epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Ружовы ветразь

 

Позняй восенню ў пісьменніцкім Доме творчасці было ціха: гаварылі напаўголаса, ледзь чутна ступалі па дывановых дарожках. Толькі ў некалькіх пакоях стракаталі машынкі. Рэшту — займалі шахцёры. Відаць, многія нудзіліся без гучнай музыкі, танцаў і вясёлых песень. Толькі вечарамі ў падобным на вялізны акварыум холе дазвалялася ўключаць тэлевізар. Нават на перадачах футбола і хакея гарачыя балельшчыкі стараліся стрымліваць эмоцыі, каб не перашкаджаць аўтарам будучых кніг. За шклянымі сценамі гайдаліся стромкія сосны, даносіўся прыглушаны хлюпат прыбою і трывожны крык чаек.

Перад захадам сонца па пругкім прыбярэжным пяску курортнікі гулялі парамі, групкамі і па адным: дыхалі марскім паветрам і «нагульвалі» апетыт. На водмель марудна накочваліся хвалі. У промнях вечаровага сонца затока здавалася то ружовай, то бэзавай. На небасхіле гусцела сінеча і разлівалася па ўсёй прасторы, а праз нейкі час бляклі фарбы, і мора залівалася сырадоем у скалачках залацістых хваляў.

Чайкі з крыкам кружыліся над берагам, імкліва падалі на ваду, састрыгалі крыламі загусцелую плынь, узляталі ў пабляклае неба, губляючы з пер’я буйныя кроплі вады.

Вузкая паласа пляжа пераходзіла ў хвалістыя пясчаныя дзюны, зарослыя чырвоным ракітнікам, ядлоўцам і старымі счарнелымі хвоямі. Зменліва-хісткі прастор затокі зачароўваў кожнага: хацелася ісці і ісці, глядзець, як мяняецца марское бязмежжа, і дыхаць настоем жывіцы.

Насустрач мне ішоў невысокі, заўсёды маўклівы Іван Фёдаравіч. Мы з ім тройчы на дзень сустракаліся за адным сталом, жадалі адзін аднаму прыемнага апетыту, раіліся, што заказаць на заўтра, і разыходзіліся да наступнай сустрэчы ў сталовай. Пагаварыць ці бліжэй пазнаёміцца ўсё неяк не выпадала. Часцей за ўсё ў дамах адпачынку людзі разгаворацца і пасябруюць, калі пара ўжо раз’язджацца.

Было Івану Фёдаравічу гадоў сорак пяць. Густыя бровы крыламі разляталіся над круглымі антрацытавай чарнаты вачыма, а густа прысоленая сівізною галава здавалася ўціснутаю ў шырокія плечы. Землякі з Іванам Фёдаравічам віталіся з падкрэсленаю павагаю, а ён часцей трымаўся ў сціплай адзіноце.

Па беразе мы пайшлі разам. Гаварылі пра надвор’е, любаваліся зменлівымі фарбамі затокі, сачылі за лётам чаек. Я прызнаўся, што ніколі не даводзілася бываць у вугальных шахтах і не ўяўляю сабе працу сучасных шахцёраў.

— Усё механізавана з верху да нізу. Я і працую якраз галоўным механікам шахты,— коратка адказаў ён і змоўк.

Хацелася разгаварыцца, пачуць нешта цікавае, невядомае мне.

— Скажыце, а цяпер часам здараюцца аварыі ці выбухі ў шахтах?

— Бываюць... хоць не часта.

Памаўчаўшы, Іван Фёдаравіч паглядзеў на мяне і загадкава ўсміхнуўся:

— Мне, напрыклад, ужо была заказана труна, пірамідка з імем і прозвішчам і дзве даты праз рысачку. Вянкі з чорнымі стужкамі стаялі ў шахткоме. Адным словам, нарабіў я клопатаў прафсаюзу: доўга не маглі спісаць сродкі, адпушчаныя на маё пахаванне.

Я зірнуў на Івана Фёдаравіча як на жартаўніка ці чалавека з таго свету. Мне ўпершыню давялося гаварыць з тым, хто бачыў сваю дамавіну. А ён не спяшаўся расказваць — заінтрыгаваў і маўчыць сабе. Прыспешваць пытаннямі не выпадала, хоць ведаў, што не адступлюся, пакуль усё не распытаю.

Моўчкі прайшлі па вільготным пругкім пяску, і Іван Фёдаравіч загаварыў:

— Выклікалі мяне неяк да сапсаванага камбайна. Палазіў, пакорпаўся. Бачу, аднаму не даць рады. Загадаў хлопцам разбіраць транспарцёр, а сам пайшоў да тэлефона выклікаць слесара. Толькі ўзяўся за трубку, чую — стойкі трашчаць і накочваецца глухі гул. Не паспеў азірнуцца, а яно як вухне, як загрукоча, і—і паляцеў я адразу ў самае пекла. Хацеў крыкнуць хлопцам,— язык адняло, ні рук, ні ног не чую, толькі ўсярэдзіне агнём смаліць. Сам не ведаю, жывы ці мёртвы. Але калі смаліць, значыць, жывы. А хлопцы? Што з імі? Думаю, а крыкнуць не магу.

Потым ужо даведаўся, што іх дасталі ў той жа дзень. Ні сіняка, ні драпіны не было ні на адным: парода асунулася на камбайн, а яны як ляжалі каля транспарцёра, так і засталіся ў закутку. Да мяне ж дабіраліся аж трое сутак. Ніхто і не спадзяваўся, што жывы механік. Нават дамавіну да клеці падвезлі. Тады і ўбачыў яе.

— Уяўляю, колькі за гэтыя дні перажыла ваша жонка,— не ўтрымаўся я. Іван Фёдаравіч нібы не пачуў мяне.

— А замест могілак прыйшлося везці ў бальніцу: разрыў страўніка, пералом чатырох рэбраў... Што хаджу з вамі і любуюся гэтаю прыгажосцю, абавязаны нашаму хірургу Алегу Карпавічу. Тры аперацыі мы вытрымалі з ім: я пад наркозам нічога не чуў, а ён, казалі, з ног валіўся. Дзесяць дзён нават кроплі вады не давалі. Вось гэта была разгрузачка. Язык зашэрх, як суконка, смага агнём паліла, але трываў. Доктар папярэдзіў: «Глыток вады — смерць». Калі з пекла вылез, другі раз паміраць неахвота. А трохі ачуняў, першымі прыйшлі хлопцы, з якімі разам заваліла. З парткома, з прафсаюза наведвалі. Не прыходзіла толькі жонка. Пачаў дапытвацца, што з ёю. Кажуць, з перапалоху занядужала. Гавораць, а самі адварочваюцца.

Аднойчы зайшла ў палату мая былая практыкантка, выпускніца горнага інстытута. Тоненькая — двума пальцамі перашчыкнеш. Сядзе на табурэцік, расказвае пра шахту, бядуе, што мой намеснік закруціўся зусім, што ўсе чакаюць мяне. Зачасціла, ледзь не кожны дзень: булёны і кампоты прыносіць, кветкі на тумбачку ставіць. Прычэша, часам так пяшчотна правядзе далонькай па маёй асцюкаватай шчацэ, што аж дрыжыкі проймуць. Але, бачу, і яна нечага тоіцца.

Калі трохі акрыяў і пачаў садзіцца, Алег Карпавіч паляпаў па плячы і кажа: «Вы, відаць, у кальчузе радзіліся. Дзякую, што добра нам памагалі выцягваць вас з таго свету. Каб не ваша вытрымка, наўрад бы справілася медыцына. Цяпер вам жыць і жыць. Лічыце, другі раз нарадзіліся... Спадзяюся, хопіць у вас вытрымкі яшчэ на адзін удар. Не хвалюйцеся, не такі і страшны, як першы... Бачыце, сябры вашы не адважваюцца сказаць, таму даручылі мне гэтую непрыемную місію. Адным словам, жонка вашая не вартая турбот і хваляванняў. Як толькі здарылася гэтае няшчасце, яна забрала дачку і рэчы, замкнула кватэру і некуды з’ехала з нейкім чалавекам. Так што трымайцеся, Іван Фёдаравіч...»

Прызнацца, я і сам здагадваўся, што не хвароба трымае яе. З ёю мы даўно былі чужыя: я да ночы прападаў на шахце, а яна любіла хораша прыбрацца і пагуляць у вясёлай кампаніі. Працавала яна ў гандлі. Часта прыходзіла расчырванелая ад віна — то ўдала прайшла рэвізія, то адзначалі дзень нараджэння дырэктара магазіна. Таму навіну гэтую вытрымаў спакойна. Адно хвалявала: што з дачкою, дзе яна, як ёй там?

Выпісалі мяне позняй восенню. Пустыя пакоі зараслі пылам, у шафе целяпаліся парожнія вешалкі, на кухні стаяла закарэлая талерка і дзве нямытыя шклянкі. Горкая адзінота агарнула мяне.

Але доўга сумаваць не прыйшлося. Надвячоркам асцярожна дзынкнуў званок. На парозе стаяла Зоя, тая самая мая колішняя практыкантка. Разгубленая, нясмелая. І я разгубіўся: стаім і маўчым. Яна трымае ў руцэ поўную авоську і нібы апраўдваецца: «Зайшла ў бальніцу, а вас, кажуць, выпісалі. Ведаю, хадзіць яшчэ нельга, значыць, седзіцё галодныя. Дык вось тут перакусіць прынесла».

Нарэшце правёў яе ў кухню. Агледзела яна ўсё, пакруціла галавою, закасала рукавы сіняй спартыўнай кашулі, адшукала анучу, наліла ў мядніцу гарачай вады і ўзялася наводзіць парадак. Я памкнуўся памагаць, а яна і не блізка — выправадзіла мяне ў другі пакой і загадала не заходзіць, пакуль не пакліча.

Я чуў, як бразгаюць накрыўкі, хлюпае вада і тупаюць босыя ногі. Праз паўгадзіны Зоя паклікала мяне. Усё аж зіхацела на кухні. У шклянках дыміўся чай, на талерцы раскладзены бутэрброды. За вячэраю яна пераказвала пасялковыя навіны, гаварыла пра справы ў аддзеле і ні слова не сказала пра маю адзіноту. Пасля вячэры зазірнула ў астатнія пакоі. «Лічыце мяне сваім цімураўцам. Калі дазволіце, заўтра навяду парадак і тут. А раніцай прынясу сняданне».

Я, напэўна, выглядаў круглым ёлупнем перад ёю. Нават падумаў, можа, сапраўды камсамол даручыў ёй даглядаць адзінокага хворага механіка.

Іван Фёдаравіч спыніўся. З-за воблака выкацілася вялікае барвовае сонца і падпаліла ўвесь небакрай густым полымем. Марская далячынь залілася растопленай меддзю, да ног падкочваліся загусцелыя хвалі. Недзе па радыё піскнулі тры кароткія сігналы дакладнага часу.

Мы заспяшаліся на вячэру. Іван Фёдаравіч змоўк.

— А што далей? — пацікавіўся.

— Далей? Хутка пераканаўся, што быў сляпы і дурны. Ледзь не страціў сваё шчасце. Праз тыдзень Зоя асталася ў мяне, не чакаючы разводу, не заручыўшыся шлюбным пасведчаннем. Я ўпершыню адчуў дома цеплыню і святло, адкрытасць і шчырасць, давер і павагу. Раней ніколі не спяшаўся з работы, каб не чуць папрокаў і звадак. Цяпер адразу бег дадому: мяне чакала, мне заўсёды радавалася яна.

У нас з Зояю двое дзетак — сын і дачушка. Праўду кажуць: «Не было б шчасця, ды няшчасце памагло». А так бы пакутаваў увесь век.

— А з першаю дачкою сустракаліся?

— Праз паўгода яна прыехала да мяне і засталася з намі. Не, на маці яна не скардзілася. Адно сказала: «Больш не магу. Кожны вечар гулянкі, песні і скокі пад магнітафон. Збіраюцца толькі «патрэбныя» людзі, а мне гідка глядзець на іх. І займацца не даюць».

Цяпер яна вучыцца ў Варашылаўградзе на інжынера. Таксама будзе гарняком. Вельмі любіць браціка і сястрычку, а з Зояю найлепшыя сяброўкі: сукенкі адны носяць, і сакрэты ў іх свае. Так дружна і жывём...

Да самага дома мы маўчалі. Некалькі разоў прыпыняліся паглядзець, як згасае, мяняе колеры і блякне мора. Далёка на небасхіле гайдаўся тоненькі пругкі ветразь. Іван Фёдаравіч доўга глядзеў яму ўслед і ціха сказаў:

— Падобен на яе.

Мне ўявілася неспакойная, імклівая, як ружовы ветразь, жанчына. Я глядзеў на дачасную сівізну на скронях Івана Фёдаравіча, на яго камлюкаватую постаць. А побач праходзілі незнаёмыя людзі. У кожнага сваё жыццё, свой лёс, магчыма, варты рамана ці паэмы. Толькі трэба ўважліва прыглядацца і ўмець слухаць кожнага чалавека.


1985-1987?

Тэкст падаецца паводле выдання: Грахоўскі С. Сустрэча з самім сабою: Лірыч. проза: Для ст. шк. узросту/Маст. В.Сідарава.- Мн.: Юнацтва, 1988.- 316 с., [8] л. іл.