 

Ці пачую жаўранка на полі

І зязюлю шчодрую ў бары?

Паспрабую вынік горкай долі

Ў новым адшукаць календары:

 

Прагартаю да канца старонкі,

Пагляджу на свой сагнуты цень.

Можа, будзе змрочны, можа, звонкі

Мой апошні каляндарны дзень.

Добра, што не ведаю які,

Бо дагэтуль вабяць бальшакі.

20/XІІ—93

 

 

* * *

Гучыць адна і тая ж нота,

Нібы парваная струна,

І адзінота адзінота,

І сум, і востры боль здаўна,

І зайздрасць прашчурам і продкам,

Што і на гэтай жа зямлі

Хто доўгі век, а хто кароткі

Па-людску некалі жылі

У дабраце і поўнай згодзе

Ад першых да апошніх дзён,

Бо і ў людзей, як і ў прыродзе,

Сумленне — быў адзін закон.

1—2/II—94

 

 

* * *

Снег завейвае плечы

І маю галаву.

Да жаданай сустрэчы

Я наўрад дажыву.

 

Праз снягі і завею,

Праз начную жуду,

Я хутчэй пасівею,

Чым да любай дайду.

 

Толькі ўспомню аб свяце

У былыя гады

І адчую, што страціў

Я цябе назаўжды.

 

Незваротнаю стратай

Пакараў мяне Бог.

Мабыць, сам вінаваты,

Што цябе не збярог.

2/ІІ—94

 

 

Вяртанне

З гадамі Дантэ і Гарацый

Мяне хвалююць і часцей

Вяртаюць у маё юнацтва,

Дзе ўсё сумленней і чысцей.

 

Дакоры, здзеклівыя кпіны

Ў душы пакінулі сляды.

І толькі цешаць успаміны

Пра незваротныя гады.

3/І—94

 

 

Снегапад

Ты помніш за парканам ліпу,

Усю з зялёнага святла,

Калі без стуку і без скрыпу

Неспадзявана ты ўвайшла?

 

У вузкім і пустым пакоі,

Як сон, міналі вечары,

І мы не ведалі спакою

З табой з зары і да зары.

 

Гарэлі, быццам вугалёчкі,

Іскрынкі незабыўных воч,

І карацей тваёй сарочкі

Здалася чэрвеньская ноч.

 

Я ўсё часцей жыву мінулым

І азіраюся назад,

Калі ўсю ноч з трывожным гулам

Не заціхае снегапад.

19/XII—93

 

 

Блакітная зіма

Прыйдзі непрыкметна сцяжынкай нямою

У сінім святле да знаёмых дзвярэй,

Цябе я чакаю блакітнай зімою,

Прыйдзі і настылае сэрца сагрэй.

 

Я трачу надзею, а ты нечакана,

Калі ні цяпла, ні спакою няма,

Зайшла, зачыніла фіранкі старанна,

Каб сэрцы дваім не студзіла зіма.

 

У змроку падыдзеш нячутнай ступою

І цёплыя рукі раскінеш шырэй,

Мы ў казачным свеце пабудзем з табою,

Ты толькі настылае сэрца сагрэй.

 

Твае пазнікаюць усе таямніцы,

А ты пазіраеш дабрэй і дабрэй.

Я буду табе на каленях маліцца,

Ты толькі настылае сэрца сагрэй.

11/І—94

 

 

Каштаны

Мой лёс заблытаны і танны:

Пра шчасце бачу толькі сны,

Жадаю, каб цвілі каштаны

І ў мой апошні дзень вясны.

 

Я ўсё прыпомніў да драбніцы —

І дождж, і бэзавую даль,

І сіні росчырк навальніцы

Над грабянцамі чорных хваль,

 

Удалечы сагнуты ветразь,

Дрыготку вуснаў і кален,

Разбуджаных шалёным ветрам

Напевы казачных сірэн.

 

Сваю душу вярэдзіць годзе,

Страсаць слязінкі, быццам ртуць,

З тых дзён мінула паўстагоддзя,

І вось каштаны адцвітуць,

 

Патушаць свечкі залатыя

Ў празрыстым лісці і галлі,

Будзённыя, зусім не тыя,

Што ў навальніцу расцвілі...

 

Усё мінае без звароту,

Знікае назаўсёды след,

Вясёлкі расхінуць вароты

Ў нікому не вядомы свет.

2/І—94

 

 

Падзяка грому і дажджу

Мы заблудзіліся з табою ў лесе:

П’яніў багун і палыновы чад,

Каравы дуб над намі вецце звесіў,

А сцежкі не відно ні ўперад, ні назад.

 

Мы думалі, куды цяпер падацца,

І раптам хмара, чорная, як дым,

Плыла і пачынала загарацца

На страх або на радасць маладым.

 

Ударыў гром, рассечаны маланкай,

Што зыркнула, як срэбная змяя,

І ты адразу стала паланянкай,

І так даўно — тваім палонным я.

 

За кропляй кропля твар і плечы біла,

Наскрозь прамок твой белы сарафан,

І да мяне ты ўсё бліжэй туліла

Свой трапяткі і захмялелы стан.

 

Я дзякую дажджу, маланцы, грому,

Што ні дарог, ні лесу не відно,

Што стала нам утульна, нібы дома,

Што сталі мы з табою як адно.

20/XII—93

 

 

Незваротнае

Пяюць дзяўчаты...

Так пяюць, што плачу

Па зорных і блакітных вечарах,

Па ўсім, што страціў, і па ўсім, што трачу,

Па смольных хатах, студнях і дварах,

Па песнях на зажынках і дажынках,

Па звонкіх падгалосках у палёх,

Па бальшаках і расяных сцяжынках,

Якіх ніяк уратаваць не змог

У некранутай чыстай прыгажосці,

Начальнікамі знішчанай дарма.

Цяпер не ходзім ні з гасцей, ні ў госці,

А там жыла паэзія сама.

Пяюць дзяўчаты...

Так пяюць, што плачу

З бяссілля, што нічога сам не значу,

Што жытні дух, ружовы пыл дарог

Я толькі ў сэрцы і ў душы збярог.

18/XII—92

 

 

Ваганні

Усё павольна адыходзіць —

Палын і канапляны чад.

Жалобны голас шэпча: «Годзе,

Калі ты сам сабе не рад».

 

Сабе не рад. А дым вясновы,

Ракітнік голы на мяжы,

І матчыны жывыя словы,

Як срэбраныя капяжы,

 

Вярэдзяць сэрца і на сконе,

На росах босыя сляды

Успамінаюцца і сёння

І зачароўваюць заўжды.

 

Надыхацца б і наглядзецца

На талы снег, на кураслеп,

Як на льняны абрус кладзецца

Гарачы, на аеры, хлеб.

 

Не трэба большага багацця,

Ані раскошы, ні акрас:

Прайсціся б басанож па хаце

Ў апошні дзень апошні раз.

 

Калі і сам сабе не рад,

Ступіць бы крок ці два назад.

16/XII—93

 

 

Зімовы сум

Снягі, снягі, шалее завіруха,

Па вокны прызбы замяла,

У коміне галосіць вецер глуха —

Не выйсці і не выехаць з сяла.

 

Іскрысты снег на сонцы слепіць вочы,

Рыпіць пад палазамі і ступой,

Блакітам адлівае сярод ночы,

Мільгаюць зоры, ціша і спакой.

 

Пабелены снягамі аканіцы,

І толькі тлеюць рысачкі святла,

Такою мне мая радзіма сніцца,

Дзе ўсе шляхі завея замяла,

 

Такою любаю з далёкіх дзён

Яна прыходзіць у чароўны сон.

Снягі, і завірухі, і зіма,

І толькі там даўно мяне няма.

30/XII—93

 

Пад месяцам

Блакітны месяц у вадзе дрыжыць.

Так ціха, што чуваць, як дыхаюць пялёсткі,

А я не дбаю, дзе мне начаваць,

Ці блізка, ці далёка тыя вёскі,

Дзе я да раніцы знайду спакой

На сене пад замшэлым дахам,

А можа, лепей над ракой

Заначаваць і дыхаць свежым пахам

Начных лілеяў, цёплае травы

Пад недасяжным зорным шляхам,

Падслухаць гоман баравы

І... рогат лесуна у цёмным Дубні,

І... плач савы, і як вядзьмар сівы

У апраметнай жаліцца на бубне.

 

Прачнуцца і адчуць, што я жывы,

Што раніцы такой не будзе болей,

Што я шчаслівы сёння на Зямлі,

Што крыўды, гора, клопаты і болі

З туманамі світальнымі сплылі.

8—9/VIII—92

 

 

Начныя званкі

Тэлефонныя будзяць званкі уначы:

«Сцеражыцеся вы, дэмакраты!»

Чую: зноўку турэмныя звоняць ключы

І звіняць заінелыя краты.

 

Зноў злавесныя прывіды побач снуюць,

Пагражаюць і сыта рагочуць,

У натоўпе ахвяры свае пазнаюць

І бяду і пакуты прарочаць.

 

Ім карціць у катоўнях работу пачаць.

Больш на літасць і не спадзявайся.

Будуць зноў лейтэнанты крычаць і крычаць:

«Варажына, хутчэй прызнавайся!»

 

Можа, гэта трызня і пакутлівы сон,

Што вярнуўся з крывавага году,

І спяшаецца сёння паставіць на кон

Горкі лёс, і жыццё, і свабоду.

 

Да світання звініць і звініць тэлефон:

Замаячылі зноў перасылкі і турмы,

Азываецца ў сэрцы загадкавы звон,

Не ўрачысты —

хаўтурны.

7 /XI—92

 

 

Самотны вечар

Асеннія глухія вечары

Мяне палохаюць і змрокам, і слатою,

Здаецца, шэпчуць: «Лепш не гавары,

Каб не падслухаў д’ябал пад тахтою».

 

Маўчу, а сэрца стукае не ў лад,

І не змаўкае гул на тонкай ноце,

А ўспомніць не магу, калі быў рад,

Бо і ў натоўпе я — на адзіноце.

 

Не заўважаю разнабой гадзін:

Дзень — у Чыце, а ў нас ужо — за поўнач,

У шыбы хвошча дождж, а я адмін,

Таму трывогі і сумненняў поўна.

 

І першае — што за жыццё зрабіў?

Пратупаў столькі тысяч кіламетраў,

Крывінкі капалі, нібы з рабін,

Пабітых сцюжаю і паламаных ветрам.

 

Каго парадаваў? Каго пакрыўдзіў?

Хто на мяне страчыў паклёп?

Магчыма, ценем Гамлетавым прыйдзе,

Той, што калісьці цэліўся мне ў лоб.

 

Трызня...

Прымроіліся цень за ценем

Ускрэслыя і маладыя ўсе.

Іх сёння голас вечарам асеннім

З крывавай даўніны сумленне данясе

Жывым, натхнёным, незабытым словам,

Гарачым, то празрыстым, як лядок.

Хоць я не быў ніколі адмысловым,

Хачу, каб некалі ўваскрос і мой радок.

11/XI1-93

 

 

Страты

Стаю на ростанях дарог

І сам сябе не вінавачу,

Што анічога не збярог,

А толькі траціў, толькі трачу.

 

Я мог бы Млечны Шлях аддаць

За безымянную камету,

Але ён толькі ледзь відаць

У верасні, на сконе лета.

 

Ніводнай страты не знайду,

Удары сыплюцца за ўдарам,

І толькі гора і бяду

Ніхто не возьме нават дарам.

 

І дзень і надвячорак згас,

Іду з прызнаннямі да Валі,

Што пераплачваў кожны раз

І нават рэшты не давалі.

 

Мая і не мая віна

Сабе самому вочы коле...

Прызнанне ёй не навіна,

Бяда — не папракне ніколі.

14/Х—92

 

 

Двайнік

Не ведаю, куды ён раптам знік.

Я зноў адзін, але блукае дзесьці

Самотны і зажураны двайнік.

І пачынае калаціць і трэсці.

 

Становіцца амаль бязважкім цела

У заінелай снежаньскай цішы,

Здаецца, што кудысьці адляцела

Часцінка неспакойнае душы.

 

І... пустата. Угледзеўся ў прадонне,

Павольна вочы засцілае змрок,

Але крывінкі стукаюцца ў скроні,

За зоркай зорка асвятліла змрок.

 

Я тут яшчэ. Не верыце — праверце,

І кожнаю хвілінай даражу,

Бо нечакана не магу памерці,

Пакуль усё, чым жыў, не раскажу,

 

Пра мары і святыя летуценні,

Якім на цёмных сцежках страціў лік.

Пульсуе сэрца, і празрыстым ценем

Вяртаецца самотны мой двайнік.

 

Мы неразлучныя, мы зноўку разам,—

Бывае, боль, то радасць апячэ,

І рана думаць над апошнім сказам,

І ставіць кропку не хачу яшчэ.

21 /ХІ—92

 

* * *

Маё апошняе каханне

Не ява — толькі успамін,

То з’явіцца чароўнай зданню,

То знікне... Я ізноў адзін.

 

Гляджу самотны на змярканні

У заінелае акно,

І тое першае каханне

З апошнім адышло даўно.

 

Імёны ўспомню, і абліччы,

І салаўіную вясну.

Каханых з далечы паклічу,

Жывых і мёртвых памяну.

8/І—93

 

 

Таемны гук

Сягоння мне так горка і так млосна,

Перад вачыма ўвесь сусвет плыве,

І не сціхае доўгі гук галосны

У стомленай ссівелай галаве.

 

Няма ратунку ні ў гасцях, ні дома:

То выкаўзне пяро, то шклянка з рук,

То ходзіць побач нехта невядомы,

І не сціхае той злавесны гук.

 

Ён то звініць, то раптам замірае,

То набірае сілу на ляту.

Здаецца, з апраметнай, а не з раю

Даходзіць шматгалосае «Р-а-а-ту-й!»

 

Жалобны гук за свечкай тушыць свечку

І шаргаціць да рання па сцяне:

Святло і змрок ніяк не скончаць спрэчку,

Таму так млосна і трывожна мне.

24/ХІ—92

 

 

* * *

Калі у буйных зорах бачу неба

І ў шызай хмарцы — тонкі маладзік,

Я думаю — пажыць хоць трохі трэба,

Пакуль у зрэнках гэты свет не знік,

 

Парадавацца веснавой дажджынцы

І дню, што з кожнай раніцай даўжэй,

Драбочку солі і сухой скарынцы,

Што з кожным тыднем даражэй,

 

Сачыць за легкакрылай аблачынкай,

За зоркай, што над полем узышла,

Залюбавацца тоненькай дзяўчынкай,

Што выплыла з дажджынак і святла

 

І раптам знікла у світальным дыме,

І не даклікацца яе, і не спыніць,

Яна надоўга мой спакой адыме

Мелодыяй, што ўсё жыццё звініць

 

І славіць прыгажосць зямлі і неба,

Дзявочую красу і чысціню...

Я думаю, пажыць хоць трохі трэба,

Каб пакланіцца заўтрашняму дню.

3/І—93

 

 

Ростань

Апошні дзень. А заўтра развітанне.

Наўрад ці завітаю зноў сюды.

Прайдуся роснай сцежкаю уранні,

А ў поўдзень знікнуць і мае сляды.

 

Не толькі тут. Растануць непрыкметна,

Нібыта іх ніколі не было

У тым «раі», што стаўся апраметнай,

Што шчасце абяцаў, а сеяў зло.

 

Я ўсё прайшоў, чысцілішча і пекла

Пад пурпуровай зоркаю маёй,

Я радасці шукаў, а сцюжа секла,

І рагатаў крумкач над галавой.

 

Я ўсё на развітанне прыгадаю,

Бо назаўсёды Іслач пакідаю.

25/V—93

 

 

* * *

Я так стаміўся доўга жыць

Без радасцей і захаплення,

У пекле дзень і ноч кружыць,

Цярпець, не трацячы сумлення.

 

Я ў пастку сам сябе загнаў.

Таму пакутую начамі,

Бо сам сябе не пажагнаў

Я перад боскімі вачамі.

 

А нехта пазайздросціў мне,

Наважыўся стаптаць і збэсціць,

Бо ведаў — ледзь душу кране,

І ў пекла здолее завесці.

 

Баліць душа, але маўчыць,

Трываю, каб не збіцца з тропу,

Дзіўлюся, хто мог прывучыць

Людзей да злосці і паклёпу.

 

Ад злосці ў свеце льецца кроў,

Ад злосці заінелі краты,

Злосць гнала родных і сяброў

У Бабій Яр і ў Курапаты.

 

Дайсці б у Віфліем ці ў Мекку,

Дапасці б да свяшчэнных рэк,

Каб непадкупным чалавекам

Стаў незалежны Чалавек.

8/ІІ—93

 

 

Маці Багдана

 

Юлі Андрусішынай

 

Я кленчу перад мудрай маці,

Бо слухаў, быццам на імшы,

На самым урачыстым свяце

Дзівоснай песеннай душы

Нам Богам данага Багдана,

А ён за ўсё нам даражэй,

Бо, можа, хоць за акіянам

Ён наша слова зберажэ.

7/Х—89

 

 

Доўгачаканыя лісты

 

Г. Дакальскай і М. Пашкевічу

 

 

З далёкай Каліфорніі лісты

Ідуць, нібы з другой планеты,

Як граматкі на скрутках берасты

Ці як сняжынкі з лютага да лета,

І растаюць. А там мае сябры

Запальваюць у памяць родных свечкі,

Прыгадваюць палескія бары

І смуткам затуманеныя рэчкі.

Шуміць па лісці першы спорны дождж,

Плыве за аблачынкай аблачынка,

Бягуць з маленства ў сталасць басанож

Хлапчук і прамяністая дзяўчынка.

Іх напаткаў нялітасцівы лёс

І разлучыў з радзімай нечакана,

І засталіся любыя да слёз

Бары і рэчкі аж за акіянам.

У Санта-Моніка вясновыя вятры

Шумяць і ціха стукаюцца ў шыбы,

Там журацца маёй вясны сябры

І ўспамінаюць родныя сялібы.

Прахопяцца апоўначы ў цішы,

І сэрца засмылелае падкажа:

«Мальберт чакае. Ўспомні і пішы

Палескія вясновыя пейзажы».

Ад сэрца к сэрцу цягнуцца масты

Праз акіян да дзедаўскага краю...

 

З далёкай Каліфорніі лісты

Заўсёды як Вялікадня чакаю.

19/Х—92

 

 

Сум па моры

Мне снілася мора, якога не ўбачу:

Адно і другое ужо за мяжой.

Вярзлося, што я ў Кактэбелі рыбачу,

А Рыжскае ўзмор’е укрыта імжой.

 

Чыркаюць крыламі чуйныя чайкі

Зялёнае хвалі сівы грабянец,

Як сцягі расквечвання, сушацца майкі,

Пад ветрам шумяць і палын, і званец.

 

Спявае прасмолены ветрам салёным

У потнай цяльняшцы ссівелы матрос,

На баржы глухім азываецца звонам

Іржавы ланцуг і прамаслены трос.

 

Мне мора, прапахлае ёдам і соллю,

Да раніцы сніцца за шызай імжой.

Яго я, напэўна, не ўбачу ніколі

За дзіўнаю і непатрэбнай мяжой.

4/І—93

 

 

* * *

Яшчэ б адну вясну сустрэць

І дачакацца лістападу,

Пасля як жоўты ліст датлець

На апусцелых сцежках саду,

 

Дзе ўсё дачасна адцвіло,

Сухое дагарэла голле,

Успомніць тое, што было

І ўжо не вернецца ніколі.

 

Яшчэ б прайсціся басанож

Па лотаці і пыльным шляху,

Пачуць, як барабаніць дождж

Да рання па замшэлым даху,

 

Усё пабачыць да драбніц,—

Каля крынічкі вербалозы,

Што над вадой схілілі ніц

Расплеценыя ветрам косы.

 

О, як ні цяжка, Божа мой,

З жыццём і светам расставацца...

Будзь літасцівы

і зімой

Дазволь і мне палюбавацца.

21/ХІ—92

 

 

Сэрца

Дзіўлюся сам, чаму дасюль не стала

І стукае васьмідзесяты год?

Калі б было з найлепшага металу,

Не вытрывала б столькі перашкод.

 

Дзіўлюся — ў безнадзейным стане

Яно трывожыцца пра нечыю бяду.

Яно аднойчы нечакана стане,

І не адчую сам, як упаду.

 

У нашы дні такое можа стацца,

Што не паспею нават развітацца,

Зашэрхне на павеках тонкі лёд

У нейкі дзень, гадзіну, нейкі год.

 

Сам ведаю, пражыта і не мала,

Бо нашы сэрцы трывалей металу,

Іх гартавалі з самых першых дзён,

Таму на свеце да ўсяго жадзён.

4/ІІІ—93

 

 

* * *

Загарэлася першая зорка,

А за ёю другая мігціць,

Мабыць, выбух апошняга корка

Не да столі, да зор даляціць,

 

І астатні глыток аква-віты

На сваім раздарожжы глыну.

Азірнуся. З пакутамі — квіты,

Што заўсёды гарчэй палыну.

 

Я стаміўся ад дум да знямогі,

Накалоўся калючым асцём,

І знікаюць у бездань дарогі,

Што чамусьці завуцца жыццём.

24/ІХ—93

 

 

Дзень

Знікае на змярканні цень,

І сонца ўжо за небасхілам,

Я родным, дарагім і мілым

Скажу і заўтра: «Добры дзень!»

Яшчэ не ведаю, што ён мне прынясе

Хвіліну радасці, ці доўгія пакуты,

Ці кроплю мёду, ці глыток атруты,

Ці перакрэсліць хваляванні ўсе.

 

А можа, нехта шчыра усміхнецца

І незнаёмы скажа: «Добры дзень»,

І слова, быццам сонечны прамень,

Сагрэе і да сэрца дакранецца.

 

Як добра, што стары і маладзён

Не ведае сваіх апошніх дзён.

19/VI—93

 

 

Памяці ненапісаных вершаў

Я вас тады не напісаў,

Калі вы стукаліся ў скроні,

І з сэрца іскры выкрасаў

У вечным д’ябальскім палоне.

 

Укормленыя гайдукі

За праўду горкую каралі,

І з намі шчырыя радкі

На лютай сцюжы дагаралі.

 

А мог жа нечаканы верш

Загоіць боль чужое раны.

А іх было ўсё менш і менш,

І кожны лепшы — пахаваны.

 

Там сосны выраслі даўно

І братнія датлелі косці,

І нават знаку не відно

Тае далёкай маладосці.

 

Заканчваю апошнія віткі,

Каб не ўглядацца больш у высі.

Шкада, што, мабыць, лепшыя радкі

На незваротных сцежках засталіся.

21/V—93

 

 

* * *

Дагарае леташняе лісце,

Коцікі набраклі на вярбе,

Я чакаю ў змроку, як калісьці,

І не дачакаюся цябе.

 

Ведаю — не прыйдзеш, а чакаю,

Можа, лёгкім ценем прамільгнеш,

Светлая, як ветразь, трапяткая,

Дзе ж ты так забавілася, дзе ж?

 

Нават наша хвоя пачарнела,

Дзе ад стомы трапяталі мы.

Колькі ж гэта летаў праляцела

Ад тае вясны і ад зімы?

 

Не расчараванне разлучыла,

Бо не забываў і не забыць,

І бяда дасюль не развучыла

Верыць, спадзявацца і любіць.

 

Ты ў блакітным ранішнім тумане,

У карунках зорнага святла,

Недасяжнай, незваротнай зданню

З маладосці ў старасць праплыла.

 

Я, дзівак, твайго шукаю следу

На пачатку кожнае вясны

І прыходжу, каб ніхто не ведаў,

Да ўчарнелай нашае сасны.

16—17/IV—92

 

 

Нязводны боль

Цікаўны, я цябе прашу,—

Не трэба задаваць пытанні

Пра нашы познія спатканні,

Пра спапялелую душу.

 

Бо ты і плямкі не заўважыш.

Не пасыпай на раны соль,

Бо ёсць такі на свеце боль,

З якім і ў дамавіну ляжаш.

 

І толькі не лічы віной

Маё зацятае маўчанне,

Бо водар позняга спаткання

Адыдзе назаўжды са мной.

 

Калі і сэрца ў змроку анямее,

Салодкі боль ніхто не зразумее.

17/VI—93

 

 

Жаданне

Вытрывай, сэрца, і гэтую муку,

Перацярпі і адолей бяду.

Хутка без скаргаў, без лішняга гуку

Я беззваротна адгэтуль пайду.

Не застанецца ні следу, ні ўзгорка,

Голас ніхто не пачуе нідзе,

І непрыкметна маленькая зорка

Блісне і ў цёмнай начы прападзе.

 

Так і канчаецца наша дарога

Без хвалявання і прывідных сноў.

Вер ці не вер у няўмольнага Бога,

А хочацца ўбачыць світанне ізноў, '

 

Каб першы прамень засвяціўся ўваччу,

Любімых і блізкіх убачыць хачу.

26/ІХ—93

 

 

Дзіўны сон

Які быў сон!

Які быў дзіўны сон —

Душа з душой спявала ва ўнісон.

Глядзелі вочы ў вочы давідна,

І не было ні берагоў, ні дна.

Клубіўся бэз.

Шалелі салаўі,

І мы з табой былі, як у раі:

Пад сінім небам, у густой траве

Сядзела ты з вянком на галаве.

Расінкі зіхацелі, як каралі,

І не чытала болей мне маралі,

І не было

Абрыдлай мітусні,

Ні спрэчак, ні папрокаў, ні хлусні.

Здавалася —

Ўсе сплочаны даўгі

І больш няма бясконцае чаргі.

Такіх я не прыпомню дзён,

Таму і быў такі дзівосны сон.

Ды зазваніў будзільнік:

Сем гадзін:

«Ану, ўставай хутчэй, грамадзянін

Сон адляцеў.

Спяшаюся, бягу

І станаўлюся ў доўгую

Чаргу.

24/ІХ—93

 

 

Загадка

Таямніца таямніцай засталася,

Якой не разгадаць, не абысці,

А колісь недасяжнаю здалася

І самай неабходнаю ў жыцці.

 

Бягуць гады, ідуць дзесяцігоддзі,

Мы страцілі ўсё, што трэба мець,

Жылі нібыта у надзейнай згодзе,

А душы не паспелі зразумець.

 

У колішнім і ў недалёкім часе,

Што хутка непрыкметна праміне,

Загадкай ты была і засталася

І для сябе, і для мяне,

 

Самаахвярнай, шчодраю, адданай

І да канца яшчэ не разгаданай.

18/VI—93

 

 

Таемная вячэра

Ніяк з табою не нагаваруся

У поцемках і пры агні,

У дзверы грукату баюся

І да цябе, і да радні.

 

Яшчэ нясмела свецяць зоры,

А мы ў палоне дзіўных кроз

Глядзім, як тонкія узоры

На шыбах выразаў мароз.

 

Мы падуладныя даверу

І дотыку гарачых рук,

Але таемную вячэру

Перапыніў трывожны стук.

 

За твой і свой спакой малюся,

Бо ў дзверы грукату баюся.

 

 

Срэбны пасаг

Шуміць даспелы вераснёвы сад:

То яблык упадзе, а то галінка хрусне.

Над намі ноч і шчодры зарапад,

І раптам вусны адшукалі вусны.

 

Рассыпаў Месяц срэбраны пасаг,—

Каралі нанізаў на павуцінкі,

І ў тваіх мільгаюць валасах

Халодныя празрыстыя расінкі.

 

Такая цішыня. Нікога больш няма,

І ноч, і Месяц — нашыя да рання,

Нясмела ты прызналася сама,

Што гэта — шчасце, а не пакаранне.

 

Хай сэрцы стукаюць суладна, як адно,

А ўсе трывогі згінуць, быццам здані,

З табою зразумелі мы даўно,

Што свет ратуюць праўда і каханне.

 

Пакуль цвітуць сады і зоры свецяць,

Каханне і жыццё не кончацца на свеце.

3/ІХ—93

 

 

* * *

Так хутка ўсё мяняецца на свеце,

А я жыву. А я яшчэ жыву

і І радуюся веснавому веццю,

Калі мне водар кружыць галаву.

 

Затузаны запланаваным тлумам,

Калі хлусня, нібы палын расла,

Я гаварыў заўсёды ўсё, што думаў,

І толькі не рабіў нікому зла.

 

Мяне нібыта часам шанавалі,

Хоць і трымалі недзе убаку,

І часта непрыкметна дабівалі,

І паціскалі ветліва руку.

20/XIІ—92

 

 

У вяночку Мельпамены

 

Алене Рынковіч

 

Лепш не лічыць жаночыя гады:

Жанчына вечна маладая,

Як дыямент крыштальнае вады,

Душой і сэрцамі ўладае,

 

І свеціць, і чаруе, як вясна,

І грэе поглядам, і ласкаю у сцюжы,

І непаўторная і светлая яна

Пакутам і дабру аддана служыць,

 

Загоіць боль з Купалаўскае сцэны

Алена непраходнае красы

У трапяткім вяночку Мельпамены

Натхненнем і ў трывожныя часы.

 

Ляцяць лісты у апусцелым парку,

А Вам вечназялёная сасна

Шапоча, што падняў Купала б чарку,

Бо ў Вас яшчэ не восень, а вясна.

27/ІХ—93

 

 

Незабыўнаму

 

Памяці Фёдара Янкоўскага

 

Не дазваніцца, не дазвацца

Ні ў гуле вуліц, ні ў цішы.

Відаць, не кончылася праца

Твае нястомнае душы.

 

Яна да слова ніжа слова,

Каб сэрца сэрцу далучыць,

Каб верылі, што наша мова

Жыла, жыве і будзе жыць,

 

Каб кожны сказ па-беларуску

Працяў чыноўніцкую глуш.

Твая душа жыве у Глуску,

На небе і ў мільёнах душ.

 

Я за яе ізноў малюся

І за гарою пакланюся.

7/Х—93

 

 

Журавы

 

И журавли, печально пролетая,

Уж не жалеют больше ни о ком.

С. Ясенін

 

Бывайце. Шчасліва ляцець, журавы,

Хай будзе бясхмарнаю ваша дарога.

Спяшаецца ключ, як на злом галавы,

Нібыта на споведзь да зор і да Бога.

 

Гляджу і зайздрошчу: няма ў вас граніц,

Над вамі то сонца, то морак настылы,

Нясуць вас праз дождж і агні бліскавіц

Нястомныя, дужыя, лёгкія крылы.

 

Калі ж вы ў мае завітаеце сны

Пакутам і даўнім трывогам на змену?

Вас будуць чакаць на пачатку вясны...

Даруйце, калі я, магчыма, не стрэну.

18/IX—93

 

 

Глухі

Я непрыкметна глухну пакрысе —

Не чую ні паклёпу, ні праклёнаў,

А ўсё вастрэй сумую па красе,

Блакітнай, залацістай і зялёнай.

 

Мой слых і навальніцу заглушыў,

Сірэны гул і трубны рык ласіны,

Але дайшоў таемна да душы

Ўтрапёны шэпт асенняе асіны.

 

Не чую ні раз’юшаных, ні злых,

Не чую, калі стогнем і крычым мы,

Калі знікае безнадзейна слых,

Я слухаю і сэрцам, і вачыма.

 

Я глухну ад бязлітасных прамоў,

І абяцанні слухаць не хачу я,

Ні выбухаў, ні стрэлаў, ні грамоў,

А салаўя і звон пчаліны чую.

5/І—93

 

 

Любошчы

Букет чаромхі наламаю

І падару паненцы,

Прызнаюся ёй, што люблю,

І папрашуся ў сенцы.

 

Яна падзякуе знарок,

Але далей парога

Не пусціць нават і на крок

Залётніка старога

 

І скажа: «Голаў не дуры,

Бо ты як тыя мошчы.

Астынь хоць трохі на двары...»

Вось і усе любошчы.

24/V—92

 

 

Неюбілейны

Я не святкую юбілеяў.

Хіба ж заслуга доўга жыць?

Раней я верыў,— пасталею,

Каб праўдзе і дабру служыць.

 

Але дарэмна траціў сілы,

Пакуль ад гора не знямеў.

Служыць гатовы да магілы,

А вось прыслужвацца не ўмеў.

 

Сумленне шэпча: «Не тужы ты,

Калі апошні ўдарыць звон,

Не радуйся, што шмат пражыта,

Пакутуй, што нязначны плён,

 

Што і тваю глухую восень

Дажджы дачасна залілі,

Што ўжо нядоўга засталося

Блукаць па змучанай зямлі.

Пакуль жывы, хоць старцу дагадзі

Ці песню развітальную складзі».

26/VI1—93

 

 

Маўчанне

 

Туга па Янку Скрыгану

 

Зноў цягнецца рука да тэлефона

І набірае лічбу 23...

А потым трубку кідаю ўтрапёна,

Бо толькі трубяць за акном вятры.

 

Я ведаю, ніхто мне не адкажа,

Не дазванюся і не напішу.

Глухая ноч, жалобная, як сажа,

Павольна завалаквае душу.

 

Апошні друг замоўкнуў назаўсёды,

Ад гора я нямею і дрыжу.

Каму цяпер пра ўсе свае нягоды

І дробязныя ўдачы раскажу?

 

Няма каму. Самота і маўчанне

Ў палоне доўгіх таямнічых сноў,

І верыцца, што ноччу або ўранні

У пекле ці ў раі пабачымся ізноў,

 

У цішыні ці ў гуле навальніцы,

Хоць пэўна і не ведаю, калі

Сустрэнемся, каб зноў нагаварыцца

Пра ўсё, што не сказалі на зямлі.

20/ІХ—92

 

 

Посах

 

Памяці Яна Скрыгана

 

Дыміцца пасівелая трава

У затуманеных світальных росах,

І хіліцца сівая галава

На Скрыганом падараваны посах.

 

Я не спяшаюся. Іду на захад сонца.

Заліты чырванню і бронзай небакрай,

Каб на апошняй адшукаць старонцы

Дарогу з пекла у далёкі рай.

 

Я ведаю, што не знайсці адказу,

Не адшукаць збавення анідзе.

Патухне захад. Змеркне. І адразу

За зоркай зорка ў бездань упадзе.

 

Трава зашэрхне у світальных росах,

І нехта знойдзе заінелы посах.

26/VII—93

 

 

Мелодыя

Заўжды гучыць мелодыя ў душы.

Яе я слухаю, яе люблю я.

Агеньчык гэты толькі не тушы,—

Няхай яшчэ і свеціць, і хвалюе.

 

Не заглушы ні крыкамі, ні крокам,

Што і глухіх не зможа памірыць

З шалёным рыкам і жалезным рокам,

Не здатным ні спяваць, ні гаварыць.

 

Мелодыя ў свет адчыніла дзверы

І акрыліла незайздросны лёс,

І ўслед за таямнічаю Венерай

Мая душа імкнецца да нябёс.

 

Раскрыліся і лотаць, і купена

Пад гукі Баха і Шапэна.

18/VI—93

 

 

Музыка

Я музыку люблю. Арган душу вярэдзіць.

Заплюшчу вочы — над зямлёй лячу.

І мой палёт ніхто не папярэдзіць,

Што за яго душою заплачу.

 

Я адрываюся ад мітусні і тлуму

І забываюся уласнае імя,

Пакіну на зямлі і клопаты, і думы,

Нібыта я ўжо і не я.

 

Нібыта стаў сумленнейшы і лепшы,

Нібыта з Богам гутарку вяду.

Замоўк арган. І я, нібы аслепшы,

Вось-вось у змрок ці ў апраметную ўпаду.

 

З любімай музыкай да зор лячу я,

Але цяпер яе так рэдка чую.

26/V—93

 

 

Позняя восень

Лістапад як калісьці:

Дождж шуміць па лісці,

З позняй восені выйсця

Аніяк не знайсці.

 

Змрок і справа, і злева,

Туманы, туманы,

І бясконца залева,

І паводка маны.

 

А каторая ж восень

У мяне за спіной?

І знаёмае: «Вось ён,

Ашуканы маной».

 

Парудзелыя травы,

І лісты, і лісты...

Вінаватыя правы,

А караюць святых.

 

Вецер зноў растрывожыць

І астудзіць ваду,

Гэта восень варожыць,

Ці да дому дайду.

 

Углядаюся ў змроку —

Дзесь агеньчык дрыжыць,

Хоць не верыцца зроку,

А даводзіцца жыць.

 

Можа, толькі здалося:

Позні дождж, ранні лёд,

І далёкая восень,

І семнаццаты год.

8/ІХ—93

 

 

Пад знакам Вегі

Не апрытомнею ніяк

Ад нечаканай навальніцы,

Хоць недзе цепліцца маяк

І звоніць даўняя званіца,

 

Агеньчык свеціць, звон гудзе,

На хвалі налятаюць хвалі,

Здаецца, не мінуць бядзе

І знікнуць у дзевятым вале,

 

І рукі скласці назаўжды

Ад роспачы і ад знямогі,

У кіпені палыннае вады

Забыць пра ўсе нягоды і трывогі.

 

Магчыма, Вадзянік, а можа, Бог

Або Анёлы у вышэйшых сферах

Заўважылі, і нехта дапамог

І выплысці, і выпаўзці на бераг.

 

Яшчэ маяк у мораку гарыць,

Старых званоў не заціхае рэха,

І, як надзея, свеціць угары

Выратавальным знакам Вега.

9/VIIІ—92

 

 

У раі і ў пекле

З дарог нязведаных табой

Вяртаўся я то ўдзень, то ўночы,

То бор шумеў, то біў прыбой,

То нехта зноў мяне сурочыў,'

 

То пахла спелаю тайгой,

Чаромхай, багуном, жывіцай

І неадольнаю тугой,

Як ачмурэлай чамярыцай.

 

Дапытваешся ты: «Адкуль?

Якім сюды прыбіла ветрам?»

Няўжо сазнацца, што ад куль

Засцераглі два сантыметры?

 

Ты не хвалюйся і не плач,

І папракаць мяне даволі,

Што я няўдалы уцякач

З няволі вырваўся ў няволю.

 

Ты не гані. Прытулак дай

І злітуйся хоць да світання,

І на хвіліну прыгадай

Вясну і першае спатканне.

 

Тады я быў амаль святы —

Баяўся нават дакрануцца,

А мне даверылася ты

І не магла да дня прачнуцца.

 

Цяпер за мной пагоні шум,

Хоць я ні ў чым не вінаваты,

Ты прытулі маю душу

І не гані да рання з хаты.

 

Я перабуду давідна,

Ты нават і не азірнешся,

Як знікну. Ты ў душы адна

Ў раі і ў пекле застанешся.

8 /VIII—92

 

 

Летуценні

Паветраныя будаваў масты,

Каб хоць прабіцца за твае вароты.

Гусцеў туман, а за туманам ты

Мільгнула і растала без звароту.

 

Ты — мара і няздзейснены падман,

Няўлоўны прывід, выдуманы мною,

Як даўні, ненапісаны раман

З сюжэтам паміж праўдай і маною.

 

Твой прывід з лёгкім німбам над чалом

І ножкамі ў сцюдзёных росах,

І сцежка між дабром і злом

Былі маім апірышчам, як посах.

 

Няўлоўная трывожыла мой сон,

Прыдуманая, светлая, зямная,

Жывеш ад першых да апошніх дзён,

І мне ўжо ніхто не замінае

 

Шукаць цябе і неразлучным быць

З адвечнай мараю пра шчасце,

Якога не сустрэць і не здабыць

І да якога ў смагу не прыпасці.

 

Ты і была са мной і не была

Каханнем недасяжным і жаданым,

Ты радасць і натхненне мне дала,

Была маёй надзеяй і падманам.

 

Што дагараць збуцвелыя масты,

Я не лічу сваёй віною,

Бо некалі прыдуманая ты

Здаешся і цяпер мне навіною.

Вось-вось апошні дожджык заімжыць,

А мне без летуценняў не пражыць.

2/Х—92

 

 

* * *

Магчыма, што апошні раз

Гляджу на снег сакавіковы,

І спадзяюся, што пра нас

Успомніць нехта выпадкова.

 

Ніхто не знае, колькі Бог

Гадоў і дзён яму адмераў

І дзе апошні той парог,

Дзе ў рай, а можа, ў пекла дзверы.

 

Збярэмся пад агульны дах,

Памарым. Рана ж ставіць кропку,

Бо нам усім і на кладах

Ляжаць прыйдзецца паасобку.

7/ІІІ—91

 

 

На самоце

Мне сівер выстудзіў душу

І засланіў слатою вочы,

А я сабе разварушу

Жывы агеньчык сярод ночы.

 

Наўкола учарнелы лес,

І шум таемны не сціхае,

Нібыта змулены пратэз,

Рыпіць алешына сухая.

 

Ні зоркі, ні жывой душы,

Ні звону пута ці аброці,

І добра ў восеньскай глушы

Вось так сядзець на адзіноце.

 

А недзе — грукат, і агні,

І ашалелыя машыны,

І ў апантанай мітусні

Не чутны плач і спеў птушыны.

 

Куды ірвецца чалавек?

Якія правяць ім законы?

З калыскі кінуты на здзек,

Ён здзекуецца сам да скону.

 

Датлела зорка ў вышыні,

А я туды вяртацца мушу,

Дзе грукат, лямант і агні

І горам выстуджаны душы.

29/Х—90

 

 

На вогнішчы сумлення

Я спальваю сябе штодня

То клопатам, то хваляваннем,

Што нешчаслівая радня

Даўно не ведае адхлання.

 

Таму, нібыта Авакум,

Пакутую за ўсе пакуты,

Душа заходзіцца ад дум,

Нібы ад горкае атруты,

 

Не за сябе, а за другіх,

За родных, блізкіх і далёкіх,

За незваротных дарагіх,

За кінутых і адзінокіх.

 

Душа збалелая баліць,

Параненае сэрца ные,

Што мне грахі не замаліць

Ні ўласныя і ні чужыя.

 

Знясілены ад горкіх дум,

Гатовы ўпасці на калені

І дагарэць, як Авакум,

На ўласным вогнішчы сумлення.

22/ІІ—87

 

 

Мінае лета

Прапах вільготнай кашанінай

І ліпенем самлелы луг,

Ужо трывогай жураўлінай

Замкнуўся дня і ночы круг.

 

Каснік барвовы перакрэсліў

Паружавелы небасхіл,

Далёка за дзявочай песняй

Над шляхам асядае пыл,—

 

Плывуць павольна залацінкі

Пад вечароваю зарой.

Даспела жыта, і Дажынкі

Па звычцы справілі старой.

 

Курацца лёгкія туманы,

За хмарай дагарэў прамень,

І так шкада, што надта рана

Канчаецца ліпнёвы дзень.

 

За зоркай выбліснула зорка,

А змрок усё гусцей, гусцей,

І на душы самотнай горка,

Што дні прыкметна карацей.

 

Зажурыцца і сціхне поле,

Каб толькі акрыяць вясной,

І восень золкая паволі

Лугі укрые сівізной.

 

Кароткае мінае лета,

А песня так і недапета.

30/V—92

 

 

Мята

Назбіраю жменьку мяты

І на сонцы засушу,

Каб у будні і у святы

Трохі адагрэць душу,

 

Каб зарэчнымі лугамі

Даўняй сцежкаю прайсці

І каб з дробнымі даўгамі

Разлічыцца пры жыцці,

 

Каб нікому вінаватым

Як не быў, так і не быць...

Назбіраю жменьку мяты,

Каб усе даўгі забыць.

24/V—92

 

 

Адзінае жаданне

Нідзе, ні ў кога і ніколі

Дарэмнай ласкі не прасіў,

Круціўся, як вавёрка ў коле,

Сам быў — актыў, і сам — пасіў.

 

Саджаў і вішні, і парэчкі,

Ў Сібіры будаваў дамы,

З сабою вёў заўсёды спрэчкі

І выдаў вершаў два тамы.

 

Нідзе ніколі не лайдачыў,

Каб хоць маленькі скарб знайсці,

А шчасця так і не пабачыў

У шэрым і даўгім жыцці.

 

Гадоў і тыдняў не лічу я,

Бо ўжо няма чым даражыць,

І толькі аднаго хачу я —

Зірнуць, як людзі будуць жыць.

9/VIII—92

 

 

У святле маланкі

Сам-насам з лесам гавару,

А ён амаль што мой равеснік.

Я ў дол гляджу, а не ўгару

І на аблокі ў паднябессі.

 

На зоры і на Млечны Шлях,

Ён то гудзе, нібы званіца,

То часам апануе страх,

Як толькі ўдарыць навальніца.

 

Маланка з громам рве лісты,

Кару да дзірвана здзірае,

А лівень спорны і густы

На струнах срэбраных іграе.

 

Залева хвошча і гудзе

Ў святле і ў бляску навальніцы...

Няма ратунку, і нідзе

Ні ўкленчыць і ні памаліцца.

Апошні раз ударыў гром,

І сціхла ўсё пасля «адбою»,

І кроплі звонкім серабром

Зрываліся, і сам з сабою

 

Лес гаманіў і мне ківаў

Зялёным да аскомы веццем.

Я таямніцы адкрываў

Яму, адзінаму на свеце.

 

У недасяжнай вышыні,

У неразгаданым сусвеце

Святыя душы, як агні,

У зорным небе вечна свецяць...

 

Да ніткі вымак і прадрог,

Пакуль грамы спраўлялі месу.

Няхай грахі даруе Бог,

Што я паспавядаўся лесу.

3/VI—2/VІІ—92

 

 

Высакосны год

Мяне з маленства вабіць дальні бераг

У лотаці, у мяце і ў расе.

ён выблісне ў туманах шэрых

І зноў знікае пакрысе.

 

Далёка ён за чорнымі вірамі,

Здаецца блізкім у трывожным сне,

То у вясёлкавай іскрыцца браме,

То нечакана ў змроку прамільгне.

 

Шукаю да яго і не знаходжу брод,

Бо у мяне заўсёды высакосны год.

6/VIІ—92

 

 

Хвіліны

Між пальцамі прасочваецца час:

Плывуць хвіліны, як сухое зерне.

Як ні трымайся, але нас

Назад ніхто ніколі больш не верне.

 

Спяшаемся, ляцім, не ведаем куды,

І кожны ўсё вышэй імкнецца.

А час бяжыць. Ні зерня, ні вады

Між пальцамі ужо не застанецца.

 

Не ведаем, чыя заслуга ці віна,

Што ўсё мінае і сысці павінна

Апошняя хвіліна. Вось яна.

А для кагосьці — першая хвіліна.

18/ХІІ—93

 

 

Таямніца

За зоркаю знікае зорка,

Не заціхае лістапад,

І на світанні вецер горкі

Даносіць палыновы чад.

 

Адкуль прабіліся крыніцы?

Дзе шлях у вырай,— не відаць,

Так нашай даўняй таямніцы

Ніхто не зможа разгадаць.

 

Як згасла нечакана свечка,

Мы не заўважылі калі,

Бо даўнюю пустую спрэчку

Ніяк дакончыць не маглі.

 

Змаўкалі галасы і гукі,

Здавалася, на ўсёй зямлі,

І толькі вусны, толькі рукі

Ўсё зразумець дапамаглі.

 

Калі душа душу сагрэла,

Я зразумеў і ўсё спасціг,

Таму, што свечка дагарэла

І мы з табой былі ўдваіх.

 

Майму абвостранаму зроку

Усё да дробязі відно,

Бо нас у таямнічым змроку

З’яднала хмельнае віно.

 

Не ведаю, каму маліцца

Асенняй ноччу без святла,

Але над намі Мілавіца

Неспадзявана узышла.

 

То Месяца пярсцёнак тонкі,

То знічкі першыя ўзышлі,

А мы з табой свае пярсцёнкі,

Як ні шукалі, не знайшлі.

12/VI—92

 

Мара

 

Калі ж тое будзе?

Спытала бабуля

 

Відаць, не дажыву, не дацягнуся

Я да жаданае пары,

Калі шчасліва ў Беларусі

Зноў зажывуць гаспадары,

І шчыра засмяюцца людзі,

Па свеце гоман пабяжыць,

Што радасці і ў нас прыбудзе,

Што выжылі і будзем жыць,

 

Што дружна зарунее ніва,

Што пацяжэюць каласы,

І будзе мой народ шчаслівы

На ўсе вякі, на ўсе часы.

 

Забытае лета

Усё ў мінулым засталося,

Дарогі снегам замяло.

Бо за вясной настала восень,

А лета так і не было.

 

Ні адпачыць і ні сагрэцца,

Няма чым смагу наталіць,

Ледзь б’ецца змучанае сэрца,

То замірае, то баліць.

 

Гады, як здані, праляцелі,

А мне ніколькі не лягчэй,

Бо ад нядзелі да нядзелі

Жыць і складаней, і гарчэй.

 

Нам суджана ў пару крутую

Цярпець і гаркату, і зло:

То восень, то зіма лютуе,

А лета так і не было.

26/V—92

 

 

Радкі, запісаныя на білеце

Калі душа захаладзее,

Боль затуманіць галаву,

З надзеяю і без надзеі

Увечары іду ў царкву.

 

Спявае хор, мільгаюць свечкі,

Пад купалам кадзільніц дым,

І толькі тут сціхаюць спрэчкі

Паміж старым і маладым.

 

Адчаю глухнуць адгалоскі,

За дымам гора адплыло,

І ясны погляд Маткі Боскай

Струменіць вечнае святло.

 

І забываюцца нягоды.

Хоць з хісткай вераю жыву,

А ў час адчаю, як заўсёды,

Увечары іду ў царкву.

3/IV—92

 

 

Вясна

На ранні бэз ляціць апошні снег,

Запознены і крышку баязлівы,

І растае, і капаюць са стрэх

Тугія кроплі ў латакі і злівы.

 

Прыходзіць асцярожная вясна,—

То пацяплее, то павее сцюжай,

То інею іскрыцца белізна,

То ў поўдзень зіхацяць на сонцы лужы.

 

Курыцца белай парай баразна,

Яшчэ не ў поўнай хлебароднай сіле.

Па шэрані усё ж ідзе вясна,

І новы цёплы дзень — на небасхіле.

 

Шпакі збіраюць кропелькі расы,

Запахлі горкай смолкаю таполі,

І жаўрукі спрабуюць галасы

Над сцішаным і зарунелым полем.

 

Зялёным пылам заімглёны лес

Выпростваецца, цягнецца у лета,

І закіпае акрыялы бэз

То белым, то ружовым цветам.

10—13/IV—92

 

 

Мае радкі

Мае гады прайшлі імкліва,

Без компаса, без маяка.

Калі б я быў заўжды шчаслівы,

Не напісаў бы ні радка.

 

У першы дзень, такі далёкі,

І у наступныя гады

На целе і душы апёкі

Пакінулі свае сляды.

 

Даверлівы, спагадлівы, наіўны,

У першы і ў апошні час,

Я не знайшоў ніводнай грыўні,

А нешта траціў кожны раз.

 

І ўсё ж не падаў на калені

Ў пачатку і ў канцы дарог,

Як ні цярпеў, адно сумленне

Пранёс і назаўжды збярог.

 

Я зведаў штормы і адлівы

І холад дула і курка...

Калі б заўсёды быў шчаслівы,

Не напісаў бы ні радка.

6/XII—93

 

 

Купалаў запавет

 

Чаго вас хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб тэй мове,

Якой азваўся беларус?

Янка Купала

 

Схіляюся да долу нізка-нізка,

Душою прыпадаю да зямлі,

Дзе некалі Купалаву калыску

Гайдалі і буслы, і жураўлі.

 

І салаўі спявалі напрадвесні,

Ігралі на цымбалах капяжы

І жніўная зажураная песня

Кранала струны кожнае душы.

 

Спавітаму у кужаль немаўляці

Знаёмы і ад зморы ледзь жывы

Ласкавы голас маладое маці

Расказваў казку пра курган сівы...

 

Змянялі лета восені і зімы,

Завеі замяталі след у след,

Шляхамі заняволенай радзімы

Пайшоў Прарок з жалейкаю у свет.

 

Спазнаў ён і знявагу, і нягоду,

У горы матчыныя песні прыгадаў

І ў спадчыну пакутніку-народу

Усё, што ў сэрцы спела, перадаў.

 

Святло Купалавай навукі

Праз церні забаронаў і пагроз

Нясуць у свет няскораныя ўнукі,

Каб Беларусь спазнала лепшы лёс.

3/VII—94

 

 

Маё багацце

Я траціў усё без звароту

Не раз, і не два, і не тры,

У гулкія стукаў вароты,

Абходзіў чужыя двары.

 

Казалі — работнік не трэба,

Начлежнікам — месца няма,

Галодным скарыначкі хлеба

Нідзе не давалі дарма.

 

О, Божачка, колькі я траціў!

Знайсці ж анічога не змог

І рана у матчынай хаце

Пакінуў стаптаны парог.

 

Гайдаўся, як тычка на полі,

Нібы чарацінка ў трысці.

Ні скарбу, ні лепшае долі

Ні разу не здолеў знайсці.

 

З дзівацкага я пакалення,

За самых прасцейшых прасцей,

Таму, што не страціў сумлення,

А значыць — за ўсіх багацей.

 

А страчу сумленне, ад страху

Пустая душа задрыжыць,

Сябе ахвярую на плаху

І больш не адважуся жыць.

9/ІІІ—94

 

 

* * *

Куды мне дзецца ад тугі

І ў каго знайсці спагаду.

Як вузел развязаць тугі,

Што зблытаў і любоў, і здраду?

 

Я ўсё жыццё ў сябе ў даўгах,

Чужой аблытаны маною.

Любоў, і здрада, і туга

Адыдуць назаўжды са мною.

4/XІ—93

 

Незабыты снежань

Хоць і снежань, а снегу і знаку няма.

Зноў слата, туманы і макрэча.

Ты тады прызначала сустрэчы сама,

Я ж не мог дачакацца сустрэчы.

 

Што з гадзіннікам? Стрэлка спыніла хаду.

Апрануся, то зноў распрануся.

Як цябе у стракатым натоўпе знайду

Ці на людным рагу размінуся.

 

Я ж сустрэўся калісьці з табой на катку:

На крутым віражы падтрымаў, каб не ўпала.

Даганяў цябе потым на кожным вітку,

Але бачыць было вельмі мала.

Ты магла спатыкнуцца. Я рукі развёў.

Лёд звінеў, мітусіліся іскры ў паветры,

Мне хапіла усмешкі і некалькіх слоў,

Каб атрэсці твае заінелыя гетры.

 

Мы ішлі. За плячыма звінелі канькі,

Ты смяялася, мабыць, з мае асцярогі,

Што баяўся крануцца гарачай рукі

І зірнуць на высокія ногі.

 

Ты, напэўна, за дурня лічыла мяне,

А здавалася німфаю, зоркай, багіняй.

Я баяўся, як толькі зіма праміне,

Лёд растане, сяброўства загіне.

 

...Праляцела паўвека. Расталі снягі,

Вечар буйнымі кроплямі плача.

Я адзін, і збавення няма ад тугі,

Бо на памяці — толькі няўдачы.

 

Маладыя услед і насустрач ідуць:

Нехта з дому, а нехта — дадому.

Хто каго, і куды, і навошта вядуць,—

Я дзіўлюся, што ўсё ім вядома.

 

Я ж даўно пасівелы бядую

І сваёй маладосці шкадую.

7/XII—93

 

 

Спрэчка

Запалю ад свечкі свечку,

І пакуль не дагарыць,

Даўнюю прадоўжу спрэчку,

Каб паспець дагаварыць

 

Усё, што колісь набалела,

І пакаяцца ў грахах,

Бо ізноў душу і цела

Працінае даўні страх.

 

Ён адхлынуў ненадоўга

З учарнелае душы,

Што калісьці веру ў Бога

Размяняла на грашы

 

І дрыжала дні і ночы,

Замірала на хаду,

Бо і ясны дзень прарочыў

То трывогу, то бяду.

 

Па наіўнасці паверыў

Снам і казкам пра дабро,

Але грымнулі у дзверы,

І зламалася пяро...

 

Ціха дагарае свечка,

Быццам развітальны знак,

А з самім сабою спрэчка

Не канчаецца ніяк.

5/V—92

 

 

Муза

Яна прыходзіла таемна, то дзяўчынкай,

То нёманскай русалкаю ў пакой,

Звінела жаўруком, то чарацінкай,

Да скроняў дакраналася рукой,

 

Нябачанаю, тонкай і гарачай,

Кранала струны чулае душы,

Прарочыла натхненне і удачы,

Пяшчотна паўтараючы: «Пішы».

 

Прыходзіла ў халодны мур, за краты,

І там свайго абранніка знайшла,

У змрок прынесла нечакана свята

З іскрынкамі чароўнага святла

 

І пахам рошчыны у роднай хаце

Пад крыкі развітальных журавоў,

З журботнай песняй і слязінкай маці

У змроку вераснёвых вечароў.

 

Нябачаная муза сон сагнала

І прашаптала у начной цішы:

«Жыццё ўсяго адно, і часу мала,

Таму спяшайся і пішы, пішы».

 

На 'досвітку сініцай пазваніла

У вузкае астрожнае акно.

«Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Было ужо напісана даўно.

 

Радок нізаўся да радка трывала,

Прыходзіла ўсё роднае здаля,

Рука пяро упэўнена трымала

І напісала: «НОВАЯ ЗЯМЛЯ».

30/VIII—92

 

 

Інфаркт душы

Інфаркты сэрца мне даўно знаёмы:

Уколы, кропельніцы і трызня,

Вішу на павуцінцы цяжкай стомы,—

Ні вуснаў, ні павекаў не разняць,

 

Не бачу — ў снезе ці ў лістоце вецце,

Ці на Зямлі я, ці ў дарозе на той свет,

Уверсе Сірыус, ці ўнізе Месяц свеціць,

Ці кардыёграф мой закрэсліў след.

 

Лячу і падаю то ў прорву, то, прыкуты,

Спрабую ўратавацца кожны раз,

Вярну сябе туды, дзе горш атруты

Калючы позірк і забойчы сказ.

 

Шкада расстацца з светам і сябрамі,

Яшчэ парадавацца б, нават саграшыць,

Сустрэцца б з маладымі дактарамі,

Што не заўважылі інфаркт маёй душы.

 

Пра боль яе і пра рубцы маўчым мы,

Бо іх нічым загоіць немагчыма.

25/XІІ—93

 

 

Адзінота

Мінорная не моўкне нота,

Нібы даўно не чуты звон.

І адзінота, адзінота

Апошніх непазбежных дзён.

 

Ні дождж, ні вецер, ні спякота

Не прынясуць ружовы сон,

І адзінота, адзінота

Апошніх непазбежных дзён.

 

Хвалюе ўвосень пазалота:

У барвах — і дубы, і клён,

І адзінота, адзінота

Апошніх непазбежных дзён.

 

Зноў рупіць марная работа,

Хоць плён яе ледзь-ледзь відзён,

І не суцешыць адзінота

Апошніх непазбежных дзён.

19/ІХ—94

 

 

На раздарожжы

З кожным днём адыходзім далей і далей

І не знаем, дзе суджана ўпасці,

Ты ў мой келіх хоць трошкі налі

Недапітага некалі шчасця.

 

Усміхніся, руку пакладзі на руку

І пачуеш удары збалелага сэрца,

Што дагэтуль не ведае, як на вяку

Дамаўчаць і дажыць давядзецца.

 

Ты — надзея мая і бязлітасны лёс,

Забыццё і суровая памяць,

Што з дакорам глядзіць, як распяты Хрыстос,

На жыцця ашалелую замяць.

 

Ты мяне суцяшаеш спакоем сваім,

Хоць пра шчасце даўно не варожым.

Дык давай на змярканні з табой пастаім

І разыдземся на раздарожжы.

15/VIII—92

 

 

Одум

Адмучуся, і ўсё, чым жыў, забуду,

Калі душа пакіне гэты свет,

Тады нарэшце толькі вольны буду

І ў рай ці ў пекла выпраўлю білет.

 

Мы часта міфы райскія ствараем,

Эдэмам лічым свой няшчасны край.

Калі ж нарэшце пекла стане раем

І ў Лету кане выдуманы рай?

12/IV—92

 

 

Канцавая станцыя

Я не спяшаюся. Стары трамвай паволі

Мяне гайдае некалькі гадзін.

Я не спяшаюся: па ўласнай еду волі.

Вагон пусцее. Я амаль адзін.

 

Гляджу наўкол і ўсё прыпамінаю

З маленства і да гэтае пары,

Праспект, бульвары, вуліцы мінаю.

Сатлела лета,— восень на двары

 

Пазалаціла ліп і клёнаў шаты.

Трамвай ідзе павольна, як заўжды.

Затармазіў і абвясціў важаты:

«Вось канцавая станцыя «Клады».

 

Прыехалі, спыняемся на полі,

Сыходзяць спадарожнікі усе.

А заўтра зноў сюды трамвай паволі

Наступных пасажыраў прывязе.

8/IV—92

 

 

Прычына

Дагарае апошняя восень,

Лісце падае, дожджык імжыць.

Колькі ж тыдняў ці дзён засталося,

Год ці, можа, паўгода пражыць.

 

З чорнай бездані падаюць зоры

І дрыжаць, патухаюць, гараць.

Не ад старасці і не ад зморы

Час прыходзіць, і нам паміраць

 

І бясследна знікаць назаўсёды

У маўклівай глушы забыцця

Не ад кулі, пятлі ці нягоды,—

Ад жыцця... ад такога жыцця.

9/ХІ—92

 

 

Маленне

 

Называя себя мудрыми, обуземели.

Пасланне да рымлян апостала Паўла.

 

Хаджу ў царкву, касцёл і ў сінагогу,

Пакуль была, не абмінаў мячэць,

Каб аднаму паспавядацца Богу,

Пакаяцца і сэрцам памякчэць.

 

І папрасіць, каб Ён адвёў пакуты,

Паслаў нашчадкам шчаслівейшы век,

А не такі, як наш,— глухі і люты,

Дзе столькі злосці, гора і калек,

 

Аж рукі ў «змагароў» пачырванелі,

Апанаваў усю планету жах,

А «каралёў» крывавае купелі

Не страшаць нават «мальчики в глазах».

 

Каму, каму я толькі не маліўся,

За кім не паўтараў: «Свят! Свят!»

Ды ў кожным фарысеі памыліўся,

Калі ішоў на змену кату кат.

 

Бязлітасныя сытыя Малюты

Ніколі ў пекла шлях не абмінуць:

За кроў, пажары і пакуты

Нашчадкі іх навекі праклянуць.

 

Здзічэлы кілер парудзелай масці,

Хлуснёю болей Бога не гняві,

Што дбаеш толькі пра людское шчасце,

Спярша адмый сумленне ад крыві!..

 

Што ж? І мая канчаецца дарога,

Не ведаю, які пакіну след,

І толькі аднаго малю я ў Бога,

Каб розум і дабро вярнуў у свет.

29/VII—95

 

 

На Дзяды ў бальніцы

З тае пары крывінкі на панелі,—

Жывыя сведкі здзеку і бяды,

Гараць і пад асфальтам, як гарэлі,

І свечкамі ўзыходзяць на Дзяды.

 

Ні дождж, ні снегапад не зацярушыць

Сляды, і слёзы, і крывавы жах,

I люты кат не закасуе душы,

Што ў Курапаты пачыналі шлях.

 

Яны у кронах пачарнелых соснаў

Жылі, жывуць і будуць вечна жыць,

Каб узірацца у зеніт дзівосны,

Дзе зорка кожнага дрыжала і дрыжыць.

І/ХІ—93

Палата 602

 

 

Слова

Даў нам Бог неўміручую мову,

Што жалейкай, то лерай пяе.

Колісь прыхадні роднае слова

Зневажалі, а сёння свае

 

То паклёпам, то хітраю змовай

Апантана няславяць яго...

Хто цураецца роднае мовы,

Той не любіць народа свайго.

 

Мы сцярпелі і сцерпім нягоды,

Хоць і сэрца ад крыўды дрыжыць.

Нас не будзе, а мова заўсёды

Будзе жыць, будзе жыць, будзе жыць!

10/ІІ—95

 

 

Дарадцы

Мне раілі: «Лепш райскі сон сасні

Ці Новы запавет чытай старанна»,

А я пакутаваў ад вечнае хлусні,

Што нас калечыла беспакарана.

 

Хацелася крычаць і галасіць,

Калі за мною кожны дзень сачылі,

Хлусілі самі і усіх хлусіць

З маленства і да старасці вучылі.

Хлуснёю цешацца і сёння дзівакі,

І «карыфею» моляцца ў зацішку,

І патрабуюць «цвёрдае рукі»,

Што не паспела ім зацвердзіць «вышку».

 

Цяпер нібыта праўду гавару

І дакрычацца да вышынь хачу я,

Але, відаць, як свечка дагару,

А голас мой ніхто і не пачуе.

 

 

Права

 

Е в поета наивище право умертн.

Т. Каламіец

 

Ніхто не можа памагчы,

Калі наўкол адны няўдачы,

Я на світанні і ўначы,

Каб не пачулі, ціха плачу,

 

Заходжуся, нібы дзіця,

Ад гора, ашуканства, здрады,

Ад невыноснага жыцця,

Калі яму ужо не рады.

 

Даўно няма маіх сяброў,

Стаю апошні на мяжы я,

Сярод чужых глухіх муроў,

Усім чужы, і ўсе чужыя.

 

Як горка дажываць свой век,

Караць за ўласныя пралікі,

Што кінуў сам сябе на здзек,

І на малы, і на вялікі.

 

А ўгледжу сонечны прамень,

Маладзічок ці ў небе зорку,

Захочацца пражыць хоць дзень,

Як ні маркотна, як ні горка.

16/ІІ—93

 

 

Апошняя іскрынка

Як мне шкада, што нарадзіўся рана

Ў асенняй затуманенай глушы,

Што ў непагоду засмылела рана

І запяклася назаўжды ў душы.

 

Яна баліць за кожную драбніцу,

Хоць добра ведаю, што я тут госць,

Што маю права ціха памаліцца

Здалёк на вас і вашу прыгажосць,

 

Што да рукі баюся дакрануцца,

Каб не пакрыўдзіць і не рассмяшыць,

Здалёк услед няёмка азірнуцца,

Бо час апошнюю іскрынку патушыць.

 

Я ведаю, што хутка ўсё міне

І прыйдзе шчаслівейшы за мяне.

26/V—93

 

 

Святое імя

За старонкай гартаю старонку

У пытальніках, клічніках, кропельках слёз,

І аднекуль даносіцца звонку,

Што і мой завяршаецца лёс.

 

Ледзьве бачу апошні радок існавання,—

Бо ні коскі, ні кропкі ужо не відно,

І апоўначы каменем кане

Ўсё, чым жыў, апраметнай на дно.

 

Ну, і добра, што з блізкіх ніхто не заплача,

За сапраўдную шчырасць удзячны ім я,

І тваё нечакана дыханнем гарачым

Ледзьве чутна прамоўлю святое імя...

 

Прабачай і даруй, дарагая мая.

5—6/ІХ—93

 

 

Дагарае свечка

Ты пабудзь са мною, дарагая,

Хай душа адкрыецца душы,

Не зважай, што свечка дагарае,

І яе дачасна не тушы.

 

Памаўчым, паверым у надзею,

Як у шчасце верылі спярша.

Не зважай, што сэрца халадзее,

Не астыла б чулая душа.

 

Безнадзейная змаўкае спрэчка,

Больш няма пра што нам гаварыць.

Ты пабудзь, пакуль не згасла свечка

І пакуль душа не дагарыць.

19/І—94

 

 

Тастамент

А хто з нас не баіцца смерці?

Што давядзецца знікнуць і не быць,

Калі анёлы або чэрці

Падхопяць, каб усё і ўсіх забыць —

 

Каханых, родных і ласкавых,

Даўно сустрэтых у жыцці,

І басанож па росных травах

Ніколі болей не прайсці.

 

Мой век канчаецца паволі

І сцежка, па якой хадзіў,

І сохне тая дзічка ў полі,

Што я ў маленстве пасадзіў.

 

Я адыду. Усё мінецца,

Забудзецца праз сорак дзён,

Нічога больш не застанецца,

Не будзе нават след відзён.

 

Я быў усё жыццё прыкуты

Да недаверу і нястач,

Яно абходзілася крута

Ад недастач і да няўдач,

 

Згінала, але на калені

Душа не падала мая,

І ад усіх пакут збавення

Не папрасіў ні ў кога я.

8/ІІ—93

 

 

Казка жыцця

Наперадзе ўсё меней, меней

Гадоў, і месяцаў, і дзён.

Куды ні гляну, скрозь — каменне,

А шлях да выйсця не відзён.

 

Спыняюся на кожным кроку,

Дням і гадам падлік вяду

І, як сляпы, у вечным змроку

Кудысьці вобмацкам іду.

 

Цярплю, хоць і слабее цела,

Бо падаў і гарэў жыўцом...

Жыццё імгненна праляцела,

Як казка з жудасным канцом.

28/V—92

 

 

* * *

Яшчэ б адну вясну адвеснаваць,

Каб радавацца, а не існаваць,

*

Каб не забыць даўнейшыя шляхі,

Пакаяцца за ўласныя грахі,

 

Не бедаваць, падлічваючы страты,

А не забыць, каму ты вінаваты,

 

Каму цяпер і ў колішнія дні

Тваёй недаставала цеплыні,

 

Каго дарэмным зневажаў папрокам

І паглядзеў не надта добрым вокам.

 

Прыгадваць лепш юнацкія гады,

Каханых і пад месяцам сады,

 

Каб кожную травінку пазнаваць...

Хоць бы яшчэ вясну адвеснаваць.

8/ІІІ—95

 

 

Скарб

Пражыў жыццё, а не нажыў нічога:

Не маю на памінкі ні граша.

Была ў мяне бясконцая дарога,

Цяпер — адна збалелая душа.

 

Вось і усе. А рэчы? Застануцца

Таму, хто здзівіцца і скажа: «Жах!»

Яны б хацелі да мяне вярнуцца,

А не пыліцца больш на стэлажах,

 

Ці разысціся па чужых дарогах

На ростані, на прадзедаў курган

З сумненнямі ці вераю у Бога

І з крыўдаю на векавы падман.

 

Тамы Купалы, Пушкіна і Блока

Не раз мяне вярталі да жыцця.

Цяпер ім на самоце адзінока

За пыльнай павуцінай забыцця.

 

Не ведаю яшчэ, чые унукі

Тамы, што цешылі і грэлі у жыцці,

На звалку кінуць ці ласкава рукі

Іх раздадуць, каб ім далей ісці.

 

Пра скарб адзіны думаю да болю,

Як пра фінал апошняе бяды,

Што не дазнаецца ніхто ніколі,

Як расставаўся з імі назаўжды.

17/XIІ—93

 

 

Рэпартаж з уласнай паніхіды

(Жалобны жарт)

Я быў на ўласнай паніхідзе.

І клопатаў літфонду нарабіў!

Ні грошай не сабраў,

Бадай, ніхто не прыйдзе,

Машыну не згадзіў, труну сабе не збіў.

Прыклыпаюць старыя, не загляне фронда:

Ўсе ж геніяльныя яны,—

Сябры суполак, ваяўнічых фронтаў,

Сабе не скінуць ні на грош цаны.

 

Пасядуць тры бабулькі — тры ўдавы,

Прыпомняць выступленні з хваляваннем,

Што кожную пачціва зваў на «вы»

І быў амаль на кожным пахаванні.

А што пісаў? На жаль, і не чыталі.

Пісаў, выходзіць, бо на нешта жыў.

Казалі, меў адну ці дзве медалі,

А трэцюю ніяк не заслужыў.

Таму на пахаванні нездарма

Ніводнае падушачкі няма.

Адна сказала, што было б не лішкі,

Каб неслі не падушачкі, а кніжкі.

— Чыноўнік выйшаў, выцягнуў паперку,

Прамямліў, дзе радзіўся, дзе служыў.

На кожнага нябожчыка ёсць мерка,

Што ідэолух некалі злажыў.

Хоць ён ужо даўно змяніў пасаду,

Але ў праграме не змяніўся тэкст.

Усё ідзе па даўняму загаду —

Якія могілкі, прамовы і аркестр.

Хоць нежывы, але адкрытым вухам

Лаўлю даўно знаёмае здаля:

«Няхай вам вечна будзе лёгкім пухам,

Шаноўны сябра, родная зямля».

 

Ну, вось і ўсё. Апошні друг, сядай

І, хто наступны пойдзе, адгадай.

11—12/ХІІ—93

 

 

Вечная песня

Я песню палюбіў да нараджэння

І з песняю жыву да гэтых пор,

Бо слухаў з мамаю у захапленні,

Як толькі заспяваў царкоўны хор.

 

Змяняла калыханка калыханку,

Здавалася, Сусвет за мной плыве,

Да слёз кранала з вечара да ранку

Зажураная песня на жніве.

 

Хоць змоўкла, але веру, што ўваскрэсне,

Каб і натхніць, і зноў заваражыць.

Хапала слёз, але звінела песня,

А без яе і ў горы не пражыць.

 

Не ведаю, зімой ці напрадвесні

Пакіну назаўсёды свой пакой

І не пачую ўжо апошняй песні:

«Вечная па-мяць і веч-ны спа-кой».

18/V—92

 

Сон

Мне збыту не дае жахлівы сон:

Зноў у вязніцу гоняць супастаты,

Зноў допыты і рэйкі звон,

Кандзеі, камеры і краты.

 

Калі ж ты кончышся, пракляты сон?

За што начамі прывіды караюць?

А вырвацца удасца з вечных зон,

Калі жалобны марш зайграюць.

31/ІІІ—91

 

 

Аўтаэпітафія

Вось і мяне няма на свеце:

Адмучыўся, адгараваў.

Забудуць сваякі і дзеці,

Суседзі скажуць: «Бог прыбраў».

 

Усе закончацца інтрыгі,

Імя забудуць чытачы,

Мае на звалку кінуць кнігі,

Ўздыхнуць з палёгкай стукачы,

 

Замоўкнуць гукі, згаснуць промні,

Не ўбачу месяца і зор,

Магчыма, праз гады успомніць

Двума радкамі хранікёр,

 

Што я нічога не дабіўся,

Што не пакінуў значны след,

Што Госпаду не памаліўся,

Сыходзячы у лепшы свет.

 

Так завяршу свае кругі я,

Час непрыкметна пабяжыць.

На змену прыйдуць нам другія

Любіць, пакутаваць і жыць.

20/ІІ—93

 

 

Крыж

Назаўжды пакідаю зямную красу,

Што любіў і люблю і хацелася ўславіць.

Да магілы, магчыма, свой крыж данясу,

А яго аніхто не здалее паставіць.

 

Можа, летам, увосень ці ў сцюжу засну,

І ніхто не заўважыць нязначнае страты.

Я ж сабе ні адну не дарую віну,

Хоць нікому ніколі не быў вінаваты.

14/ХІІ—92

 

 

Фінал

Заўсёды спяшаўся, каб толькі паспець,

Не дбаў і не думаў, што заўтра чакае,

Прытулак сабе не сабраўся займець,

А ўжо безнадзейная старасць гукае.

 

О, як неўпрыкмет праляцелі гады.

Здабыткі? Здабыткі амаль нулявыя.

Ні шчасця няма, ні ранейшай хады,

І сэрца, і думы, і скроні сівыя.

 

Наперадзе толькі слата і туман.

Апошняй дарогай ужо без звароту

Паспешна даставіць маўклівы фурман

І клікне: «Хутчэй адчыняйце вароты!»

 

Спяшаецца: многа заўсёды работы.

28/Х—91

 

 

Збавенне

І помніка не будзе, і магіла

Праз два гады зраўняецца з зямлёй,

Бо за жыццё душа наскрозь настыла,

А сэрца мулкаю аблытана пятлёй,

Таемнаю, нябачнаю, атрутнай,

Што сцежку скарачае з году ў год

І прыдушыла доляю пакутнай

Мяне і мой няшчасны род.

Страшней за смерць такая доля:

Аснова — з гора, уток — з бяды...

Развеяцца б хутчэй у чыстым полі

І ў змроку знікнуць назаўжды.

25/ХІІ—93

 

 

Памяць

О, памяць, што з табой рабіць?

Ты днём і ноччу не даеш спакою:

То Ціхі акіян пад Месяцам рабіць,

То нам ніяк не уцячы з пакою,

Каб не пачулі, і сысці ў палі

І да світання праблукаць паволі,

Ты толькі жарцікамі сэрца не палі,

Зажуранаму па табе і волі,

Па спелых вуснах, па тваіх вачах,

Пакуль дзівосны вобраз не растане,

Пакуль агонь у сэрцы не ачах

І не настала горкае расстанне,

Якое не забудзецца павек

У адзіноце, у журбе, у скрусе,

Калі, прыпаўшы да тваіх павек,

Я прашаптаў, што назаўжды скаруся.

 

О, памяць, што з табой рабіць?

Усё жыццё, як акіян рабіць,

Пераліваецца, іскрыцца прад вачамі

На досвітку і доўгімі начамі.

3/IV—94

 

 

ІІ

 

БАЛЮЧЫЯ ЭЛЕГІІ

Не столькі «хамскія» натуры

На карках вынеслі сваіхсваіх!

І свіст даносчыкаў пануры,

Паверце, не запудзіць іх!

 

К свабодзе, роўнасці і знанню

Мы працярэбім сабе след!

І будзе ўнукаў панаванне,

Там, дзе сягоння плача дзед!

Янка Купала—

«Ворагам Беларушчыны».

 

 

Прадмова

Боль за сябе і за народ

Скалечыў і маю душу,

Таму ужо каторы год

Крывёю ўласнаю пішу,

 

Пакутую, але не лгу,

Бо я іначай не магу:

 

Адзін гаруе дзень пры дні

І моліць літасці у неба,

Няма ў кішэні — ані-ні,

Сям’я жадна скарынцы хлеба.

 

Другі — разбойнік барыша,

Мастак на хітрыя рашэнні.

Пустая у яго душа,

Затое поўныя кішэні.

 

 

Надзейны спрат

Я ноччу пішу,

А на золку закрэслю,

Каб часам ізноў

Вертухаі не трэслі

Кішэні, каўнер

І рубцы на кашулі,

Каб спрат не шукалі

Ў падстрэшшы і ў шуле,

Туды б не заглядваў

Наглядчык стары,

Куды зазіраюць

Адны дактары.

Я ціха сказаў абшуканцу

«Хоць трэсні,

Не знойдзеш крамольнай

Ні казкі, ні песні.

Яны ні пад бэлькаю,

Ні на паперцы.

У думках — яны

І глыбока у сэрцы».

Ніхто іх не знойдзе,

Бо прагна хачу я

І веру, што праўду

Хоць нехта пачуе.

31/ІІІ—92—2/ІV—94

 

 

Новыя каралі

У кожнага свая парафія.

Выгода там, дзе ўсё з рукі,

Вышэйшага парадку мафія

Далярамі пакуе сундукі.

 

Змянілі шыльды ўсе функцыянеры:

Прапагандыст зрабіўся каралём,

Хоць і вядома, што міліянеры

І грош не зарабілі мазалём.

 

Махлярствамі і страчаным сумленнем,

Як ліпку, абдзіралі свой народ,

І вучаць маладое пакаленне

Ступаць па трупах толькі «упярод»!

 

З дзяржаўных кабінетаў да бытовак

Даюць, бяруць і зноў даюць дары,

Ад экспарту да дробных нарыхтовак

Адзіны клан стварылі махляры.

Рабаўнікі займаюць авансцэны

І нажываюць на крыві працэнт,

У тысячу разоў раздуюць цэны,

Каб скараціць галодны кантынгент.

 

Свабоду думак і свабоду слова

Аратарская абяцала раць,

І вось нарэшце большая палова

Свабоду атрымала паміраць.

 

Стварылі, потым знішчылі Саветы

Няўмекі, махляры і прайдзісветы,

І ходка адыходзіць з году ў год

Замардаваны чэргамі народ.

 

Цярпенне

Жывём, як за апошнім перавалам,

Над прорваю, заўсёды на мялі,

Нягода нас ізноў не мінавала,

Вятры наўкол сумёты намялі.

 

Мы не прасілі літасці у Бога,

Бо ў нас з маленства Бога аднялі,

Наабяцалі,— не далі нічога,

Сядзім, як і сядзелі, на мялі.

 

Цяпер ужо не вымавіць збавення,

Ад недавяркаў адвярнуўся Бог.

Пастаўленага змалку на калені

Ніхто падняць і выпрастаць не змог.

 

Цяжар хлусні сагнуў душу і плечы,

Цярністы шлях завёў у тупікі,

Сумленне затуманіў і скалечыў:

Што ні пачнём, усё нам не з рукі.

 

Нас доўга павучалі па паперках,

Хітрэйшыя дурылі без папер,

Што дбаюць і пра нас па новых мерках,

Хоць абдзіралі так, як і цяпер.

 

Цярпелі мы, гатовыя на страты,

Маўчалі доўга, вытрывалі шмат...

Сухімі выпаўзаюць супастаты,

Калі дарэмна рэжа брата брат.

 

Жывём, як за апошнім перавалам,

Не ўмеем ні смяяцца і ні пець.

І колькі ж доля нам наканавала

Яшчэ дарэмна верыць і цярпець?

 

 

Абаронцы міру

Змагары за мір у свеце

Быццам і не заўважалі,

Што ад куляў гінуць дзеці

Ў Сумгаіце і Цхінвалі,

 

Гінуць маці, і бабулі,

І бацькі, і юнакі,

Кроў ліецца, свішчуць кулі,

Трапна б’юць баевікі.

 

Замаўкаюць калыханкі,

І начамі ў мірны сон

Грукаюць тупыя танкі,

Завіхаецца АМОН.

 

Змагары за мір на свеце,

Дык усё ж чыя віна,

Што не дзесьці на планеце,

А у нас ідзе вайна?

 

Вы збіраеце узносы,

Моцна спіце давідна,

А у вас амаль пад носам

Кожны дзень ідзе вайна.

 

І Урады рады, мусіць,

Што тэлевізійны бас

Не спяшаючыся хлусіць,

Што спакойна ўсё у нас.

 

 

Павадыры

Мы не ходзім, нас вядуць

То налева, то направа,

І павадыры гудуць:

«Разважаць не маеш права!»

 

Мы чырвоныя былі,

З гора сталі сінія,

Бо брыдзём, як і брылі,

«Генеральнай лініяй».

 

Доўга нам яшчэ ісці

З цуглямі і з шорамі,

Каб у збэшчаным жыцці

Чырванець ад сораму.

 

Нас усіх павадыры

Водзяць і не каюцца,

Самі ў масле, як сыры,

Кожны дзень купаюцца.

 

Ад Кармы да Калымы

Ўсе з маленства мучымся.

Невядома, калі мы

Жыць усё ж навучымся.

13/VIII—91

 

 

Расплата

За кругам круг бягуць кругі,

Усё жыццё ідзе кругамі.

Не разлічыцца мне з даўгамі,

Куды ні кінуся — даўгі.

 

І кожны дзень, як год, даўгі,

А я заўсёды вінаваты.

Ні талеры і ні дукаты

Не сплоцяць даўнія даўгі.

 

Загадваюць: «Плаці! Плаці!

За сонца, за ваду, паветра,

За кухні лішнія паўметра,

За ўсё, што трэба у жыцці».

 

Плаціў я потам і крывёй

Казне, і злодзею, і суддзям,

І добрым, і нядобрым людзям

Плаціў пакутаю сваёй.

 

Плаціў і ўсё жыццё круціўся,

Цягаў даўгі, як ланцугі,

А за пякельны лёс даўгі

Са мной ніхто не разлічыўся.

 

На стыку смерці і жыцця

Шукаю, клічу,— ўсё дарэмна,—

Нідзе спакою не знайсці,

І нарастае гул падземны

Жалобным маршам пры жыцці.

 

Вярнуцца ў свой выток спрабую,

А сцежкі глогам зараслі,

І долю, ўсё жыццё сляпую,

Ваджу, як старца, па зямлі.

 

Туманам, золкаю імжою

Зноў далягляд завалакло,

І за апошняю мяжою —

Ўсё, што было і не было.

 

Мая душа без адпачынку

Ліпіць на вастрыі ляза,

І ледзь трымаецца расінка

І адзінокая сляза.

 

Шукаю, клічу, варажу я,

Наіўна веру, як дзіця,

А лёс шляхі мае крыжуе

На стыку смерці і жыцця.

 

Адны пад навальніцай гнуцца.

Знікаюць іншыя, як цень...

Як ні шукаю, мне вярнуцца

Не суджана ў шчаслівы дзень.

28—30/IV—92

 

 

Чарнобыльскі чад

Магнітныя буры,

Чарнобыльскі чад,

І ранак пахмуры,

І воўчы пагляд.

 

Смяротнаю параю

Дыхаюць рэкі,

Атрутай і караю

Робяцца лекі.

 

Ідзі хоць да Бога,

У Рым або ў Мекку,

Не свеціць нічога

Ў бядзе чалавеку.

 

Ён сам баламуціць,

З глыбіняў грабе

І хутка атруціць

Самога сябе.

 

Магнітныя буры,

Чарнобыльскі чад.

Як з гэтай «культуры»

Вярнуцца назад.

 

 

Размова з помнікам

Ізноў заканваіравалі вас?

Міліцыя і дзень, і ноч пільнуе.

Апора верная — рабочы клас,—

І беспрацоўны, і бунтуе.

 

Вы так упэўнена вялі

Народ да шчасця і да згоды,

Сялянам абяцалі даць зямлі,

Рабочым — шахты і заводы.

 

Вы абяцалі волю на вякі

І слова да канца стрымалі:

Зямлі па тры аршыны мужыкі

Пад піхтамі ў Сібіры атрымалі.

 

Рабочыя гарбелі да начы

За пайку і баланды міску

І падалі, на шахту ідучы

І ў зоны заінелага Нарыльска.

 

Народ ад страху і дрыжаў, і слеп,

Сацлагер называў «сусветным раем»,

А вы сцвярджалі: «Будзе лепш,

Калі мы болей расстраляем».

 

Была ці не была у іх віна,—

І сотні тысяч не было вам шкода.

Вось так ішла крывавая вайна

Здзічэлых нелюдзей з народам.

 

Яны выконвалі ваш мудры запавет:

План гадавы і план штодзённы,

І без разбору на той свет

Пагналі тысячы, пасля — мільёны.

 

З маленства мы маліліся на вас,

Лічылі на Зямлі адзіным Богам,

А падраслі,— настаў жахлівы час

І нам ісці ў барак «с режимом строгим».

 

Калі на вас сышоў зямны спакой,

Вы пад надзейнай вартай спіце,

А вось на помніках з працягнутай рукой,

Як нашы жабракі, і вы стаіце.

 

Калі б вы ўбачылі, што з намі стала,

Пад воплескі і воклічы «ура»,

Вы б самі злезлі з п’едэстала,

Дык не марудзьце, бо даўно пара.

7/VIIІ—93

 

 

Несмяротная

Можна сэрца прабіць,

Папрастрэльваць галовы,

Толькі нельга забыць

Неўміручае мовы.

 

Распіналі цябе

На крыжах і на дыбах,

У ліхой барацьбе

Пашчапаў цябе выбух.

 

Не адно і не два

Катавалі стагоддзі,

Ты жывеш, як жыла,

У сумленным народзе.

 

Дабіваюць цябе

Твае родныя дзеці,

Плача Маці ў журбе

І у хаце, і ў клеці,

 

Што сыны і унук

Ацураліся дому.

Кожны — доктар навук,

А якіх — невядома.

 

Маці не зразумець,

Кім былі, кім вы сталі,

Бо па-нашаму пець

І казаць перасталі.

 

Можна ўсё, што відаць,

Зруйнаваць да асновы,

А забіць і прадаць

Нельга родную мову.

 

Дык успомніце, хто вы,

І чыны, і чынушы,

Бо без роднае мовы

Ў вас бяздушныя душы.

 

Крэслы ёсць і правы,

Шмат выгод і спакусы,

Толькі ўспомніце вы,

Што і вы — БЕЛАРУСЫ.

5/V—93

 

 

Над прорваю

 

Россия создана для того, чтобы

показывать другим народам, как

нельзя жить.

П. Я. Чаадаеў («Философские письма»)

 

Што яны твораць — не зразумець

Ні захмялелым, ні цвярозым.

Выходзіць, можна і не мець

Сумленне і здаровы розум,

 

Каб столькі нарабіць бяды

За найвышэйшую зарплату

І жыраваць усе гады,

Служыць не Богу, а Пілату,

 

Народ загнаць у прорву, а самім

Гайдацца на арэлях шчасця.

Нарэшце зло развеецца, як дым,

Бо ўсе яго клянуць і будуць клясці.

19/І—94

 

 

Маўчуны

Няшчасны, хто не ўмеў хлусіць,

Няшчасны, хто не ўмеў прасіць

І не прасіў ніколі

Пад вартай і на волі,

Цябе нібыта паважалі,

Але часцей не заўважалі.

Бывала,— звалі «дарагім»,

А раздавалі ўсё другім.

Увішны ўсемагутны клан

Часцей штурхаў на задні план,

Бо не плаціў нікому «чыншы»,

Таму заўсёды быў у «іншых».

Бывала,— ветліва страчалі,

А дзе патрэбна, прамаўчалі.

Нічога маўчуны не трацяць,

І нельга іх абвінаваціць,

Ні папракнуць ні ў тым, ні ў гэтым,

Бо ты не з тым аўтарытэтам:

Цябе калісьці пакаралі

І ўсё да ніткі адабралі,

Застаўся у адной манішцы

І пры пустой ашчаднай кніжцы.

Хоць біся з гора аб сцяну,

Што не сабраў і на труну,

Ўсё мазалямі здабываў,

А Ўрад за дзень абрабаваў.

Адкуль такія прайдзісветы,

Што занялі ўсе кабінеты?

«Абраннікі, нібы радня,

Усіх рабуюць сярод дня».

Такой радні не будзеш рад.

Пра што ж клапоціцца Урад?»

 

Вечныя

Пад кожнаю сасной схіліся ніц:

Яны ўзышлі з прастрэленых вачніц,

Смалою плачуць сосны у бары,

Тут засталіся і мае сябры.

З іх кожны быў, як песня, малады,—

Па дваццаць пяць, па трыццаць тры гады,—

Рамантыкі, натхнёныя паэты,

Іх песні і паэмы недапеты,

І не паспелі дакахаць яны,—

Ў свет не прыйшлі іх дочкі і сыны.

За што ж іх катавалі і забілі?

За тое, што Радзіму і народ любілі.

Іх прыхадні судзілі пяць хвілін,

Імёны іх не ведаў ні адзін,

Не разумеў ні слова, ні радка,

Але падпісвала калматая рука

Прысуды на расстрэл, нарады для стралка.

Магчыма, той стралок яшчэ жывы

І мае ўсе ільготы і правы,

Ў яго не прытупіўся колкі зрок,

Бо ён жа варашылаўскі стралок,

Пры ардэнах, пры планках— пры парадзе.

Бо быў у «Смершы» і «заградатрадзе»,

Умеў, каму патрэбна дагадзіць,

Па звычцы ў кожную патыліцу глядзіць.

Баліць душа да гэтае пары,

Што ні магіл, ні помніка — ў бары,

Бо у чыноўніка рука дрыжыць,

Але ўсё роўна будуць вечна жыць

І ў будучыню прыйдуць з даўніны

Народа вечна юныя сыны.

Скразныя Курапаты знаем мы,—

Ад Брэста і да Калымы.

 

 

Хвіліна адчаю

Куды ісці? Самому невядома,—

Мне цесны горад, цесны свет,

Таму бягу усё далей ад дому,

Ад радыё, рэкламы і газет.

 

Як путы зняць і раскілзацца

Ад дум, адчаю і пакут,

І ад бяды цывілізацый,

Што зруйнавалі родны кут,

 

Сляпілі вочы год за годам

І атруцілі ўсё да тла?

Чыны камандуюць народам,

Што выскрабае з дна катла.

 

Знясілены дарэмнай зморай

У непрыкаяным жыцці,

Я ведаю, што будзе горай,

Але ж куды далей ісці?

 

Усё агоркла і абрыдла:

За здзекам — здзек, за шокам — шок

Ператварыў людзей у быдла

І сцёр сумленне ў парашок.

 

Знясіленыя гінуць дзеці,

І маці слёзы льюць ракой,

І недалёка час — па свеце

Пайсці з працягнутай рукой.

20—21/ІІ—94

 

 

Дарэмны крык

Глухія не чуюць ні плачу, ні енку,

Хоць рвіся, хоць бі галавою аб сценку,

Глухія маўчаць і маўчаць,

Глухія смяюцца, што ў некага беды,

Што на хаўтуры збіраюць суседу,

Моляць глухога паставіць пячаць,

А ён намякне, што дарэмна не ставіць,

Што трэба аддзячыць яго і уславіць.

Бо ён, толькі ён дабрадзей,

Заўсёды старанны, увішны і мілы,

Будуе радні і таварышам вілы,

А значыць, жыве для людзей.

Выходзіць, дарэмна і марна крычу я:

Ён толькі смяецца і енку не чуе,

Не чуць і не бачыць зручней.

Відаць, ад знямогі і зморы

Не чуюць ні суддзі, ні пракуроры.

Крычаць ужо нельга гучней.

Я ведаю гэта і ўсё ж не маўчу,

Хоць і дарэмна ад болю крычу.

Магчыма, наш крык дапаможа...

Пачуй нас і злітуйся, Божа!

2/І—94

 

 

Бяда

Гарлапаны — поп-музыкі,

Кожны, мабыць, без’языкі,

Што іграеш, што чаўпеш,

Што крычыш — не разбярэш.

Кожны з грывай, з барадой

Стаў агульнаю бядой.

У цыліндрах, драных «шкарах»

Гвалцяць струны на гітарах,

Крутарогі, як баран,

Байбус лупіць барабан.

Разам дабіваюць слых

Самых чуйных і глухіх.

Мноства іх, доўгавалосых,

Бессаромных, брудных, босых,

Выпаўзае ў змрочны час,

Гарлапанаў безгалосых,

Каб дурыць бязбожна нас.

Пад іх грукат, як вар’яты,

Скачуць хлопцы і дзяўчаты.

Часта ў ход ідуць нажы...

Госпадзі, дапамажы!

17/ХІІ—93

 

 

Мой народ

Цярплівы і трывушчы мой народ,—

Пакутнік з веку ў век і з году ў год.

Праз рэвалюцыі з вайны і да вайны

Нясеш свой крыж без жаднае віны.

А я — пясчынка гэтае зямлі,

Дзе пот і кроў ліюць, як і лілі,

Ні шчасця не пабачыўшы, ні згоды,

І толькі крыж нясуць цярплівыя народы.

 

А хто ж той Юда ці Пілат?

Сусед, зайздроснік, часам кроўны брат,

Што заганяў іржавыя цвікі

Ў далоні правае і левае рукі.

А каб не чулі енк і крык,

Ён асляпіў і ўкараціў язык,

А продкі мову зберагчы умелі

І слова кожнае душою разумелі,

І нам, нашчадкам, з той пары не нова

Матчына хвалюючая мова.

 

Што згіне мова, здраднікам не верце.

Мы не дадзім ніколі ёй памерці.

У сэрцы, у душы і ў роднай хаце

Яна маё адзінае багацце.

Калі ў дарогу назаўжды збяруся,

Ўздыхну апошні раз па Беларусі,

Халодная сляза спаўзе з шчакі,

А Беларусі жыць і жыць вякі.

29—30/XII—93

 

 

Жывучыя

Яны не разумеюць нават жартаў,

Яны не паміраюць ад інфарктаў,

 

Ніколі іх не мучыла сумленне,

Яны ж з таго, стальнога, пакалення,

 

Калі «вопросы» вырашалі крута,

З пяра і з вуснаў пырскала атрута,

 

Яны дагэтуль пазіраюць тупа,

Здаровыя і тоўстыя, як ступа,

 

Упартыя, нястомныя на словах,

Ідуць да мэты па чужых галовах.

 

Калі ж каторы выстаяць не зможа,

Яму другі і трэці дапаможа

 

«Служыць аддана» паслухмяным масам,

Жабрацкім кіраваць рабочым класам.

 

З іх кожны ўвішны, далікатны моднік,

Ліслівы звонку, а знутры — нягоднік.

17—21/ХІ—92

 

 

Атрутнае джала

 

 

Кожны, паважаючы сябе, паві-

нен мець ворага.

Эзоп

У сумленных ворагаў бывае

больш, чым у несумленных.

Ф. М. Дастаеўскі

 

Сумна без ворагаў жыць на зямлі,

Паклёпнік патрэбен таксама,

Без іх бы ніколі набраць не змаглі

Столькі статыстаў крывавае драмы.

 

Паклёпнікі надта жывучы народ,

Без іх аблянуюцца каты,

Бо шэпчуць і сыкаюць без перашкод:

«І гэты, і той вінаваты».

 

Гэта засвоіў адважны Эзоп,

Калі і яго нізавошта каралі,

Атрутаю пырскалі ў вочы і ў лоб

Паклёпнікаў доўгія джалы.

 

За грыўню, за грош чалавека прадаць

Для іх найвялікшае свята.

Паклёпнік здалёку і зблізку відаць

Па хітрай усмешцы Пілата.

 

А зробіш паклёпніку часам дабро,

Ён дзіду шпурне наўздагонку

Ці крукам падчэпіць цябе пад рабро

І ўесца ў жывую пячонку.

 

Шчыруе паклёпнік і сыкае злом

Пры розных сістэмах і зменах,

Каб часам яго сярод нас не было,

Ніхто б не заўважыў сумленных.

 

А што ў яго незвычайнае ёсць?

Нянавісць, і зайздрасць, і лютая злосць.

4/XІІ—92

 

 

«Купляю ардэны»

Дзялок у пінжачку стракатым,

Відаць, з мясцовае шпаны,

Стаіць з маленечкім плакатам:

«Купляю ардэны».

 

«Героі тылу» — інтэнданты

Гешэфт з барыгамі вядуць,

За тры «мядзведзі» з пляшкай «Фанты»

Душу і ордэн аддадуць.

 

Хто ж выпаўз пашматаны з бою,

А ў полі засталася часць,

Залітыя сваёй крывёю

Узнагароды не прадасць.

 

Калі ж нарэшце люты голад

Скарынкі пазбірае ўсе,

Медаль апошні ў дождж і ў холад

На Камароўку панясе.

 

На развітанне шапку здыме,

Успомніць, з кім насмерць стаяў,

Цішком падзякуе Радзіме

За ўсё, што ён заваяваў.

3/ХІ—92

 

 

Бежанцы

— Куды бяжыце, бежанцы, куды?

— Ад горкай да крывавае бяды,

— Адкуль бяжыце вы, адкуль?

— Ад полымя і ад шалёных куль.

Бяжыць за намі і страляе ўслед

Не прышлы вораг, а сусед.

Яго стрымаць не можа анішто,

Хоць ён і сам не ведае за што

Застрэліў і бабулю і дзіця —

Святыя іскаркі жыцця.

— Ці ёсць у вас над галавою дах?

— Хутчэй прытулак знойдзем на кладах.

— Куды бяжыце, бежанцы, куды?

— З семнаццатага ў дзевяностыя гады.

28—29/X1—92

 

 

Маці

Ты не знала спачыну,

Бо карміла паўсвету,

Не выпроствала спіну

Ні зімою, ні летам:

 

Ўсё рабіла з ахвотай,

Не зважала на змены,

І з пякельнай работай

Дзень канчаўся імгненна.

 

Дратавалі калісьці

Працаднём і прыгонам,

Калацілася лісцем

Ты ў таварных вагонах,

 

Скарб палілі агнём

Не аднойчы, не тройчы,

Ты ж ні ноччу, ні днём

Не заплюшчвала вочы:

 

Серп зубіла,

Касу адкляпала уранні,

І рабіла, рабіла

Ад зары да змяркання.

 

На жніве, на сяўбе

Дбала: хлеба прыбудзе,

Каб было і сабе,

І нашчадкам, і людзям.

 

Змрок акутаў не ў час:

Апускаюцца рукі,

Жар у сэрцы пагас,

Разляцеліся ўнукі.

 

Ты адна і адна

І на полі, і ў хаце,

Ад відна да цямна

Беларуская маці

 

Засталася асновай

Нашых дум, нашай песні,

З беражонаю мовай

Наш народ уваскрэсне.

 

Можа, век прабяжыць,

Калі-небудзь на свяце

Будзе пець, будзе жыць

Беларусь — мая маці.

4/ІІІ—93

 

 

Пытанні

Як мы жылі? І ці жылі мы?

Дзеля чаго? Дзеля каго?

Камандавалі Юзікі і Клімы

І распіналі ўсіх да аднаго.

 

Цягалі мы іржавыя вярыгі,

Нас ланцугі апутвалі заўжды,

Ды і цяпер палітыкі-расстрыгі

Нас гоняць ад бяды і да бяды.

 

Калі ж нарэшце вернуцца парадкі

На нашай пакалечанай зямлі?

Калі не мы, дай Божа каб нашчадкі

Па-людску ў родным доме зажылі.

18/XII—93

 

 

Трывога трывог

Ці гэта праўда, ці трызня, ці сон?

Знікаюць за надзеямі надзеі,

З вар’яцкім нашым часам ва ўнісон,

Здаецца, я патрохі вар’яцею.

 

Не ведаю, куды і як ісці:

За небасхілам дым і шал крывавы,

І дзеці ўжо не мараць аб жыцці,

Аб гонары, аб подзвігах і славе.

 

Падмурак пакрышыўся і дрыжыць,

Хрышчуся я ў адчаі на ікону,

Каб толькі дапакутаваць, дажыць

З душою незаплямленай да скону.

 

Вылазяць прывіды і, як раней, ілгуць

Жывыя і з адноўленых партрэтаў,

Іх паслядоўнікі старанна берагуць

Для ўласных «найвышэйшых» мэтаў.

 

Трывога за трывогаю расце,

Таму што дзікі «артадокс» люцее.

Наўрад ці давядзецца жыць прасцей,

Калі усё навокал вар’яцее.

29/X1—92

 

 

Гараць лясы

Гараць лясы...

Як помнікі пасталі

Ўчарнелыя яловыя ствалы,

На гронкі спапялелыя канвалій

Сцякаюць кропелькі гарачае смалы.

 

Дыміцца мох і курчыцца чарнічнік,

Мурашнік дагарае каля пня,

Бярэзінка, нібы трывожны клічнік,

Спрабуе і не вырвецца з агня.

 

Усё жывое гіне ўвачавідкі,

Знікае незваротнае дарма.

Няма злачынству літасці і скідкі,

І толькі... вінаватага няма.

 

Жывую прыгажосць на глум, і здзек,

І на пагібель кінуў чалавек.

27/V—93

 

 

Воля слова

Кіруючыя мудрыя галовы,

Што разбурылі лад стары,

Далі нібыта волю слову,—

Пішы, спявай і гавары

 

Усё, што дужа набалела,

Калі баяўся стукача,

Цяпер усё, што хочаш, смела

Сячы, як шабляю, з пляча.

 

Пішы, крычы, а хто пачуе?

А вершы раздавай дарма,

Іх болей цэнзар не лінчуе,

Яго нібыта і няма.

 

І лютай не чутно пагрозы,

Што аптымізму не стае,

Але цяпер паэзіі і прозы

Амаль ніхто не выдае:

 

Няма ні фарбы, ні паперы,

І ты — ні гаспадар, ні госць,

Усе зачыненыя дзверы.

А ўсё ж, ці «воля слова» ёсць?

19/IV—93

 

 

Манкуртызацыя

 

Пра мову гаварыць не трэба,

На мове трэба гаварыць.

В. Шымук

 

Зацыкленыя русафілы

З-пад Клецка і з-пад Капыля

Стараюцца з апошняй сілы,

Каб беларуская зямля

Аглухла зноў і анямела,

Каб зноў імперыю стварыць,

Каб нават маці не умела

Па-свойму пець і гаварыць.

Ад Воршы і да Маларыты

Яны ва ўсе званы звіняць,

Каб утрымацца ля карыта,

А ў нас апошняе адняць,—

Вытокі і асноў аснову,

Каб кожны помніць перастаў

Сваю адроджаную мову

І найхутчэй манкуртам стаў.

29/VII—93

 

 

Памаліся

Табе пашанцавала, друг мой Хума,

Што не дажыў да гібелі Сухума,

Што не заплакаў, дзе быў матчын дом,

Цяпер вайна, гамора і садом,

І попел там, і горы друзу,

Знішчае злосць любоў, дабро і музу

Сумленных сэрцаў і натхнёных душ,

Калі пілі абхазец і інгуш

З бычынага захмеленага рога,

Збіраючыся ў дальнюю дарогу,

Калі не меч, а келіх паднімалі,

Грузінскія паэты абдымалі

Фазіля Іскандэра і Баграта

І запрашалі да сябе, як брата.

Але прашылася змяёю здрада,

Зрабіўшы з хлопчыка салдата,

Забойцу і ахвяру адначасна,

І кожны з іх пакутнік і няшчасны

Руйнуе храмы, помнікі, палацы —

Шэдэўры таленту і працы

Ў Афоне, Гагры і ў Тбілісі...

Народ, адумайся, укленчы і маліся,

Маліся, каб вярнуў вам Бог сумленне,

Збярог за пакаленнем пакаленне.

Душа баліць і ад бяды нямее:

За што вайна?— Ніхто не разумее.

Неверагодна! Тысячы сяброў

Глядзяць спакойна, як ліецца кроў

У ачмурэнні дзікім і шалёным,

Што стала мора Чорнае Чырвоным,

Няўжо ні міру, ні дабра не будзе,

Пакуль людзьмі усё ж не стануць людзі?

Мой незабыўны друг, вясёлы Хума,

Ужо амаль няма твайго Сухума,

Ужо датлелі пальмы на бульвары,

Усюды слёзы, кроў і дыму хмары.

Не зразумець, чаго забойцам мала.

Няўжо распялі і твайго Джамала?

А я хачу замест жаночых слёз

Убачыць гронкі вінаградных лоз.

Дай Божа мне яшчэ хоць трохі сілы

Убачыць край квітнеючы і мілы,

Магноліі, у белых шапках горы,

І цішыню, і штыль на сінім моры.

21—22/IX—93

 

 

Няволя

Самая страшная кара — няволя,

Часамі страшней за імгненную смерць.

Зона маўчання без сценаў і столі,

Дзе нельга ні плакаць, ні голасна пець,

 

Дзе нельга кахаць і сустрэцца з каханым,

Дзе ўлічана кожнае слова і крок,

Дзе бачыць цябе цераз мушку нагана

Забойца, гатовы націснуць курок.

 

Жахлівае ўсё засталося ў мінулым,

А памяць раптоўна душу апячэ,

Як толькі дакоціцца плачам і гулам

Няволя, што недзе лютуе яшчэ.

 

Вярэдзяць душу успаміны да болю,

І я праклінаю любую няволю.

25/V-93

 

 

Тост

Раней пілі за тых, хто ў моры,

Каго дратуюць штормы і мароз,

Цяпер я п’ю за тых, хто ў горы

Не выплакаўся да апошніх слёз.

 

«Але наўрад ці выпіць давядзецца»,—

З мяне барыга рыначны смяецца,—

Каб свята чаркаю адзначыць.

Патрэбна тыдні тры ішачыць».

 

Збяру «ваўкоў» і вып’ю чарку

За вечную гарэтніцу-ўдаву,

За рукі змардаванае даяркі,

За кошт якой жывуць усе і я жыву,

 

І за настаўніцу, што слепіць вочы

Над сшыткамі і глупствам справаздач,

Што ў класе усміхаецца, а ноччу

Ніхто яе не чуе горкі плач.

 

За вокнамі заходзіцца завея,

І дамавік грукоча па страсе,

А прыгажуня юная сівее

І, не расцвіўшы, вяне пакрысе.

 

Я п’ю адзін не з радасці, а з гора,

Што скрозь развал, нястачы, недарод,

За тых, каму бяссілле і пакора

Наканавалі безнадзейны звод.

 

Я п’ю за тую, што не стане маці,

Сагнутую у дваццаць восем год,

І горка плачу, бо у кожнай страце

Знікае мой даверлівы народ.

Няма шампанскага, дык вып’ем квас

За ваша будучае і за вас.

16/Х-93

 

 

У сацлагеры

Я ўсё яшчэ ў сацлагеры жыву:

Кіруюць тыя ж Саўкі ды Мараты

І тлумяць, як тлумілі галаву

Марксізму дактары і кандыдаты.

 

Яны ж здавалі некалі залікі,

І кожны практыку з тэорыяй злучыў.

Каб кіраваць, іх «правадыр вялікі»

Ў навуку прабівацца навучыў.

 

Хоць творчае і не спазналі мукі,

Хвалілі іх таварышы і друк.

Даўно ужо няма тае навукі,

Але жыруюць «дактары навук».

 

Яны прызначылі «народных дэпутатаў»,

І тыя рушылі зацята на народ,

Да мікрафонаў, да дэбатаў,

Абы рабіць усё наадварот.

 

Куды ні ступіш, гора апячэ,

Бо ўсё жыву ў сацлагеры яшчэ,

І дабівае ўсеагульны стрэс:

То краты сняцца, то казённы лес.

10/Х-93

 

 

Спруты

У нас такі кароткі век,

І так яго нам змардавалі,

Нас хціўцы кінулі на здзек,

Сабе ж палацы збудавалі.

 

Іх забяспечвай і хвалі

І падстаўляй худыя спіны,

Бо мы па-людску не жылі

Ні дня, ніводнае хвіліны,

 

А ўсё чакалі лепшы час,

Ды больш чакаць не маем сілы,

Бо топчуць, як тапталі, нас

І хлусяць, як даўней хлусілі.

 

Што ні пабачаць, з рук ірвуць,

Нібы пражэрлівыя спруты,

А дзеці і старыя мруць

Ад голаду і ад атруты.

 

Цярпелі мы і церпім здзек,

Куды ні глянеш, сэрца стыне,

Як чалавека нішчыць чалавек

І сам ад хцівасці загіне.

3/ІХ-93

 

 

Тупікі

Чыгуначныя тупікі

Пазарасталі крапівою,

Валяюцца іржавыя цвікі,

І нешта не дае душы спакою.

 

Чыгуначныя тупікі —

Пад’ёмы, закругленні, перагоны.

Таварнякі, таварнякі,

І ўсё — казённыя вагоны.

 

Буржуйка, свечка ў ліхтары

І ненадзейныя суседзі...

Ніхто не знае да пары,

Куды вязуць, куды ён едзе.

 

Цяпер гляджу на ўсе бакі,

Даўнейшага шукаю следу,

І ўсё трапляю ў тупікі,

З якіх нікуды не даеду.

 

Як выйсце з тупіка знайсці

У падарожжы па жыцці.

8—9/VI—93

 

 

Страты і страты

Ну, вось і канчаецца лета,

Палессе вада заліла,

Пачатая песня не спета,

А плач — ад сяла да сяла.

 

За стратамі страты і страты,

А хто вінаваты у іх?

Забыліся даўнія святы,

Не знойдзе нявесту жаніх.

 

Якой вінаваціць віною?

Дзе будзе ў бяздомных начлег?

Каб ведалі, лепш бы за Ноя

Скляпалі б сучасны каўчэг.

 

За што ад змяркання да рання,

На досвітку і уначы

Прыходзяць адны пакаранні

І каркаюць, як крумкачы?

 

І пот, і густая крывінка

Сцякаюць у бездань дарма,

Бязлітаснай лапаю рынку

У дзверы грукоча зіма.

 

З дажджамі і лета праходзіць,

Паволі паводка спадзе,

А хто да фіналу стагоддзя

Сваёю хадой дабрыдзе?

 

Маё пакаленне імкліва

Знікае, як ранішні дым.

Каб хоць давялося шчасліва

Пажыць і за нас маладым.

21/VIII—93

 

 

Весела жывём

О, як мы весела жывём!

З такім начальствам не сумуюць:

Што мы пад вечар дажуём,

Яны уранні падсумуюць.

Лічыльнікі без тармазоў

Падлічаць, колькі моцы ў целе,

Падвысяць цэны ў сто разоў,

Каб мы, крый Божа, не тлусцелі.

Што выміраем, ім не ў знак,

На нашу пенсію скупую

Мільёны соценных Дзяржзнак

Яшчэ паперак адштампуе.

І гэтых фанцікаў мяхі

Пруць хлебаробам і шахцёрам,

А за злачынствы і грахі

Разлічвацца з народам сорам.

1992

 

 

Шукаю ўсмешку

Іду па праспекце...

На рынак бягу,

За горад спяшаюся пешкі

І, як ні шукаю, знайсці не магу

Ніводнай вясёлай усмешкі.

Дзяўчынка ідзе з матыльком на плячы,

Закушаны вусны, нахмураны бровы,

Глядзяць спекулянты, нібыта сычы,

І клоўн, як хмара, суровы.

Ад гора заплакаць гатоў афіцэр,

Бяздомны, бяззбройны і кволы,

І толькі разбэшчаны міліянер

Здаволены ўсім і вясёлы.

Глядзіць ён на ўсіх з вышыні і здаля,

Усё яму лёгка ўдаецца,

Смяецца ён з беднасці і з мазаля,

З сумленных і шчодрых смяецца.

Ён рабчыкаў смажыць, жуе ананасы,

Але жабраку і капейкі не дасць,

Былы прадстаўнік гегемоннага класа

За долар набудзе душу і прадасць.

Чарга за чаргой, як вужака віецца.

А што там даюць, кілбасу ці віно?

Іду па праспекце,— ніхто не смяецца,

І дзеці смяяцца адвыклі даўно.

5—6/VIII—92

 

 

Каму мы трэба?

 

«В республике один военный

приходится на 43 человека

населения».

Былы міністр абароны

Рэспублікі Беларусь

генерал-палкоўнік П. П. Казлоўскі.

(«Известия» № 207—1992 г.)

 

Скажыце мне, таварыш генерал,

Хто нам вайною пагражае,

Які урад, які кагал,

Каму патрэбны нашы ураджаі,

І наша нафта, золата і медзь

І нават вашы дачы і пагоны?

Не толькі вораг, нават і мядзведзь

Уцёк даўно з чарнобыльскае зоны,

І толькі ледзь партрэт яго ліпіць

З вавёркаю на хліпкай асігнацыі,

А за яе не проста нам купіць

У слуцкіх бэрах бэры радыяцыі.

Іх больш за танкаў і ракет

Баяцца і на Захадзе і Ўсходзе,

А вы дасюль марочыце ўвесь свет,

Што генералы дбаюць аб народзе,

Што днём і ноччу сцерагуць яго

З зямлі, вады і нават з неба,

Ды толькі невядома ад каго,

Каму мы з радыяцыяю трэба.

Хіба аматарам збівання груш

І віртуозам выхавання «матам»,

Таму на карках сарака трох душ

Сядзіць адзін нахлебнік з аўтаматам.

І трэба кожнага адзець і пракарміць,

Салдата — кашаю, начальства —

сервелатам.

А зможа нас найлепш абараніць

Не аўтамат, а «вызвалены» атам.

24/ІХ—92

 

 

Змена — змене

 

«...узмацніць барацьбу з аргані-

заванай злачыннасцю і каруп-

цыяй».

З пастановы Саўміна РБ 24/ІХ—92 г

 

Адны накраліся. Змяняюць іх другія

І набіваюць кашалі тугія,

Рабуюць фермы, склады і вагоны

І нажываюць нізашто мільёны,

Не тоячыся, а сярод дарогі

За кошт «гуманітарнай дапамогі».

За нашае жабрацтва, енкі, плачы

Будуюць і сабе і дзецям дачы,

Для блізкай і далёкае радні

Нас абдзіраюць дзень пры дні.

Нібыта нашыя заступнікі і слугі,

А паглядзець — увішныя хапугі,

Адзін нахабна, іншы асцярожна

Хапае ўсё, за што ўхапіцца можна.

На складах, хоць дабра не так і многа,

Трымаюць махляры адзін другога,

Каб іх не заўважаў ніхто віны,

Даюць і служкам паспытаць яны.

Прачнешся ноччу у халодным поце,

Бо ведаеш, што злодзей на «рабоце»:

Складае долары і залацішка зліткі

І абдзірае беднага да ніткі.

Пра рынкі потым будзе нешта плесці

Таму, ў каго няма ні піць, ні есці,

Затое ёсць бяспраўе і бязладдзе,

І толькі ў тых сумленне, хто не крадзе.

15/ІХ—92

 

 

Апошняя

Разбіты комін, парадзелы дах,

Вісіць адна кашуля на вяроўцы.

— А людзі дзе?

— А людзі на кладах,

Туды адправіліся ўсе аднавяскоўцы,—

 

Азвалася бабуля з-пад радна

З маленькаю сівою галавою.

— Лічы, што дажываю век адна

І гора мыкаю адна-адною.

 

Так і гібею з году ў год,

Глухою, невідушчаю, слабою.

Адна уцеха — толькі кот,

То з ім сваруся, то сама з сабою.

 

Гады, пытаеце? Усе мае гады

Прабеглі, дзеткі, у бядзе і ў працы,

А час надыдзе, на клады

Сваім прыйдзецца ходам дабірацца.

 

Каб даў Гасподзь хоць дачакацца лета

І свежае з гароду навіны...

 

А на бабулю весела з партрэта

Глядзелі два прыгожыя сыны.

21 /ХІ—92

 

 

Квартальны план

 

Яшчэ пратрымаюся месяцы тры

І зубы тады пакладу на паліцу,

Бо ўжо не памогуць літфонд і сябры,

І там ім прыйдзецца да скону пыліцца.

 

Відаць, не ўратуюць ні д’ябал, ні Бог,

Бо я не прыдбаў за жыццё анізвання,

Нарэшце сабе напішу некралог

І тэксты прамоў на сваім пахаванні.

 

Пакуль не зваліўся і розум не згас,

Каб тэксты ўзгадняць не насілі.

Сябры, пастараюся выручыць вас,

Каб на паніхідзе не надта хлусілі.

27/VIII—92

 

 

* * *

Мне жыць іначай немагчыма,—

Паспеў ссівець і паліняць,

Бо за любімую Радзіму

Гатоў хоць сёння смерць прыняць.

27/VIII—92

 

 

Апошні кароль (Па матывах старой шатландскай песні)

 

Стары кароль любіў мастацтва,

Любіў, што людзі брагу п’юць,

Але лічыў за святатацтва,

Калі халопы не пяюць.

 

Халоп павінны быць вясёлы,

Удзячны мусіць быць народ,

Хоць з голаду пусцеюць сёлы

І недароды кожны год.

Скачы, халоп, спявай, халоп,

На радасць каралю,

А не пяеш,— падставіш лоб

Пад кулю ці пятлю.

Стары кароль любіў парады

І крыкі: «Слава каралю!»

І не было таму спагады,

Хто заікнецца: «Не люблю

І не шаную зроду

Я каралеўскага двара,

Усіх, як прэлую калоду,

На сметнік выкінуць пара!»

Скачы, халоп, спявай, халоп,

На радасць каралю

А не пяеш,— падставіш лоб

Пад кулю ці пятлю.

Усім паслам кароль казаў:

«Народ — мая радня.

Яго я ў тры вузлы звязаў,

А ён пяе штодня».

Няма ні хлеба, ні мукі,

Пасеклі вінаград,

Але спяваюць лайдакі,

Што ў каралеўстве — лад.

Скачы, халоп, спявай, халоп,

Паціху каралю,

Што хутка ён падставіць лоб

І шыю пад пятлю.

Ды ўжо кароль пачуць не мог,

Як лаюць караля,

Бо зніклі у яго з-пад ног

І зэдлік, і зямля.

Усе глядзелі мужна

На новую пятлю

І заспявалі дружна

Пракляцце каралю.

А пасланцы Еўропы

Расказвалі другім,

Як смелыя халопы

Спявалі новы гімн.

І9/ХІ—79

 

 

О колькі паэтаў!

На кніжных паліцах — паэты, паэты:

Гамер, і Гусоўскі, і Байран, і Блок;

Санеты Петраркі, і лірыка Фета,

Хлебнікаў — неразгаданы прарок.

 

Я чую іх голас з далёкіх стагоддзяў,

Вандрую за імі, нібы Адысей.

У Дантава пекла мяне пры народзе

Не раз і не два заганяў фарысей.

 

Чытаю, чытаю. О колькі паэтаў!

О колькі пачуццяў, каханняў, трывог,

Тэрцын, трыялетаў, актаў і санетаў

У памяці я назаўсёды збярог.

 

Гартаю Верхарна, Віёна, Шэкспіра,

П’янею ад шчасця, а не ад віна.

У кожнага лірыка — звонкая ліра,

А ў нашага брата — глухая струна.

 

Ну, чым я суцешу? Пра што гавару я?

Навошта за рыфмаю рыфму ганю?

Калі я свайго чытача расчарую,

Я толькі сябе аднаго і віню.

 

Калі не даруе, няхай дакарае,

Я крэслю радкі, каб не быць у даўгу,

І толькі любоў да пакутнага краю

Ніяк скасаваць і забыць не магу,

 

Бо слова натхняе, адвечнае, матчына,

Таму і хвалююся і не маўчу.

Калі невыносна, Купалаву «Спадчыну»

Заместа світальнай малітвы шапчу.

3 /VIII—92

 

 

Мая Беларусь

Скакала, смяялася, пела,

Гасцям засцілала абрус,

Усё неабходнае мела,

Глядзела на кожнага смела,

І раптам ад гора збялела,

І ад пакутаў ссівела

Мая БЕЛАРУСЬ.

8/VIII—91

 

 

Часовыя госці Зямлі

 

Мне болей нічога не трэба,

Не будзе патрэбна пасля.

Было б толькі чыстае неба

І шчодраю наша зямля.

 

Мы толькі часовыя госці,

Мы знікнем, нібы не было,

І памяць, і грэшныя косці

Развеюцца ўрэшце на тло.

 

Пакутнікі прыйдуць другія,

Магчыма, і ў будучы час

Закруцяць іх тыя ж стыхіі,

Што мучаць, як мучылі нас.

 

Пад знакам крывавага Марса

Спазналі мы ўсё, што змаглі,

Мы — ўдзельнікі драмы і фарса,—

Часовыя госці Зямлі.

 

Прыйшлі мы свой век узвялічыць,

Усе таямніцы спазнаць,

А нас пустадомкамі клічуць,

Майстрамі усё руйнаваць.

 

Атручаны космас і глеба,

Нам грозіць і летам зіма,

Бо ўжо ні сумлення, ні хлеба,

Ні змены надзейнай няма.

 

Нічога мне болей не трэба,—

Бяду даганяе бяда.

Былі б толькі чыстае неба,

Сумленне, Зямля і вада,

 

А нашы атрутныя спадкі

Каб зноў палыном не ўзышлі,

Каб кволыя нашы нашчадкі

Па-людску за нас пажылі.

30/VII—92

 

 

Літанне

Не Багі абпальваюць гаршкі,

Не Багі даруюць нам грашкі,

 

Не Багі прыдумалі закон

І жыццё паставілі на кон,

 

Не Багі нам абяцалі «шчасце»,

А злачынцы, што умелі красці,

 

Не Багі стварылі лад благі,—

Над Багамі ў нас былі ба-гі,

 

Вартыя суда і пакарання,

Бо сагнулі ўсіх у рог баранні.

 

Грэх народ ніколі не даруе,

Тым, хто кіраваў і так кіруе.

 

Хто усё ж няшчасным дапаможа,

Калі ты не злітуешся, Божа?

 

На апошняй ракавой мяжы

Бедным і няшчасным памажы.

3/VI— 92

 

 

Пад небам Беларусі

Хацеў накінуць на сябе пятлю,

Бо змогся ад жыцця такога:

Здалося, што нічога не люблю,

Што скончылася і мая дарога.

 

І больш ужо няма куды ісці,

Ніколі ўжо не вырвацца на волю,

Бо не было ў маім жыцці

Нічога, апрача бяды і болю.

 

Зірну наўкол праз вузкае сіло,

Убачу свет іскрысты і бясконцы,

І раптам нечакана узышло

І засляпіла вочы сонца.

 

На вецці, на ігліцы, на лістах

Дрыжаць, нібы вясёлкі, завушніцы,

І адышоў пякельны страх,

Ударыў звон далёкае званіцы.

 

Хвіліна за хвілінаю бяжыць.

Кляну сябе і сам сабе клянуся,

Што, як ні горка, трэба жыць

У Беларусі і для Беларусі.

2/VІI—91

 

 

БЕЗНАЗОЎНЫЯ ЭЛЕГІІ

 

* * *

Наперадзе — нічога.

Усё ў мінулым.

На успамін находзіць

Успамін

Забытым словам,

Незнаёмым гулам,

І я на адзіноце

Не адзін:

Вяртаюцца з нябыту,

Як жывыя,

Вясёлыя з іскрынкамі ў вачах

Сябры,

І раздарожжы крыжавыя,

І грозныя сузор’і

Па начах.

Знікае ўсё.

Стажары толькі свецяць,

І Месяц у зеніце малады.

Мінае ўсё на белым свеце,

І пыл заносіць нашыя сляды,

Павольна, непрыкметна — назаўжды.

 

* * *

Ці то на яве, ці то ў сне,

Калі было да болю млосна,

У поўнач выпаў першы снег

На поле, на шляхі і сосны.

Да рання, можа, даляжыць,

Хоць горка, але трэба жыць!..

 

* * *

Нікому не трэба ні вершаў, ні прозы,—

Ад «шчасця» народ і п’яны, і цвярозы,

Ні кніжак не трэба, ні фільмаў, ні песень,

Бо душы ўкрывае атрутная плесень.

Галеча і голад, вар’яцкія цэны,

І толькі балююць адны бізнесмены,

Хапугі, зладзеі, дзялкі, прайдзісветы,

Што нас заклікалі да светлае мэты,

Гуляюць, шыкуюць і смачна жаруць,

І торбу, і кій у старцоў адбяруць.

 

* * *

Мінае жыццё, а нічога не маю,—

Чужое усё, і нічога свайго.

Дзіўлюся, што неяк жыву і трываю

З бяссоннем, адчаем і вечнай тугой.

Вышукваў радкі дзеля ўласнай уцехі:

Збіраліся кніжкі, а часам тамы,

А нехта цягаў чарапіцу на стрэхі,

На лазню, гараж, на веранды, дамы.

Я ім не зайздрошчу, хоць сам і бяздомны,

Сціраю слязінку з шчакі кулаком,

Бо я, бесхацінец з маленства патомны,

Застаўся няўдачнікам і дзіваком.

З чаго пачынаў, тым свой круг замыкаю,

Гады прашумелі, нібы лістапад,

У змроку брыду і кагосьці гукаю,

А вецер мой голас адносіць назад.

 

* * *

За вокнамі — лютаўскі дождж і слата,

І кожная шыба дрыжыць і слязіцца,

Уласны свой лёс дачытаю з ліста

У цеснай палаце дзевятай бальніцы.

 

У дымнай смузе дагараюць агні.

О колькі бяды і пакутаў на свеце!

Бальніца трызніць у начной цішыні,

толькі у моргу агеньчыкі свецяць.

17/ІІ-91

9-я клінічная бальніца

 

 

* * *

 

И равнодушная природа

Красою вечною сиять...

А. Пушкін

 

Пасля адлігі закруціў мароз,

Ударыла сляпая завіруха,

Шыпшыннік у гародчыку аброс

Празрыстым лебядзіным пухам.

 

Усё наўкола так, як і было,

І застанецца да сканчэння веку,

Як і даўней, на свеце правіць зло,

Зямля і неба — у палоне здзеку.

 

Атручаны даўно вада і суша,

Усё жывое гіне без надзей,

І страшна, што скалечаныя душы

Не д’яблам, а людзьмі — ў людзей,

 

А можа, Люцыфер кіруе намі?

Чаму тады глядзіць спакойна Бог,

Як здзекуюцца над яго сынамі

Яго ж сыны, а ўратаваць не змог?

 

Калі Ты ёсць, усемагутны Божа,

Зірні, як мы канаем на крыжы,

Калі сабе ажыць не дапаможам,

Ты злітуйся і нам дапамажы.

 

Магчыма, ён і чуе енк народа,

Але наўрад збавенне прынясе,

А мы і раўнадушная прырода

Знікаем у пакутах пакрысе.

 

Канчаецца дваццатае стагоддзе

У бойках, у нянавісці, ў крыві.

Апамятайся і сябе, народзе,

На мір і на любоў благаславі.

 

* * *

Разбурым усё, давядзём да нуля,

На месцы былога нічога не будзе.

Магчыма, праз век ачуняе зямля

І стануць людзьмі незалежныя людзі

Люты 1991

 

 

* * *

Мароз і снег. Над горадам дымы,

І сонца заінелае ў зеніце.

Лютуе люты, як і мы,

Заблытаныя у пякельным быце.

 

Узлёт паэзіі, высокі дух

Здрабнелі, захлынуліся ў нястачах,

Святы агонь душы амаль патух

І толькі тлее у жалобным плачы.

 

Падвопытны народ, заўжды распяты,

За што табе такі пакутны лёс?

Твой боль, твае цяжкія страты

Не вытрываў бы нават і Хрыстос.

 

Ні Ён, ні Бог за нас не заступіўся:

Амаль стагоддзе— меч над галавой,

Што ў барацьбе з народам не ступіўся,

І пахне вецер свежаю крывёй.

 

Калі ж пазбавімся ад вечнай мукі?

Мароз і снег. Над горадам дымы...

Хоць бы збавення прычакалі ўнукі,

Якога ўжо не прычакаем мы.

17/ІІ—92

 

 

* * *

Магчыма, гэта мой апошні снег

Завеяў сцежкі і чужую дачу,

Мне нейкі цень дарогу перабег

І напрарочыў новую няўдачу.

 

Самому крыўдна, што жыццё пражыў,

Не ведаючы, што такое святы,

Быў двойчы пад крыжом і на крыжы

Зняважаны, знявечаны, распяты.

 

Цярплю, бо распінаюць мой народ

Дзялкі і прайдзісветы так старанна,

І сорамна, што ўжо каторы год

У свеце нас завуць «Абсурдастанам»,

 

Бо выпаў нам такі няўмольны лёс,—

Жывём, нібы праклятыя на свеце,

Начамі захлынаемся ад слёз

І дзівімся, адкуль бяруцца дзеці.

 

Нарэшце зразумелі колькі гора

Прынесла легендарная «Аўрора».

15/ІІ—92

9-я бальніца

 

 

* * *

Як ні горка, а прыйшла вясна

І не зважае на мае праблемы,

Ужо дыміцца ў полі баразна,

Прадаюць на рынку хрызантэмы,

 

Трыпутнік ледзьве выбіўся з травы,

На луг наводзіць лотаць пазалоту,

Ляцяць з журботным крыкам журавы

На апусцелыя балоты.

 

Куды іх крылы лёгкія нясуць,

Нібыта самагубцаў без звароту?

Яны ж смяротны пыл не атрасуць

У зоне палыну і скруткаў дроту.

 

Хацеў парадавацца сонцу і вясне,

А здань бяды цікуе ля парога.

Канае дзень. На яве і у сне

З вясной прыходзіць новая трывога.

14/ІІ—92

9-я бальніца

 

 

* * *

 

Правда всегда опасна для власти

негодяев, эксплуататоров, граби-

телей. Вот почему правду подав-

ляют. Юджын Дэбс

 

 

I }я жыццё пражыў дарэмна

То ў марах, то у забыцці.

Мне часта сніцца гул турэмны

І трыццаць тры бяды ў жыцці.

 

Адна другую даганяла,

Штурхала ў вір, збівала з ног,

Абліччы розныя змяняла,

А я іх разглядзець не змог.

 

Гібеў і ўсё ж у нешта верыў,

Без веры дня пражыць не мог,

А лёс напаў шалёным зверам,

І мне ніхто не дапамог.

 

Я уставаў з апошняй сілы,

Адольваў гора і тугу,

Скаваны і даўно бяскрылы,

Вышэй узняцца не змагу.

 

Мая душа наскрозь настыла,

І ўсё знікае пакрысе.

Няхай да матчынай магілы

Мой попел вецер данясе.

16/ІІ-92

 

 

* * *

Усё праем, усё прадам

І застануся, як Адам,

Не ў раі, а ў пекле голы.

Ні ў хоры і ні сола

Не змагу прамовіць слова,

Бо наўкол — пера-бу-дова:

Чорны рынак, дзікі рок

Аднялі і слых, і зрок.

Пра ідэі і надзеі

Нам далдонілі зладзеі

І чыталі ўсім маралі,

Самі кралі, нас — каралі

І нарэшце давялі

Да спустошанай зямлі,

І пайшлі на ўсе бакі

З жабракамі жабракі.

10/ІІ—92

 

 

Неспакой

Ніяк не адчапіцца, не адбіцца

Ад дум і выпадковага радка,

Вярзуцца былі, часам небыліцы,

І да алоўка цягнецца рука,

 

Іх вусны, незалежна ад жадання,

Ўсё паўтараюць, быццам «Ойча наш»,

Так і няма ратунку да світання,

А здань былога, як няўмольны страж,

 

Напамінае мне усе пралікі,

Памылкі, недаробкі і грахі,

Няздадзеныя некалі залікі,

Заблытаныя сцежкі і шляхі,

 

Што сам сябе бязлітасна скалечыў,

Што ўсё выходзіла наадварот,

І узваліў на стомленыя плечы

Цяжар сваіх і не сваіх турбот.

 

Так з ночы ў ноч караю і караю

Сваю недасканалую душу,

Усё, што непакоіць, паўтараю,

А раніцай, як споведзь, запішу.

16/VIII—92

 

 

* * *

Маіх сяброў даўно няма на свеце,

А я жыву, а я яшчэ жыву,

І рады, што звіняць сініцы ў вецці,

І майскі водар кружыць галаву.

 

Я ашуканы быў атрутным тлумам,

І злосць наўкола, як палын, расла.

Я гаварыў заўсёды ўсё, што думаў,

І толькі не рабіў нікому зла.

 

Мяне нібыта часам шанавалі,

Але заўжды трымалі ўбаку,

Паціху непрыкметна дабівалі

І паціскалі ветліва руку.

20/ХІІ—92

 

 

* * *

Пытаецеся, колькі я пражыў

І што паспеў зрабіць на гэтым свеце.

Зрываўся я часцей на віражы

І быў заўжды ў кагосьці на прыкмеце.

Ратуючыся, зноў ляцеў у вір,

Лёс патушыў маіх надзеяў свечкі

І гнаў, як ачмурэлы канваір,

Што б’е без промаху і без асечкі.

 

Не бачыў я, калі сады цвілі,

Не чуў, як плачуць і смяюцца дзеці.

Жыў ці не жыў, і не было калі

Апамятацца, на якім я свеце.

 

З мяцеліцы ў завею я кружыў,

Каб вырвацца і з мітусні, і з тлуму.

Так і не ведаю, ці жыў я, ці не жыў,

А час прыйшоў і пра душу падумаць.

2/І—93

 

 

* * *

 

Бачыць несправядлівасць і маў-

чаць — гэта значыць самому

ўдзельнічаць у ёй.

Ж.-Ж Русо

 

Чаго мы не бачылі толькі,

Які мы не зведалі смак.

Мінаюць гады, але болькі

Не гояцца ў сэрцы ніяк.

 

Да трэцяга можна калена

Паклёпнічаць, біць, вынішчаць,

Судзіць і караць несумленна

І несумленна маўчаць.

 

Ад страху і злосці нямеюць

Майстры непрыкметна ўкусіць,

І толькі ў ахвяраў не ўмеюць

Яны прабачэння прасіць.

3/І—93

 

 

Чынадралы

Галодны, голы і разуты,

Халодны, бо няма мазуты,

Ідзе паволі ў белы свет

Вядомы некалі паэт.

Цяпер такія ганарары,

Што не прыдумаць горшай кары,

Бо за навелу і санет

Не купіш пачак сігарэт.

Затое чынадрал адпеты

Купляе шоўк, і бранзалеты,

І дыяменты, і каралы —

Усё запасаюць чынадралы.

На ўзлессі або ля ракі

Іх зіхацяць асабнякі.

А дзе ж яны так зарабілі?

Там, дзе і нас і вас дабілі.

З іх кожны прагны, кожны люты

Трымае ў сейфе стос валюты,

Вяртушкі мае, кабінеты,

І «мерседэсы», і манеты.

Чыноўнік кажа, што не крадзе,

Але за подпіс у нарадзе,

Што сам пячаткаю засведчыў,

Тры пакаленні забяспечыў.

Чыны — асобая парода,

 

Яго «ласкавая» рука

Здзярэ кашулю з жабрака.

Ён скажа: «Ў цёплую пагоду

Такую зацвярджаем моду».

Схаваўшы ў гардэроб дублёнкі,

Даводзіць: «Шкодна мець пялёнкі.

Няхай гартуюцца малыя,

Каб выраслі байцы ўдалыя,

Прыбудзе спрыт, адвага, сіла,

Папрыгажэе твар без мыла,

Не трэба вітаміны, лекі,

Пакуль яшчэ не ўсе калекі.

Калісьці раіў Фараон:

Пасціцца трэба трыццаць дзён,

Каб добра гартаваць натуру

І мець прыгожую фігуру.

Тады за год ці за паўгода

Усё здабудзем для народа

І цяжкасці усе адужым,

Бо так аддана людзям служым».

16/Х—91

 

 

Смага

У ліпені з ліп аблятаюць лісты,—

Спякота, і суша, і белае неба,

Гудуць, як гудрон, пад нагамі пласты

Гарачай парэпанай глебы.

 

Ні свежага ветру, ні кроплі расы,

Смуга і збялелае сонца ў зеніце,

Пустыя у неба глядзяць каласы,

Маўчаць перапёлкі, засмяглыя ў жыце.

 

Скруцілася лісце, нібы на агні,

На дубе, што век на самоце вякуе,

І толькі над полем каршун з вышыні

У жыце даўно перапёлку цікуе.

 

У студні, ў крыніцы — ні кроплі вады,

Любімае сонца за шчодрасць кляну я,

Бо сёлета нам не пазбыцца бяды,

Што кожнага з нас не мінуе.

 

Надыдзе зіма і сцюдзёнай, і поснай.

Няўжо Усявышні нас пусціць на звод

У гэты пакутны, сухі, высакосны,

Амаль што чарнобыльскі год?

27/VIIІ—92

 

 

Мара функцыянера

Хапай, рабуй і не саромся,

Але майго, глядзі, не руш,

А мала будзе, дабяромся

Да вашых змардаваных душ.

 

Забралі ўсё — зямлю і неба,

Сабе палацы узвялі,

А ў нас паціху хлеб, да хлеба,

І нават мову аднялі.

 

Ім трэба дзесяць слоў, не болей:

Рэклама, бізнес, банк, экспрэс,

Валюта, бартэр, ежы уволю —

Каньяк, ікра, балык і секс.

 

Астатняе за глупства лічаць,

А каб суцешыць мужыкоў,

Чэчэнцаў, асецін паклічуць

Або растоўскіх казакоў.

 

«Хай нехта вякае: «Ду-ша!»

Нам долары. Вам — ні шыша!

Вось!»

10/Х—92

 

 

Здані

Здаецца, што з кашмарных сноў

Вяртаюцца былыя здані,

Нам на пагібель зноў і зноў

Страшней за цвёрдае заданне.

 

Галеча, голад, смерць і кроў,

Разбой, рабункі і пажары,

І сцюжа дыхае з муроў

У чорныя ад гора твары.

 

Пагібель крочыць след у след...

Даўно без жаднае надзеі

Гібеем я і мой сусед,

А раскашуюцца зладзеі,

 

Дзялкі, хапугі, гандляры,

Фарцоўшчыкі і прайдзісветы

Дапялі да свае пары,

Дабіліся жаданай мэты.

 

Для нас — пагібель, ім — жыццё,

Памножанае на мільёны,

Сумленных гора, як асцё,

Даводзіць спакваля да скону.

 

Як занядбаны чалавек,

Маўчу, цярплю, ды не зміруся,

Што кінуты народ на здзек,

Што Беларусь — без Беларусі.

23/ХІ—93

 

 

Пасерабрыла сівізна

А я ж лічыў жыццё бясконцым,

Што буду вечна малады,

Што і на выцвілай старонцы

Пакінуць след мае гады.

 

Зірну ў люстэрка — не змяніўся,

Зіма мінула і вясна,

Але, выходзіць, памыліўся —

Пасерабрыла сівізна

 

І скроні і густыя бровы,

Ну, а душа? Душа гарыць:

Да слова слова ніжа слова,

Каб не маўчаць, а гаварыць,

 

І гавару, што набалела,

Што радуе і што баліць,

Каб толькі не маўчаць, а смела

Казаць, што кожны дзень смыліць.

 

Па радыё і з тэлекамер

Кажу, каб чулі з краю ў край,

Што душаць бруднымі рукамі

Народ дзесяткі чорных зграй.

 

Хачу, каб верылі нашчадкі,

Што некалі усё міне,

І толькі застануцца згадкі

Аб нашай горкай старане.

 

Стаптанай, змучанай, прыгожай,

Што гаравала век сама

На рубяжах і раздарожжах,

А за яе радней няма.

 

І не было, і век не будзе.

Час непрыкметна прабяжыць...

Мы знікнем, але будуць людзі

І Беларусь па-людску жыць.

29/X1—93

 

 

Першае чысло

Як рыку ашалелага асла,

Палохаюся першага чысла.

 

Снуюць чыноўнікі ў шыкоўных кабінетах,

Іх сцерагуць вярзілы у берэтах.

 

Тут не адзін укормлены узвод

Тых беражэ, што «дбаюць пра народ»,

 

Што галасіў за «мудры лад»,

Парламент і цвярозы ўрад,

 

Што на рабоце аж кіпіць да пены,

Каб першага чысла патроіць цэны,

 

Каб кожнаму набіць найбольш гузоў

І кошт узняць у тысячу разоў,

 

А жабраку на гузік і на лату

Узняць на два «зубры» зарплату.

 

Чыноўнікі стараюцца да поту

Сабе прыдумваць марную работу,

 

Нас абдзіраць з усіх бакоў

І суцяшаць мільёны жабракоў,

 

А прыхапкамі пасля «працы»

За лета збудаваць сабе палацы.

 

За тое, што яны трымаюцца пасад,

Мы кормім і Парламент і Урад,

 

Што ў нас забралі поснага масла,

А што ж адхопяць першага чысла?

 

Якое нас яшчэ чакае зло?

О, Божачка! Зноў першае чысло!

 

 

«Пакутнікам» за народ

 

Зрабіце ласку, не хварэйце за народ,

Ён сам ад ласкі вашае хварэе,

І з дня на дзень, і з году ў год

Ўсё скарачаецца і з голаду хірэе.

 

Зірніце, з торбамі спяшаюцца усе,

Штурмуюць і ларкі, і гастраномы,

Але ніхто нічога не нясе,

Бо пуста на паліцах, кашальках і дома.

 

«Рэформам» кожны быў спачатку рад,

Мы ўсе рублі на чорны дзень збіралі,

А чорны дзень прызначыў нам урад,

І ўсіх, як ліпку, злыдні абадралі.

 

Яны з трыбун крычаць: «Мы — за народ!

За ваша шчасце. Нашым планам верце!»

Аж захлынаюцца і крывяць рот,

А я малю: «Ад шчасця б не памерці».

 

Не бачаць злыдні нашае бяды,

За ўладу грызучыся ў цытадэлі.

Яны ад балбатні і ад нуды

Старых парадкаў вельмі захацелі.

 

«Інтэлігенты» ў першым пакаленні,

«Макрушнікі», «шасцёркі», «паханы»,

Каб толькі нас паставіць на калені,

Мільёны расстралялі без віны.

 

О, дзікі свет! Скажы, каму паверыць?

З якімі прайдзісветамі ісці?

Якою меркаю іх душы мераць,

Каго маліць, каго клясці?

 

Хто колькі варты? Што з іх кожны значыў,

Як ні стараўся, зразумець не змог,

Відаць, пакутнікамі кіраваць прызначыў

Люцыфер, а не мудры Бог.

 

Мы зведалі хлусню, кашчунства, здраду

На сотнях акрываўленых дарог,

Угневаны на змагароў за ўладу

Расплюшчы вочы, ўсемагутны Бог,

 

На Беларусь-пакутніцу зірні

І злітуйся, бо мы з Тваёй радні.

12/Х—93

 

 

І раманіст і лірык

Лірычная і чулая душа

Цяпер не варта ні граша.

Нікому лірыка не трэба,

Калі няма ні бульбы і ні хлеба,

Калі ў кватэрах хоць ваўкоў ганяй

І тысячы «зайцоў» на долар памяняй.

Трашчаць ад мяса і калбасаў рынкі,

Любуйся і глытай ад смагі слінкі,

Прамовы урадоўцаў слухай,

Патыліцу і лысіну пачухай,

Калі зацятыя змаганцы

Грызуцца за выгоды на «трасянцы»,

Упартыя, як тое пагалоўе,

Усё за дзяржаўнае двухмоўе,

Бо выракліся мовы роднай

І добра не валодаюць ніводнай.

Не трэба ім тэатры і культура,

Абы жыла наменклатура,

Бо ўеўся ім да самых нырак

І раманіст, і чулы лірык.

Мільёны ў іх для уласнай касты,

А раманісту — цюбічак зубное пасты.

Вось і гадай — чыя душа

Цяпер не варта ні граша.

5/V—92

 

 

У тупіку

Дзялок, нячысты на руку,

Даўно жыве ў асабняку,

Ў Камуністычным тупіку.

Ён быў чэкістам, трохі катам,

Пасля увішным бюракратам,

З тае элітнае пароды,

Што мае ўсе узнагароды.

Цягнуў аднойчы на «Героя»,

Але было старэйшых трое...

Цікава, кім ён стаў цяпер,

Без cакратаркі, і папер,

І ўсемагутнае вяртушкі,

І ўжо не дагаджаюць служкі,

Калі няма казённых «ЗІМаў»

I плоймы ўвішных падхалімаў?

А што пазбавіўся пасады,

Ён раздабрэў і нават рады,

Сабраў ён колішні актыў,

І вось вам — кааператыў.

У тупіку прачнуўся зранку,

Бо ўжо рахунак ёсць у банку.

А грошы? Робяцца з паветра

І лічацца на кіламетры.

Ён некалі аптовым базам

Даваў усім заданні разам:

Ён іх трымаў, яны — яго

(Вядома, што не аднаго).

Загадчыкі там не святыя,

Галоўнае — ўсё тыя, тыя.

Змяніў пасаду толькі ён

На фірму з назвай «Балабон».

Ён звоніць з раніцы на базу

І вырашае ўсё адразу.

Пасля «актыў» на Камароўцы,

Хто ў куртачцы, а хто ў вятроўцы,

Расклалі джынсы і дублёнкі,

Сукенкі, фінскія пялёнкі,

Касеты, магнітолы, плёнкі.

Дзялкі і цэны — лібералы,

А людзі клічуць «АББІРАЛЫ»,

Бо грошы робяцца з паветра

Даўно у фірменнага «мэтра».

Зубрыў ён Марксаў «Капітал»,

Цяпер свой мае капітал

І не застаўся убаку,

Хоць і не чысты на руку,

І цешыцца ў асабняку

Ў Камуністычным тупіку.

6/ІХ—9І

 

 

Мана

Не ведаю, чыя віна,

Што распаўзлася так мана

У доўгіх нудных справаздачах,

У кабінетах і на дачах.

Сын хлусіць маці, маці — сыну,

Нявінную зрабіўшы міну.

Звычайна памаўзлівы муж

Выкручваецца, быццам вуж.

А з кім грашыў?

З чужою жонкай

Пад дараванаю дублёнкай.

Мана такая — паўбяды,

Бяда, што доўгія гады

Хлусня перапаўзае ў зводкі,

І страты лічаць за знаходкі:

Прыпісваюцца два нулі,

Каб толькі процанты былі.

За імі з’явяцца рашэнні,

І будуць грошыкі ў кішэні.

Выкручвацца гультайства мусіць,

Бо робіць брак і хлусіць, хлусіць

Сябрам, начальству і заводу,

А ўрэшце — усяму народу.

Хлусні страшэнная хвароба

Вузлом звязала бракароба.

Палац будуе,— здаў барак,

З пальто ад сілы выйшаў фрак,

І кажа: «Не мая віна,

Што на яго расце цана».

Касцюм, што выштукаваў ён,

Вісіць, нібыта балахон.

Зноў скажа — не яго віна.

Ці не зашмат было віна?

Ён ледзьве поўзаў, быццам рак,

Хаваў чужы і ўласны брак.

Цяпер для ўсіх не навіна,

Што зверху сыплецца мана,

Заместа манны ў нас яна

Усталявалася здаўна.

Хто толькі дбае пра сябе,

Апошняе з-пад нас грабе,

Каб нам хутчэй пайсці на дно...

 

А берага і не відно.

26/VI—91

 

 

Гонар Беларусі

Зямля мая ад Буга і да Сожа,

Ты мне за ўсё на свеце даражэй.

Няхай цябе усемагутны Божа

І нас, і наша поле беражэ.

 

Народ не будзе болей анямелым,

Ніколі нас не ашукае зброд.

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Здабудзе шчасце наш народ.

 

Мы гаравалі звеку і давеку,

А мову і сумленне збераглі,

Змагаліся за волю чалавеку

Святое беларускае зямлі,

 

Каб назаўсёды прашчуры і дзеці

У нашым светлым доме і ў гасцях

Пранеслі гонар Беларусі ў свеце

І бел-чырвона-белы сцяг,

 

Каб узмужнела воля у народзе

І расцвіла зямля, як сад.

І Беларусь свабодная ўзыходзіць

На вечны і пачэсны свой пасад.

24/ІХ—91

 

 

Век

 

Гляжу на прошлое с боязнью,

Гляжу на будущность с тоской.

М. Лермантаў

 

Ну, вось і канчаецца век ашуканства.

А што прынясе дваццаць першы? Даўгі,

Злачыннае панства, злачыннае п’янства.

Цярпенне бясконцай жабрацкай чаргі.

Спакусліва падаюць яблыкі з дрэва,—

У свет немаўляты прыходзяць штодня,

Начамі сучасным Адамам і Евам

Трызняцца Чарнобыль, Афган і Чэчня.

 

Нам д’ябал бяду за бядой напрарочыў:

Сатлелыя косці у танках чадзяць,

Нанятых забойцаў здзічэлыя вочы

Праз мушкі ў патыліцы нашы глядзяць.

Ніхто не прызнаецца ў сённяшнім шале,

Што прагне нявіннай крыві і пакут

Хлапцоў і дзяўчат, што учора кахалі,

А сёння глынае пражэрлівы спрут.

 

У муках канаюць старыя і дзеці,

Знікаюць мільёны ў крывавым віры.

Выходзіць, што самымі мірнымі ў свеце

Свой век дажываюць лясныя звяры.

Баяцца яны, што ушчэнт даканаем

Баброў, ваўчанят і сівога зубра.

Калі ж і над нашым зажураным краем

Узыдзе шчаслівая зорка Дабра?

Так блізка наступнага веку світанне.

Чым стрэне яго мой знявечаны люд?

Не, шчасця не будзе нам без пакаяння,

Крыві не даруе Гісторыі суд.

8/ІІІ—95

 

 

Салаўіны плач

Не ўцяміць адразу і што гэта значыць,

Чаму салаўі не спяваюць, а плачуць,

Не зычаць зязюлі наступных гадоў

І не суцяшаюць ні дзетак, ні ўдоў?

Напэўна, яны невядомае нацыі,

Убачылі гора і жах радыяцыі.

Чаму забуялі і чэмер, і блёкат,

Чаму юнакі пакаціліся ўпокат

І у нябыт адыходзяць навекі?

Чаму выміраюць крыніцы і рэкі?

Усё ад бяды, ад бяды, да — бяды.

Чаму, як шкляныя, звіняць жалуды?

Чаму на пялёсткі зрудзелае руты

Вясной асядаюць расінкі атруты,

Як чорныя воспіны, ўзвеяны пыл

Ляціць ад калысак да ранніх магіл?

Лісты ападаюць вясной у гаі,

І жаласна плачуць у ім салаўі.

Не чутна улетку пчалінага звону?

Іх ветры загналі ў палынную зону,

І дзяцел пакінуў ссівелы гушчар,

Бо кожнае дрэва страшней за анчар.

Кашчавая хіжымі пальцамі клацае,—

Збірае багаты ўраджай радыяцыя.

Як здані, блукаюць у полі аратыя,

Паціху пытаючы: «Дзе ж вінаватыя?»

30/IV—95

 

 

* * *

Пакуль агеньчык не патух,

Віецца дальняя дарога,

Але штодня вузее круг,

А ўперадзе няма нічога.

 

Пакуль гляджу на белы свет,

Пакуль няроўна сэрца б’ецца,

А спыніцца,— апошні след

І на пяску не застанецца.

 

Усё прыходзіць без пары,

Азмрочвае жалоба святы,

Знікаюць лепшыя сябры,

І страты памнажаюць страты.

 

У нейкі дзень календара,

Не за далёкімі гарамі,

Надыдзе і мая пара

Сустрэцца з даўнімі сябрамі.

 

Апошніх ракавых гадзін

Ніхто не ведае ніколі,

Калі адзін, зусім адзін

Ён знікне, як пясчынка ў полі.

20/II—9/IV—95

 

ПЕРАКАЗЫ З РОБЕРТА БЁРНСА

 

Надпіс на папяровых грашах

Я праклінаў шматок паперы,

Бо ён суровы быў без меры:

ён разлучыў мяне з каханкай,

З шынком, сябрамі, грогу шклянкай.

Ён кідае сумленны люд

У голад, у жабрацтва, бруд.

 

Я бачыў, як шчаслівы злодзей

Рабуе бедных пры народзе.

Ён мой спрадвеку люты вораг,

Яго я струшчыў бы на порах,

Але яму — ўсе насцеж дзверы,

Бо Ўрад яму даў шмат паперы.

 

Каб гэты перажыць падман,

Хоць ты ўцякай за акіян.

 

Надпіс на алтары незалежнасці

 

Хто незалежны, вольны, горды,

Сумленны і рашуча цвёрды,

Каго натхняе барацьба

За волю і за лёс раба,

Хто ставіць ката на калені

Па волі ўласнага сумлення,

А ў сэрцы — неастылы жар,

Таму вароты — насцеж на алтар.

 

 

Адказ вернападданым

Вы верныя трону, нібыта авечкі,

Балюеце, ставіце Іраду свечкі,

Вас хутка нянавісць народа дагоніць,

І хто вас ад кары тады абароніць?

 

 

Помнік, пастаўлены Бёрнсам на магіле Роберта Фергюсона

Ні урны няма, ні ўрачыстага слова,

Лісты да магілы засыпалі след,

. І толькі нячэсаны камень суровы

Гаворыць: «Шатландыя, тут — твой паэт».

 

 

Надпіс на магіле школьнага педанта

 

«Узяць у пекла,— быў загад,—

Таго, што так вучыў дзяцей,

І там, бясспрэчна, з чарцянят

Ён навыхоўвае чарцей».

 

Джонсану

Дзялкі мацёрае пароды

Клянуць свабоду і да гэтых дзён,

Калі ж стаў геній ворагам свабоды,

Самазабойца ён.

 

 

Перакладчыку Марцыяла

О ты, каго паэзія прагнала,

Хто ў прозе двух радкоў не склаў,

Ты чуеш крык паэта Марцыяла:

«Ратуйце, гвалт! Мяне ён пераклаў!»

 

 

Радкі пра вайну і каханне

Прыкрыты лаўрамі разбой,

З крывёй, з паходнаю трубой

Не варты анізвання.

Я кроў гатоў аддаць сваю

За жыццятворчасць, што пяю,

І што завуць каханнем.

Я слаўлю мір, і моц яго,

І радасць, і дастатак.

Стварыць прыемней аднаго,

Чымся забіць дзесятак.

 

 

Аб кепскіх дарогах

Я дабіраўся ўплаў і ўброд

І ўсё маліўся Богу,

Чаму ж не любіць наш народ

Рамантаваць дарогу?

 

Хай з Бібліі адзін радок

Запомняць грэшныя народы,

Каб іх гультайскі гарадок

У пекле не гарэў заўсёды.

 

 

Да партрэта Роберта Фергюсона, шатландскага паэта

Пракляцце тым, што, як звяры і чэрці,

Далі паэту з голаду памерці.

Старэйшы брат мой па служэнню музам,

Ты ледзьве дыхаў пад смяртэльным груза

Я ўспамінаю твой трагічны лёс

І горка плачу, хоць не маю слёз.

Чаму пясняр і ў змроку забыцця

Так адчувае хараство жыцця?

 

 

Дзяўчыне маленькага росту

Таму і меншы мой алмаз

За слуп гранітны на магіле,

Каб, паглядзеўшы, кожны раз

У сто разоў яго цанілі.

 

Люстэрка

Ты называў мяне савой,

І думаў пра сябе, што нешта значыў,

Бо ты ў саве адбітак свой,

Як у люстэрку, бачыў.

 

 

Да партрэта

Ягоныя вочы не хлусяць

І пазіраюць так як след,

Але яны прызнацца мусяць,

Што гаспадар іх прайдзісвет.


1979; 1987; 1989; 1991-1995

Тэкст падаецца паводле выдання: Грахоўскі С. Недапісаная кніга: Вершы. Мн.: Маст. літ., 1996. -271 с.