epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Грахоўскі

Такія сінія снягі

КРЫЖАВЫ ШЛЯХ
МУСІШ ІСЦІ
НОВАЯ «СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ»
ЧАТЫРЫ СЛУПЫ ДА СУСТРЭЧЫ
«ДЭР МАН»
НОВЫ ГОД
ТРЫВОГІ КОЖНЫ ДЗЕНЬ
ЗМЕЙ ГАРЫНЫЧ
ЗЛАВЕСНЫ ЗЯМЛЯК
ДОМАЎЛАСНІКІ
КРАМЛЁЎСКІЯ КУРАНТЫ


 

Ну ж і трывушчы мы народ.

За што? За нейчую памылку

Адгаравалі дзесяць год

І трапілі навечна ў ссылку.

 

У густых пераспелых таежных малінніках трапіў мядзведзь у бяду. Прыкручаная ланцугом да асіны пастка прышчаміла пярэднюю нагу. Ён роў ад болю, грыз ланцуг, цягаў вакол камля вялізную пастку, а вылузацца — аніяк. Знясілены мядзведзь узяўся грызці зашчэмленую лапу.

Ён цярпеў боль, душыўся густою ўласнаю крывёю, крышыліся клыкі аб цвёрдую костку, а ён цярпеў і грыз, грыз і цярпеў. Паднімаў і трос двухпудовую пастку, каб хутчэй адвалілася недагрызеная лапа. Ён грыз зноў, пакуль не зваліўся на бок і не адчуў, што вольны.

Адлежаўся, адстагнаўся, адгаласіў свой боль, толькі рэха жудаснага адчаю перакочвалася ў змроку тайгі. Мядзведзь ляжаў і доўга залізваў скрываўленую куксу, ад смагі зашэрхлым языком хапаў спелыя маліны, абвостраным слыхам лавіў кожны шэлест і рып, трапяткімі ноздрамі трывожна ўцягваў паветра. Адлежаўся, устаў і пайшоў на задніх лапах, матляючы, як паходняю, ружоваю косткаю. Ён працерабіў у гушчары цэлую прасеку і сышоў на волю ў недасяжныя нетры тайгі, далей ад людзей і небяспекі, бо даражэй за волю нічога на свеце няма.

Хто не трапляў у пастку, хто не глядзеў на неба, сонца і зоры праз краты і калючы дрот, той не ведае, што такое ВОЛЯ.

 

КРЫЖАВЫ ШЛЯХ

Нават воўк, выпушчаны з клеткі, адразу не можа адважыцца пабегці. І я доўга хадзіў, азіраючыся: дзесяць гадоў за калючым дротам і пад канвоем пакідаюць след не толькі ў сэрцы, а і ў характары.

Пасля дзесяці гадоў няволі я хадзіў і не мог нахадзіцца, надыхацца воляю, налюбавацца небам і зялёнымі прасторамі, не мог не адчуць сябе шчаслівым на адзіноце. Шчасце і радасці былі адносныя, бо жыў яшчэ з «наморднікам» — пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў усё яшчэ трымалі на прывязі. Але мне шанцавала на добрых людзей. Яны памаглі мне аднавіць дыплом, дазволілі выкладаць рускую (толькі рускую) мову і літаратуру ў сярэдняй школе невялічкага, пакалечанага вайною мястэчка Урэчча на Случчыне.

Цяжка, беспрытульна, голадна і холадна было на тым часе нанава пачынаць жыццё на голым месцы сярод чужых, але спагадлівых людзей. Затое я быў вольны, захоплены працаю ў школе, сагрэты ўвагаю маіх вучняў. Побач была маленькая, дружная і цярплівая сям'я.

А як я акрыяў, калі ў 1947 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі зняў з мяне судзімасць, як захацелася жыць, натхнёна працаваць, верылася, што будзе ўсё лепш і лепш. Я быў класным кіраўніком дзесятага класа, сябраваў са сваімі вучняміпераросткамі і іх бацькамі.

І ўсё ж трывога не пакідала ні на дзень. Адчуваў, што мною вельмі цікавяцца «камандзіровачныя» з раёна ў хромавых ботах, у цывільных паліто і кепках. Брат маёй вучаніцы працаваў на нафтабазе і надта ж цікавіўся, як я жыву, спагадаў нашай беднасці, нібы распытваў пра сястру і нечакана задаваў правакацыйныя пытанні, заўсёды ветліва ўсміхаўся мне, загаварваў, набіваўся на паслугі. А я здагадваўся, што яму ад мяне трэба.

У снежні 1948 года кватэрная гаспадыня Пальчэўскага прыслала мне з Рудзенска некалькі трывожных радкоў: «Ваш друг Алесь арыштаваны і адпраўлены ў Мінск». У студзені арыштавалі нашага выдатнага выкладчыка-эрудыта Рыгора Мазавецкага. Да гэтага ён адбыў 10 гадоў у Нарыльску. Сям’я жыла ў Маскве, а ён знайшоў прытулак у сястры і ў нашай школе. Увесь час я перапісваўся з Барысам Мікулічам. У красавіку не прыйшло ніводнага ліста. І яго забралі ў Мінск.

Кола звужалася, работа валілася з рук, ад гулу кожнай машыны ўздрыгваў, і шчымела сэрца. Адчуваў, што прыйдуць і па мяне. Хацеў, каб хутчэй, бо самае страшнае — чакаць немінучай бяды, тыднямі не спаць, баючыся звар’яцець. Да нас пераехалі Аліны бацькі. Радавацца б, але трывога расла і расла. Кажуць жа, што бяда не ходзіць адна: 9 мая раптоўна памерла зусім яшчэ маладая жончына мама. Яе пахавалі на могілках каля самае нашае хаты.

19 мая свяціла сонца, у гародчыку на кустах бэзу гулі чмялі, а я пісаў прыклады для граматычнага разбору на выпускным экзамене і збіраўся ісці на кансультацыю да сваіх вучняў. Але так яны кансультацыі і не дачакаліся. На парозе мяне запынілі маёр Ушакоў і капітан Шаўцоў. Прад’явілі ордэр на «обыск и арест» і ўзяліся перабіраць мае кніжкі, сшыткі і планы ўрокаў. Але нечага не знаходзілі. Нарэшце спыталі: «Где вы прячете белорусские книги?» — «А хіба беларуская літаратура забаронена, што яе трэба хаваць? Яе ў мяне няма, бо выкладаю рускую мову». — «Нам известно. Не притворяйтесь». Можа, каб знайшлі Купалу ці Коласа, падабралі б для мяне больш грозны артыкул у кодэксе.

Пад вечар мяне вывелі з хаты. Маю арыштанцкую торбу ўзяў на плячо цесць, Аля вяла заплаканую дачушку. Я спыніўся каля могілак і пайшоў развітацца з магілаю цешчы. Шаўцоў памкнуўся затрымаць, але на нас глядзела многа людзей з адчыненых вокан, праз брамкі і веснічкі. Мы ішлі доўгаю местачковаю вуліцаю да сельсавета пад поглядамі здзіўленых суседзяў. Што яны думалі? Якім злачынцам лічылі мяне?

Да сельсавета збегліся вучні, спыняліся местачкоўцы, выбягалі з крамы і сталоўкі цікаўныя паглядзець на арыштанта-настаўніка. Я развітаўся са сваімі і гучна сказаў: «Я ніколі ні ў чым не быў вінаваты». — «Прекратите агитацию!» — перабіў капітан у блакітнай фуражцы і зачыніў за мною борт грузавіка. Увесь натоўп махаў мне рукамі. Праз многа гадоў у тым жа Урэччы мне расказвалі, што хадзілі чуткі, нібыта ў школе працаваў шпіён, закінуты варожаю разведкаю.

Я ў кузаве трохтонкі ехаў у Мінск. Зноў — даўно знаёмая «амерыканка», доўгія калідоры і — дзверы, дзверы кабінетаў следчых, зноў рукі назад і перасвіст «вывадных». Маладзенькі лейтэнант Пронін (?) гартае маю справу 1937 года з грыфам «Хранить вечно». Ну як тут не заганарыцца ? Такая важная справа, што будуць захоўваць вечна! Гаварыць нам не было пра ш го. малапісьменныя «данясенні» ўрэцкага сексота скампраметаваць мяне не маглі, даўнейшыя абвінавачванні я адмёў адразу. Гэта зразумеў і следчы. А мяне ўсё ж трымалі. Пераводзілі з турмы ў турму, з камеры ў камеру, трымалі разам з былымі паліцаямі і старастамі, за «непаслушэнства» кідалі ў карцэр.

Пад восень «следства» закончылася суцяшэннем: «Судзіць вас няма за што і судзіць не будзем, толькі прыйдзецца перамяніць месца жыхарства».

Я абурыўся, што мяне ашальмавалі перад вучнямі, іх бацькамі, перад людзьмі, якія ведалі і верылі мне. Пытаўся: дзе, калі, у якой краіне, па якому заканадаўству двойчы караюць за адно і тое ж? А я ж не зрабіў ніякага злачынства, з мяне ж знятая судзімасць. Са мною згаджалася прадстаўнік пракуратуры, сама запалоханая жанчына, па прозвішчы Мультан і спасылалася на нейкую дырэктыву зверху пра ізаляцыю ўсіх раней засуджаных па палітычных абвінавачваннях.

Мне абвясцілі рашэнне «Особого совещания НКВД СССР» аб высылцы ў Новасібірскую вобласць. І я другім наваратам пайшоў асвойваць нары, падлогі пад імі, дэзакамеры, карцэры мінскіх, маскоўскай, куйбышаўскай, чэлябінскай і новасібірскай турмаў. Асабліва запомніліся чэлябінская і новасібірская сваёй незвычайнасцю: прыгожыя і светлыя новыя будыніны, з высокімі закратаванымі вокнамі з «наморднікамі», шырокімі калідорамі. Хутка мы даведаліся, што будавалі інстытуты, але новая хваля берыеўскіх злачынстваў прымусіла іх перарабіць у турмы. Потым я часам на пытанне пра адукацыю жартам адказваў, што прайшоў мінскі, чэлябінскі і новасібірскі інстытуты. Гэта нават былі не інстытуты, а пакутніцкія універсітэты і акадэміі. Яны адкрылі такое, што ў самым кашмарным сне не пабачыш, навучылі таму, чаго сам не спасцігнеш ніколі, і аднялі два дзесяцігоддзі маладосці і сталасці.

Мне ўспамінаюцца этапы сцюдзёнымі начамі пад сіверным ветрам і калючымі зорамі, брэх і цяжкі дух псіны службовых аўчарак, бессаромная лаянка і крыкі канвойных, абліччы пакутнікаў і пакутніц, абсурдныя абвінавачванні ні ў чым не вінаватых моладзі і нямоглых старых, падлеткаў, «паўторнікаў» і так званых «указнікаў». Колькі чалавечых лёсаў прайшло побач, колькі людскіх трагедый давялося пачуць і пабачыць, колькі перадумана і выпакутавана!

Успамінаецца: з чэлябінскай перасылкі шэрым асеннім днём вывелі нас чалавек трыста. Паперадзе ішлі тры маладзенькія маці з немаўляткамі на руках. Уся доўгая калона зацята маўчала. Чуўся толькі шоргат ног, вурчанне аўчарак і каманды начальніка канвою. Выгляд наш мог напалохаць кожнага: блакітна-празрыстыя, даўно не голеныя твары, самая розная зваляная вопратка, за плячыма брудныя мяшэчкі з арыштанцкім скарбам.

Каля хлебнага магазіна стаяла доўгая чарга. Яе адціснулі да плота. Жанкі ў чарзе ўбачылі маладзенькіх маці ў галаве нашай калоны і заплакалі. На нас глядзелі спалоханыя сумныя-сумныя вочы спагадлівых людзей, некаторыя ківалі галовамі, боязна памахвалі ледзь паднятымі рукамі.

Пасля Чэлябінска больш за месяц у новасібірскім «інстытуце» чакалі, калі нас адправяць на месца ссылкі. Там усё ж нас чакала адносная воля: свежае паветра, магчымасць звязацца з домам, невядомая работа і існаванне. Нашу затрымку начальства тлумачыла вялікімі маразамі, а мы гатовы былі ісці пешкі, абы вырвацца з-за кратаў, з душных камер са «шмонамі» і парашамі.

Нарэшце ў канцы снежня перад адбоем скамандавалі: «Усе на выхад з вяшчамі!» Запомнілася тая настылая, як жалеза, цёмна-сіняя ноч. Вялікія колкія зоры ўсыпалі бездань таямнічага неба. Цяжка было дыхаць сцюдзёным і рэдкім паветрам. Праціналі дрыжыкі. Над доўгаю калонаю цёмных постацяў пыхкалі аблачынкі белае пары. З торбачкамі за плячыма стаялі, як некалі казалі, людзі розных званняў, саслоўяў і прафесій. Былі ленінградскія партыйныя работнікі высокага рангу і караблебудаўнікі, два свяшчэннікі — адзін з Малдавіі, другі з Разані, васьмідзесяцігадовы аптыміст гаварыў: «Я чалавек дысцыплінаваны, без дазволу начальства не памру».

Аж з Масквы разам са мною вандруе дасціпны краматорскі сталяр Зміцер Сцяпанавіч Кінаш. З дому яго завезлі ў горад Сталіна (цяперашні Данецк), і ён дапякаў начальніку турмы адным пытаннем: «Скажыць, будзь ласка, чы довго мы будэмо сэдіти у сталінскай тюрмі?» Той тупаў нагамі, пагражаў карцэрам, загадваў так больш ніколі не гаварыць. А Кінаш спакойна тлумачыў: «А що я таке сказав? Колі сэдів у Киіве, спытав бы про кіевську чи краматорську, а ў...» — «Цыц!» — крычаў начальнік, баючыся, што Кінаш зноў спытае тое ж. Пра жонку звычайна Зміцер Сцяпанавіч казаў, што яна «пануе в колгоспі».

Хто ж мы такія, адкуль і куды нас гоняць? Неафіцыйна называюць нас «паўторнікі». Гэта людзі, якія гадоў па дзесяць адседзелі ў лагерах, вызваліліся, пабылі трохі дома, з некаторых паздымалі судзімасці, ды раптам Берыя спахапіўся, што выжыла і вярнулася на волю больш як трэба, лазяць скрозь, нечага дамагаюцца, патрабуюць аднаўлення ў грамадзянскіх правах і нават у партыі. Загадаў сабраць усіх за краты, правесці следства, калі знойдзецца хоць маленькая зачэпка, адправіць у лагер, а не — у ссылку ў паўночныя раёны Сібіры і Казахстана. Нам выпала Новасібірская вобласць. І вось вязуць у невядомы раён, у невядомае сяло. Усё засакрэчана. Куды б ні завезлі, абы хутчэй вырвацца на свежае паветра, каб прайсці без аўчаркі і канвою.

Нас вядуць па апусцелых вуліцах на вакзал. Як алебастра, рыпіць пад нагамі зляжалы снег, ад інею зліпаюцца вейкі, качанеюць рукі і ногі. Амаль усе апрануты дэмісезонна: забіралі ж вясною і летам.

Рыпіць снег, грукае мноства ног, чуецца нягучная каманда начальніка канвою: «Подтянись! Не отставай!» Лічаць і грузяць у звычайныя вагоны. Дзіўна — вядуць пад канвоем, а называюць таварышамі. Вось дык таварышы! Аказваецца, мы не асуджаныя, а толькі адміністрацыйна высланыя. Мы маем права выбіраць і... быць абранымі (юрыдычна, вядома). Весела было б, каб каго з нас абралі хоць бы дэпутатам сельсавета.

У вагоне цёпла і цесна. Усе адразу адышлі, выпрасталіся, паружавелі. А канваіры дрыжаць у тамбурах. Шкода іх. Як ні дапытваемся, куды вязуць, адказ адзін: «Не положено».

Досвітак халодны і туманна-сіні. На ўсходзе — задымленая злавесна кармазынавая палоска. З цяпла зноў высыпаемся на мароз, а на світанні ён асабліва люты. Над намі воблака пары. На доўгім аднапавярховым вакзале — заінелая шыльда, але можна разабраць: «Ст. Барабинск. Зап.-Сиб. Ж. Д.». А куды далей? Тут жа нас не пакінуць.

На прывакзальнай плошчы доўгая калона грузавікоў з белымі ад інею кузавамі. Маторы не глушаць, бо пасля не завядзеш. Шафёры ў кажухах, валёнках і калматых шапках пазіраюць на нас і толькі круцяць галовамі. Мы пакуляліся ў кузавы, а ў іх усё пхалі і пхалі, што не паварушыцца. Канваіры паселі ў кабіны. Колы грузавікоў правальваліся ў глыбокія выбоіны; каб не выкуліцца, мы хапаліся за барты і адзін за аднаго. Неўзабаве пачалася маўклівая, калматая ад іскрыстага інею тайга. Пры дарозе віднеліся вываратні, зламаныя сосны, дугою пазгінаныя «пад цяжарам снегу тонкія бярозкі. Вандраванню нашаму, здавалася, не відаць канца. Наўкол тайга і тайга, ні прагаліны, ні сцежкі, ні аднае жывое душы, ні дымка, ні жывога гуку, толькі сям-там дарогу перакрыжавалі ласіныя сляды ды заечыя сцяжынкі.

Мабыць, кіламетраў праз трыццаць душа пачала прымярзаць да рэбраў. Мы з суседам па кузаве, а потым на ўсё жыццё верным другам Вацлавам Іванавічам з галавою ўкрыліся нейкаю дзяружкаю і, пакуль не задыхаліся, не вытыркалі носа. Выблісне сонца, тайга здаецца празрыста-ружоваю, нібыта адлітаю з хаатычна застылага срэбра.

Неспадзеўна над заінелымі верхавінамі тайгі ў чыстым небе ўзняўся блакітны слупок дыму і доўга не раставаў у вышыні. Усе адразу павесялелі, заварушыліся, пачалі выпростваць здранцвелыя ногі, здзіраць з павекаў іней і наледзь. Значыць — блізка прывал.

Машыны ўехалі ў доўгую, без адзінага дрэўца сумную вёску Пацюканава і, не глушачы матораў, спыніліся каля «Пельменной-чайной». Доўгая, прыземістая, з пабялелага ад часу кругляка хата ўрасла ў зямлю. Прыцярушаны снегам дах, як шчацінаю, зарос сухім бадыллем, каля коміна звесіў счарнелую галаву і лапушыстае лісце апруцянелы ад марозу сланечнік. Такія дахі — на кожнай хаце. Я дзівіўся, а шафёр растлумачыў: «Кровли-то земляные. В тайге живут, а избы берестой да дерном, по-здешнему пластом, кроют. Сказывают, теплее, ни дождь, ни гроза не пробьет». Тут я толькі зразумеў, чаму пашахонцы ў Салтыкова-Шчадрына цягнулі на страху карову пасвіць.

У чайной — воблакі пары. На куце кіпіць вялізны кацёл пельменяў. Іх, мёрзлыя і грымучыя, як каменьчыкі, засыпаюць у кіпецень з вялікага палатнянага меха. На сталах у сподках — чорны перац, у кантовых шклянках — закарэлая гарчыца. Разапрэлая буфетчыца, з тварам, як аблузаны бурак, налівае шафёрам гарэлку і накладае па сотні гарачых пельменяў. А мы туляемся па кутах, глытаем слінку і абдымаем закляклымі рукамі абабітую бляхаю грубку. Некаторыя прыбераглі рэшткі сухога пайка, разаграюць аж пабялелыя недаедкі пайкі хлеба, нехта просіць шклянку незаваранага і несалоджанага кіпетню.

Перадыхнулі, адышлі трохі ад холаду і зноў у дарогу. Цяпер пэўна ведаем — вязуць у Паўночны раён: болей па гэтай дарозе аж да самых Васюганскіх балотаў ніводнага раёна няма адны вёсачкі ды заімкі.

Там нам і жыць. Колькі? Год, два, пяць, дзесяць? Ніхто не ведае, а начальства не кажа... У тайзе дарога асабліва траская. Па ёй ад першых маразоў да вясны шнуруюць сотні грузавікоў. Вывозяць збожжа «з глыбінкі». Летам па гэтых дарогах нават пасля дробнага дажджу не праехаць: колы грузнуць у чарназёмным жужалі па ступіцы, коням пад капыты набіваюцца слупы спрасаванага глею, што нельга ступіць. Каменя у гэтых таежных мясцінах і знаку няма, брукаванкі і не сніліся нікому. Каб праехаць у бездараж, на дарогу валяць лясіны, выбоіны замошчваюць хлудам, і ўсё гэта патанае ў твані праз два-тры рэйсы. Цяпер маразы ўкавалі дарогу, вось і спяшаюцца вывезці ўсё з далёкіх сёл на элеватары. Машыны ідуць толькі калонамі. Адзін шафёр ніколі не рызыкне ехаць у завею або ў лютую сцюжу: перамяце дарогу ці сапсуецца машына — верная пагібель у бязлюднай тайзе.

Павольна, але ўсё ж мы калываемся да свайго загадкавага, невядомага прыстанку. Зноў шчыльна сядзім у кузавах. Холад працінае ад пятаў да цемя, дранцвеюць скурчаныя і некім прыціснутыя ногі. Выехалі досвіткам, ужо надвячорак, а нашага прыстанку яшчэ не відно і не чутно — тайзе і дарозе няма канца-краю. І чаго толькі не перадумалася на гэтым пакутніцкім гасцінцы: усё невыноснае, поўнае зняваг і пакут жыццё выгнанніка прайшло перад вачыма. А што чакае наперадзе? Адно нязбытнае пытанне не дае ніколі спакою: за што, чаму, навошта цябе, як быдла, як злодзея або забойцу, столькі гадоў запар некуды гоняць, вязуць, кідаюць з турмы ў турму, з этапу на этап, з адзіночкі ў карцар? З карцара — у людскі мурашнік перасылкі. Ты ж нікому і вока не запарушыў, дзіцяці не пакрыўдзіў, з маленства ведаў толькі адзін наш лад, толькі наш народ і хоць цяпер гатовы за яго сумленна аддаць жыццё, толькі без агіднай плямы, якою цябе знявечылі не абаронцы, а сапраўдныя ворагі народа. Ты ў іх руках і не давядзеш, што зусім не вінаваты. Ніхто не слухае, ніхто не верыць. Здзічэлыя апрычнікі праўдаю лічаць хлусню і паклёпы, а за чыстую праўду ставяць да сценкі або мардуюць па некалькі сутак. На каго яны працуюць да знямогі, да поту, каму трэба ахвяры самых сумленных і адданых людзей? Не знайсці ні логікі, ні адказу. Гэтыя пытанні не пакідаюць каторы год. Некаму было мала дзесяцігоддзя пакут, дык зноў ашальмавалі цябе і тваіх блізкіх, адарвалі ад дому, ад сям’і, ад родных сцежак і гоняць па гэтай маўклівай ледзяной тайзе ў невядомасць. Хочацца крычаць: «Людзі! Апамятайцеся! За што такія пакуты?» Не мне аднаму. І столькі нас на гэтай дарозе, а колькі ў гэтую хвіліну сядзіць у турмах, на перасылках, едзе ў таварняках і «сталыпінскіх» вагонах, ідзе пад канвоем у сваю невядомасць. І за што? Што там чакае, дзе прыхінеш галаву, што будзеш рабіць, каму ты патрэбен, падобны пракажонаму са званочкам, якога староняцца і цураюцца людзі. Ад думак можна звар’яцець. Адганяеш іх, хочаш узбіцца на іншае, а свідруе адно: як там сям’я, чым пакаралі яе, куды выселілі з казённай хаты, як там маленькая дачушка, што так і не зразумела, куды забралі і павезлі тату тым цёплым водарным майскім надвячоркам?

А мяне ж тады чакалі мае вучні на кансультацыю перад першым экзаменам на атэстат сталасці. Яны ведалі, што я ніколі не пазніўся, а тут так доўга не было. Яны сядзелі ў расчыненых вокнах, а калі зразумелі, што я не сам іду, а мяне вядуць капітан і маёр у блакітных фуражках, выбеглі насустрач, разгубіліся ў недаўменні. Я ім паспеў кіўнуць і ўсміхнуцца. А калі адвозілі, яны доўга махалі рукамі, а дзяўчынкі плакалі. Праз многія гады мне расказвалі, як іх прапрацоўвалі па ўсіх лініях за «дэманстрацыю спачування ворагу народа». Дасужыя языкі зрабілі мяне шпіёнам, закінутым з самалёта, царскім афіцэрам, а пры цару мне было чатыры гады. Так прыкладна дзейнічалі і абвінавачвалі ўвішныя следчыя. І ўсё ж цвярозыя і сумленныя людзі не верылі паклёпам, але маўчалі.

То ўспамінаеш, то думаеш, то дрэмлеш, пакуль не тузане і не хіснецца наш раскалываны рыпучы грузавік. Пракінешся, зірнеш з-пад дзяружкі, над галавою пашарэлае неба, наўкол у густым інеі тайга, наперадзе — дарога ў невядомасць.

Калі добра змеркла, з пярэдніх машын пачуліся галасы і вясёлая гамана. Як гусакі з кораба, і мы павытыркаліся паглядзець, што там наперадзе. У змрочнае неба ўзнімаліся стаўбуны светла-блакітнага дыму, бялелі стрэхі, сям-там мільгалі слабенькія агеньчыкі. Ці не наш гэта прыстанак? Які б ён ні быў, хутчэй бы толькі вылезці, выпрастаць ногі, адагрэць душу пад чужою страхою, дзе ніхто цябе не чакае, дзе ты нікому не патрэбен.

Сяло доўгае, раскіданае, з шырокімі пустымі вуліцамі. І тут — ні садоў, ні прысад. Куды ні глянеш — платы і платы, няроўныя, абы-як скіданыя. Хаты пад землянымі стрэхамі, з маленькімі вокнамі. Спыніліся каля клуба, і ўсіх запусцілі ў доўгую цёмную будыніну. Чыркаем запалкі, каб агледзецца. На сценах суцэльныя плакаты з чырванатварымі і белазубымі даяркамі і трактарыстамі. У цэнтры вялікая карціна «Утро нашей Родины»: на фоне світальнага жытнёвага поля ласкавы задуменны генералісімус з перакінутым цераз руку плашчом.

Столькі ў ім ласкі і дабраты, што адразу ўзнікае думка: каб ён ведаў пра наша гора, паспагадаў бы і адразу вызваліў бы. Усе этапнікі шнуравалі па клубным калідоры — разміналі здранцвелыя ногі, панура маўчалі. У турме ў гэтую пару разносілі чай, а цяпер мы, знятыя з казённага харчавання, павінны дбаць самі пра сябе: самыя ашчадныя дагрызалі мёрзлыя скарынкі, у каго не засталося, прагна курылі. У баковачку малады хлопец панёс пад пахаю чырвоны абрус, а ў руцэ трымаў лямпу з закураным шклом. Неўзабаве за ім пайшлі мужчыны ў пімах, унтах, белых фетравых бурках, кажушках і кароткіх дохах. Зміцер Сцяпанавіч адразу здагадаўся: «Вось і купцы ідуць». А калі прайшоў з вялікім партфелем капітан у белым казённым кажушку, Кінаш кіўнуў яму ўслед галавою: «І пастух у нас ужо ёсць».

Мы з гэтым змрочным гумарыстам з Краматорска каторы месяц вандруем з турмы ў турму, прыцерліся, прывыклі, і ўжо не хочацца разлучацца. Ён у мяне пытае, якую я прафесію назаву. «Настаўнік», — адказваю я. «Ну і пойдзеш на ферму быкам хвасты круціць ды вазіць сілас. Толькі кажы — сталяр. Мы з Вацлавам падвучым і дзе трэба выручым. Галоўнае — будзем разам, пад дахам і ў цяпле». Неўзабаве пачалі выклікаць... З баковачкі выскаквалі даволі хутка панурыя і разгубленыя: караблебудаўнікоў і свяшчэннікаў, энергетыкаў і партыйных работнікаў адпраўлялі ў калгасы. Нічога іншага ў раёне не было — ні пільні, ні цагельні, ні млына, ні самай прымітыўнай электрастанцыі.

Зміцер Сцяпанавіч з Вацлавам выйшлі са «споведзі» ўсцешаныя: іх узяў старшыня арцелі «Прагрэс» у сталярку. Прыняў і валагодскага ганчара Мартынава і вельмі ўзрадаваўся, што адкрые ганчарны цэх, бо ў раёне ні гаршка, ні міскі, ні кубачка ні за якія грошы не знойдзеш. Выклікалі і мяне. За сталом трымаецца гаспадаром падкрэслена грэблівы і цынічна развязны даволі малады капітан дзяржбяспекі Сокаў, на лавах уздоўж сцен сядзяць з абветранымі задубелымі тварамі старшыні калгасаў. Бяруць яны нашага брата без энтузіязму. Пачынаецца ўжо не допыт, а «собеседование»: прозвішча, імя, па бацьку, год нараджэння, спецыяльнасць. Адказваю — сталяр. «Дзе працаваў?» — «На Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце». — «Разрад?» Хлушу: «Пяты». — «Ну, хто бярэ?» Маўчанне. «Што-та ты больна тащой: рот раскроешь, наскрозь виден», — пацяшаецца Сокаў, і рагочуць усе «купцы», лісліва пазіраючы на начальніка. Але ніхто не хапае мяне. «Ну-у?» — прыспешвае Сокаў. Нарэшце добра паголены светлатвары мужчына пытаецца, ці ўмею рабіць крэслы. Я абнаглеў: «Плёвае дзела. Любое зраблю». І мяне бярэ старшыня арцелі «Прагрэс» Васіль Іванавіч Паўлік. Я рады, што не разлучылі з маімі турэмнымі сябрамі. Памкнуўся ісці. Спыняе Сокаў, запаўняе невялічкі бланк, прамакае чарніла і аддае мне: «Гэта твой адзіны дакумент. Кожныя дзесяць дзён будзеш адзначацца ў сельсавеце. Самавольная адлучка з месца жыхарства лічыцца ўцёкам, а за ўцёкі — 25 гадоў катаргі. Зразумела? Ну, калі зразумела, распішыся». Я ўзяў свой «дакумент», але не выходжу. «Што яшчэ не ясна?» — раздражняецца начальнік. «Хачу спытаць, які ў мяне тэрмін». — «Ніякага тэрміну няма. Тут вам і паміраць. Можаце будавацца, забіраць сям’ю, калі ёй патрэбен, а не — у нас удоў хапае на любы густ», — рагатнуў Сокаў, і я выйшаў.

У калідоры, усцешаны, што будзем разам, Кінаш чыркнуў запалку, і я прачытаў свой «воўчы пашпарт»: «Пасведчанне. Дадзена ссыльнаму (прозвішча, імя, па бацьку) у тым, што ён абмежаваны правам перамяшчэння толькі ў межах сяла Біяза. Начальнік райаддзела НКУС капітан Сокаў».

Прачытаў і адразу адчуў, на які кароценькі павадок мяне прыпнулі.

Былі ў нашым этапе чатыры жанчыны: бальшавічка з дарэвалюцыйным стажам, іванава-вазнясенская ткачыха Алена Андрэеўна Гусева. Пры цару яна прайшла этапам ад Бутыркі да Туруханска, а з трыццаць сёмага асвоіла Лубянку, Калыму і Караганду, але засталася аптымісткай, упэўненай, што хутка ўсё высветліцца і стане на сваё месца.

Крышку асобна трымалася Алена Хрысціянаўна Ракоўская — дачка некалі вядомага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча. Была яна прыгожая, высакародная, яшчэ неабшорханая ў этапах, адукаваная і далікатная. На падлозе сядзела з маленечкім клуначкам на руках даволі маладая манашка ў чорнай хустцы, завязанай па самыя вочы, з адсутным выразам твару, нібыта нічога не бачыць і не чуе. Яна маўчала з намі, маўчала і з начальствам, нікуды не прасілася. Куды паехала, невядома. Зграбную і эмацыянальную Фаіну Лушыну адправілі ў Нова-Троіцк на ферму. «Я выкладала ў інстытуце, але ніколі не даіла кароў», — запярэчыла яна. «Вось адкрыем інстытут, тады калі ласка, — пакпіў Сокаў, — а цяпер самой прыйдзецца падвучыцца. Яшчэ знатнаю даяркай станеш».

Усе начавалі покатам у клубе на бруднай падлозе. Заўтра нас разбяруць новыя гаспадары. На досвітку нехта выйшаў на двор і прыбег узрадаваны: «Хлопцы, а канвою няма!» Павыскаквалі і мы. Калі доўга ходзіш пад канвоем, выпрацоўваецца ўнутраны тормаз: спыніўся канваір, стаіш і ты, каб не палічылі ўцекачом і не спісалі па акце. Калі першы раз вызваліўся, доўга хадзіў азіраючыся, — дзе ж мой канваір? А тут хоць і адносная, усё ж воля.

Уставалі ўсе памятыя, з азызлымі шэрымі тварамі, зарослыя і даўно не мытыя. У клубе нават вядра з вадою няма. Каля сталоўкі знайшлі студню з цяжкім абледзянелым вядром, але як мыцца, калі мароз пад трыццаць. Неба паружавела і ачысцілася, усход злавесна малінавы, над высокімі сумётамі сцелецца туман. Павыходзілі на двор, праціраем рукі і твары шорсткім снегам. Ён зашклёны тоўстым настам, прабіваем яго нагамі і выграбаем сыпкі, колкі снег.

Учора даелі сухі паёк — паўгарбушкі і салёную рыбіну. На гэтым дзяржаўнае ўтрыманне кончылася; ты ж «вольны» чалавек, сам думай, дзе жыць, на чым спаць, што есці. Гэта заўтра, пазаўтра, а цяпер жа трэба нечага ўкусіць. Амаль ні ў кога грошай няма. Іх забралі ў турме, выдалі квіткі і сказалі, што атрымаем на месцы. Але ніхто на нашы квіткі не паглядзеў і слухаць не стаў пра грошы. «Прыйдуць, атрымаеце». Толькі ніхто і не дачакаўся тых слёзных рублёў, што адрывалі ад дзяцей і пасылалі нам у турму.

А я сябе. адчуваў багацеем: яшчэ ў Мінску жонцы ўдалося праз нейкага спагадлівага наглядчыка перадаць мне вялікую сторублёвую купюру з малюнкам Крамля пасярэдзіне. Цяпер гэта дзесяць рублёў, а тады здавалася унь якім багаццем. Мне ўдалося іх пранесці праз самыя прыдзірлівыя «шмоны». Дапамог шматгадовы вопыт. Цяпер яны, як ніколі, спатрэбіліся. У Біязу нас прызначылі чатырох, і я сваіх будучых аднавяскоўцаў запрасіў у сталоўку. «Ё-о-о... ма-ё-о!» — усклікнуў Кінаш, угледзеўшы туга скручаную сторублёўку. Я ўсім заказаў па гуляшу пад слізкаю белаю падліўкаю, хлеб і чай. Мы нарэшце адчулі пах і смак «вольнага» харчу. Рэшту грошай па агульнай згодзе пакінулі да месца, каб было за што тэлеграмаю паведаміць свой адрас. За суседнім сталом малдаўскі свяшчэннік шчодра частаваў сваіх спадарожнікаў. Ад яго пасля было даволі многа клопату калгасу: неўзабаве яму пачало прыходзіць мноства пасылак, і старшыня вымушаны быў кожны тыдзень пасылаць на пошту фурманку. Прыходзілі і грашовыя пераводы на буйныя сумы. Не заўсёды на пошце хапала наяўнасці, каб аплаціць іх. Завялі ашчадную кніжку. Здаралася — калгасу тэрмінова трэба былі грошы, і старшыня мусіў пазычаць іх у ссыльнага папа. Ён рабіў далікатныя, прыгожыя і звонкія дзежачкі, даёнкі, ражкі і кадушкі ў абсталяванай для калгаса бандарні, пасылкамі і грашыма дзяліўся з бяднейшымі ссыльнымі, не пісаў ніколі скаргаў і хадайніцтваў, суцяшаў сябе і знаёмых: «Да будет на земле мир и в человецах благоволение». Мабыць, ён быў шчаслівы чалавек, бо цвёрда верыў у нейкую вышэйшую ісціну і ўсіх суцяшаў, што няма нічога вечнага на зямлі і нашы пакуты не вечныя. Без веры нельга жыць. Верылі і мы ў лепшае, таму і выжылі.

Многія з ранку раз’ехаліся, а нас забіраць не спяшаліся. Сланяліся мы па раскіданым, нейкім пустынным раённым сяле. Непадалёк ад клуба стаяў двухпавярховы драўляны «дом урада». Я зайшоў, убачыў шыльдачку райана і вырашыў папытаць шчасця. У маленькім пакойчыку сядзеў чарнявы малады загадчык па прозвішчы Смык. Я спытаў, ці не трэба ім выкладчыкі мовы і літаратуры. Яшчэ як патрэбны: ніводная школа не ўкамплектавана настаўнікамі з вышэйшай адукацыяй. А як толькі даведаўся, як я трапіў у іх раён, адразу спахмурнеў і пачаў выкручвацца, што трэба параіцца, і тыцнуў пальцам у столь. Мы зразумелі адзін аднаго і ветліва рассталіся. Толькі ў нашым этапе было чалавек пятнаццаць настаўнікаў з вышэйшаю адукацыяй і вялікім вопытам, але ўсе яны раз’ехаліся на калгасныя фермы і лесанарыхтоўкі. Там яны былі неабходней, чым у школах.

Дзень раз’ясніўся. Пранізліва-сіняе неба аж зіхаціць халоднаю эмаллю. Абапал сонца ў брыжастым арэоле стаялі размытыя вясёлкавыя слупы. Снег аж слепіць вочы. Над комінамі плывуць белыя дымы, а ўдалечыні — застыла заінелая тайга. Па нас прыехаў прыгожы хлопец у рудой з сабачага футра дасе і вялікай калматай шапцы. Мы радыя, што нарэшце будзем мець нейкі пэўны прыстанак і зможам паслаць вестачку сям’і.

Зірнуў фурман на нашу «экіпіроўку», пакруціў галавою. Я спытаў, колькі кіламетраў ехаць. «Мне трыццаць, а вам... самі пабачыце. Умошчвайцеся, мужыкі». Мы паглядзелі адзін на аднаго — сапраўды, наш гардэроб быў не па сезоне. Маё пальцечка працерлася на сіта, з пальчатак тырчалі пальцы, Кінаш з Мартынавым дрыжалі ў дзіравых целагрэйках. Трохі спраўней быў апрануты Вацлаў Іванавіч. Мы шчыльна ўселіся на сані, прыцярушаныя аўсянаю саломаю, фурман сцебануў ляйчынаю калматага заінелага коніка, і ён патрусіў па зіхатлівай раскатанай дарозе.

Уз’ехалі на дрыготкі мост цераз раку Тартас, і з усіх бакоў адкрылася бясконцая тайга. Пакуль ехалі сялом, наш фурман маўчаў, а тут разгаварыўся:

«Нейкія вы, мужыкі, больна рахманыя. А я думаў: о-го-го адпетыя арыштанты, а гляджу — нейкія зачуханыя ворагі народа. Няўжо і праўда ворагі?»

«Хто табе сказаў, што мы ворагі? Ты — народ, а мы, выходзіць, не народ, а ворагі народа? Га?» — спытаў Кінаш.

«Упаўнаважаны з раёна сказаў. Сабраў усіх у клуб і дакладваў: так, мол, і так. У сяло прыбудуць ссыльныя ворагі народа. Што за яны? Шпіёны, кажа, шкоднікі, контррэвалюцыйныя агітатары. Гэта яны забілі Кірава, атруцілі Горкага, узрывалі масты. Кватараваць будуць у вас, але каб дружбы і спагады — ніякай, а калі пачуеце варожыя разгаворчыкі, нямедля саабшчаць куды следвае. За неданасіцельства — стацця гласіць ад трох да пяці. От так наказваў. А нашы не пудкія, яшчэ за царом тут ссыльных перабывала цьма. Многія абжыліся і ўнукаў даўно пагадавалі. Усялякі народ быў. Так што не дзівіцеся, калі каторы нешта вякне. Гэта ён — для палітыкі».

Стала сумна, што нас так атэставалі. У лагеры ўсе былі аднолькавыя, а тут хто захоча плюне ў вочы, утрэшся і змоўчыш. Цябе ж і за чалавека не лічаць. Змрочныя думы ніяк не пасавалі да бясхмарнага сіняга неба, да прыбранай у зіхоткія каралі тайгі, халоднага, але яснага сонца. А мароз смаліў бязлітасна: дзеравянелі шчокі, заходзіліся рукі ў дзіравых пальчатках. Мы прыхінуліся адзін да аднаго, а спіна ўсё адно дранцвела ад напружання. Конік бег спорна, сані віхляліся на раскатах, падскоквалі на глызах і выбоінах.

Наш вазак строс з рукі вялікую калматую рукавіцу, дастаў з-за пазухі «чакушку» гарэлкі, зубамі выцяг і сплюнуў кардонны корак і працягнуў пляшку старэйшаму з нас — Вацлаву Іванавічу: «Каўтні, баця, для сугрэву і перадай другому». Мы па чарзе пацягнулі па добрым глытку, і з непрывычкі закружыліся ўваччу калматыя елкі і прыдарожныя хмызнякі, нейкае імгненне здавалася, едзем на парцы коней. «Дасмоктвайце», — буркнуў Вася, так яго звалі, потым выцяг з-за пазухі другі «чакан» і адным махам уліў у сябе, уцёрся, хвастануў каня, і сані памчаліся спарней. Пасля таго глытка нібыта пацяплела і напала дрымота. Сані пераскочылі невялічкі масток, матануліся на раскаце, і я ўбачыў, што пераехалі вузкую, пакручастую, ледзь прыхопленую на закрайках рачулку. Дзіўна: трыццаціградусны мароз, а рэчка цячэ. «От і наша Біязінка, — паведаміў Вася, — уся на крыніцах. Ніякі мароз не бярэ».

Дарога выскачыла на гала. Непадалёк віднеліся хаты, стаялі дымы над камінамі, а наўкол срабрылася тайга. Вось і наш прыстанак. Усюды — снежны прастор і глухая да звону ў вушах цішыня. Усё сяло абнесена высокім плотам. Пры ўездзе ледзь ліпяць на адной закрутцы вароты. Уехалі ў вуліцу. Абапал нізкія хаты з маленькімі вокнамі, відаць, каб трымалася цяпло, ні дрэўца, ні студні не відно. Я даймаю Васю пытаннямі. Ён ахвотна тлумачыць: сяло абнесена паскоцінай — улетку з пашы прыганяюць скаціну, зачыняюць вароты, каб не ўбілася ў шкоду, і яна ўсю ноч дапасваецца на мураве вакол сяла. А студні не патрэбны — круглы год бяруць чыстую крынічную ваду з Біязінкі.

Мы спыніліся каля канторы арцелі «Прагрэс». Ну і кантора! Цесны закураны катух вясковай хаты з бляшанаю печкаю пасярэдзіне і двума пашарпанымі сталамі. Прыняў нас прысадзісты шыракатвары тэхнарук Проня Красцянаў, у ватніках, целагрэйцы і закасаных катанках, за другім сталом сядзеў сухі, з тварам праведніка, даўно не голены бухгалтар Ціхан Каргаполаў. Проня пацікавіўся, адкуль мы, што ўмеем рабіць, дзе працавалі. Майстры расказалі пра сваю кваліфікацыю, а мне, як таму самазванцу, стала горача і брыдка. Нешта прамармытаў пра камбінат, а сам падумаў, што ўжо не адрозню адборнік ад шаршэбкі. Проня з Каргаполавым узрадаваліся ганчару Мартынаву. У «Прагрэса» адкрываліся новыя магчымасці і перспектывы. «Але куды вас прыстроіць, мужыкі?» — пачухаў патыліцу тэхнарук. «Пакліч Варку, Настассю, Хімку і Мінадору. Удовы яны спраўныя, а мужыкі каму не трэба?» — параіў бухгалтар.

Праз паўгадзіны нас аглядалі чатыры кабеты ў цёплых хустках, хто ў плюшаўцы, хто ў кажушку, хто ў целагрэйцы. Шыракаклубая, зіркатая і гаваркая Настасся Яроміна адразу ўхапіла і павяла Мартынава. Вацлава выбрала сабе драбнатварая, з мышынымі вочкамі Керпіха. Мяне і Кінаша спагадліва агледзелі, паківалі галовамі дзве кабеты і падаліся да дзвярэй. «Куды ж вы, бабанькі?» — спахапіўся Проня. «Людскіх мужыкоў Настасся з Варкаю ўхапілі, а нам дахадзяг пакінулі. Хіба ты іх будзеш на палаці падсаджваць? Адны штаны невядома на чым целяпаюцца», — адсекла маладзейшая, і абедзве шаснулі з канторы.

А мы, забракаваныя і збянтэжаныя, пазіралі на разгубленага Проню. Ён толькі развёў рукамі. «Відаць, гэтым ласіцам не кватаранты, а добрыя стаднікі трэба?» — запытаў Зміцер Сцяпанавіч. Проня адказаў спагадліва на поўным сур’ёзе: «Засухастоіліся бабы. Часам падлеткамі не грэбуюць. А вы і праўда ташчыя, як веснавыя прусакі... Куды ж вас дзець, мужыкі?» — «Да панядзелка няхай у мяне перабудуць, — згадзіўся бухгалтар, — а там, можа, Кузьміча ці Мітрафанавіча ўгаворым». Ён вылез з-за стала і, накульгваючы, зняў са сцяны паўкажушак, уздзеў старую салдацкую шапку, буркнуў: «Хадзем» і павёў доўгаю вуліцаю аж у канец сяла.

На задах агародаў дыміліся лазні, пахла дымам, вільготнаю сажаю і распаранымі венікамі. Мы аж спыніліся, угледзеўшы на заснежанай сцежцы некалькі кабет у сподніх кашулях, проставалосых, у атопках на босую нагу. Яны паволі ішлі, жартавалі, абсыпаліся снегам, а над расчырванелымі целамі струменіла пара. А пажылі — і не да таго прывыклі.

Сонца зайшло, заліўшы край неба густым журавінавым сокам. Сустрэчныя віталіся з Каргаполавым і пыталіся, каго гэта ён вядзе. «Ссыльных у арцель прыгналі. Вяду на начлег». Пра нас, як пра глуханямых, гаварылі ў трэцяй асобе.

У чыстай, з вышараванай, як жаўток, падлогай хаце было ціха, утульна і цёпла. У кухні нас сустрэла высокая даўгатварая ў кажушнай безрукаўцы гаспадыня. «Прымай гасцей, Аляксееўна», — неяк вінавата прамовіў гаспадар. «Нешта не прыпомню, каб каго клікалі, — не надта ветліва, але і не злосна адказала Аляксееўна. — А калі прывёў, за парог не выправіш, абы не наслядзілі. Адкуль жа Бог прынёс?» — «З Расеі яны (у сібіракоў усё, што за Уралам, — Расея), ссыльных у арцель прыгналі, а нанач ніхто не ўзяў. Няхай у нас да панядзелка пабудуць». — «А ў Проні хіба хата малая?» Гаспадар вінавата лыпаў вачыма, а мне хацелася выскачыць за парог, ісці куды вочы глядзяць. Каб летам — пад кустом ці пад стогам прытулак знайшоў бы, а ў сцюжу куды дзенешся? Цярпі: удовы забракавалі, і тут не надта радыя нашаму прыходу. Лішнія, нікому не патрэбныя. Паселі на краёчку ўслона і маўчым: ад стомы і бяссоння ў халодным клубе ні рукі, ні ногі, ні язык не варочаюцца. Хацелася абы-дзе зваліцца і заснуць, а нам прапанавалі ісці ў лазню. Успомніліся санпрапускнікі, вашабойкі, дэзакамеры, апрацоўка брытваю кожнае валасінкі на ссохлым целе. Відаць, для большай знявагі мужчын галілі жанчыны, жанчын — мужчыны. Выходзіць, і тут перш за ўсё вырашылі памыць пастаяльцаў Гаспадар распрануўся да споднікаў і нам прапанаваў «разбалакацца». Мы пасаромеліся і пайшлі за ім апранутыя ў канец двара.

Замест сенечак да страхі лазні прыстаўлена некалькі жэрдак, прыкіданых бульбоўнікам. Пад нагамі пачарнелы снег. Тут мы і распрануліся, праціснуліся праз нізкія дзверы і апынуліся ў гарачай і парнай цеснаце. Гаспадар засвяціў газнічку і падкінуў пары. Хвастаўся ён доўга, стогнучы і прыгаворваючы: «Ой, баска, ая-яй!» А мы баяліся выпрастацца, каб не паапякаць вушы. Пакруціліся каля палка, сяк-так апаласнуліся і выскачылі ў «прылазнік». Ледзьве нацягнулі на мокрае цела амаль бляшаную ад пражарак бялізну, а рукі і локці былі ў плямах сажы ад закураных сцен і вушакоў.

Калі вярнуўся і адстагнаўся гаспадар, пасадзілі за стол і нас. Дымілася міса бульбы, падрумяненая бурачковым квасам шаткаванка і вялікія хрусткія грузды дражнілі і выглядам, і пахам, аж захадзілі нашы кадыкі. З вялікай бутлі ў рубчастыя шклянкі гаспадыня разліла густую жаўтаватую бражку. Саладкаватая, з дражджавым і хмельным духам, яна пілася, як бяскрыўдны квас. Пасля дзвюх шклянак галава была ясная, а ногі не слухаліся, нібы кудзельныя. Гаспадыня толькі пасміхалася з нас. Пасля лазні і вячэры ўсе неяк памякчэлі, адталі і падабрэлі. На падлозе нам паслалі вялікую кашму, далі дзве падушкі, накрыцца — сабачую даху. Толькі леглі — і праваліліся ў глыбокі сон.

У панядзелак нас усваталі на «фацеру» да рыжабародага бондара і німаката Архіпа Лаўрова. Месца нам адвялі каля самых дзвярэй пад палацямі. Мы збілі козлы і з аполкаў — шчыток, вялікі мех набілі свежымі стружкамі, «Вось і маем баярскую пасцель». Раніцай увесь гэты спальны агрэгат выкідалі ў сенцы. За дзень усё прамярзала, і мы да паўночы не маглі сагрэцца.

Арцель была накшталт славутых «рагоў і капытоў». У ёй хаваліся ад калгаснай работы здаровыя мужчыны, жанкі лічыліся ў калгасе, мелі вялікія прысядзібныя надзелы і карысталіся ўсімі калгаснымі выгодамі. Аднаго яны былі пазбаўлены — купляць у магазіне хлеб, прадавалі яго толькі рабочым і служачым. Такая была пастанова мясцовага сельпо. Затое хлеб бралі арцельшчыкі-мужы.

Калі чарга была вялікая, а хлеба прывозілі мала, член праўлення сельпо настаўніца Наталля Іванаўна загадвала прадаўшчыцы: «Уля, ссыльным хлеба не даваць». Мы моўчкі пакідалі чаргу, спадзеючыся на заўтра.

Ідучы ў краму, кожны раз цікавалі, каб зноў не трапіць пад забарону. Станавіліся апошнімі, прапускалі наперад пайшчыкаў і, як жабракі, цярпліва чакалі, перападзе сёння «паўцагліны» хлеба ці не. Калі заставаліся адны, прадаўшчыца спагадліва ўздыхала, азіралася і разразала кулідку на двух.

На работу мы прыходзілі зацемна і, пакуль добра не развіднее, сядзелі на варштатах, курылі, «травілі» анекдоты, на невялічкай пліце разагравалі закарэлую кляянку. Святло праз маленькія заледзянелыя шыбы прабівалася недзе гадзінам к дзесяці, тады толькі і пачыналі варушыцца работнікі — тры падлеткі і глухаваты, з так-сяк залатаным няўмекам-хірургам страшным сінім носам Лёва Астанін. А жонка ў яго была прыгажуня Каця. Тонкая, як чарацінка, з анёльскім тварыкам і крышачку мангольскімі, як чорныя вугалькі, вочкамі. Яна ў бабкі расла сіратою ў суседняй вёсачцы. Прыехаў да яе ў сваты прыгажун і балбатун Гошка разам з гарманістам Лёвам Астаніным. Самі падпілі і спаілі семнаццацігадовую Кацю. А прачнулася яна жонкаю ў абдымках Лёвы. Паплакала і паехала ў яго хату, нарадзіла чацвёра хлопцаў, была добраю гаспадыняю, клапатліваю жонкаю, а туга і боль не сыходзілі з яе твару. Лёва лічыўся майстрам. У арцелі не было людскага інструменту: шыпы на царгах заразалі не стамескамі, а кухоннымі нажамі. З майстэрні выходзілі табурэткі і нязграбныя канцылярскія крэслы. Старыя майстры з асінавых камлёў выдзёўбвалі, распарвалі, расцягвалі лёгкія рыбацкія чаўны, жанкі рабілі кадушкі, дзежачкі і ражкі. Гэта былі ўдовы, і за работаю яны спявалі невядома дзе пачутыя, а можа, і самімі складзеныя, такія шчымлівыя і трагічныя песні, што ў мяне стаяў у горле ком і самі сабою каціліся слёзы.

Зміцер Сцяпанавіч і Вацлаў адразу ўзяліся рабіць інструмент і праз тыдзень ужо мелі выдатныя рубанкі, фуганкі, шаршэбкі, адборнікі і вострыя стамескі. Мартынаў абсталёўваў ганчарню, на закінутым глінішчы ломам длубаў прамёрзлую гліну, часам заходзіў да нас пакурыць. Сваім становішчам ён быў задаволены: абедзве Настассіны дочкі спалі на печы, а ён з гаспадыняю раскашаваўся на ложку, бо другога не было. Да ложка прывязвалі маленькае цялятка, каб не змерзла ў прыгоне, яму падсцілалі саломку і адпойвалі малачком аж да цяпла. Зімою цяляты стаялі ў кожнай хаце. «Толькі часам, — скардзіўся Васіль Іванавіч, — ноччу смокча вялікі палец нагі».

Аднойчы Мартынаў да нас зайшоў зажураны і спалоханы. Памыліўся трохі і расказаў сваю бяду: «Панімаяш, такая незадача — павесіў я гэта свае ватнікі на біла ложка і заснуў, а раніцай гляджу, штаны пад нагамі ў цяляці, падняў, а кішэня ўся зжаваная. Няйначай некалі былі крошкі, дык яно і жвакала ўсю ноч». Мы яго супакоілі, што Настасся ўшые новую кішэню. «Кішэню-то яна ўшые, а дзе я вазьму свой «воўчы пашпарт»? Ад яго і знаку не засталося. Што цяпер будзе?» На мяне напаў дурны смех: успомнілася гогалеўская свіння, што ўкрала прашэнне ў судзе, а тут разумнае цяля пазбавіла чалавека ад абразлівай паперкі, якою і нас прыпнулі, як тое цяля да біла.

Неўзабаве з раёна прыехаў наш упаўнаважаны правяраць падначаленае яму пагалоўе. Днём ён адпачываў, некага выклікаў у свой катушок пры сельсавеце, а гадзін у адзінаццаць ночы вуліцаю ішла дзяжурная па сельсавеце, грукала ў вокны і загадвала: «Ссыльныя, на адметку!» Уставалі, апраналіся на скорую руку і спяшаліся ў сельсавет. Наш начальнік быў строгі і не цярпеў спазнення. Самазадаволены малодшы лейтэнант распытваў і гаварыў розныя непрыстойнасці прыгнечаным і змардаваным людзям. У сяле было некалькі інтэлігентных жанчын, і з імі ён не цырымоніўся. Апрача двухсэнсоўных жарцікаў, ён часта пытаўся, ці выбралі мы месца на могілках, бо тут нам і паміраць. Нацешыўшыся, ставіў штампік, распісваўся на нашым адзіным дакуменце, на які сорамна было самому глядзець, не тое што людзям паказваць.

Мартынаў да каменданта пасунуўся, ледзь перастаўляючы ногі. Нехта пажартаваў: «Бач, як выкруціла Настасся». — «Не так Настасся, як цялё», — удакладніў Кінаш. Усе прыціхлі. За дзвярыма грымеў шматпавярховы мат, грукат кулакоў, а потым раскацісты рогат. Ледзь чутна апраўдваўся Мартынаў. Выйшаў ён, выціраючы шапкаю змакрэлы лоб, у руцэ дрыжаў аркушок чыстай паперы. Ганчар звярнуўся да мяне: «Ты граматнейшы. Састаў, пажалуста, аб’ясненне нашчот цяляці і майго дакумента». Мужчыны хіхікалі і бессаромна кпілі, а мне падумалася: ці не разумнейшае Насціна цяля за тых, хто прыдумаў гэты «пашпарт»?

Калі мы выйшлі з сельсавета, сяло даўно спала. Вялікі круглы месяц заліў блакітным святлом хаты і снягі. Здалося, сапраўды з поўні глядзіць на нас спакутаванае аблічча біблейскага Авеля. Чамусьці ўспомнілася, што і Енукідзе звалі Авелем, дзіўнае, рэдкае імя. Няўжо і тады, у той дагістарычны час, брат караў брата? А колькі іх, пакараных, пасля? Лепей не думаць. За нас думала начальства.

Па рыпучай, раскатанай палазамі дарозе, як чорныя гракі, да наступнай рэгістрацыі разыходзіліся ссыльныя. Колькі яшчэ будзе такіх начных выклікаў, ніхто не ведаў.

 

МУСІШ ІСЦІ

У арцелі было хранічнае безграшоўе. Нам выдавалі «аванец» — пяць рублёў і пуд бульбы на два тыдні. Добра, што родныя часам прысылалі некалькі чырвонцаў, а то і пасылачку. Мае напарнікі былі майстрамі высокай кваліфікацыі. Вацлаў за доўгія гады выгнання зрабіў тры выдатныя скрыпкі, а тут недзе агораў мандаліну і часам вярэдзіў душу шчымлівымі мелодыямі: то ўзыходзіла «Зорка Венера» над полем, то плакала ў жыце «Перапёлачка», то кружылася віхурная «Лявоніха». У Кінаша з-пад фуганка выходзілі рэчы, як лялькі, а попыт на іх быў невялікі. Часам за калысачку або аконную раму перападала гладышка малака або кавалак убоіны.

У хаце Архіпа Лаўрова свайго кутка ў нас не было. Вечарамі вакол стала рассаджвалася вялікая сям’я пімаката: канапаты рудзенькі Пецька рашаў задачкі, Паранька сукала ніткі, Моцька скубла пер'е, наша «плáнавая» гаспадыня Дзяменцьеўна смаліла на прыпечку толькі што скатаныя на продаж пімы. Іх далёка за поўнач у лазні валяў гаспадар. Пасля работы з грукатам абіваў ад снегу на ганку ногі, уваходзіў у хату ў воблаку халоднага паветра, доўга тупаў, шаргатаў лыжкаю па дне чыгунка, курыў, кашляў, мы прачыналіся. І завязвалася гамонка, так, ні пра што.

Часам у хату ўвальваліся пагрэцца падпітыя падарожнікі. Хатняе цяпло і хмель штурхалі іх на наш тапчан пры дзвярах, і ўжо на крайнім, а то на абодвух нехта сядзеў і не мог уцяміць, што гэта мяккае і цёплае пад ім варушыцца, ды яшчэ і спіхне.

Уся гаспадарская сям’я спала ў суседнім пакоі покатам на разасланай на падлозе кашме, каб цяплей было, накрываліся дохамі з сабачых шкур. Іх будзілі прыезджыя, запальвалі лямпу, з’яўлялася пляшка або бражка, і ледзь не да раніцы гула хата галасамі. Тут у наваколлі кіламетраў на паўсотню было тры-чатыры вёскі, і ўсе добра ведалі адзін аднаго. Дзверы звычайна ні ў кога на ноч не зашчапляліся, і калі трэба ў любую хату заходзілі, як у сваю.

Відаць, не соладка жылося і Вацлаву ў Керпіхі. Ён усё часцей падбіваў нас шукаць асобны пакойчык на траіх. Гэты клопат мы даручылі яму. Ён вельмі хутка асвойтаўся ў сяле: то шыбы шкліў, то дзверы падганяў, то папраўляў шырокія раззыбаныя ложкі. Расплочваліся хто чым мог. Яму і дамовіцца было лягчэй.

Нарэшце парадаваў: «Знайшоў». Мы гатовы былі адразу перайсці на новую кватэру, але ў нашым будучым пакоі яшчэ стаялі авечкі з ягняткамі. Трэба было ў прыгоне для іх адгарадзіць катушок, выкінуць угноеную салому, адмыць падлогу, пачакаць, пакуль вычхаецца авечы дух.

Дачакаліся. Пярэбары былі — як у таго жабрака: падперазаўся і пайшоў. Занялі мы маленькі пакойчык з дзіраваю плітою і замураваным наледдзю акенцам. Замазалі пліту, пабялілі закураную столь, разжыліся лямпаю і зажылі ў самай беднай і самай добрай у сяле ўдавы Палагеі Цімошыхі. Гаспадар загінуў на самым пачатку вайны, а яна неяк выкідалася з чатырма дзецьмі і кароўкаю да мірных гадоў. Большанькія, Тайка з Марыйкаю, памагалі маме на «фірме», а Ванька з Толікам у адных апорках пазменна бегалі ў школу. Большы прыбягаў з першае змены, страсаў у парозе «абуўку», меншы ўскокваў у мокрыя апоркі і ляцеў на ўрок.

Пасярод недагледжанай, заваленай нейкім ламаччам і старызнаю кухні з рання да ночы гула бляшаная печка, у засеку каля дзвярэй пускала белыя парасткі бульба. Кожны, хто прыбягаў з фермы або школы, набіраў яе, рэзаў тонкімі скрылёчкамі і налепліваў на гарачую бляху печкі. Падсмажаныя, яны адскаквалі, на іх фукалі і адразу адпраўлялі ў рот. Такое было снеданне і абед.

Хлеба ў гаспадыні не было: кілаграмы, атрыманыя з восені, даўно былі скручаны на жорнах і з’едзены. У магазіне калгасніку хлеба не выпрасіць. Так і жылі на бульбяных «пяцімінутках» ды на шклянцы малака. Калі нам у краме перападаў глёўкі «кірпіч» і мы садзіліся вячэраць, нячутна ў наш пакойчык пракрадаўся Толік. Ён моўчкі стаяў каля стала, глядзеў чыстымі і прагнымі вочкамі. Мы налівалі яму кубачак фруктовага чаю, адразалі па лустачцы хлеба і глядзелі, як прагна ён разам з намі вячэраў. Нам успаміналіся свае дзеці і думалася: можа, нехта пачастуе і іх.

Толя вельмі любіў маляваць. Яму даручалі пісаць лозунгі, і ён старанна на вялікім кавалку шпалераў разведзенай парцяною фарбаю выводзіў: «Спасибо Великому Сталину за наше счастливое детство».

Так мы жылі сваёю дружнаю арцеллю. Ідучы з работы, у торбачках з майстэрні прыносілі сухія смольныя абрэзкі і стружкі, весела гула наша пліта, булькатаў чайнік, пасля вячэры Вацлаў лажыўся на тапчан, клаў на грудзі мандаліну і паціху вярэдзіў нашы душы.

Субота ў кожным сібірскім сяле — асаблівы дзень: усе паляць лазні. Ні сходаў, ні палітзаняткаў, ні педсаветаў у суботу не бывае. Над сялом плыве бярозавы дым, а потым, калі напаленая дачырвана каменка дасць добры дух, у старых вушанках і рукавіцах хвошчуцца да ачмурэння, качаюцца ў сумёце і зноў — на палок. З лазні ідуць дамоў у адным споднім, а сустрэнецца сусед, можна пастаяць і пагаварыць. Наша змардаваная сухенькая гаспадыня парылася гадзіны па дзве. У хату ўпаўзала рачкі, клалася на падлогу, вохкала, стагнала, паўтарала: «Ой, баска!» Мы яе запрашалі на чай. Адказ быў аднолькавы: «Ох-ти, не смогаю, мужики». Так яна адлежвалася да ночы. Любыя хваробы ў Сібіры лечыць лазня. Трохмесячнае дзіцятка, загорнутае ў пялёначку, па сумётах бабка нясе ў напаленую лазню і хвошча да знямогі.

Вечарамі пад гул завірухі і пяшчотнае трэньканне мандаліны мы з Кінашом пісалі дадому лісты. Ішлі яны доўга, і далёка не ўсе даходзілі. Па дарозе з майстэрні мы заўсёды спыняліся каля пошты, спадзеючыся, што ў акно пастукае добры паштавік Мікалай Рэдзькін. Спыняў ён нас радзей, чым нам хацелася. Затое кожны ліст быў нашай агульнай радасцю. Мы яго чыталі і перачытвалі разам.

Доўга я не ведаў, што пасля майго арышту жонку звольнілі з пасады завуча «па скарачэнні штату». Загадчык райана Агееў патрабаваў афіцыйна адмовіцца ад «ворага народа», угаворваў забыць яго і не падтрымліваць ніякай сувязі, тады можна падумаць пра работу ў іншай школе. А мая Аля заўпарцілася і засталася без работы з маленькаю дачушкаю і старым бацькам сярод чужых людзей і без усякіх сродкаў. Іх перасялілі з кватэры ў кладовачку пры кухні, настаўнікі пераходзілі на другі бок вуліцы. І пайшла мая няскораная просьбітка абіваць парогі ў пошуках працы. Ёй спагадалі некаторыя суседзі і часам дапамагалі сесці ў цягнік ці аўтобус мае былыя вучні па вячэрняй школе — афіцэры мясцовага невялічкага гарнізона.

Нарэшце злітаваўся загадчык Бабруйскага аблана Зайцаў і адважыўся паслаць жонку «ворага народа» выкладаць матэматыку ў Пагосцкую сярэднюю школу. Аклад — 600 (дарэформенных рублёў). Аля дзяліла на тры роўныя часткі — бацьку з дачкою, мне і сабе па 200 рублёў. Пасля заняткаў кожную суботу яна выпраўлялася пехатой за 20 кіламетраў ва Урэчча да дачушкі з бацькам, а ў нядзелю пад вечар вярталася назад. А мне пісала бадзёрыя пісьмы. Я іх чакаў, як свята, так хацелася верыць, што дома ўсё добра. Нарэшце я атрымаў аматарскі здымак жонкі з дачкою. Зірнуў і ледзь не заплакаў. На мяне глядзелі поўныя адчаю тужлівыя вочы на спакутаваных запалых абліччах. Хацелася ўкленчыць перад імі, маліцца за іх цярпенне, трываласць і веру.

Тады ж падумалася: колькі нас тысяч і тысяч пакутнікаў гібее ў турмах, лагерах, на этапах і ў ссылцы ні за што ні пра што. А ў кожнага недзе гаруюць бацькі, жонкі і дзеці, пад вечным страхам перад анкетамі, аддзеламі кадраў, перад непрыкметнымі вачыма, што сочаць за іх кожным словам і крокам. Яны скрозь адчуваюць сваё бяспраўе — іх у першую чаргу звальняюць, высяляюць з кватэр, папракаюць без дай прычыны, нават дзяцей не бяруць у дзіцячы сад, не прымаюць у піянеры: а раптам прынясе варожую ідэалогію. Так комплексам непаўнацэннасці калечылі кволыя душы на ўсё жыццё, выхоўвалі новых Паўлікаў Марозавых.

На людской бядзе звышпільныя нажываюць асаблівы давер, аўтарытэт, заслугі, пасады і трывалае становішча. Чым гучней крычаць пра класавую непрымірымасць, пра пільнасць, чым нахабней плююць у вочы запалоханым, спакутаваным страхам без віны вінаватым, тым надзейней іх грунт пад нагамі. Так прайшоў нябачаны падзел на «чыстых» і «нячыстых». «Чысты» ў любую хвіліну мог апынуцца за кратамі, а «нячысты» да канца дзён заставаўся «нячыстым». Ад такіх думак самому рабілася страшна.

Успомнілася, як аднойчы ва Урэччы знаёмая буфетчыца сталоўкі пад вялікім сакрэтам аддала мне аркушок паперы з даносам на мяне. Даносіць, уласна, не было чаго. Прыстаўлены да мяне «стукач» падрабязна запісваў, куды я хадзіў, з кім і калі сустракаўся, хто бывае ў мяне. Дакладна ставіў даты, гадзіны і хвіліны. Хто ж за мною сачыў? Мілы, далікатны, заўсёды ўдзячны за ўвагу мне той самы брат маёй вучаніцы. А тут не пашанцавала — перапіў у сталоўцы і згубіў сваю «дакладную». Хацелася яе аддаць яму, але пашкадаваў, няхай думае, што ўсё абышлося, а я ўжо ведаў свайго «шэфа». Колькі такіх вольных і нявольных наглядчыкаў і даносчыкаў сачыла адзін за адным? Былі яны ў кожнай установе, у цэху, брыгадзе, нават у камеры і бараку. За пайку хлеба і міску баланды прадавалі такіх жа пакутнікаў, як і самі. Напэўна, яны ёсць і сярод нас, у гэтай агульнай бядзе. Ходзяць жа нацянькі нейкія шэрыя постаці начамі ў баковачку да нашага ўпаўнаважанага гражданіна Траццякова. Чаго? Што іх вядзе туды? Значыць, трымай язык за зубамі, а думкі на замку. Лепш не думаць, каб не звар’яцець.

Часам хочацца верыць, што не толькі тутэйшыя людзі, а і нашы начальнікі павінны зразумець, што мы ніякія не ворагі, не дыверсанты і не шкоднікі. Можа, і разумеюць, але мусяць спраўляць сваю не надта далікатную службу, бо нічога іншага рабіць не ўмеюць, а пуп ірваць не вельмі хочацца. Куды прыемней хадзіць у начальніках, крычаць, зневажаць, здалёк палохаць блакітнаю фуражкаю і пагражаць за парушэнне саслаць за Палярны круг. Так і жывуць на высокіх акладах, кормяць сям’ю асобымі пайкамі, і разыходзяцца ад іх, як магнітнае поле, нябачныя стрэлы страху.

Ох, як развярэдзіў душу, як расцвяліў думкі маленькі аматарскі здымак з жалобнымі паглядамі маіх самых дарагіх і любых пакутніц.

Поўнач. У наледзянелыя шыбы б’ецца завея. Сон змыкае павекі. Грукат у раму: «Ссыльныя, на адметку!» Не, гэта не сон. Мусіш ісці.

 

НОВАЯ «СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ»

Жыць станавілася немагчыма на «прагрэсаўскія» авансы. Хоць і сталяраванне маё наўрад ці каштавала больш. З горам папалам ляпіў крэслы, на якія і сам не адважваўся садзіцца. Цягнуць з мізэрнага жончынага бюджэту не дазваляла сумленне. Ведаў, як там туга і цесна. Завіхацца ў арцелі не было сэнсу, колькі б ні зрабіў — плата адна. Ды і работа валілася з рук ад непраходных змрочных думак, тугі па родных, незагойнае крыўды і болю, ад змрочных перспектыў. Адно слова «навечна» наганяла жах.

Члены арцелі мелі заработкі намнога большыя за нас: яны былі гаспадары. А хто мы? З ласкі нанятыя работнікі, бяспраўныя ссыльныя. Хто прыслухаецца да нашых скаргаў і крыўдаў? Вацлава і Змітра Сцяпанавіча, сапраўдных майстроў, таксяк падтрымлівалі, а я адчуваў сябе абузаю, ад якое хацелі пазбавіцца. Варта было вякнуць, быў адзін адказ:«Не глянецца, ідзі ў калгас». А там цэлы дзень на марозе вазі сена, выкідай з кароўніка змерзлыя глызы за палачку ў ведамасці. На першым часе калгас ссыльнаму выдаваў на дзень кілаграм хлеба і літр малака, роўна на два рублі, а на працадзень налічалі 10 капеек. За дзень работнік з’ядаў 20 працадзён. Самы лепшы ў калгасе цясляр, касец і стагавальнік Міша Цэсарук за сем гадоў не мог адрабіць свайго доўгу. Калі прыйшла пара вызваляцца, Цэсарук быў вінен калгасу чатырыста рублёў. Даведку яму на атрыманне пашпарта выдалі толькі тады, як жонка з Украіны прыслала грошы на выкуп мужа. Становішча ссыльных у калгасе было самае цяжкае.

Напачатку мы ўтрох сёрбалі з аднаго кацялка, але хутка ў мяне задрыжала рука, перш чым узяцца за лыжку. Мае сябры да арцельных авансаў нешта прызараблялі ў агульны кацёл. А чым яго мог закрасіць я? Тут нават грузчыкі не патрэбны. Таму чужы кавалак рубам станавіўся ў горле. Нічога не кажучы сваім сябрам, я пачаў шукаць работу.

У канцы сяла быў вялікі дзіцячы дом. Тут знайшлі прытулак сіроты франтавікоў, бежанскія дзеці, падабраныя каля разбітых бамбёжкаю саставаў, хлопчыкі і дзяўчынкі з колішняй аўтаномнай рэспублікі немцаў Паволжа і ціхія, маўклівыя і асцярожныя дзеці «ворагаў народа». Яны трымаліся асобна, вучыліся старанна, гаворкаю нагадвалі то Украіну, то Беларусь.

Дырэктар гэтага дома, высокі, кучаравы, у драцяных акулярах, апрануты пад Макаранку, Сцяпан Васільевіч Кемелеў быў самы аўтарытэтны чалавек у сяле. Да яго я і падаўся. Прыняў мяне адразу ў прасторным, добра напаленым кабінеце. Прапанаваў сесці і далікатна пачаў распытваць, хто я, дзе працаваў, што скончыў, чаму трапіў сюды. Я адразу адчуў давер і сімпатыю да яго і шчыра пачаў расказваць сваю драматычную біяграфію. Ён слухаў уважліва, пазіраючы ў акно. Здавалася, верыць, бо такое прыдумаць і нахлусіць нельга. Ён спрабаваў суцешыць, што разбяруцца і, калі дапушчана памылка, выправяць.

Але не па спагаду я прыйшоў да яго.

Сцяпан Васільевіч прызнаўся, што такі работнік во-о як яму спатрэбіўся б, але... Ён шырока развёў рукамі: «Зразумейце, не ад мяне гэта залежыць. — Уздыхнуўшы, сказаў: — У нашай школе толькі дырэктар з вышэйшаю адукацыяй, астатнія педкурсы, педтэхнікум, ёсць і «практыкі» — пасля 10 класаў». Відаць, каб зусім не пазбавіць надзеі, абяцаў параіцца, можа, што і выйдзе. Развітваючыся, успомніў, што ў школе патрэбен загадчык гаспадаркі, і параіў зайсці да Яўгена Паўлавіча Пуціна.

Школа была па дарозе, і я вырашыў за адным разам атрымаць усе аплявухі і супакоіцца. Болей не было куды ісці... Вось і школа. Адна толькі назва. На пукатым, агароджаным жэрдкамі голым дзядзінцы — доўгі «асноўны корпус» з пачарнелага бярвення і вялікімі вокнамі, побач дзве хаты, на два класы кожная. Гаспадарчы хляўчук, а ў канцы двара прыгон для каня і двух быкоў. Вось і ўся гаспадарка.

Я доўга не мог зразумець, чаму ў Сібіры, дзе столькі лесу, ні ў адным двары няма добрага цёплага хлява. Скрозь толькі прыгоны — скіданыя з жэрдак загарадкі, абы не ўцякла скаціна. Без падсцілкі каровы ляжаць на заледзянелых глызах, часта прымарожваюць хвасты і вымі. Скаціна за зіму абрастае нейкім дзікім мохам і, як бразголкамі, прымерзлымі камякамі гною.

Увайшоў у школу, і ў гэтым убогім «храме навукі» да болю зайшлося сэрца. Я да самазабыцця любіў школу, дзяцей, натхнёныя ўрокі, калі іх слухалі, не варушачыся, вечары, спектаклі, паходы, віктарыны, спрэчкі па сачыненнях. І тут пахла крэйдаю, недзе разлітым чарнілам, на нізкіх вешалках віселі кажушкі, целагрэйкі, пафарбаваныя, сваёй работы пальцечкі, з класаў даносіліся павышаныя галасы настаўніц. Як я ім зайздросціў, як хацелася ўвайсці ў клас, сказаць: «Добры, дзень, дзеці. Тэма сённяшняга ўрока...» І спазма раптам перахапіла горла. Пастаяў перад настаўніцкай, супакоіўся, пастукаўся і ўвайшоў у прасторны пакой. Пасярэдзіне — доўгі стол, засланы чырвоным, у чарнільных плямах, абрусам, на ім — сшыткі, падручнікі, чарніліцы-невылівайкі. За прыстаўным столікам сядзеў дробненькі мужчына ў танным шэрым пінжаку, сіняй касаваротцы, з бледным стомленым тварам, шэрыя вочы глядзелі здзіўлена, светлыя негустыя валасы спадалі на лоб.

І гэты дырэктар сустрэў мяне па-людску, падаў руку, пасадзіў побач. Пашкадаваў, што не мае права скарыстаць мяне па спецыяльнасці, а школе так патрэбен добры «славеснік». І ён, як і Кемелеў, бездапаможна развёў рукамі. Пасаду заўхоза амаль пэўна дакляраваў, як толькі разлічыцца цяперашні. Як-ніяк, а загадчык гаспадаркі ўсё ж гучыць.

Што гэта за месца і што за работа, я расшалопаў, толькі як упрогся ў яе, і лішні раз пераканаўся, што мой бутэрброд заўсёды падае толькі маслам на падлогу, а ўсе няшчасці мяне знаходзяць першага, а пакідаюць апошняга.

Адзіны быў ратунак і надзея на добрых людзей, што былі побач, на шчырае і бескарыслівае братэрства ссыльных, гатовых падтрымаць, выручыць з бяды, суцешыць парадай, падзяліцца з таварышам агульнага лёсу.

Мы ўсе перазнаёміліся ў вузенькім калідорчыку сельсавета, чакаючы выкліку на адметку. Нас было дваццаць мужчын і чатыры жанчыны. Паволжскія немцы і эстонцы былі на іншым уліку, на лягчэйшым рэжыме і трымаліся асобна ад нас.

У сяле быў фельчарскі пункт з амбулаторыяй і дзвюма палатамі для цяжкахворых. Загадвала медыцынаю сельсавета вопытны маскоўскі ўрач, абаяльны і дабрэйшай душы чалавек Эла Рыгораўна Брускіна. Яна ў складчыну з інтэлігентнаю ленінградкаю Ганнай Якаўлеўнай купіла маленечкую хатку якраз насупраць амбулаторыі. Дагледзелі яе так, што яна стала самым утульным і цёплым прытулкам большасці ссыльных. У цесным пакойчыку ўсім хапала месца. Апрача нас траіх часта заходзіў колішні прафсаюзны дзеяч Іван Міхайлавіч Ермакоў. Тут ён латаў боты і шыў са старых халяў чыркі. Ён любіў весці «філасофскія» размовы «ваабчэ». Успамінаючы жыццё на волі, расказваў: «Я ў сваё ўрэмя говорил лексии по общым вапросам исполнения часа по два, нащот Антанты и дурмана религии. И вот на тебе! За мою приверженность и кристальную преданность и меня туда же, со всем раённым руководством. А чист, клянусь вам. Хоть сейчас гожусь на любой ответственный участок. Тридцать шесть жалоб только товарищу Сталину атправил. И молчок. Перехватывают, ироды. Кабы дошли, Иосиф Виссарионович вмиг бы освободил и должностишку предоставил. Я еще до-о-бьюсь. Мотивировочки есть, будьте уверены».

Разумная, ужо не маладая і заўсёды стомленая Эла Рыгораўна спагадліва глядзела праз пукатыя шкельцы акуляраў і на поўным сур’ёзе падтаквала Івану Міхайлавічу. Тут ніхто не быў лішні. Доўгімі зімовымі вечарамі пад гул завірухі і патрэскванне марозу ў гэтай утульнай хацінцы мы пілі гарачы чай, гулялі ў карты, уголас чыталі «Огонек» і газеты двухтыднёвай даўнасці, жартавалі, успаміналі любімыя творы і спектаклі, ніхто нікому не вярэдзіў душу сваімі болькамі і душэўнымі пакутамі, дамовіліся ніколі не гаварыць пра палітыку.

У Новы год у гэтай хацінцы ставілася ёлка з самаробнымі цацкамі, таннымі цукеркамі, пячэннем з маскоўскіх і ленінградскіх пасылак. Днём і ўвечары сюды прыходзілі суседскія дзеці і дзеці эстонцаў і немцаў. Яны спявалі і скакалі, расказвалі вершы на трох мовах і разыходзіліся з маленькімі падарункамі. Ганна Якаўлеўна ўспамінала сваіх унукаў, выцірала слёзы, не спадзеючыся іх убачыць.

Хатка насупраць бальніцы стала эпіцэнтрам усіх біязінскіх ссыльных. Тут пра кожнага зацікаўлена і шчыра дбалі абедзве мілыя жанчыны. Ганна Якаўлеўна з-за ўзросту і калецтва нагі не працавала нідзе. Жыла на ўтрыманні дзяцей і сястры. З Элаю Рыгораўнаю яны былі як родныя. Тэрыторыя нашага Паўночнага раёна была роўная невялікай аўтаномнай рэспублікі. Толькі тут была бясконцая тайга, так дакладна названая ўрманам, бездараж, саракаградусныя маразы і двухметровыя сумёты, а паселішча ад паселішча за многія дзесяткі кіламетраў.

Зімою дарогі замяталі завеі, з вясны і да замаразкаў яны патаналі ў чорнай, як густая мазута, твані. Калі падсыхалі, клейкая, як асфальт, гразь наліпала на колы, яны пераставалі круціцца, сунуліся з выбоіны ў выбоіну, гразь набівалася слупкамі на капыты, і конь не мог ступаць. А доктар у самую дзікую завею і мароз, у залеву, а ў летнюю спёку праз хмары аваднёў мусіць ехаць у самыя далёкія сёлы да хворых.

У бальніцы трымалі маленькага мангольскага коніка. На ім Эла Рыгораўна абслугоўвала свой участак. У далёкай Мядзвежанцы хлапчук гуляў з бацькаваю дубальтоўкаю, спусціў курок і параніў на печы маленькую сястрычку. Доктарка кінула ўсё і адна ноччу паехала ратаваць дзіця. На паўдарозе каляныя ад марозу гужы саслізнулі з абледзянелых аглабель, сані сталі, мангол ступіў некалькі крокаў і спыніўся. Цемень, гудзе ад завеі тайга, на дзесяткі кіламетраў — ні жывое душы. Як ні старалася Эла Рыгораўна запрэгчы каня, нічога не выходзіла. Зачапіла лейцы за сані, легла на салому, гатовая загінуць. Зліпаліся ад сну вейкі: так засне і не прачнецца. Але да апошняга ў чалавека жыве надзея: мабыць, у сне пачуўся тупат і рып саней, галасы і выразнае «Тп-р-р-у!».

Спынілася фурманка. Не дачакаўшыся доктара, бацька вёз так-сяк забінтаваную дзяўчынку ў Біязу. Сустрэча ў тайзе выратавала доктара. Эла Рыгораўна некалькі сутак не адыходзіла ад параненай. Паставіла яе на ногі і адправіла далечвацца ў раённую бальніцу.

У ссылцы былі калгаснікі, кравец, ганчар, сталяры, інжынеры, настаўнікі, колішнія партыйныя работнікі. Агульны лёс зраўняў усіх. Мы трымаліся адзін аднаго, дапамагалі як маглі і чым маглі, дзяліліся апошнім. Мясцовыя людзі пыталіся, ці не родныя мы ўсе. Мы жылі па няпісаным законе пакутніцкага братэрства, таму і выжылі, таму і збераглі чалавечую годнасць, дабрату і спагаду.

Як толькі вызвалілася пасада і наша начальства дало згоду, дырэктар школы ўзяў мяне заўхозам. Гучыць. Не абы-хто, а загадчык. Што гэта такое, я ўцяміў за два дні. Але не шкадаваў: мяне вабіла школа і цвёрды аклад — 300 рублёў (цяперашніх 30). Можна адмовіцца ад жончынай дапамогі, не быць нахлебнікам у сваіх сяброў. Мне пашанцавала, што заўхозства прыпала на канец зімы: амаль усё сена і дровы вывез мой папярэднік, у тайзе заставалася два стажкі і кубаметраў трыццаць леташняга беразаку.

Мне перадалі па акце пудкага, некалі абгарэлага на пажары каня, празванага Смажаным, двух быкоў, трое саней і тры дабітыя вазы, хамут, два ярмы, вераўчаныя лейцы, нажоўку, малаток і дзве жмені ржавых цвікоў. Я павінен досвіткам накарміць і напаіць сваё цягло, запрэгчы і цугам ехаць у лес, прабіваць дарогу да паленніцы, накласці дроў на тры фурманкі і везці ў школу за сем кіламетраў. Хоць быў сакавік, а яшчэ маразы даходзілі да трыццаці градусаў, бушавалі завеі і секлі сіверныя ветры. Ногі правальваліся ў сумётах, шчокі апякала сцюжа. На змярканні ўязджаў у сяло, складаў дровы, даглядаў сваю скаціну і ледзь плёўся ў настаўніцкую па заданне на заўтра. У школьных вокнах дрыжалі слабыя агеньчыкі — гарэлі лямпы без шкла. Нехта дадумаўся, што так меней згарае газы. Столі былі закураны, у канцы ўрокаў настаўнікам і вучням прыходзілася адмывацца ад сажы.

Дырэктар, далікатны і ціхі Яўген Паўлавіч, зацемна прыходзіў у школу і позна ўвечары яе замыкаў. У тыя гады ўся краіна ад Масквы да самых да ўскраін працавала начамі. Якая там была праца? Чыноўнікі травілі непрыстойныя анекдоты, гулялі ў даміно і карты, рангам вышэй — у більярд, абы не спаць, пакуль не спалася «вялікаму і мудраму гаспадару». А раптам некаму спатрэбяцца нейкія весткі. Так і сядзелі або драмалі ад Крамля да Біязінскага сельсавета.

Толькі кіпела работа да самага рання ў закратаваных кабінетах. У воблаках дыму і густога мату дзяўблі адно і тое ж: «Прызнавайся! Гавары праўду!» А праўдаю лічылі самапаклёпы і абгаворы, фантастычную хлусню і «працавалі», пакуль не зламаюць знясіленую здзекамі сумленную ахвяру, каб не прастойвалі «сталыпінскія» вагоны, каб ішлі і ішлі этапы на ўсход, здабываць золата, вугаль, валіць лес і... паміраць, задоўга да вызвалення. Усё гэта было мне знаёма і ўспаміналася, як кашмарны сон.

Камендант адзначацца выклікаў толькі апоўначы, цешачыся сваім красамоўствам, уладаю і нецэнзурнымі жарцікамі.

Мокры, настылы і галодны, у свой катушок я прыходзіў позна. Зміцер Сцяпанавіч курыў каля пліты, Вацлаў трэнькаў на мандаліне або драмаў. Мяне чакалі кацялок гарачай бульбы, місачка гаспадынінай капусты і пахкі фруктовы чай. Я прагна вячэраў, у цяпле гарэлі шчокі, у скронях татахкалі звонкія малаточкі. Каб трохі адышлі ногі, клаўся на тапчан і засынаў цяжкім, з трывожнымі прывідамі сном. А заўтра зноў трэба ўставаць цёмначы, ехаць у лес па завеянай за ноч дарозе, каб прывезці дроў Самушкінай. Выкладала яна мову і літаратуру, хоць сама скончыла ледзьве-ледзьве дзевяць класаў. Пісала: «Томара», бо пад націскам Тома, «лошедь», «актевист», але няшчадна цягала неслухаў за валасы, давала кухталя ў спіну і крычала: «Язви тя в душу, аглаед!»

Прывёз ёй неяк дровы, падважыў калком сані, зваліў звонкі беразак каля плота. Гаспадыня выскачыла на ганак: «Хазяйственник, ах ты, гультай! Хто ж будзе складаць?» Я ледзь стрымаўся, але перасіліў сябе: «Вам, Еўдакія Прахораўна, пасля напружанай інтэлектуальнай працы карысна заняцца фізічнаю». Яна нібы сарвалася з ланцуга: «Я табе паабражаю... ак-ту-альная! Панаганялі сюды контрыкаў з наморднікамі ды яшчэ вякаюць. У-у-у, вражына!» Я развярнуўся, хвастануў ляйчынаю Смажанага і выехаў з двара. А яна крычала ўслед: «Ну, змей, хоць бы вароты зачыніў».

Горла сціснуў даўкі камяк крыўды і болю, вочы засціла сляза.

Некаторыя настаўніцы глядзелі на мяне падазрона і варожа. Яны ведалі, што я выкладчык з вышэйшаю адукацыяй, і пабойваліся, каб не падрываў іх аўтарытэт, не вельмі паказваў сваю эрудыцыю. Я часам затрымліваўся ў школьным калідоры, чуў натацыі, лаянку, пагрозу, стук кулаком або бездапаможныя тлумачэнні. Было сорамна за настаўнікаў і шкода дзяцей, а яны былі дапытлівыя і таленавітыя. Ніхто з іх яшчэ не бачыў электрычнасці, хоць ведалі законы Ампера і Ома, некаторыя сур’ёзна пыталіся: «А калі пройдзе цягнік, за ім палатно скручваюць у трубку?» Большасць настаўнікаў і вучняў не ўмелі скланяць лічэбнікаў у давальным, творным і месным склонах, у сшытках кішэлі нявыпраўленыя памылкі. А працэнт паспяховасці ў справаздачах быў высокі. Гэта падабалася начальству.

Больш дасведчаныя дзетдомаўцы, якія пабачылі свет, забягалі да мяне ў завозню і, не саромеючыся, дапытваліся: «Дзядзька, праўда, што вы настаўнік? За што вас сюды прыгналі? У Маскве вы былі? І на Краснай плошчы? А ў Маўзалеі? Можа, і Сталіна бачылі?» Што я мог ім сказаць, як растлумачыць, чаму апынуўся тут ? Сказаць — нізашто, будзе «паклёп» на органы следства і суда, «варожае ўздзеянне на падрастаючае пакаленне». І кляпаць на сябе не мог. Выкручваўся: «Адбылася памылка. Хутка разбяруцца і выправяць. Вы ж дапускаеце памылкі, а настаўніца іх выпраўляе», хоць бачыў, як Самушкіна піша «кометет» і «гінерал».

У мяне часам шукалі справядлівасці гэтыя маленькія бунтары з абвостраным пачуццём годнасці, нецярплівыя да няшчырасці і падману, чэрствасці і грубасці, згаладалыя па ласцы і ўвазе. Настаўніцы іх не любілі і пабойваліся, бо яны не ўмелі крывіць душою, падхалімнічаць і гаварылі ў вочы тое, што думаюць, а іх адвучалі ад гэтай «шкоднай» звычкі з маленства і самі ад яе адвыклі даўно.

Хлапчукі з дзіцячага дома ўнадзіліся да мяне з нявырашанымі пытаннямі, а то проста лавілі наравістага Смажанага, верхам ездзілі на ім на пашу, памагалі мне ўпраўляцца, прыносілі свае сачыненні. А настаўніцам здавалася, што я іх знарок кампраметую, і папярэджвалі не хадзіць да мяне і не гаварыць з «ворагам народа», бо ён такому навучыць, што самі загрыміце за краты. Я ведаў пра гэтыя папярэджанні і часта думаў, што прамяняў бы ссылку на лагер. Там быў роўны з усімі, меў месца на нарах, пайку хлеба, міску баланды і чарпачок кашы і ні пра што не думаў, а тут ламай галаву, як перабіцца з ранку да вечара: прыйдзеш у краму, а там загад: «Ссыльным хлеба не даваць», любы гаспадар скажа: «Паря, аслабані фацеру», — і нічога не зробіш, забірай сваю торбу і шукай прытулак, і ўсё ж, што ні кажы, і на кароценькім павадку, але ты нібыта вольны: ідзі на ціхую задуменную Тару, дыхай кедрачамі і піхтоўнікам, можаш паслаць і атрымаць тэлеграму. Хто не быў у няволі, той не ведае, якое гэта шчасце. А цярпець навучаныя: такія прайшлі «універсітэты»!

Павольна, нясмела надыходзіла вясна. Уначы яшчэ задыхаліся ад сцюжы, а ўдзень сляпіла вочы зыркае сонца, звінелі капяжы, з-пад сумётаў выбіваліся каламутныя раўчукі. Біязінка злізвала апошнія ледзяныя закрайкі і набухала празрыстай крынічнаю вадою. З дарог і калгасных стайняў цягнула аміячным духам адталага гною. Яго звычайна вясною спальвалі тыднямі сяло задыхалася ад дыму. Чарназёму гной быў не патрэбен, ад яго толькі ўсё буяла. Да адлігі я вывез усё сена і дровы, пасля заняткаў да партаў прыбіваў адарваныя вечкі, падцягваў зваленыя вароты ў хляве, даглядаў каня і быкоў, быў рымарам і стальмахом, сталяром і ўсеагульным папіхачом, хоць і лічыўся загадчыкам. Чаго? Ніхто не ведаў. У адным возе зламалася драўляная вось. Я сказаў Яўгену Паўлавічу: «А вы зрабіце новую». — «Я ніколі нічога падобнага не рабіў. Трэба заказаць у майстэрні». — «Вы гаспадарнік. Гэта ваш клопат».

Куды дзенешся? Мусіў рабіць. Праўда, дзіркі для загваздак прадзяўбаў наўкасы, а вось гадоў з дзесяць служыла.

Дамоў я пісаў бадзёрыя ўсцешныя лісты, адмовіўся ад грашовых пераводаў, урэзаў свой бюджэт, каб паслаць сям’і якую капейчыну. Пасылкі часам прыходзілі ад стрыечнага брата, хірурга Мікалая Бобрыка. Ён мне быў за бацьку ў студэнцкія гады і на ўсіх маіх пакутніцкіх дарогах. Пасля вайны ён дэмабілізаваўся ў званні падпалкоўніка медыцынскай службы і прыслаў мне свае боты, гімнасцёрку, брыджы і амаль новы шынель. Пасля сваіх вышмуляваных у камерах і на этапах неданоскаў у новым абмундзіраванні я выглядаў больш салідна. На мяне пачалі скоса глядзець занадта пільныя настаўніцы, а камендант, угледзеўшы такога ссыльнага, сур’ёзна сказаў: «Вы не маеце права насіць камсастаўскае абмундзіраванне. Ці не ўцякаць сабраліся?» — «Ад вас не ўцячэш. Мы ж вечныя. Я не пазбаўлены выбарчых правоў. Магу выбіраць, а значыць, і быць выбраным. Што скажаце, калі абяруць старшынёй ну хоць бы сельсавета? Га? Тым больш маю права насіць усё, апрача пагонаў і блакітнай фуражкі». Ён пачырванеў, сцяў зубы і прасіпеў: «Трэба болей слухацца і меней пярэчыць, а то надта разумны і лезеце не ў свае справы. Сігналы ў нас ёсць... не забывайцеся. Ха-ха-ха. Стар-шыня! Чаго захацеў!» — «Нічога асаблівага. Ссыльны Салтыкоў-Шчадрын быў вяцкім віцэ-губернатарам і пакінуў па сабе добрую памяць». Ён гэта, відаць, чуў упершыню і паглядзеў на мяне, як на вар’ята. «Ідзіце! Бяда з гэтымі вучанымі».

Сібірская вясна бурная, іскрыстая, сонечная, з шумнымі і віратлівымі паводкамі. Лажкі і нізіны становяцца азярынамі. Біязінка вырываецца з берагоў, а шырокая, зарослая чаромхаю, тальніком і глогам Тара ломіць пабурэлы лёд, крышыць крыгі і залівае па самыя макаўкі ўсё наваколле. Мясцовыя рыбакі спускаюць на ваду лёгкія асінавыя чаўны, з дарожкамі, восцямі, «павукамі», плывуць па разводдзі і вяртаюцца з чырванапёрымі акунямі, даўгарылымі шчупакамі і мноствам срабрыстых чабакоў. У затопленых кустах плёскаецца, гукае, крычыць і свішча ашалелае ад цяпла, вясны і шчасця мноства пералётнага птаства. А мне ўспамінаюцца вясна на Пцічы, набухлыя кусты бэзу, бухматыя жоўтыя коцікі на вербах, качыны гон над разводдзем і шчаслівыя, поўныя спадзяванняў гады майго юнацтва. І такі агортвае сум, такі боль гняце сэрца, што і выказаць нельга нікому. У кожнага сваё гора, свой сум. Чакаю лета і спадзяюся пабачыцца з жонкаю. У лагеры чакаў яе на «свіданку», а тут у адведзіны.

Сышлі снягі, апалі паводкі, падсохлі груды, пацвярдзела густая, як асфальт, гразь на дарогах. Тайгу завалакла шыза-зеленаватая смуга. Пакуль не ўзняліся хмары гнусу, усе спяшаюцца на лясныя дзялянкі рэзаць на зіму «веснадзельныя» дровы. За лета яны высыхаюць, як звон, і загараюцца ад аднае запалкі. Усе вялікія работы тут робяць талакою, як тут кажуць, «помачамі». Збіраюцца сваякі, бліжэйшыя суседзі, сёння паставяць шуркі аднаму, заўтра другому, пазаўтра трэцяму. Глядзіш, за некалькі дзён усе з дрывамі на ўсю даўжэзную зіму. Так косяць і стагуюць сена, ставяць дамы, садзяць і выбіраюць бульбу. Гэта спрадвечныя самыя працавітыя кааператывы, таварыствы ўзаемнай дапамогі. Ад помачаў ніхто ніколі не адмовіцца і не адмаўляецца. Ідуць мужчыны, жанкі, старыя і дзеці, і работа кіпіць, пакуль не будзе ўсё зроблена. Суровая Сібір прадыктавала свае мудрыя законы.

Адразу я не паверыў вачам. На пустым пляцы раніцаю былі выкапаны ямкі пад штандары з лістоўніц, а ўвечары на гэтым месцы стаяў ладны дом, толькі без печы і зашклёных вокан, у ім заліваўся гармонік, грукалі ў скоках, сакаталі прыпеўкі, да раніцы ішла гулянка. Вось і ўся плата за работу. Неверагодна. Праўда? А ўсё проста: зруб паставілі ў лесе, размецілі, падагналі кроквы і тоўстыя латы, накалолі плашак на столь, загадзя акасячылі вокны і дзверы, надралі на дах бяросты. Раніцай усё перавезлі на пляц і накінуліся, як мурашы, складаць, насцілаць мох, наворваць удзірванелы дзёран на дах. Увечары стаяў накрыты, як лялька, новы дом. А плата? Бітон густое салодкае бражкі і чыгун бараніны.

А колькі ж трэба дроў на зіму школе і кожнаму настаўніку, з разліку дванаццаць кубаметраў на душу? Вось думай і старайся, заўхоз. Толькі падсохла тайга і не падняўся гнус, тры старэйшыя класы — пяты, шосты і сёмы — разам з настаўнікамі ў лесе. Тут кожны з маленства прывучаны валіць з пня, пілаваць, калоць самыя кручаныя камлі, складаць роўныя паленніцы.

Ішло нас на лесасеку душ каля ста, з песнямі, жартамі, штурхатнёй, кепікамі.

Лесапавал — работа небяспечная, а ў мяне дзесяцігадовы вопыт лесаруба, і я расстаўляю настаўнікаў і вучняў так, каб нікога і сучок не драпнуў, і сам завіхаюся з пілою і сякераю. Абедаць садзіліся ўсе разам: раскладалі жытнія шаньгі, адвараную бульбу, пірагі з тварагом і чаромхаю, запівалі малаком. Я са сваім акрайчыкам хаваўся за кучаю ламачча, каб ніхто не зжаліўся і не частаваў мяне сваімі шаньгамі.

За два тыдні мы справіліся з дрыўмі. Наперадзе была вялікая работа — накасіць і застагаваць на тры галавы сена. А зіма доўгая — з кастрычніка да мая. Вакол сяла ніякіх сенажацяў не было. Касілі ў тайзе на колішніх дзялянках, пакуль яны не пазарасталі хмызам і падлескам. У гушчары ўрмана, куды і сонца не заўсёды прабівалася, школа мела свае «надзелы». Калі мне іх перадавалі, я не ўяўляў, як тут касіць па пнях, па ламаччы, сярод няспаленых лаўжоў. Успаміналіся нашы надрэчныя заліўныя лугі, нават балоты здаваліся раем. Але нікуды не дзенешся — трэба адрабляць свае трыста рублёў. А тайга гудзе і звініць хмарамі вялізных аваднёў, ліпкіх сляпнёў і плоймаю камарэчы. Толькі і робіш, што хвошчашся веццем, а заедзь сячэ спіну, рукі, твар, працінае шапку. Як тут касіць, калі дыхаць ад камароў немагчыма? Старыя сібіракі расказвалі, што некалі селавы сход вялікаму злачынцу выносіў самы страшны прысуд: на суткі пакінуць прывязанага ў тайзе. На тым месцы знаходзілі непазнавальны труп, як кажухом укрыты гнусам.

Мне рабілася страшна, але трэба было касіць. Пад маім началам было пяць тэхнічак. У нас — касавіца мужчынская работа, а ў Сібіры — асноўныя касцы жанчыны, ды яшчэ якія касцы! Мы выехалі на сваім транспарце. Дзялянка наша была кіламетраў за сем ад сяла. Распрэжаныя конь і быкі адразу рванулі ў хмызнякі, каб хоць трохі ацярэбвацца ад заедзі. Пакуль здымаў косы, падбіваў клінкі і мацаваў ручкі, мае жанкі ва ўсім белым, у тоўстых шарсцяных панчохах і мяккіх чырках нацягалі ламачча і яловага лапніку, развялі куродым, палеглі на траву і пачалі качацца ў дыме. Я не разумеў, дзеля чаго яны вэндзяцца: грэцца няма патрэбы — дзень ясны, сонечны і гарачы. Гукнулі мне: «Иди, окурись». Я адмахнуўся: «Лепш закуру». Жанчыны з крынічкі прынеслі гладышку сцюдзёнай вады, напіліся і ўзяліся за косы. Я пайшоў паперадзе, але на сярэдзіне пракоса мне пачалі падразаць пяты. Спыніўся, нібы памянташыць касу, яны, смеючыся, пайшлі наперад, а мяне апанавала цёмная хмара заедзі. На тэхнічках не было ніводнага авадня ні сляпня. Чаму? У мяне пад тонкаю кашуляю з сіняга штапелю не было ніводнага жывога месца, на шчоках і руках пухлі цвёрдыя белыя пухіры, камары лезлі ў вочы і ў рот. Я махаў касою, а мяне секла і секла заедзь, нібы таго асуджанага на кару. Здавалася, яшчэ трохі — і можна звар’яцець ад укусаў, гулу, звону і невыноснага свербу.

Бязмужняя, чорная, як цыганка, Мінадора, усміхаючыся, пакрыквала на мяне: «Варушыся, хадзяйсцвеннік, бо з’ядуць, а нам атвячаць. З такім касцом да снегу не адкосімся!» Я ў той дзень быў самы няшчасны: ссечаны заеддзю, знясілены, прыгнечаны сваім становішчам і здзеклівымі кепікамі маіх падначаленых. Хацелася ўсё кінуць-рынуць і некуды бегчы. Але куды пабяжыш у намордніку з кароткаю шворкаю? Нават гнус апанаваў мяне аднаго, а жанкі косяць спакойна, глядзяць на мае пакуты і толькі пасміхаюцца. Высокая, касцістая, з мужчынскім тварам і буйным васпаватым носам Дуся Груенка падышла да мяне і спагадліва сказала: «Трэба ж было надзець белую кашулю, акурыцца разам з намі, а так з’ядуць».

Я дацярпеў да абеду. Жанкі паселі на траве палуднаваць, а я не мог спыніцца ні на хвіліну, нарэшце ўзяў сваю торбачку з хлебам і двума драбкамі цукру і палез на высокую разлапістую асіну і з палёгкаю ўздыхнуў. Жанкі мае качаліся ад рогату. А мне было добра — авадні так высока не ўзляталі. Я выціраў гарачы пот, змешаны з крывёю ад укусаў. Злазіць было страшна, але трэба зноў ісці на пакуты. Гэта быў дзень кары. Успомню цяпер, і працінае боль і сверб. Потым апранаўся ў светлае, акурваўся, мазаў рукі дзёгцем, і мы даволі хутка дакасілі свае дзялянкі. Калі пачалі звозіць на валакушах сена да стога, зноў з мяне пакпіла Мінадора: «Хадзяйсцвеннік, давай баганы». Я паціснуў плячыма і развёў рукамі: што такое баганы, пачуў упершыню. «Навошта ж наймаўся, калі і баганоў не ведаеш?» Выручала тая ж добрая і спагадлівая Дуся: узяла сякеру, паказала тры рагатыя асінкі, мы ссеклі іх, паставілі казялкамі і на іх пачалі накладаць сена, каб з сярэдзіны яго прадзімала ветрыкам. Работа ў нас ішла спорна: у тайзе, як вялікія шаломы, стаялі школьныя стагі, жанкі больш не кпілі з мяне, нават палагаднела злосная на ўсіх Мінадора.

Адкасіўшыся, я сядзеў у завозні — перацягваў хамут, ушываў старыя аброці. Хоць было і лета, дырэктар сабраў усіх настаўнікаў. На канікулы ніхто не раз’язджаўся, бо не пускала гаспадарка: соткі, гароды, дровы, сена. Я здзівіўся. Відаць, нешта тэрміновае. Праз паўгадзіны Яўген Паўлавіч зайшоў да мяне. Патаптаўся, паглядзеў на маю работу і неяк збянтэжана загаварыў: «Ведаеце, толькі што ў газетах апублікавана выдатная праца таварыша Сталіна: «Марксізм і пытанні мовазнаўства», і ёсць загад райана тэрмінова вывучыць яе і прымяняць пры выкладанні ўсіх прадметаў. Мы чыталі, чыталі і заблыталіся ў гэтых індаеўрапейскіх мовах, у тэорыі Мара. Я — гісторык. Гэтага мы не праходзілі. Можа, вы дапаможаце разабрацца ў гэтых прамудрасцях? Хадзем. Там ужо чакаюць настаўнікі». Я паглядзеў на разгубленага дырэктара і з усмешкаю спытаў: «Не баіцеся, што саб’ю вас з марксісцкіх пазіцый? Я якраз вывучаў мовазнаўства па Мару». — «Не ўдасца, — усміхнуўся Яўген Паўлавіч, — марксізм я ведаю добра. Калі трэба, падпраўлю».

Я прызнаўся, што працу Сталіна прачытаў уважліва і самае істотнае падкрэсліў. З-пад бэлькі дастаў газету, і мы пайшлі ў настаўніцкую спасцігаць глыбіні новых адкрыццяў у мовазнаўстве. Нават Наталля Іванаўна глядзела на мяне не так пагардліва і калюча. Усе слухалі ўважліва мае каментарыі, але ніхто не ўяўляў, як увязаць мовазнаўства з батанікай, фізікай, хіміяй, з табліцай множання. А інструкцыя патрабавала безагаворачных увязак.

Не ведаю, правільна ці не я сказаў, што сувязь мовазнаўства з любым прадметам вымагае высокай культуры мовы кожнага настаўніка, а значыць, і вучня, шырокага мыслення, дасканалага валодання прадметам, агульнага моўнага і арфаграфічнага рэжыму.

 

ЧАТЫРЫ СЛУПЫ ДА СУСТРЭЧЫ

Лісты з дому прыходзілі даволі часта. Хоць дзе той быў дом? Дачка з дзедам гаравалі ў катушку, выгараджаным на кухні колішняй нашай кватэры, жонка за дваццаць кіламетраў ад іх кватаравала ў бурклівай адзінокай бабулькі, таксама ўдавы 37-га года.

Не дом быў, а сапраўднае раскіданае гняздо.

Жонка суцяшала і абяцала ў канцы ліпеня ці пачатку жніўня адведаць мяне. Я лічыў дні. Паштоўкаю паведаміў адрас у райцэнтры, дзе яна можа знайсці прытулак і ўвагу. Паштоўкі ішлі хутчэй і меней цікавілі нашых шэфаў.

Дні складаліся ў тыдні, але не было ні маёй госці, ні вестак з дарогі. Бяссонныя ночы высушвалі душу і мазгі. Якія жахі толькі не вярзліся! Колькі бясследна знікала людзей у дарозе? Успомнілася, як Алю ледзь не скінулі бандыты з цягніка, калі ехала пасля вайны да мяне ў лагер. Таму ні спаць, ні піць, ні есці не мог. Ад пакутлівых думак можна рэхнуцца. Кожную раніцу глядзеў на неба і маліў у яго літасці, бо, як толькі задажджыць, раскіснуць таежныя дарогі, у наш бярлог ніякімі сіламі не прабіцца.

Пакуль стаяла пагода, яшчэ верылася ў сустрэчу. На тыдзень згадзіў пакойчык у ветлівай і ласкавай бабкі Вяткінай, а яна кожны дзень дапытвалася: «Какие новостя-то есть, сказывай. Матри, паря, поди, увел твою беленькую какой ни на есть чорный кабказец». І падкідала мне новую пакуту: пасля Айчыннай вайны па амністыі распаўзліся па краіне крымінальнікі, шасталі па цягніках, рабавалі, забівалі, скідалі з падножак.

А як задажджыла, я ўпаў духам зусім. Напаўзлі нізкія цёмна-шэрыя хмары з раскалмачанымі закрайкамі. Бясконца цадзіў і цадзіў нудны і спорны дождж. Ён заліў маю апошнюю надзею.

Знясілены ад дум і трывог, коўзаючыся нібы па намыленай сцежцы, я ішоў у сваю завозню. Нечакана нехта моцна пастукаў у раму. Праз адчыненую фортачку гукнуў паштавік Мікалай Рэдзькін: «Толькі што з райцэнтра званіла ваша жонка. Яна там чакае на пошце». Я аслупянеў. Як у такую залеву і бездараж яна магла дабрацца? Доўга не думаючы, пайшоў ёй насустрач. Я не ішоў, а бег па калюжынах і выбоінах гразкай і ліпкай дарогі. Абапал пад дажджом шапацела намоклае лісце, ігліца лістоўніц і елак іскрылася дробнымі каралямі дажджынак. У скронях татахкала ад хвалявання і шпаркай хады, думкі круціліся, як на калаўроце, не верылася, што сёння сустрэну сваю «дзекабрыстку», думаў, як дабярэмся да Біязы. Трывогі змянілі ўспаміны — перад вачыма праходзіла маё кароткае, такое заблытанае і цяжкае жыццё. Не пакідала адна думка: за што? Няўжо да скону гараваць у гэтай глушэчы з кляймом палітычнага злачынцы пад пільным наглядам жорсткасці і недаверу?

Самае крыўднае — адчуваць бездапаможнасць, пераканаць людзей, знаёмых, якія цябе ведалі і верылі табе, што ты ні ў чым не вінаваты.

Следчыя, пракуроры, суддзі даўно ўпэўніліся ў гэтым, але страх за сваю шкуру штурхае на злачынства, на здзекі, на знішчэнне сумленных людзей. У нашай планавай гаспадарцы і яны маюць свой план, і выконваюць яго сабе на радасць, людзям на гора.

На дарозе — ніводнай жывой душы. Гарланяць на дождж вялізныя мокрыя вароны, часам прашалясціць у траве змяя. Гэта ж непадалёк адсюль, у даспелых малінніках, мядзведзь адгрыз сабе лапу. А чалавек здольны на такое? І ўспомніўся наш даваенны лясны лагер: дзень на павале, ноч грузім пульманаўскія вагоны шпаламі і дрыўмі, сёрбаем баланду з атрубей і турнэпсу, дахадзягі б’юцца каля памыйніц за гнілыя галовы траскі. Над варотамі лозунг: «Лучковая пила и канадский топор — кратчайший путь к освобождению!» Пад ім праходзяць змардаваныя панурыя брыгады з піламі і сякерамі. Да агароджы ступіў яшчэ дужы бялявы і ціхі Вася Буянаў, паклаў левую далонь на слупок і з усяе сілы секануў вострым тапаром. Кісць адскочыла на мокры пясок, і пальцы сціснуліся ў кулак. Буянава забралі ў санчасць, а потым у цэнтральны ізалятар, судзілі за «членовредительство» і да неадбытага тэрміну дадалі яшчэ дзесяць гадоў. Ён страціў руку, але затое выжыў, адседзеў да «званка», вызваліўся і быў рэабілітаваны не пасмяротна.

Я не магу адкараскацца ад страшных успамінаў. Хоць бы дзе жывая душа, хоць бы фурманка ўслед або насустрач. У такую нягоду ніхто не паедзе: на колы наліпае столькі чарназёму, што яны перастаюць круціцца, конь ідзе, як на катурнах, і можа скруціць нагу. А я іду подбежкам і сам дзіўлюся, як хутка мінаю і мінаю прыдарожныя слупы. Наперадзе іх застаецца чатыры. Чатыры слупы да сустрэчы.

Нейкі тупат насцярожыў. Азірнуўся і ледзь не ўмлеў: па ўтравянелай абочыне ў лёгкім вазку на знаёмым рыжым стаенніку ехалі двое ў зялёных плашч-палатках з нізка насунутымі капюшонамі. Першая думка — скокнуць у лес, але позна: мяне ўжо ўбачылі. Так, гэта мае гаспадары. Пазнаю нашага ранейшага ўпаўнаважанага лейтэнанта Траццякова і маладзенькага Пушыкава. Сэрца збіваецца з рытму. «Тп-р-р-у!» Параўняліся. Стаю, хачу прывітацца, а язык шорсткі, як суконка, не слухаецца. Усё ж нешта прамармытаў. Замест адказу Траццякоў пытаецца. «Куды спяшаемся?» Я лепячу, што прыехала жонка і недзе чакае пад дажджом. «А хто дазволіў?» Уключаецца Пушыкаў. «Вам вядома, што самавольная адлучка з месца пасялення лічыцца ўцёкамі, а за гэта... вас папярэджвалі?.. Правільна, 25 гадоў катаргі. Спяшаецеся за калючы дрот? Што будзем рабіць, таварыш лейтэнант?» Дзе мая была душа і ці была наогул, не памятаю, а Пушыкаў усё насядаў: «Ну што жа, вернемся, яго — у КПЗ і аформім справу, каб іншыя не бегалі».

Доўгае маўчанне. Стаю, як над прорваю. Спіхнуць ці ўтрымаюся? «Так і быць, — марудна цэдзіць Траццякоў, — ідзіце. Толькі адразу — у райаддзел да дзяжурнага. Скажаце, я дазволіў. Хай зробіць адзнаку ў дакуменце. Запомніце, гэта першы і апошні раз. Но-о-о!» — хвастануў каня ляйчынаю, і каламажка пакацілася па ўтравянелай абочыне.

Я адразу не мог сысці з месца. Глядзеў ім услед, і не верылася, што бяда мінавала і я вось-вось убачу сваю Алю.

Тайга парадзела. Абапал дарогі густыя зараснікі тальніку, ракітніку і глогу. Вось ужо відны нізкія берагі і павольная плынь шырокай ракі. Дарога крута ўзнімаецца на доўгі драўляны мост з пазелянелымі ад моху парэнчамі. Прыбаўляю хаду, амаль бягу, у мітульзе стаіць нейкая маленькая постаць. Ці не прывід? Яна! Яна! Вось ужо ўсміхаецца і бяжыць мне насустрач. Падхапіў яе на рукі, маленькую, лёгенькую, як дзіця. Мы плачам абое, тулячыся мокрымі халоднымі шчокамі, і вусны адразу не знаходзяць вуснаў. Яна ад валасоў да падэшваў мокрая і настылая, рукі дрыжаць, а пабляклыя вусны шэпчуць нешта блытанае і пяшчотнае. Я расшпіліў сваю мокрую целагрэйку, з яе ідзе пара, і затуляю вузкія плечы, каб хоць трошкі іх адагрэць.

«Чаму ж ты не ў Лідзіі Яўсееўны?» — «Я не ведаю ніякай Лідзіі». Так і ёсць, паштоўка мая не дайшла. «Як жа ты дабралася ў такую нягоду? Дзе спынілася?» — «Доўга расказваць. Хадзем. Можа, хто пусціць у хату». Мы сыходзім з моста і ідзём гразкаю селавою вуліцаю. «Дзе твае рэчы?» — «Вось, — яна падняла маленькую сумачку. — Чамадан застаўся на машыне, а машына застрала недзе пасярод тайгі. Яе доўга, пхалі, падмошчвалі ламачча і паленне, а грузавік садзіўся ўсё глыбей і глыбей. Шафёр цябе ведае. Ён з вашага калгаса, Іван Макараў». — «Як жа ты дабралася?» — «Так і дабралася. Пехатою. Пагрэлася каля вогнішча, спытала дарогу. Тут яна адна. З тайгі нікуды не звернеш. Узяла сваю сумачку і патупала. Дождж, тайга, камарэча, гразь. Чаравікі, поўныя слізкай твані, распаўзаюцца. Дайду да мастка цераз канаўку, накрыюся плашчом ад камарынага звону, адпачну і — далей. Так ноч і дзень. Часам апаноўваў страх: то застогне сава, то зваліцца з дрэва сухая галіна, то закрычыць драч. Хоць бы дзе вёсачка, хутар, хацінка.

Нідзе жывое душы. Наўкол тайга».

Мы прыпыніліся каля райаддзела НКУС. Дождж сціх. Зайшлі ў вузкі калідорчык. У пакой дзяжурнага я шчыльна зачыніў дзверы, каб Аля не пачула, як ён будзе зняважліва са мною гаварыць. І не памыліўся. Маладзенькі прышчаваты сяржанцік чытаў мне натацыю, паказваў уладу: «Пакуль не вернецца лейтэнант, замкну ў цёмную і сядзі». Ён доўга яшчэ куражыўся, нарэшце зрабіў адзнаку ў «воўчым білеце» і гаркнуў: «Чашы!»

Аля заўважыла па мне, як мы пагаварылі з дзяжурным. Каб не думаць пра гэта, я распытваў пра яе падарожжа.

У райцэнтр яна прыбілася толькі раніцаю, стомленая, мокрая, па шыю ў гразі. Такую ніхто і на парог не пусціць. Дайшла да рэчкі, распранулася ў кустах, апаласнулася, пазмывала з адзежы гразь, нацягнула ўсё мокрае і пайшла на пошту званіць у Біязу. Чакала, чакала і пайшла на мост сустракаць. «Дзе ж ты так затрымалася?» — «Доўгая гісторыя, куды мы ідзём?« — «Да добрых і мілых людзей, у якіх ты павінна была спыніцца». І я расказаў, што дзве ўжо немаладыя інтэлігентныя жанчыны, сасланыя за расстраляных мужоў, патуляліся па чужых кутках і разам купілі на ўскраіне сяла старую хатку, дагледзелі яе і дружна жывуць ужо каторы год. Лідзія Яўсееўна — выдатны педагог-універсал. Яна падцягвае па ўсіх прадметах гультаяватых дзетак мясцовага начальства, піша кантрольныя работы завочнікам, на тое і жыве. А сухенькая, іранічная і вострая на язык Вера Міхайлаўна займаецца гаспадаркаю. Праз далёкага сваяка ёй прысылаў грошы сын — бакінскі інжынер.

Хатка Лідзіі Яўсееўны і Веры Міхайлаўны стала гасцінным прытулкам, кансультацыяй па ўсіх трывожных праблемах, спавядальняю амаль для ўсіх ссыльных раёна. У ёй заўсёды нехта начаваў, абедаў; сюды заязджалі родзічы ссыльных. І ўсім было месца, увага, добрае слова і кавалак хлеба.

Тут перабывалі жонкі і дзеці былых партыйных работнікаў, асуджаных па «ленінградскай справе». Амаль кожны дзень сюды заходзілі Ракоўская і пляменніца Мартава — Вікторыя Сяргееўна Волкава. Яна ніколі не бачыла свайго апазіцыйнага дзядзькі. Закончыла брусаўскі літаратурны інстытут, працавала ў «Комсомольской правде», а з 1937 года за такое небяспечнае сваяцтва разам з сястрою асвоіла турмы, лагерныя баракі і вось атрымала вечную ссылку. Алена Хрысціянаўна Ракоўская загадвала літаратурнаю часткаю вядомага маскоўскага тэатра, сябравала з рэдактарам «Нового мира» Гронскім, паэтамі Паўлам Васільевым і Уткіным. Заходзіў да Лідзіі Яўсееўны і Сава Савіч Марозаў. Так, так, сын таго славутага фабрыканта і мецэната. Хадзіў ён няголены, у чорным кажушку і нешта рабіў у раённым зямельным аддзеле. Гэта было найвялікшае шчасце.

Амаль усе ссыльныя перабывалі ў гэтай утульнай хатцы на ўскраіне раённага сяла.

Сюды мы і прыйшлі з Аляю. Яна нясмела стала ў парозе і адразу апынулася ў абдымках звонкагалосай Веры Міхайлаўны. «Я вас такою і ўяўляла, беленькай і зграбнай. Дзе ж вы прападалі? Мы чакалі кожны дзень. Праходзьце, распранайцеся. О-о-о! Вы ж мокрая наскрозь. Ліда! Сустракай госцю. Нясі што-небудзь цёплае і сухое. Давай валёнкі».

Са сваёй баковачкі Лідзія Яўсееўна вынесла халат і валёнкі. Мая сарамлівіца разгубілася зусім, калі тонам гаспадыні Лідзія Яўсееўна загадала: «Вера, грэй чай і накрывай на стол». Ёй, як у старой п’есе, падыграла Вера Міхайлаўна: «Шампанскае і ўстрыцы падаваць? Ну і, вядома, какаву «Золотой ярлык» можна?» — «Вера, не паяснічай. Некалі будуць і шампанскае і «Золотой ярлык», — адпарыравала Лідзія Яўсееўна. «Вера, без веры і жыць не варта. Вы мяне прабачце на некалькі хвілін. У мяне вучань». І знікла за няшчыльнымі дзвярыма.

Аля адразу адчула, якая тут простая і сардэчная атмасфера. Яна пераапранулася, абула цёплыя валёнкі, пасінелы твар паружавеў, заіскрыліся вочы. Нам было добра і ўтульна, як у самых блізкіх родзічаў. Яна паціху расказвала пра дачку, пра бацьку, пра сваю работу ў Пагосце. У Старобіне была доктарам мая стрыечная сястра і часам памагала жонцы свайго няшчаснага брата.

Калі на стале з’явіліся гарачая бульба і чай, уся ўвага была звернута на Алю. Усе чакалі навін, верылі ў розныя меркаванні і чуткі, спадзяваліся, што ў некага прачнецца сумленне і скончыцца гэты кашмар. «Ну як там Масква?» Ёй не было калі разглядаць яе. Начавала на вакзале, выстойвала доўгія чэргі ў розных прыёмных. Адзінае, што паглядзела, — выстаўку падарункаў таварышу Сталіну да яго сямідзесяцігоддзя. Такога багацця і прыгажосці нават і ўявіць немагчыма. А то абівала парогі ў Міністэрстве асветы, у прыёмнай КДБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Прасіла аднаго: каб мне дазволілі працаваць у школе, яна паказвала выпіску з пастановы аб зняцці з мяне судзімасці. Яе разглядалі, круцілі галовамі і пасылалі ў другую такую ж глухую да гора чаргу. Нарэшце сказалі, што пры ўсёй няхватцы настаўнікаў у Сібіры выкладчыцкую работу ссыльнаму даверыць не могуць.

Перад ад’ездам яна прыйшла на Красную плошчу. Доўга глядзела на напяты ветрам Дзяржаўны сцяг над зялёным купалам, на званіцу Івана Вялікага, на далёкія вокны крамлёўскіх палацаў і думала: недзе там ходзіць у мяккіх ботах, магчыма, пазірае на горад і плошчу вялікі і мудры правадыр. Чаму ж ён не ведае, колькі пакутуе невінаватых людзей, гатовых жыццё аддаць за Радзіму. Яго адно слова — і тысячы стануць шчаслівымі, а шчасце — спакойна жыць і сумленна зарабляць свой кавалак хлеба замест пайкі. Яна выстаяла доўгую чаргу да Леніна. Прайшла і ледзь стрымала слёзы.

«Як выглядае Масква? Што людзі гавораць у чэргах каля Вярхоўнага Савета і Пракуратуры?» — дапытвалася Лідзія Яўсееўна. У чэргах людзі стаялі пахмурныя і маўклівыя, кожны са сваім горам, а давяраць яго незнаёмаму не адважваліся.

Білет Аля ўзяла не да Барабінска, а да Новасібірска, каб не думаць, што нечага не зрабіла, паехала ў вобласць. Праз пяць дзён была ў сталіцы Заходняй Сібіры. Куды ісці? З Чырвонага праспекта выпадкова звярнула на вуліцу Дзяржынскага і апынулася каля шэрага будынка абласнога НКУС. Штурхнула цяжкія дубовыя дзверы з тоўстаю пакручастаю ручкаю. Слязьмі і просьбамі прабілася да генерала Какучаева. Увайшла, а сказаць нічога не можа: раскрывае рот і захлынаецца паветрам. Ён даў вады, супакоіў, прапанаваў сесці, уважліва выслухаў блытаны і таропкі расказ пра нашы пакуты, прачытаў пастанову аб зняцці з мяне судзімасці і здзівіўся, чаму мяне другі раз арыштавалі і выслалі сюды. Адразу некаму пазваніў. Увайшоў маладзенькі лейтэнант. «Гэты малады чалавек праводзіць вас у аблана да таварыша Андросава. Я яму перадам, што не пярэчым, каб ваш муж працаваў у школе. Спадзяюся, усё будзе добра». І нават праводзіў з кабінета. Яна не верыла сваім вачам. Забягу трошкі наперад: пазней да нас дакацілася чутка, што генерала Какучаева самога арыштавалі. Праўда ці не, сцвярджаць не магу. Чаго толькі не бывала.

Расказаўшы пра свае клопаты, Аля з сумачкі дастала пашпарт, а з яго — загад Новасібірскага аблана аб прызначэнні мяне выкладчыкам чарчэння і малявання ў Біязінскай сямігадовай школе.

«Чаму чарчэння і малявання?» — здзівіўся я. «Дазволіць выкладаць мову і літаратуру не адважыўся нават спагадлівы і вельмі інтэлігентны Андросаў. «Літаратура — гэта ж ідэалогія. Як ты не разумееш?» Я многага не разумеў. «А калі на месцы будуць перашкоды, загадчык аблана даў тэлефон свайго намесніка Кулагіна. Ён разбярэцца і ўсё ўладзіць».

Я трымаў вузенькую жаўтаватую паперку, як тапелец трымаецца за выратавальны круг. Важна зачапіцца ў школе, толькі пачаць, а там будзе відно. Хацелася стаць на калені перад гэтай маленькай нязломнай жанчынай, з якою нас звёў горкі лёс на дарогах пакут і зняваг. Пры людзях на сантыменты не адважыўся. Юрыдычна мы з ёю не былі мужам і жонкай, і прозвішчы ў нас розныя, але любоў, адданасць, сумленне і вера звязалі нас мацней за самыя прыгожыя пасведчанні аб шлюбе. Нават такая наша прадбачлівая асцярожнасць не выратавала яе ад ганенняў і адміністрацыйных рэпрэсій.

Пасля вячэры і доўгіх размоў нам адвялі «дзяжурны» тапчан. Але нам было не да сну, пакуль мая «дзекабрыстка» не расказала пра ўсё, што перажыла пасля майго арышту, як рэагавалі мае вучні і настаўнікі, многія спагадалі, не верылі ў маю віну, але не кожнаму пра гэта гаварылі. Былі і такія, што лічылі мяне хітра замаскіраваным злачынцам і прыдумлялі неверагодныя гісторыі.

Раніцай я паспяшаўся ў райана. Ім загадваў добры педагог Іосіф Нічыпаравіч Маеўскі, нашчадак даўніх перасяленцаў з Беларусі. Я моўчкі падаў яму сваю выратавальную паперку. Ён пакруціў яе з усіх бакоў, утаропіўся ў мяне. «Што ж, загад ёсць загад. Яго мы абавязаны выконваць... А вы ведаеце, якая ў вас будзе нагрузка? Пяць гадзін на тыдзень. З такою нагрузкаю трымаць адзінку, самі разумееце, мы не можам. Дзіўна, што аблана гэтага не ведае».

Я стаяў знямелы. Вось табе і радасць. Сэрца зайшлося, кроў ударыла ў скроні. Ці ж трэба было абіваць парогі прыёмных, плакаць, выпрошваць літасці, суткамі адной пад дажджом ісці па тайзе, рызыкаваць жыццём, каб атрымаць паперку, якая нічога не мяняе ў нашым пакутніцкім лёсе?

Маеўскі заўважыў мой адчай. «Т-э-э-кс... Што ж з вамі рабіць? Якую замежную мову вывучалі ў інстытуце? Нямецкую? У Біязе ніколі не выкладалася замежная мова. Па сетцы гадзіны ёсць. Яны прападаюць. Але самі вырашыць мы не можам. Калі дазволіць аблана, пярэчыць не будзем». І ён мне падаў мой звялы загад.

Я кінуўся на пошту. Заказаў размову з таварышам Кулагіным. Хвіліны чакання здаваліся вечнасцю. Некалькі разоў тэлефон быў заняты, то не адказваў. Нарэшце, па абедзе, пачуў у трубцы прыемны барытон. «Так, так. Добра. Зразумела. Папрасіце тэлефаністку пераключыць мяне на Маеўскага і самі ідзіце да яго». Я акрыяў. Дзе там ісці, бег бегма. Потым многа разоў, калі мяне здымалі, таварыш Кулагін мяне пазнаваў па голасе і заўсёды ратаваў.

Толькі па дарозе ў райана я заўважыў, што неба ачысцілася ад хмар, свяціла сонца, падсохлі сцежкі, і на душы пасвятлела.

Маеўскі мне сказаў, што выкладанне нямецкай мовы прыйдзецца пачынаць з алфавіта ва ўсіх класах, а цяпер я яму нарабіў клопату — здабываць падручнікі і праграмы. Ён даў мне копію загада для дырэктара школы і развітаўся без асаблівай ветлівасці.

Не абыходзячы лужыны, пераскокваючы праз канаўкі, я бег да сваіх з радаснаю навіною. Мяне заўважылі праз акно, і ўсе выйшлі насустрач. Важны быў прэцэдэнт ссыльнаму дазволілі працаваць у школе, і ўжо з’яўляліся надзеі, строіліся меркаванні на «пацяпленне», на палёгкі ў рэжыме. Усе арыштанты жывуць суцяшэннямі і спадзяваннямі, нават засуджаныя да смерці і ў апошнюю хвіліну яшчэ разлічваюць на літасць.

На мяне з надзеяю глядзелі тры жанчыны. Я падняў загад, напісаны ад рукі загадчыкам райана. Навіна стала агульнай радасцю. «Дзякаваць Богу, лёд крануўся. Калі яны ўсіх настаўнікаў, што возяць сілас і рэжуць дровы, пашлюць у школы, будуць шчаслівыя дзеці і багацейшаю на адукаваных людзей Сібір», — з імпэтам сказала Лідзія Яўсееўна. Уяўляю, якая б ад яе аднае была карысць у любой школе, а для яе — найвялікшы ратунак.

Вера Міхайлаўна некага ўгледзела на вуліцы, пастукала ў шыбу і памахала рукою. Сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў вышыванай кашулі і светлай кепцы. Шырока расстаўленыя вочы глядзелі пранікліва і іранічна, ніжняя губа вытыркалася наперад, нібы ён заўсёды ўсміхаецца. Нас пазнаёмілі: Іван Андрыянавіч Дзеравянка дваццаць пяць гадоў выкладаў мову і літаратуру ў школе Данбаса. За тое, што нешта расказаў цікаўным вучням пра Хвылёвага і Васіля Блакітнага, прыслалі сюды на перавыхаванне. Яго з адным лёгкім у калгас не ўзялі. Пасланяўся па сяле без работы і прыстроіўся ў арцелі накшталт нашага «Прагрэса». Называў ён яе не інакш як «Рогі і капыты». Былі ў арцелі трактары і грузавікі, лесарубы недзе пляжылі тайгу, а летам сплаўлялі па Тартасе, няблага зараблялі, а начальнік вытворчасці і старшыня арцелі кожны дзень набіраліся да немачы. Не маглі распісацца ў нарадзе і зводцы. Іван Андрыянавіч ім параіў заказаць факсіміле, дык і тое яны часам ставілі дагары. Іван Андрыянавіч быў нарміроўшчыкам і пісарам, складаў «дутыя» справаздачы і расказваў пра сваю «шарагу» з едкім гумарам.

Да майго прызначэння Дзеравянка паставіўся скептычна: «Можа, гэта паказуха, гульня ў справядлівасць. Яны ж гавораць, што карыстаемся грамадзянскімі правамі, хоць за рэчку схадзіць без дазволу «не положено». А калі даведаўся, што мой лёс вырашыла паперка пра зняцце судзімасці, развёў рукамі: «У наш дэмакратычны і самы шчаслівы век усё вырашае паперка, а чалавек — прышпілены да яе скрэпкаю, дадатак. Праўду кажуць: без бумажкі ты букашка, а з бумажкай чалавек. У мяне здымаць не было чаго, ніхто не судзіў. Паперка, меншая за гэтую, — «слухалі... пастанавілі саслаць навечна». І саслалі. Вось і хаваю канцы злачынстваў п’яніц, пакуль разам з імі не пасадзяць. Вось тады будзе за што. Але наўрад іх зачэпяць, з пракурорам у рыбу разам ездзяць. А я, між намі кажучы, прашуся вартаўніком у другую шарашкіну кантору».

Калі загаварылі пра вечную ссылку, Іван Андрыянавіч прыжмурыўся, азірнуўся і ціха сказаў: «Як толькі гэты (ён указальным пальцам правёў па верхняй губе) адправіцца ў пекла, настане «фініта ля камедыя». От пабачыце. Мы яшчэ будзем людзьмі. Важна цяпер нічога не растраціць чалавечага. Таму не думаю тут асталёўвацца. Уважліва слухаю радыё і чакаю, калі ён захлынецца крывёю і зайграюць жалобны марш».

Лідзія Яўсееўна ўскочыла, замахала рукамі. «Я забараняю ў маім доме такое гаварыць! Вы ведаеце, што за гэта даюць?» — «Ведаю, Лідзія Яўсееўна. Але ж я нікога не назваў. Мой старшыня з вусамі. Я меў на ўвазе яго. І спадзяюся, тут сексотаў няма». Ён паціснуў мне руку, пажадаў поспехаў і між іншым сказаў: «Пабачым, як вас будуць дзяўбці будучыя калегі». Цырымонна развітаўся і выйшаў з хаты. Усталявалася цішыня. «Вось так заўсёды. З ім бывае страшна гаварыць». Насцярожылася Лідзія Яўсееўна. «А хіба ён не праўду гаворыць? Хіба ты не так думаеш? Толькі мы баімся саміх сябе. Страх паралізаваў усіх. І не толькі тых, што сядзяць. У мільёнаў пакутнікаў ёсць бацькі, жонкі, дзеці, браты, сёстры, дзядзькі і цёткі, і ўсе дрыжаць ад жаху перад анкетамі, спецаддзеламі, блакітнымі фуражкамі, усе трымаюць на чорны дзень сухары, а на сходах да замарачэння ляскаюць у ладкі, устаюць праз кожныя пяць хвілін, пачуўшы імя вялікага і мудрага, у кожнага «ўра» і кляп у роце. Дзе вы бачылі, каб дзвесце мільёнаў думала аднолькава? Навошта ім думаць, калі за ўсіх думае адзін».

«Вера, замаўчы! Каб я нічога падобнага не чула», вырачылася Лідзія Яўсееўна. «Бяжы далажы Сокаву, што я контра. А я з пялёнак камуністка. Мой бацька быў лепшым другам Кірава. Мама нарадзіла мяне ў енісейскай ссылцы. Я дваццаць пяць гадоў у партыі, партыйнай і памру. Каб убачыў Ленін, што нарабіў Коба са сваімі апрычнікамі, яго хапіў бы другі ўдар».

Мы з Аляю прытаіліся, як мышы. Такога ніколі не чулі, а калі нешта падобнае думалі, баяліся нават прызнацца сабе.

Яшчэ адна акалічнасць трывожыла мяне: маляваць я таксяк маляваў, чарціў арнаменты, а нямецкую мову за ўсе свае пакутныя гады забыўся канчаткова, ды і вучылі мы яе ў трыццатыя гады, абы атрымаць «здавальняюча» ў старога геносэ Зэмеля. Успомніў: дэр, дзі, дас, гутэн таг і гутэн абэнд, фраў, мэдхен. Бадай і ўсё. Як жа вучыць таму, чаго не ведаеш сам? Былі б падручнікі, граматыка, да пачатку заняткаў падвучыўся б. А што зробіш з пустымі рукамі? Сваёй трывогай я падзяліўся з Лідзіяй Яўсееўнай. Яна мяне суцешыла. Дала падручнік для пятага класа і маленькі нямецка-рускі слоўнік. Абяцала памагаць на першых парах. О, святая душа! Як я быў ёй удзячны тады і цяпер.

Каля пошты мне сустрэўся зарослы, запырсканы гразёю наш калгасны шафёр Іван Макараў. «Ці жывая хоць твая баба? Ну і шустрая. Гэта ж трэба — ноччу адна рванула праз урман, а каб «хадзяін» дзе нарваўся, і касцей не знайшлі б. Ну і баба, ну і баба. Дзе хоць яна? Чамадан яе цэлы. Забярэш ці разам паедзем?»

Праз дзе гадзіны мы з Аляю калываліся ў кузаве старога «ЗІСа» па біязінскай дарозе.

Наша новая гаспадыня, бабка Вяткіна, сустрэла нас стрыманаю сібірскаю ўвагай: паставіла самавар, шаньгі з чаромхаю і тварагом і місу буйной, духмянай і салодкай маліны, як яна казала: «скуснай і жырнай». Распытвала, як жывуць людзі ў Расеі, колькі там даюць на працадзень. Праз паўгадзіны яны ўжо шчабяталі, як даўнія знаёмыя. Бабка Вяткіна мне прызналася: «Паглянулася твая маладуха, хоць ташчая і дробненькая».

Назаўтра я з’явіўся да дырэктара ў новай якасці. Здалося, што ён шчыра ўзрадаваўся. Маеўскі яго папярэдзіў па тэлефоне, і ён ужо знайшоў на маё заўхозскае месца нашага ссыльнага Мікалая ІІІчарбакова. Ён адседзеў сем гадоў за тое, што трапіў у акружэнне, і проста з лагера — у вечную ссылку. Здатны да любое работы, высокі шэравокі арловец быў задаволены за сябе і за мяне. Потым жылі з ім у добрым суседстве, дапамагалі адзін аднаму чым маглі і цяпер зрэдку абменьваемся лістамі.

Пасля дажджоў і слаты распагодзілася: па-летняму смаліла сонца, падсохлі сцежкі, а ноччу часам бялела трава ад ранніх прымаразкаў. Днём мы хадзілі на шырокую ціхаплынную Тару, купаліся ў не надта цёплай вадзе, ляжалі ў густой сакавітай траве пад ласкавым сонцам, нібыта і не было пакут, трывог і гора. Кожны думаў, як нам жыць далей, але ці мог я цягнуць яе ў вечную ссылку, у гэты суровы таежны край з саракаградуснымі маразамі, сумётамі па самыя стрэхі, з непраходнаю бездаражжу, з лютаю заеддзю з вясны да самых замаразкаў. Яна ж была вольная. Магла вырашыць свой лёс сама. Успомнілася, як некалі ў лагеры да майго лепшага таварыша прыехала на спатканне жонка, прывезла перадачу, пашчабятала пра навіны, а развітваючыся, сказала: «Не дакарай мяне сурова. Я выходжу замуж. І ў сына будзе іншае прозвішча, каб ніхто не пароў вочы, што бацька вораг народа». Знямелы мой друг толькі заплакаў, бо страціў апошнюю павуцінку, што звязвала з жыццём і іншым светам. Я не ўяўляў існавання без Алі і дачушкі. Дзеля чаго тады жыць, на што спадзявацца? Няхай жывуць адсюль за тысячы кіламетраў, але застаюцца мне самымі роднымі і блізкімі назаўсёды.

Аля была катэгарычнаю ў сваіх намерах: наступным летам з дачкою і бацькам пераехаць сюды зусім. Няхай сабе і навечна.

Вечарамі мы заседжваліся ў Элы Рыгораўны і Ганны Якаўлеўны. Яны былі асабліва ўважлівыя і ласкавыя з Аляю. Чаго толькі не ўспаміналі, пра што не гаварылі ў тыя вечары! Абедзве некалі былі заўзятыя тэатралкі і ахвотна расказвалі пра спектаклі Станіслаўскага, Меерхольда, Таірава і Зубава, пра баталіі Маякоўскага ў Політэхнічным музеі, распытвалі пра сённяшнюю Маскву і жыццё на волі.

Жнівень ішоў на спад, канчаліся канікулы. Аля збіралася ў Беларусь. Я не кажу — дадому. Дому ні я, ні яна не мелі. Былі толькі тапчаны ў чужых кутках. Нас гнаў па свеце вецер нягоды, а мы цягнуліся адно да аднаго і не логікай, а інтуіцыяй верылі ў нейкае далёкае шчасце. Без веры жыць не варта і немагчыма. Мы думалі адно і тое ж, а гаварылі пра нейкія будзённыя дробязі, радаваліся сіняму-сіняму небу, ласкаваму сонцу, шэлесту надрэчнага тальніку і чаромушніку, павольнай плыні, што кацілася да берагоў далёкага Іртыша. Бачыць і чуць зямную прыгажосць — вялікае шчасце, а быць поруч з адданым, любімым і шчырым чалавекам — шчасце ўдвая. Але з кожным днём набліжалася расстанне. На колькі ? Ніхто не ведаў.

Я дамовіўся з тым жа Іванам Макаравым, што ён, едучы па генератар для калгаснай электрастанцыі, давязе да Барабінска і маю жонку. Ён яшчэ пажартаваў: «Давязу, калі зноў не ўцячэ». Ужо быў складзены чамаданчык, і мы прыліплі да акна ў чаканні машыны. У дзевяць гадзін, як дамовіліся, яе не было, не прыйшла ў дзесяць і ў адзінаццаць. Ужо не сядзелася, і я пабег на калгасны двор. Іван вазіў на тачок збожжа. Тым часам дарожны пыл, як воспінамі, пабілі буйныя кроплі дажджу. Яны капалі спарней і спарней. Я ўжо не ішоў, а хутка бег на ток, каб пабачыць шафёра. На паўдарозе ён прытармазіў машыну: «Нічога, браце, не будзе. Зранку на ток, а цяпер сам бачыш, — ён тыцнуў чорным пальцам у хмарнае неба, — зноў кукаваць на дарозе. Няхай пагуляе, пакуль распагодзіцца».

Я павольна паплёўся ў сяло. Сцежкі сталі ліпкія і коўзкія ад спорнага дажджу. Не спяшаўся, каб прытрымаць гэтую горкую навіну. Аля сустрэла яе спакойна: як толькі забарабаніў дождж, самае неабходнае склала ў сетачку, надзела плашч і чакала мяне развітацца. Мне адняло мову ад яе намеру. Угаворваў, упрошваў, трымаў сілаю. Яна хапалася за клямку і тлумачыла: калі спозніцца на працу, звольняць і яе, загінем з голаду, а дарога знаёмая — дайшла сюды, дойдзе і назад. «Пусці! Дарэмна трацім час. Можа, дзе-небудзь пад’еду», — суцяшала мяне. Так правалэндаліся да паўдня, а дождж ліў як з луба. Аля сядзела каля акна ў плашчы з сетачкаю на каленях. Мы толькі паціху ўздыхалі. Калі адсюль удасца выбрацца, не ведаў і сам бог. На Урэччы засталася пяцігадовая дачушка з дзедам на яго мізэрнай пенсіі, у мяне пакуль што ніякіх заработкаў не было, наш адзіны заработчык застраў тут на няпэўны час. Можа страціць работу там і не знайсці тут. Што будзем рабіць? Як жыць? Апрача калгаса, няма за што зашчаміць рукі, а плата там вядомая. І ўсё ж я затрымаў сваю няўмольную госцю і ўгаварыў пайсці да дырэктара школы даведацца, ці знойдзецца тут хоць гадзін васямнаццаць для яе матэматыкі.

Ісці было ўжо амаль немагчыма. Коўзкі чарназём, як смала, засмоктваў падэшвы і наліпаў на абцасы. Выбраліся на ўтравянелую паскоціну і пайшлі задамі. Нізкае хмарнае неба, нудны дождж, убогія шэрыя хаты з землянымі стрэхамі, крывыя, абы-як скіданыя платы, ніводнай прысады, ніводнага дрэўца ў сяле — усё наганяла такі сум, што хацелася галасіць і бегчы куды вочы глядзяць.

Яўген Паўлавіч выслухаў нашу бяду і пачаў цярпліва дазвоньвацца да райана. Пагаварыўшы з Маеўскім, перадаў яго згоду даць работу матэматыкам, калі будзе адмацаванне і дакументы з ранейшай школы. Развіталіся мы з дырэктарам без асаблівага энтузіязму. «Хто ж мяне там адпусціць? Амаль усе школы не ўкамплектаваныя. Сама, можа б, яшчэ адпрасілася, а пісаць... дарэмна». І тут я ўхапіўся за апошнюю саломінку: у Старобіне даўно працуе доктарам мая стрыечная сястра. А хто ў раёне не ўважыць доктару? Зайшлі на пошту, і я адбіў у Старобін падрабязную тэлеграму.

Казаць, як мы жылі, што думалі, як суцяшалі адно аднаго, проста немагчыма. Часцей моўчкі ўздыхалі, а думы былі самыя чорныя: ну, адпусцяць, тут возьмуць на работу, а як жыць? У нас — ні пасцелі, ні міскі, ні лыжкі, і нідзе нічога не купіш, ды і купіла таго не было.

Дні міналі марудна, як у чаканні прысуду. Штодня хадзіў на пошту, з надзеяй глядзеў на Рэдзькіна і моўчкі выходзіў. Ды і пошта ў гэтую бездараж не хадзіла. Адзіная сувязь з раёнам — тэлефон. А там тэлефаністка магла забыць перадаць зменшчыцы, а ў тае сваіх клопатаў хапае. Хадзіў, нібы нешта згубіўшы. І вось — стук у шыбу. Узбягаю па коўзкіх крутых усходцах. Думаеш самае горшае, а Рэдзькін капаецца ў паперах, пытаецца ў дзяўчыны, дзе тая тэлеграма. Божа мой! Хвіліны б’юць па галаве. Нарэшце дрыжыць у руках напісаны ад рукі тэкст: «Адпусцілі. Справа выслана авіяпоштай. Маруся». Да Алі бег як падстрэлены. Яна выслухала спакойна. Глядзела і маўчала. І я падумаў: хацела ўсё ж вярнуцца ў сваю школу, бліжэй да дачкі і бацькі, а я ёй адрэзаў шлях. Вінаваты! Вінаваты! — ледзь не загаласіў я. Як мог вырашаць яе лёс па сваёй волі, а волі ў мяне аніякай няма, што я магу вырашаць у сваім бяспраўным становішчы? Часам трывожыла, ці не думае Аля, што заманіў яе сюды і эгаістычна трымаю пры сабе, а яна і не збіраецца пахаваць маладосць у гэтай глушэчы, далёка ад сваякоў і родных мясцін. Мы абое нудзіліся па дачцэ і не ведалі, калі і як сустрэнемся з ёю.

Да бабкі Вяткінай я ўпрасіўся толькі на тыдзень. Прайшло больш. Кватарантаў яна трымаць не збіралася, чакала з бальніцы свайго старога і без залішняй дыпламатыі загадала шукаць сабе «фацеру». І пайшоў я ад хаты да хаты пытаць сабе прытулку. Не ў кожнай з іх было дзве палавіны, а ў прастарнейшых дзетак вялося як бобу. Аднаго яшчэ пускалі, а з сям ёю бралі не вельмі. І ўсё ж у канцы сяла злітавалася дзябёлая ўдава Дуня Шышкіна. З сынам-трактарыстам яны займалі кухню, а нам аддала пакой з асобным цёмным калідорчыкам. Перанёс ад Цімошыхі свой тапчан, паходны мяшэчак і Алін чамаданчык, разжыліся лямпаю і каторы раз пачыналі жыць нанава. З Урэчча прыслалі самыя неабходныя Аліны рэчы, а я ад стрыечнага брата дачакаўся слоўнікі і нямецкую граматыку, акварэльныя фарбы і некалькі пэндзлікаў. Можна было пачынаць навучальны год.

 

«ДЭР МАН»

Над сшыткамі і планамі заседжваліся мы дапазна. З Алінаю дапамогаю я разбіраў кожны параграф, зверху дробненька надпісваў пераклад складаных слоў і зубрыў амаль на памяць. Пакуль ва ўсіх класах вывучалі алфавіт, было прасцей і спакайней, а пачаліся тэксты, захваляваўся, потым трохі пасмялеў, нарэшце супакоіўся, бо ніхто з настаўнікаў не мог праверыць маё дзікае вымаўленне. Горш было з вучнямі. Дзетдомаўцы — дзеці вайны і вясковыя сіраты — адразу варожа настроіліся супроць майго прадмета: «Нам не трэба фашысцкая мова». Тым больш што выкладае яе чалавек палітычна заплямлены, можа, нават які-небудзь гітлераўскі паслугач, учарашні школьны конюх. А цяпер уставай перад ім і гавары «Гутэн таг».

Я ўсімі сіламі і довадамі пераконваў, што няма фашысцкай мовы, а ёсць мова Маркса, Энгельса, Гётэ і Шылера, што Ленін чытаў «Капітал» у арыгінале. Я разумеў сваіх пратэстантаў з душамі, скалечанымі вайной, з незагойнымі ранамі горкага сіроцкага дзяцінства, спагадаў ім. Але як давесці, што не мова вінавата, а страшэнная пачвара фашызму? Расказваў пра пакуты і барацьбу Лібкнехта, Люксембург і Тэльмана і нешта крануў у іх сэрцах. Калі ж пачалі чытаць першыя словы і сказы «Дэр ман», «Дэр рабэ», «Дэр афэ», «Вэр іст орднэр?», мне ахвотна адказвалі: «Іх бін орднэр». Заўважаў, што і на перапынку некаторыя выхваляюцца перад малодшымі нямецкім слоўцам. Усё новае падкупляе і заахвочвае, пакуль фармалізм не адаб’е ахвоту.

Як толькі выходзіў з настаўніцкай, мае вучні беглі ў клас і крычалі: «Дэр ман ідзе». Вось у мяне і мянушка з’явілася. Я рабіў выгляд, што нічога не чую і не ведаю, быў з усімі лагодны, справядлівы і ветлівы, заахвочваў старанных, падбадзёрваў ленаватых, зацікавіў маляўнічымі табліцамі, малюнкамі з подпісамі. Часам чуў, як на вуліцы мае вучні хваляцца сваёй вучонасцю і гергечуць абы-якія нямецкія словы.

Але больш за ўсіх мяне даймалі два дзетдомаўцы — руды і канапаты Віця Тартынскі і цыганаваты Ваня Бойка. Яны пратэставалі па-свойму: на ўроку нешта стругалі, пускалі папяровых галубоў, стралялі ў дошку жаванаю папераю. Я іх спакойна ўшчуваў, не скардзіўся дырэктару, не пагражаў, не дапякаў двойкамі. Яны думалі, баюся іх, а мне было шкада іх пакалечанага дзяцінства, ім карцела хоць так спагнаць сваю крыўду на фашыстаў. Каб дапячы «Дэр ману», яны часам бессаромна пыталіся: «А праўда, што вы былі перакладчыкам у немцаў?» Я спакойна адказваў, што фашыстаў бачыў толькі ў кіно. «А Наталля Іванаўна казалі...»

Я ведаў, адкуль гэта ідзе: занадта «пільныя» настаўніцы глядзелі на мяне і на Алю адчужана і варожа. Яны жылі сваімі інтарэсамі і плёткамі, таемна варагавалі паміж сабою за нагрузку, за пахвалы, за дровы, за сена і... мужыкоў. І раптам нейкія ссыльныя ўрэзалі іх нагрузку ды яшчэ прэтэндуюць на нейкую вучонасць. Рабілі выгляд, што мы не існуем, хоць пільна сачылі за кожным крокам і словам, настройвалі вучняў супроць нас. Аля, прыроджаны педагог, з першых урокаў узяла кожны клас у свае маленькія дужыя рукі. «Сумную» матэматыку слухалі і палюбілі ўсе без выключэння, такой цішыні, як на яе ўроках, не было ні ў дырэктара, ні ў завуча. І гэта злавала і раздражняла нашых «калег».

Мы трымаліся асобна. На перапынках садзіліся ў канцы доўгай драўлянай канапы і маўчалі, калі бывалі «фортачкі», цішком правяралі сшыткі, пісалі планы. Класнага кіраўніцтва мне не даверылі. Пасля некалькіх заняткаў палітгуртка па вывучэнні «Кароткага курса ВКП(б)» і маіх выказванняў дырэктар мне сказаў: «Можаце не наведваць палітзаняткі. У вас жа вышэйшая адукацыя, матэрыял добра вядомы, некаторыя пры вас адчуваюць сябе няёмка. Ім здаецца, што пасмейваецеся з іх адказаў... Бывае смешна і мне, але што зробіш?» Я разумеў прымітыўную дыпламатыю Яўгена Паўлавіча і больш не хадзіў на палітзаняткі. Трэба было цярпець, каб толькі ўтрымацца і неяк існаваць. Часам хацелася кінуць усё, пайсці на самую цяжкую работу, але, апрача арцелі «Прагрэс» з яе «аванцамі» і калгаса з палачкамі, нічога не было.

Школу я вельмі любіў з самага ранняга вучнёўства: выпускаў насценныя газеты і рукапісны часопіс, ставіў спектаклі і дэкламаваў вершы, быў пастаянным аратарам на ўсіх святочных дэманстрацыях. Словам, быў дылетантам на ўсе рукі, усё патрохі ўмеў. Думаецца, кожны настаўнік павінен іграць на скрыпцы або піяніна, маляваць, іграць у аматарскім спектаклі, выразна чытаць вершы і прозу, сваім умельствам і прыкладам захапіць вучняў.

На ўроках малявання ў мяне была цішыня. Усе стараліся. Нават Тартынскі і Бойка, высалапіўшы языкі, шчыравалі над сваімі малюнкамі. Мы рабілі класныя і школьныя выстаўкі. Каму не хацелася трапіць на іх? У сёмым класе вучылася даволі дарослая эстонская дзяўчынка Валя Ыўнап. Яна малявала амаль прафесійна. Яе пейзажы здзіўлялі глыбінёй перспектывы, каларытам, дакладнасцю і настраёвасцю. Не ведаю, як склаўся яе лёс. Калі не стала яна мастачкай, страчана яскравая індывідуальнасць. Яе малюнкі ўпрыгожвалі нашы выстаўкі і класы, побач з імі выстаўляліся лепшыя работы тых, хто ўпершыню ўзяўся за аловак.

У нашу школу хадзілі дзеці з блізкіх і дальніх сёл. Пераважна пераросткі. Жылі яны каля школы ў доўгай стадоле інтэрната толькі ў лютыя маразы і завеі, а так хадзілі на заняткі і дадому пехатою за пяць, восем і дзесяць кіламетраў. У сібіракоў жа ёсць прыказка: «Сто вёрст — не адлегласць, сорак градусаў — не мароз». Гэта засвойвалася з дзяцінства. А мы адчувалі і дваццаціградусную сцюжу. Я хадзіў у сваім шынялі, а для Алі справілі паўкажушак і звалялі зграбныя чорныя «пімікі», з абцасамі і тоўстымі насамі, каб не мерзлі пальцы, купілі гаматную з брыжамі клятчастую хустку і прывыкалі да лютай сібірскай зімы.

Вечарам запальвалі пліту, нешта варылі і смажылі купленае ў суседнім беларускім сяле Кардон. Там жылі даўнія перасяленцы з Віцебшчыны і Барысаўшчыны, але і ў чацвёртым пакаленні яны збераглі моўныя асаблівасці, хатні ўклад, звычаі, арнамент на посцілках і ручніках, кашулях і блузках і пелі песні роднае стараны. Кардон быў адразу за Тараю. Я часта хадзіў туды адвесці душу, пагрэцца каля печы, складзенай, як у нашых вёсках, пачаставацца хрусткім дранікам і мачанкаю. У землякоў можна было купіць кавалак сала і вяндліны, вантрабянкі і каўбасы. Карэнныя сібіракі нічога гэтага рабіць не ўмелі. Рэзалі свінчо, здымалі шкуру, усё нутро выкідалі сабакам, тушу вешалі на крук у кладоўцы, замарожаную адсякалі, колькі адхопіць сякера, варылі ў чыгуне, выкідалі кавалак свініны на чыста вышараваны стол і па камандзе гаспадыні «таскайце, мужыкі» падбіралі ўсё дачыста. Кардонаўцы за паўстагоддзя так і не навучылі суседзяў гаспадарыць па-свойму.

Павячэраўшы, гібелі над сшыткамі і планамі і ўсё часцей успаміналі дачушку і Алінага бацьку. Ён быў не вялікі грамацей і лісты пісаў не так часта, а мы іх чакалі кожны дзень і нудзіліся моўчкі, каб не вярэдзіць душу адно аднаму. Гэтай зімою яны павінны былі абое прыехаць да нас, але не так проста выправіцца ў такую далёкую дарогу, ды і мы не надта прыспешвалі, пакуль больш-менш не ўсталяваліся самі. Становішча наша было нетрывалае: аднаго паклёпу зайздросніка або пільнага «патрыёта» было дастаткова, каб застацца без кавалка хлеба, а то і загрымець за Палярны круг. Каб утрымацца, выкладаліся з апошніх сіл і не адразу зразумелі, што гэта якраз і небяспечна. «Ага, яны хочуць нас засланіць, паказаць вучонасць, скампраметаваць сумленных настаўнікаў. Мы ж вам пакажам!» І гулі дырэктару ў вушы розную несусвеціцу, паклёпнічалі, пад’юджвалі вучняў супроць мяне і ўсё на «высокім узроўні пільнасці і класавай непрымірымасці».

Але Яўген Паўлавіч, сумленны і разумны чалавек, умеў здымаць і згладжваць усе канфлікты і тактоўна браць нас пад абарону.

У пачатку снежня ён даручыў мне рыхтаваць навагодні вечар: прыдумаць якія-небудзь касцюмы, дэкламацыі, нарабіць з вучнямі цацак на ёлку і, вядома, каб былі Дзед Мароз і Снягурачка. Гэтае даручэнне разбудзіла ў мяне даўні творчы імпэт. Я начамі фантазіраваў, як правесці навагодні вечар, каб ён запомніўся надоўга. Напрыдумляў многа, а з чаго і як рабіць? У школе ні фарбаў, ні самай таннай тканіны, ні кардону, ні нават добрай паперы няма. А рабіць трэба.

Пайшоў у ганчарню да Васіля Іванавіча Мартынава, набраў трохі добрай мяккай гліны, у Элы Рыгораўны выпрасіў чырвонага стрэптацыду, жоўтага акрыхіну, «зялёнкі», вучняў папрасіў прынесці абломкі пабітых люстэркаў, парцяную і суконную фарбу, сіньку для бялізны. Аматары знайшліся адразу. Асабліва іх натхняла, што работа наша была засакрэчана, каб ніхто не ведаў, што мы рыхтуем і робім. Таямнічасць асабліва падабаецца дзецям. Мы ляпілі з гліны балванкі для масак, абклейвалі замест пап’е-машэ папераю ад старых сшыткаў, здымалі вясёлыя і пачварныя маскі, размалёўвалі іх, рабілі бутафорскія рыцарскія шаломы, мячы і сякіры. Сядзелі да поўначы з вучнямі ў мяне і ў школе. Актывісты хадзілі за мною гуртам, гаварылі толькі шэптам і трымалі тайну да самага вечара.

Тыдні за два да Новага года ў дзіцячы дом прыехаў прадстаўнік райфінаддзела спісваць састарэлую маёмасць адзенне, фіранкі, просціны і мэблю. Перш чым падпісаць акт, усё спісанае выносілася ў двор і спальвалася. Я дамовіўся з хлапчукамі з дзіцячага дома, каб яны, як толькі падпаляць старызну, з усіх бакоў наляцелі на касцёр, хапалі ўсё, што трапіць пад рукі, і бегма неслі ў школу. Хутка ў кутку школьнага калідора з’явілася куча прыпаленай, затаптанай у снезе старызны, а для нас гэта было цэлае багацце. У выхадныя дні дзяўчаткі ўсё перамылі, потым па маіх малюнках кроілі, шылі, расфарбоўвалі, крухмалілі, пасыпалі паздзіранаю з люстэркаў амальгамаю і самі дзівіліся, якія шыкоўныя ў нас выходзілі касцюмы.

Таямнічасць і сакрэтнасць асабліва захаплялі маіх памочнікаў. Яны станавіліся маімі вернымі сябрамі. Ужо бадай ніхто не называў мяне «Дэр ман», пацішэлі Тартынскі і Бойка. Я выпрастаўся ў школе і дома, нават часам пачаў усміхацца і жартаваць, павесялела і Аля. Верылася, што жыццё неяк наладзіцца і складзецца. Калі амаль усё было гатова, удзельнікі будучага навагодняга вечара развучвалі вершаваныя звароты і пажаданні настаўнікам, лепшым калгаснікам і вучням, былі ў нас героі з былін і класічных твораў — Руслан, Людміла і нават Чарнамор. Усё гэта трымалася ў сакрэце да Новага года. А мы лічылі дні да сустрэчы з нашаю дачушкаю. Яна ў сне працягвала насустрач ручаняткі, то раптам знікала ў смузе, то ўзнімалася і, як птушаня, ляцела над лугам і закаласелым полем і раставала пад белым воблакам. Рабілася тужліва і трывожна.

Мы ведалі, што дзед ужо збыў падараваную мне цёткаю карову, па маім спісе запакаваў найлепшыя кніжкі, склаў самае неабходнае ў скрынкі з-пад запалак, здасць у багаж, і — выедуць.

Па нашых разліках павінны прыехаць, але ні іх, ні вестак не было. Па ўсёй Сібіры бушавалі непраглядныя бураны, і, вядома, цягнікі прабіваліся ледзь-ледзь. Ды і выехалі яны хутчэй за ўсё паштовым — супакойвалі мы адно аднаго. Я ведаў, што ў Барабінску амаль усе біязінцы заязджаюць да брата Вары Керпіхі, чыгуначнага машыніста і добрага чалавека. Папрасіў і я ў яе адрас і дазвол, каб прытуліў і маіх далёкіх падарожнікаў. Я часцей звычайнага забягаў на пошту і кожны раз ні з чым вяртаўся дадому. Потым і Аля прызналася, што і яна не абмінала кантору Рэдзькіна.

У суботнія і нядзельныя вечары мы хадзілі да Элы Рыгораўны і Ганны Якаўлеўны адвесці душу. Яны асабліва шчыра, як да дачкі, прыгарнуліся да Алі. Тут мы на некалькі гадзін забываліся пра сваё гора, развясельвалі адно аднаго, чыталі паэму Яшына «Алёна Фаміна» і артыкулы ў «Огоньке», пераказвалі нейкія няпэўныя навіны, аздобленыя намёкамі на палёгкі і спадзяванні, жартавалі, расказвалі даўнія вясёлыя гісторыі і рэзаліся ў карты, пілі чай з маскоўскімі або ленінградскімі сухарыкамі.

Вярталіся позна цёмнаю завейнаю вуліцаю, правальваліся ў сумётах, церлі рукавіцамі шчокі, каб не абмарозіць. Ад сцюжы патрэсквалі вуглы і платы, паміж хмар прабіваліся буйныя калючыя зоркі, пад імі іскрыўся цёмна-сіні снег. Каб не рыпаць настылым ганкам, мы на дыбачках прабіраліся ў свой пакой, грэліся каля пліты і, не запальваючы лямпу, клаліся на тапчан і ўздыхалі.

Нарэшце прыйшла тэлеграма з Барабінска: «Прыехалі. Чакаем багаж». Мы адразу павесялелі, але трывога не пакідала: завея паперамятала дарогі. Іх прабівалі гусенічныя трактары вялізным клінам з тоўстага, акаванага бярвення, а завея праз якую гадзіну замятала і гэты след.

 

НОВЫ ГОД

Усе школьныя лямпы знеслі ў селавы клуб. Тут звычайна праводзілі калгасныя і святочныя сходы, разы тры на месяц прывозіў кінаперасоўку доўгі і шыракаплечы, з устойлівым пахам бражкі і цыбулі Молат Казлоў. Тады з канца ў канец вуліцы ішлі два хлапчукі і бесперапынку на ўвесь голас крычалі: «На кіна ў клуб. Карціна гукавая «Секлятар райкома». Дарослым па рублю, дзіцячы — пяцьдзесят капеек». Клуб заўсёды быў поўны: многія ішлі са сваімі лаўкамі, стаялі каля сцен, дзеці сядзелі на падлозе перад экранам. Здаралася — сеанс расцягваўся на два вечары: на вялікім марозе глух і замярзаў рухавічок, тады механік збіраў у гледачоў парцянкі, падкладаў пад рухавік, абліваў бензінам і падпальваў. З паўгадзіны ішоў фільм, і зноў тухла святло. Калі больш парцянак не было, сеанс пераносіўся на другі вечар. Часам Молат у цёмным клубе пераказваў, чым канчаюцца «Кубанскія казакі» і «Падзенне Берліна» або «Сакратар райкама». Яго пераказ быў варты пяра самага вынаходлівага сатырыка.

Пад Новы, 1951 год у клуб сышлося ледзь не ўсё сяло. Дзеці ўвялі ў вушы бацькам, што будзе нешта незвычайнае з іх удзелам, і паваліў народ. Пасярэдзіне стаяла вялікая прыбраная ёлка, са школы прынеслі батарэйны прыёмнік, і ён грымеў на поўную магутнасць. Упараная ў кажухах і плюшаўках публіка патрабавала пачынаць. Дырэктар тлумачыў, што Новы год сустракаюць роўна ў поўнач.

І вось нарэшце дачакаліся. Спецыяльна для Сібіры куранты прабілі поўнач. Расчыніліся дзверы, і ў белых воблаках пары паказаліся тры конскія галавы — накрытыя папонамі белыя стаеннікі ўвезлі ў клуб сані, а на іх стаяў у чырвоным адзенні, усыпаным зіхатлівымі зоркамі, Дзед Мароз і ўся ў белым, з каронаю на галаве Снягурачка. Белабароды і чырванашчокі Дзед Мароз гучна сказаў вершаванае прывітанне і даручыў Снягурачцы запаліць ёлку. Яна ўключыла падвешаныя на галінкі, сабраныя з усяго сяла электрычныя ліхтарыкі. З’явіўся былінны рыцар у блішчастым шаломе, круціўся і падскокваў доўгабароды Чарнамор, вакол ёлкі заскакалі зайцы, лісы, а калі ўваліўся калматы мядзведзь, малыя паднялі лямант. У футры, цалкам знятым з мядзведзя, скакаў і куляўся сямікласнік Міша Іваноў. Маскі ўцягвалі ў карагод вучняў і дарослых, спявалі песні і частушкі, дэкламавалі вершы і байкі. Такога свята Біяза яшчэ ніколі не бачыла.

Разыходзіліся далёка за поўнач. Я быў стомлены ад клопатаў і напружанага хвалявання, каб усё было добра. Старшыня сельсавета і парторг дзякавалі дырэктару школы, сціплы Яўген Паўлавіч шчасліва ўсміхаўся і ківаў у мой бок, але гэтага ніхто не заўважаў. Непрымірымая Наталля Іванаўна і тая голасна захаплялася: «А коні, коні, як жывыя. І Дзеда Мароза ледзьве пазнала». Толькі дырэктар дзіцячага дома паціснуў мне руку і паабяцаў дапамогу нашаму драмгуртку. Праз тыдзень у раённай газеце «Сталинский призыв» з'явілася заметка: «Незвычайная сустрэча Новага года ў Біязе». Пералічылі амаль усіх удзельнікаў вечара. Невядома толькі было, хто яго рыхтаваў.

Бацькі і мацяркі «артыстаў» спынялі мяне на вуліцы і дзякавалі, што ўбачылі, якія здатныя іх дзеці. «Пецька-то мой, язви его, дома сурок сурком, а тута ишь как разошелся. Свое-то чадо не враз признал, а он как рявкнет: «Колдун несет... этава, как его, что саблей помахивал... во-вот, богатыря». Ну, спасибо, учитель, потешили. Тако баско у нас отродясь не было».

Дзякавалі і настаўнікі. Казалі, дырэктар хацеў абвясціць падзяку загадам, але яго своечасова «паправілі». Бугаёва, Міронава і Самушкіна зіркалі на мяне як на асабістага ворага. Чаму? За што? Нарэшце дайшло: хачу іх засланіць, прынізіць іх усталяваныя аўтарытэты, раблю кар’еру. І хто? Нейкі там ссыльны контрык. Падумаеш, нарабіў цацак з леташніх сшыткаў і дзетдомаўскай старызны. Даходзіла да мяне, што і дырэктара яны папярэджвалі: «Яшчэ невядома, якую свінню ён можа падкласці.

Аславіць на ўвесь раён. Глядзіце, мы сігналізавалі». Яўген Паўлавіч лагодна іх супакойваў, але і не змяніў адносін да мяне.

Я быў рады, што заслужыў увагу вучняў і бацькоў. Мне нават у краме саступалі чаргу, але я дзякаваў і станавіўся ў хвост. Больш не чутно было «Дэр ман ідзе». Я нікога не стараўся засланіць. Хацелася, каб дзеці не толькі цягнулі сумную школьную лямку, каб не ляцелі дадому, адбыўшы павіннасць у класе, наслухаўшыся ўшчуванняў, пагроз і папрокаў. Цяпер яны ахвотна заставаліся ў школе дапазна, а слаўны і здольны Сымон Макравусаў з суседняй вёскі часта пасля нашых рэпетыцый начаваў у класе на стале. Пільных настаўніц трывожыла, ці не трапілі вучні пад варожы ўплыў ссыльнага.

Ушчувала мяне і Аля: «Навошта лезеш на ражон? Сіла ў іх. Ім павераць, а табе ўлепяць новае абвінавачванне, і не апраўдаешся». Усё магло быць. Наш камендант звычайна заязджаў да Наталлі Іванаўны. Яна расказвала, што робіцца ў сяле з канца ў канец. Збор навін быў у магазіне, а прадаўшчыца — яе найлепшая сяброўка. Апрача таго, у баковачку пры сельсавеце да ўпаўнаважанага часта шмыгалі невыразныя ў змроку постаці. Я сябе адчуваў як пад рэнтгенам, але здрадзіць вучням і сваім захапленням не мог.

Вечарамі мы ў сваім пакойчыку прыслухоўваліся да кожнага гуку, да рыпу на ганку. І калі не чакалі, раптам у вокны ўдарыла святло фараў, спынілася і засігналіла машына. Я выскачыў у чым быў. З кабіны бензавоза вывалілася мне на рукі змучаная дачушка, за ёю, крэкчучы, вылез патомны гутнік, інвалід і пенсіянер Алін бацька. А рэчы? Рэчы засталіся ў кладоўцы барабінскага машыніста. Дзед некалькі дзён шукаў кузаўную машыну, чакаць больш не было як. Трапіўся бензавоз, селі ў кабіну і вось прыехалі. У сетачцы была лялька, дзве сукеначкі, пачак цукру і паўцагліны хлеба. Як толькі ўсталюецца дарога, дзед з’ездзіць і прывязе рэчы.

Дачушка гарэла і вяла на вачах, галоўка хілілася набок, заплюшчваліся вочкі, шчокі пайшлі чырвонымі плямамі. Куды ж яе пакласці? Што падаслаць, чым укрыць? Добра, у пакоі стаіць гаспадынін куфар. На яго паслаў шынель, пад галаву паклаў пінжак і накрыў Аліным кажушком. Дзед не распранаючыся закруціўся ў падбітую кажушынаю паддзёўку і лёг каля пліты на падлозе. Стомленым і змучаным доўгаю дарогаю, ім было не да размоў. Пагаворым заўтра.

Толькі патушылі лямпу — стук у акно і жаночы голас. «Ссыльныя на адметку». Гукнуў і падаўся далей будзіць нашага брата. Я сеў на тапчане. Трэба ісці. А ў чым пойдзеш? Зморанае хворае дзіця толькі заснула. Не будзіць жа яго. У адной гімнасцёрцы ў такую сцюжу да сельсавета не дойдзеш. Лёг і праварочаўся да світання. Пасля другога ўрока ў мяне «фортачка», вось і пайду да начальства на споведзь. На вольным уроку прыбег у сельсавет. Пушыкаў у пакоі старшыні гуляў з фінагентам у шашкі. На мяне зірнуў і пайшоў у дамкі. Я стаяў як слуп. Калі выйграў партыю, загаварыў павольна і цвёрда: «А я абвясціў вас уцекачом. Чаго маўчыш?» — «Гэта справа вашага сумлення». — «Ха-ха-ха... Сумлення! Ведаеш, што вырасла там, дзе было сумленне?» — «Ведаю, ведаю, гражданін начальнік. Чуў. Але без сумлення чалавек перастае быць чалавекам». — «Гэта што, намёк ці абраза? Бач ты яго! Так і 58-ю пункт 10 склапатаць можна. Мы яшчэ праверым, дзеля чаго ўнядрыўся ў школу і чым там займаешся».

Я, прызнацца, звяў. Ён можа са мною зрабіць што захоча. Пачаў ціха і лагодна апраўдвацца, чаму не змог прыйсці ноччу. «Можаш казкі бабцы расказваць. Скажы дзякуй, што тады, як да сваёй благавернай бег, Траццякоў выручыў. Я б цябе а-фо-ор-міў». Так ён мяне паласкаў, як анучу. Я не вытрымаў, працягнуў рукі: «Калі ёсць наручнікі, вяжыце і ганіце на катаргу». Голас задрыжаў і асекся. Пасля доўгага маўчання Пушыкаў падаў аркуш паперы і буркнуў: «Пішыце тлумачэнне». Ён прабег яго вачыма, паклаў у папку, пагразіў пальцам: «Запомніце, дарую апошні раз. І засвойце — ссыльны, які не з’явіўся на адзнаку, лічыцца ўцекачом. У-це-ка-чом! Зразумела? Ідзіце!»

Божа мой, хацелася стагнаць і раўці ад знявагі, абразы і болю, ад сораму, што стаяў, як вінаваты школьнік, перад гэтым сыценькім і ружовенькім, упэўненым у сваёй неабмежаванай уладзе малодшым лейтэнанцікам. За якія подзвігі гэтую адзіную зорачку пачапілі яму? Што ён карыснага зрабіў людзям? За што яму плацяць высокі аклад, а няшчаснай Цімошысе ставяць толькі палачкі ў ведамасці? Што ў яго ў галаве? Што ў душы?

Праз два дні Зміцер Сцяпанавіч і Вацлаў прынеслі маёй Тані зграбненькі ложак, Ганна Якаўлеўна ад свае падушкі адсыпала пер’я на ясік, падарыла «лішнюю» байкавую коўдру і прасцінку. Тварык маёй дачушкі гарэў чырвонымі плямамі, яна кідалася і трызніла. «Адзёр», — паставіла дыягназ Эла Рыгораўна і два разы на дзень прыбягала да нашай хворай. Пакуль мы былі ў школе, даглядаў і забаўляў яе дзед. Ганна Якаўлеўна прыносіла журавінавы і чаромушны кісялі, чытала і расказвала казкі, мерала тэмпературу і давала лекі, а потым, накульгваючы, па сумётах ішла на другі канец сяла ў сваю ўтульную хацінку. Відаць, недарэмна біязінцы пыталіся, ці не радня мы ўсе. Раднілі нас горкі лёс і сумленне. Не, «гражданін» Пушыкаў, ёсць у людзей сумленне! Як толькі людзі страцяць яго, кончыцца жыццё на зямлі.

Дачушка паволі ачуньвала. Завея ўлеглася, пайшлі з Барабінска машыны па збожжа, і дзед пачаў наладжвацца ў дарогу па рэчы. Аж неспадзявана ўвечары завітала да нас Керпіха і з парога завойкала: «А божачка-божачка! Зрабі людзям дабро, дык ад бяды не адкараскаешся. І навошта мне трэба было даваць братаў адрас? Гэта ж гора такое, — яна дастала з кішэні скамечаны канверт, — не ведаю, як і сказаць. Брат быў у рэйсе, а жывуць яны, самі бачылі, у глухім тупіку. Ведама, дома жонка і малыя дзеці. Нейкі аспід угледзеў, што вы ўносілі ладныя скрыні, а самі паехалі з пустымі рукамі. Ноччу выдралі ў сенцах клямку, дзверы ў хату падперлі калком і распараджаліся як хацелі. Паплылі вашы скрынкі і ў прыдачу паўкубельца братавага сала. От пісьмо. Пачытайце самі», — яна працягнула спісаную старонку ў касую лінейку. Мы стаялі як апараныя. «Брат усіх на ногі падняў. Ні міліцыя, ні сабакі след не ўзялі. Побач жа чыгунка. Матанулі некуды, і ішшы-свішчы».

Мы вытрывалі і гэты ўдар лёсу. Без пажару засталіся пагарэльцамі. Толькі дачушка плакала па сваіх цацках і любімых казках. Праўду кажуць — на каго Бог, на таго і людзі, дзе коратка, там і рвецца.

 

ТРЫВОГІ КОЖНЫ ДЗЕНЬ

Страчанага было шкада, хоць мы прывыклі да куды большых страт. Нас на многія гады абрабавалі прылюдна, сярод белага дня адабралі волю, усе правы, хоць фармальна маглі дзеля ўласнага суцяшэння галасаваць за адзінага кандыдата нават у Вярхоўны Савет. Ім быў легендарны Аляксандр Пакрышкін. Яго на нейкай машыне з гусеніцамі прывозілі ў наша сяло. Усе не столькі слухалі, колькі глядзелі на сапраўднага героя. Хацелася крыкнуць, што мы тут пакутуем ні за што ні пра што. Заступіся, Герой. Будзь і цяпер Героем. Але хіба скажаш? Хіба заікнешся? Цярпі і спадзявайся, што пакуты не вечныя. Мне было лягчэй, што побач сям’я, а часта грызла сумленне, што мае самыя дарагія гаруюць з-за мяне, а маленькая Танечка пачынае разумець не роўнае з усімі становішча бацькоў, што яны пазначаны недаверам і ганьбаю, таму замыкаецца, цураецца суседскіх дзяцей. Яна часта плакала і ніколі не прызнавалася — чаго. Я пачуў, як яе равесніца Моцька крычала: «Ссыльная вражына!» Як дзіцяці растлумачыць, чым суцешыць? Што, калі ўзненавідзіць нас за непаўнацэннасць, за кляймо, якім мы пазначаныя? А што думае цесць — патомны рабочы? Ён жа марыў пра шчаслівы лёс дачкі, і на табе, ускочыла ў такую бяду і трымаецца за яе, як сляпая.

Часам здавалася — ад думак можна звар’яцець. А дома ў нас былі мір, увага, ласка і клопат. Пра самае балючае стараліся не гаварыць, а думаць думалі і шанавалі і без таго збалелыя сэрцы. Патроху наладжваўся і быт. Некаторыя нават зайздросцілі нашым дзвюм настаўніцкім зарплатам.

Пасля навагодняга вечара ледзь не ўсе вучні пацягнуліся да мяне, захварэлі акцёрствам, захапіліся маляваннем, выстаўкамі сваіх малюнкаў, насценгазетамі. Некаторыя шчыгілялі нямецкімі слоўцамі, вымаўляючы на чалдонскі лад, паказвалі перад бацькамі сваю вучонасць. Большасць настаўнікаў палагаднела з Аляю і са мною, нават не саромеліся пытацца, калі ў чым сумняваліся. Толькі тры самыя «пільныя» з педкурсаўскімі «дыпломамі» ніяк не маглі змірыцца, што нейкі «варажына» ўбіўся ў калектыў, засланяе іх работу і падрывае аўтарытэт, уплывае на вучняў, а гэта ўжо небяспечна. Па іх ананімках прыязджалі інспектары райана, слухалі мае нямецкія ўрокі, а я тым часам трохі паспеў падкавацца: бегла чытаў, добра засвоіў даўжэзныя лічэбнікі, вучні ведалі некалькі кароценькіх вершаў. Што ж зробіш? Жыццё прымушала пусціць пыл у вочы не надта дасведчаным у лінгвістыцы інспектарам. Яны стрымана хвалілі мае ўрокі ў сваіх заключных актах.

І ўсё ж кожны раз, калі дырэктар нажнічкамі акуратна разразаў пакеты, мы з трывогаю глядзелі на яго, ці не прыйшоў загад аб нашым звальненні.

На педсавеце мне даручылі рыхтаваць праграму да веснавога агляду школьнай самадзейнасці, і я з імпэтам узяўся нешта прыдумляць, з нічога ляпіць нешта, пасля заняткаў прападаў у школе, каб хоць трохі галава адышла ад надакучлівых трывог і змрочных думак, ад вечнага страху. У нядзелю школа ператваралася ў майстэрню: зноў з дзетдомаўскіх недапаленых трантаў шылі касцюмы, з кудзелі і воўны рабілі парыкі, з лою і фарбы грым. Вырашылі ставіць казку «Мікіта Кажамяка і Змей Гарыныч». Зляпілі вялізнае і страшнае тулава Змея. Добраахвотнікаў было больш як трэба. Усе прынялі адну ўмову: двойка пазбаўляе права ўдзелу ў аглядзе. Нават Тартынскі з Бойкам сталі непазнавальныя.

Нашым небяспечным канкурэнтам была раённая сярэдняя школа. Там вучыліся дзеці служачых, былі салідныя настаўнікі і большыя магчымасці, чым у нашай таежнай сямігодкі. Мы марылі хоць бы заняць другое месца і не шкадавалі ні часу, ні сілы, каб нешта цікавае паказаць. І я, і дзеці захапляліся да самазабыцця.

У пачатковых класах першы год працавала пасля педвучылішча беленькая і кволенькая Валя Салаўёва. Прыехала яна з Вышняга Валачка адпрацоўваць свае два гады. Як толькі канчалі свой тэрмін, ніхто з маладых педагогаў назад у Біязу не вяртаўся. Звычайна яны гаварылі: «Я ж не ссыльная. Замуж тут выйсці можна хіба за мядзведзя або застацца векавухай, а я жыць хачу». І знікалі. Як на сезонную глядзелі і на дробненькую і ціхую Валю. І раптам чэпэ! Маладая настаўніца, камсамолка закахалася. І ў каго? У ссыльнага статнага прыгажуна Івана Рудога. Ён быў майстра на ўсе рукі: нешта рабіў у канторы спажыўкааперацыі, увосень быў нарыхтоўшчыкам, меў прымітыўны фотаапарат, прызарабляў і ім. Вельмі хутка прыбудаваў трысцен да хаты бабылкі Астанінай. Патынкаваў, пафарбаваў, павесіў вясёленькія фіраначкі, зрабіў прыгожую мэблю, хадзіў заўсёды ўсмешлівы і вясёлы. Насупраць Іванавай прыбудоўкі кватаравала Валя. Часам прасіла суседа прыбіць зашчапку, то падцягнуць дзверы, пераставіць вешалку. Неўзабаве, як кажуць сібіракі, «паглянуліся» адно аднаму. Як ні хаваліся, а ад Наталлі Іванаўны не ўберажэшся. Яна ведала пра кожнага больш, чым той сам пра сябе. І зашапталіся ў настаўніцкай: «Мала аднаго ссыльнага, дык і гэтая злыгалася». Валя прыкідвалася, што нічога не ведае і не чуе. Часам чырванела, калі школьныя сакатухі асабліва прыдзірліва аглядалі яе постаць, пасміхаліся і байкатавалі яе. Наталля Іванаўна насядала на дырэктара неадкладна абмеркаваць амаральныя паводзіны камсамолкі Салаўёвай. Той упінаўся, што няма ніякіх падстаў для такой прапрацоўкі маладой настаўніцы: яна дарослы чалавек і мае права сустракацца з кім хоча. «Э-э-э, не, Яўген Паўлавіч, вы траціце класавую пільнасць. Няхай круціць на здароўе хоць з д’яблам, а гэта ж ссыльны. Яны тут расплодзяцца, што і нас выжывуць. Ведаеце, чыю ідэалогію можа прынесці ў школу? А спытаюць, указальны палец угору, — у вас і ў мяне. Патрабую неадкладна абмеркаваць паводзіны Салаўёвай і прыняць рашучыя меры».

На бліжэйшым педсавеце абмяркоўваліся прычыны нізкай паспяховасці ў асобных класах і справаздачы класных кіраўнікоў. Хоць паспяховасць у Валіным класе была не з горшых, яе пясочылі больш за ўсіх. Педсавет закругляўся, але ўстала Наталля Іванаўна: «Маё партыйнае сумленне і абавязкі завуча прымушаюць паставіць пытанне аб амаральных паводзінах і палітычнай неразборлівасці камсамолкі Салаўёвай. У чым гэта выявілася? Калі ласка. Салаўёва ўступіла ў недазволеныя нашай савецкай мараллю адносіны з ссыльным Рудым. Хто такі гэты прыгажунчык? Бацька яго адбывае пакаранне за антысавецкую агітацыю, а сынок садзейнічаў яго злачынствам і трапіў сюды. Думаеце, ён так закаханы ў нашую пр-ы-г-а-жуню, — яна са здзеклівай ухмылкай апякла Валю сваім каршучыным зіркам, — сумняваюся. Яму трэба сваёй ідэалогіяй атруціць душы нашых дзяцей. Салаўёва ў яго бывае кожны вечар... дапазна. У нашым калектыве павінна быць павышаная пільнасць, а тут яшчэ адна непрыемнасць. Мы абавязаны хадайнічаць перад райкамам камсамола аб выключэнні Салаўёвай з радоў ВЛКСМ, а райана вырашыць пытанне аб мэтазгоднасці яе далейшай работы ў школе». Выпаліла, як прысуд, і села. Яўген Паўлавіч разгублена лыпаў вачыма, маўчалі ўсе, толькі было чутно, як адлічвае хвіліны хрыпаты гадзіннік ды трымціць незакітаваная шыба. Я адчуваў сябе прылюдна аблітым гарачымі памыямі. Валянціна Міхайлаўна папрыгажэла ад чырвані шчок і бляску вачэй. Маўчала, нібыта гавораць не пра яе. Не вытрымала лепшая сяброўка Бугаёвай Варвара Іванаўна. У яе быў моцны тыл — муж дырэктар дзіцячага дома. «Слухай, Наталля, па-мойму, каханне справа асабістая. Да каго ёй ісці, да дзевяностагадовага Жураўлёва ці да п’янага Гошкі? Ды і фактаў у цябе няма». — «Варвара, любоў катэгорыя класавая. А факты? Факты — вось яны». Яна паляпала далонню па сшытачку.

Я памкнуўся выйсці. «Куды вы? Не ўдасца ўхіліцца ад галасавання», — перапыніла Бугаёва. У мяне ўсё затрымцела, але стрымаўся і спакойна адказаў: «Калі вас так цікавіць, куды іду, можаце мяне праводзіць...» Варвара Іванаўна зарагатала: «Ну, палучыла?» — «Гэта нахабства! Бачыце, да чаго яны дайшлі». У калідоры дрыжачаю рукою прыпаліў папяросу, выйшаў у двор і затуліўся ад рэзкага ветру за сцяною. Думаў, перачакаю, пакуль перабушуюць страсці і разапнуць гэтую мілую новую ахвяру. Але памыліўся. Вярнуўся, калі прымусілі гаварыць Валю. «Каго любіць і ненавідзець, справа мая асабістая. А вас, Наталля Іванаўна, вызваляю ад агіднай місіі мерзнуць пазавуголлю і сачыць, куды і калі я іду. Я выходжу замуж за Івана Рудога». Зацягнулася нямая сцэна, як у «Рэвізоры» Гогаля. Маўчанне парушыла Бугаёва: «Ну, цяпер усё ясна. Хто за хадайніцтва перад райкамам камсамола і райана, прашу галасаваць. Смялей, смялей, таварышы». Яна свідравала кожнага сваімі вузкімі драпежнымі вачыма. Дырэктар не то падняў руку, не то пачухаў за вухам. Я сядзеў унурыўшыся, нібы глухі. «Ну а вы?!» — «Мне сорамна ўсё гэта слухаць. Нельга ў далікатных адносінах шукаць палітычную падкладку. А каб не псаваць ваш пратакол, запішыце — ссыльны ўстрымаўся».

З таго педсавета мінула ледзь не сорак гадоў, а сорам точыць маё сумленне: устрымліваецца баязлівы, бязвольны і беспрынцыпны чалавек. У кожнага павінна быць цвёрдая пазіцыя: або — або. Я павінен быў сказаць усё, што думаў, але страх за сям’ю не дазволіў лезці на ражон, тым больш што нічым не дапамог бы Валі. Наталля Іванаўна далажыла б Пушыкаву пра салідарнасць, блок, ледзь не арганізацыю ссыльных, а там нядоўга завесці і новую справу на рэцыдывістаў.

Мне агідна было заходзіць у настаўніцкую, сустракацца з трыма раз’юшанымі жанчынамі з паталагічнаю патрэбаю ламаць лёсы і душы сумленных людзей, таму на перапынках затрымліваўся з вучнямі ў класе і на калідоры і толькі забягаў змяніць класны журнал.

Валю Салаўёву выжылі са школы на першым годзе работы. Яна з годнасцю і пагардай сустрэла незаслужаныя абразы і знявагі, не прасіла ні ў кога літасці, не пісала скаргаў. Перанесла свой чамаданчык да Івана, надзела целагрэйку і гумовыя боты, завялі яны парсюка, вясною засадзілі соткі і былі абое шчаслівыя.

Я ведаю і далейшы лёс гэтай сям’і. Як толькі вызвалілі Івана, яны паехалі ў Вышні Валачок, Валя была настаўніцай і дырэктарам школы, абое ўступілі ў партыю, выгадавалі трое дзяцей.

Я часам і цяпер успамінаю сваю слабасць, і сумленне грызе і раздзірае душу, як кароста.

 

ЗМЕЙ ГАРЫНЫЧ

Агляд пачаўся ў Доме культуры выступленнем раённай сярэдняй школы. Удзельнікі канцэрта ў прыгожых касцюмах доора спявалі, дэкламавалі, добра выконвалі танцы народаў розных рэспублік, паставілі сцэны з п’есы «Цімур і яго каманда». У зале сядзела амаль уся школа, і, як футбольныя балельшчыкі, усе апладзіравалі нястомна.

Пасля перапынку выступалі мы. Літмантаж, частушкі, вянок франтавых песень прайшлі з поспехам. А спектакль «Мікіта Кажамяка і Змей Гарыныч» зачараваў усіх гледачоў. Царскія і баярскія ўборы зіхацелі блёсткамі, здалёк парыкі з панчошак здаваліся сапраўднымі лысінамі, а калі з лязгатам і свістам вылятаў на сцэну «сапраўдны» даўжэзны, з шыпамі на спіне, з агеньчыкамі ў вачах і з шырока разяўленай пашчай Змей Гарыныч, зала замерла, а малыя ад страху палезлі пад лаўкі. Схватка Мікіты са Змеем стала вяршыняй спектакля. Мільгаў падсвечаны чырвоным ліхтаром блішчасты меч, ад яго ўдараў адлятала адна змяіная галава, на яе месца высоўвалася другая, і так некалькі разоў. Эфект быў незвычайны. У канцы ўсе прысутныя стоячы апладзіравалі артыстам таежнай сямігодкі. На сцэну прыбег загадчык райана павіншаваць з поспехам і загадаў не здымаць касцюмы: праз гадзіну трэба будзе ўсё паўтарыць яшчэ раз для насельніцтва райцэнтра за пэўную плату.

Мясцовы радыёвузел так разрэкламаваў нашу праграму, што ў клуб людзі пайшлі натоўпамі. Былі занятыя ўсе месцы і праходы. Падбадзёраныя пахвалою самога Маеўскага, мае артысты стараліся як ніколі. Маленькі басавіты Мішка Пшанічны, засунуты ў змяінае тулава, вырабляў такія выкрунтасы, што зала аж раўла і бясконца апладзіравала.

Неспадзявана мы занялі першае месца, а грошы, выручаныя за наш спектакль, пайшлі на прэміі ўсім удзельнікам. Другое месца заняла раённая школа. Пакрыўджаныя тупалі і свісталі, крычалі: «Няправільна!», патрабавалі перагляду, але рашэнне журы было канчатковае. Мы пачалі складаць свой «рэквізіт», як на сцэну з малым сынком зайшоў сам Пушыкаў. Ён першы кіўнуў мне і загадаў паказаць хлапчуку, што гэта за змей, з чаго зроблены і як свецяцца вочы, бо малы думае, што прывезлі з тайгі жывую пачвару. Пушыкаў пахваліў удзельнікаў і буркнуў мне: «Здорава ў вас выходзіць».

Не паспелі мы скласціся, як мяне паклікалі ў райана. Я пабег, спадзеючыся на пахвалу і падзяку. Але загадчык сядзеў даволі змрочны. Сесці не прапанаваў. «Скажыце, толькі шчыра, дзе вы ўзялі такія касцюмы, парыкі і ўсе гэтыя цацкі?» Я здзіўлена глядзеў на яго і маўчаў. Ён паўтарыў пытанне. «З агню». — «Як з агню? Я пытаюся сур’ёзна». — «А я сур’ёзна адказваю. З агню». І расказаў, як дзеці хапалі з фінагенцкага вогнішча абгарэлыя транты і што з іх рабілі. Іосіф Нічыпаравіч шчыра рассмяяўся: «А да мяне прыйшла дэлегацыя сярэдняй школы патрабаваць адмены рашэння журы, бо ў Біязе працуе ссыльны артыст маскоўскага тэатра, і касцюмы ў іх не самадзейныя, а прысланыя з тэатра некалькімі пасылкамі». Тут ужо разрагатаўся я. «Вы сядайце, сядайце, — памякчэў Маеўскі. — Я, прызнацца, і сам дзівіўся, адкуль усё гэта ў вас. Ну што ж, поспехаў вам. Едзьце, працуйце, а мы, калі трэба, падтрымаем», — і ён упершыню падаў мне руку.

У біязінскім клубе мы сваю праграму ў бітком набітай зале паўтаралі разоў пяць. Кабеты круцілі галовамі, войкалі і дзівіліся, на што здатныя іх дзеці. Памякчэла нават Наталля Іванаўна, хоць раней і абуралася, што ператварылі школу ў склад утыльсыравіны, але пазірала пранізліва і пільна маленькімі чорнымі вочкамі.

Праз тыдзень прыйшла раённая газета з падрабязнаю справаздачаю пра агляд школьнай самадзейнасці. Хвалілі нашых артыстаў, касцюмы, бутафорыю, канцэртную праграму. Узнёсла расказвалася пра выступленне сярэдняй школы і заслугі мастацкага кіраўніка Варвары Сцяпанаўны Наважылавай. Мае драмгурткоўцы абураліся, чаму не названы іх кіраўнік. Я суцяшаў сваіх праўдалюбцаў: «У нас жа с-а-м-а-дзейнасць. Значыць, вы дзейнічалі самі, таму і заслужылі першае месца, а я толькі збоку падказваў і памагаў. Гэта мой абавязак». Не мог жа я сказаць, што прозвішча ссыльнага забаронена называць у друку. Яны, мабыць, гэта разумелі і самі.

У 1951 годзе пабольшала наша сям’я. Нарадзіўся ў нас маленькі сібірак, крыклівы і неспакойны. Відаць, нервовасць бацькоў перадалася яму і адбілася на сталым характары. Прыбавілася клопатаў: сталі ўсе нянькамі, часта не спалі начамі, куды ішлі, неслі яго з сабою. Часам суседскія дзяўчынкі гулялі з ім, як з лялькаю. Я часта адчуваў увагу сваіх вучняў і іх бацькоў, а хлапчукі з дзіцячага дома часам мімаходзь забягалі ў наш двор і памагалі напілаваць і накалоць дроў.

І ўсё ж трывога гняла ўдзень і ўначы. Дзіва што! Столькі гадоў жыць у вечным страху за сябе, за сям’ю, не ведаць, што цябе чакае заўтра. Таму і снілася адно і тое ж — перапоўненыя камеры, закратаваныя «цялятнікі», этапы, карцэры і следчыя. Я пракідваўся ад страху і радаваўся, што гэта сон, што ціха спіць дачушка, пахрапвае цесць, вялізны месяц праз размаляванае марозам акно залівае блакітным святлом рассыпаныя па падушцы залацістыя валасы маёй адданай і самаахвярнай пакутніцы. Шчасце, што мы разам, няма кратаў.

 

ЗЛАВЕСНЫ ЗЯМЛЯК

Увесну ў канцы сяла нам нарэзалі трыццаць сотак няўдобіцы пад бульбу і гародніну. Усё лецечка, як мурашы, мы снавалі на сваіх градах. Цягалі лясёнкамі гной, капалі, палолі, капанічылі. Днём смаліла спёка, а ўначы прыхоплівалі замаразкі. Кожнае каліва трэба накрыць, перад заходам сонца, паліць. Як кажуць сібіракі, пласталіся дзень пры дні, цешачыся, што зімою будзе свая бульбіна, гурок, морквіна і шаткаванка.

Жнівень быў сухі і сонечны. Ляцела і слалася павуцінне, чырванню наліліся асіны, як васковыя свечкі, золатам адлівалі лістоўніцы і трапяткія бярозы, шапацеў бляшаным лісцем усыпаны барвовымі ягадамі глог. Асенняя тайга — чароўная казка. Як палітра, на якой змяшаліся ўсе колеры і адценні самых сакавітых фарбаў. Нічога прыгажэйшага за асеннюю сонечную тайгу не бачыў. Яна палаючым, зіхатлівым з купамі цёмна-зялёных елак і кедраў шырокім вянком абдымала наша доўгае і шэрае сяло.

На жнівеньскую настаўніцкую канферэнцыю выкладчыкі нашае школы трыццаць кіламетраў ішлі нехатою. Дарога збліжае людзей, развясельвае, паднімае настрой. З размовамі, жартамі, песнямі дайшлі да райцэнтра. На нізкім утравянелым беразе рэчкі памылі запыленыя ногі, абуліся і якраз паспелі на адкрыццё пасяджэння. Яно ішло, як звычайна, суха і нудна. Ад даклада і прамоў хіліла на сон. У цэнтры прэзідыума амаль нерухома сядзеў незнаёмы рудаваты, з дробнымі рысамі твару чалавек, у суконнай «сталінцы» з вялікім каўняром. «Хто гэта?» — я спытаў у суседа. «Другі сакратар райкома таварыш Страпчанка. Загадваў абкомаўскім гаражом і пайшоў на павышэнне».

У выступленнях усё было знаёмае, мяняліся толькі назвы школ і прозвішчы лепшых і горшых настаўнікаў, пералічваліся дасягненні, працэнты паспяховасці і... некаторыя недахопы. У заключэнне пад воплескі слова далі таварышу Страпчанку. Ён павольна падышоў да трыбуны, моўчкі агледзеў прысутных так, што я апусціў галаву, зняў з рукі гадзіннік, паклаў на трыбуну, наліў у шклянку вады, з папрокам зірнуў на прэзідыум, чаму не здагадаліся наліць самі. Пачаў нягучна з вельмі знаёмым, не сібірскім вымаўленнем. Гаварыў аб ролі школы ў выхаванні патрыётаў, адданых ідэям Леніна — Сталіна, пра ролю настаўніка на дзесяцідворцы, у распаўсюджанні пазыкі, пра абавязковы выпуск баявых лісткоў і насценных газет на фермах і ў брыгадах. Бясконца паўтараў: «Вы абавязаны, вы павінны дапамагаць на праполцы, на сенажаці, на церабленні льну і копцы бульбы». Выходзіла, настаўнік вінен усім, а яму — ніхто.

Прамоўца памаўчаў, памаргаў маленькімі вочкамі з чырвонымі павекамі. «А цяпер, таварышы, павінен спыніцца на самым адказным і важным пытанні. Вы ведаеце, што наш раён спецыфічны. Вялікая колькасць нашых ідэйных праціўнікаў, а дакладней ізаляваных за варожую дзейнасць, жыве поруч з намі. Памыляюцца тыя, хто думае, што яны раззброіліся і перавыхаваліся, змірыліся са сваім становішчам. Не! Як вядома, класавая барацьба з варожымі недабіткамі абвастраецца. Некаторыя хочуць прыкінуцца лаяльнымі, старанна працуюць, каб ціхай сапай нашкодзіць на любым участку народнай гаспадаркі, зрабіць уплыў на несвядомых людзей, асабліва на моладзь. Абавязак кожнага настаўніка — пільнасць і яшчэ раз пільнасць. Усялякім варожым размовам, намёкам і анекдотам павінны даваць адпор і пра ўсё неадкладна даводзіць да ведама работнікаў органаў, замацаваных за вашымі населенымі пунктамі. Іх вы ведаеце. Райкам і органы спадзяюцца на вас. За работу, таварышы! Няхай жыве Усесаюзная Камуністычная партыя бальшавікоў на чале з нашым правадыром, мудрым настаўнікам народаў Савецкага Саюза і працоўных усяго свету Вялікім Сталіным!»

Залу скалануў гром воплескаў. Усе ўсталі і ляскалі, пакуль Страпчанка не спыніў жэстам рукі гэты ўсеагульны парыў любові і адданасці мудраму правадыру.

Гэтая адкрытая вярбоўка настаўнікаў у даносчыкі і шпікі мяне аглушыла і запомнілася амаль літаральна. Рукі апусціліся, сэрца сціснула трывога, у галаве стаяў звон. Пасля канферэнцыі, нікога не чакаючы, нікуды не заходзячы, мы з Аляй пехатою выправіліся дамоў. Ішлі моўчкі. Прамова новага сакратара прыгняла абаіх. Галава гула ад думак, але не хацелася размовамі вярэдзіць душу.

Дадому прыпляліся на змярканні. Танечка ўзрадавалася ледзянцам, а дзед некалькім пачкам папярос «Север». Мы далі нагам трохі адпачыць, каб увечары сесці за складанне планаў на першую чвэрць. Праз якую гадзіну зайшла наша гаспадыня і адразу з парога секанула: «От што, мілыя мае, шукайце сабе другую фацеру». — «Чаму, цётка Дуня? Мы ж акуратна плоцім кожны месяц. Ні разу не сварыліся, здаецца, нікому не замінаем». — «Так-то яно так, але чым вы будзеце плаціць цяпер? Вас жа абаіх знялі з работы. Толькі што ў магазіне гаварыў новы завуч Веньямін Мікалаевіч і загад паказваў». — «Мы ж толькі што прыйшлі з канферэнцыі. Нам ніхто нічога не казаў...»

Я ўскочыў і пабег да новага завуча. Яго прызначылі таму, што ў школе адкрылі восьмы клас, а Наталля Іванаўна са сваёй адукацыяй на такую пасаду «не цягнула». Я пастукаўся і адразу ўвайшоў у пакой на другой палавіне дырэктарскага дома. Веньямін Мікалаевіч апярэдзіў маё пытанне. «Як ні шкада, але мушу засмуціць вас. Пасля канферэнцыі мяне выклікалі ў райана і ўручылі вось гэты загад аб зняцці вас абаіх як неадпавядаючых свайму прызначэнню».

Я выскачыў як апараны і пайшоў нацянькі цераз школьны двор. Каля завозні Мікалай Шчарбакоў запрагаў Смажанага. «Ты куды на ноч гледзячы сабраўся?» — «Пара-дач-кі! Калі надумаліся. Пасылаюць у раён па сшыткі і наглядныя дапаможнікі. Каб заўтра былі тут. Ну і падкінуў ты мне рабацёнку». — «Колечка, пачакай хвілінку. Захапі з сабою Алю. Вось так патрэбна». Мікалай кінуў у перадок брызентавы плашч, мы селі на воз і пад’ехалі да нашай хаты. Нам быў ясны ўвесь трагізм нашага становішча: застацца без працы, без прытулку, без кавалка хлеба на мізэрнай пенсіі Алінага бацькі. Аля сабралася літаральна за тры хвіліны, схапіла закручанае ў пялёначку дзіця і выбегла з хаты. Я ледзьве паспеў дагнаць яе і кінуць на воз забыты плашчык. Потым доўга глядзеў услед, пакуль фурманка не растала ў вечаровай смузе.

У двары дачушка бесклапотна гуляла ў хованкі з Моцькаю, цесць сядзеў на парозе і адну за другою курыў самакруткі. Я адчуваў сябе вінаватым перад усімі, уяўляў, што ён думае, як праклінае той дзень, калі лёс звёў яго ціхую і любімую дачушку з гэтым вечным выгнаннікам, пакалечыў яе маладосць і яго старасць, загнаў у гэты мядзведжы кут у добраахвотную ссылку. Адносна добра ўладкаваныя на Случчыне, мы сарвалі Аліных бацькоў з наседжанага месца на Калініншчыне. Яны ўпадабалі беларускую прыроду і клімат, дабрату нашых людзей і засталіся жыць з намі, гадаваць унучку і весці не надта хітрую гаспадарку. Але лёс быў бязлітасны да нас на самым пачатку: раптоўна памерла саракавасьмігадовая Аліна мама, а праз дзесяць дзён, майскім надвячоркам, перад першым выпускным экзаменам з'явіліся маёр Ушакоў і капітан Шаўцоў з панятым завучам школы, перакапалі наш немудрашчы скарб і павялі мяне праз мястэчка, каля школы. Адны глядзелі са спагадаю ўслед, некаторыя, мабыць, лічылі замаскаваным злачынцам.

Праз месяц звольнілі Алю з работы і перасялілі ў катушок, некалі адбіты мною пры кухні. Бездараж не выпусціла Алю адсюль, у Барабінску ўкралі ўсе нашы рэчы, і вось цяпер кінулі на галоднае існаванне. Які бязлітасны лёс! Якія жорсткія людзі! І нічога не растлумачыш, ніхто не хоча табе паверыць. Часта не на самых лепшых сыплецца толькі дабро, а не на самых горшых — адны няшчасці і пакуты.

Я з адчуваннем горкай віны і спагады глядзеў на дачасна ссівелага, сухенькага, з дрыготкімі пальцамі, заўсёды маўклівага Алінага бацьку. Але што я мог яму сказаць, чым суцешыць, як абнадзеіць? Вечнаю ссылкаю, вечным недаверам пастаўленых ахоўваць ідэйную чысціню і нас ад свабоды. Яны ў кожным заплямленым фальшыўкаю бачаць ворага. Ворага чаго і чыйго ворага? Адкуль жа іх столькі ўзялося, што не хапае турмаў і лагераў, што цэлыя вобласці ад Брэста да Магадана сталі месцамі выгнання невінаватых пакутнікаў?

Ад гэтых думак баліць галава, але я ласкава нешта хлушу сваёй дачушцы, спадзеючыся, што яна нічога не разумее, а яна разумнымі вочкамі спагадліва і з папрокам глядзіць на мяне.

Тым часам пачынае крапаць дождж. Буйныя кроплі шлопаюць па мяккім дарожным пыле, па лапушыстым дзядоўніку, па зарослых лебядою стрэхах. Не запальваючы святла, вячэраем, я стараюся развесяліць Таню, а яна з поўнымі вочкамі слёз дапытваецца, куды паехала мама. Уначы я не заснуў ні на волас. Ліў дождж як з луба. Заплюшчуся і бачу, як ледзьве цягне воз па ліпкай гразі ўпараны Смажаны, як калоціцца прамоклая навылет мая адзіная апора, мая «дзекабрыстка». Не-е! Ніякага падабенства. Валконскую, Мураўёву, Трубяцкую, Фанвізіну і нават Паліну Гэбль сустракалі генерал-губернатары, а мая Аля сто дваццаць кіламетраў адна пад дажджом па дзікай тайзе пехатою мясіла гразь. Яшчэ шчасце, што ў малінніках былі сытыя мядзведзі і не выйшлі па здабычу на шлях. Думы раздзіраюць душу. Што дасць паездка ў раён? Пасля прамовы Страпчанкі, відаць, нічога. Гэта быў яго загад. Значыць, Алі давядзецца ехаць у Новасібірск і зноў стукацца ў двайныя парадныя дзверы.

Назаўтра, каб не бачыць маўклівых пакутаў старога, я пайшоў на свае соткі. Рабіў непатрэбную работу, каб хоць трохі апрытомнець ад надакучлівых дум. Пераскокваючы лужыны, бегла некалькі дзяўчынак з дзіцячага дома. Прыпыніліся, дружна прывіталіся: «А сёлета вы будзеце нас вучыць? I драмгурток будзе?» Кроў ударыла ў твар. Відаць, яны ўжо ўсё ведалі. Навіна ж пакацілася з магазіна. Я прыкінуўся, што недачуў, і запытаўся: «Адкуль гэта вы бяжыце ў такую макрэчу?» — «Трусам траву рвалі». І, падскокваючы, пабеглі з мяшэчкамі зелля. Якія яны шчаслівыя! У іх не будзе плям у анкеце, а што чакае маю дачку і ўсіх дзяцей пакараных бацькоў? Божа мой, толькі б не звар’яцець! З чым вернецца Аля? Як складзецца наш лёс?

Некалі з такім напружаннем і страхам я чакаў прысуду, як цяпер прыезду жонкі з раёна. Не хацелася ні піць, ні есці, ні спаць. Я лаўлю сябе, што, бывае, іду не туды, куды збіраўся, гавару не тое, што хацеў сказаць. Страшна. Паўтараю сам сабе: «Уж лучше посох и сума, не дай мне бог сойти с ума». Падумалася: куды саджаюць звар’яцелых ссыльных, у турэмную ці ў звычайную псіхіятрычку?

Каб яшчэ затрымалася Аля, напэўна б, рэхнуўся. Ні ў адзіночках, ні на следчых «канвеерах», ні на інсцэніроўках расстрэлу мяне не апаноўваў такі страх, як цяпер. Тады я быў адзін. Аднаму і гінуць не так страшна, а тут — сям’я, самыя дарагія і блізкія людзі, ты ж бездапаможны абараніць і засланіць іх ад бяды.

На трэці дзень надвячоркам мокрая, стомленая, запырсканая гразёю з пасінелым дзіцём на руках увайшла Аля, пагладзіла мае парадзелыя валасы. «Не адчайвайся. Неяк будзем жыць. Мяне аднавілі...» І расказала, як ёй спагадаў загадчык райана, бездапаможна разводзіў рукамі, а калі яна патрабавала даць копію загада з тлумачэннем прычыны, па якой нас знялі, сказаў, што выдаць не мае права, і толькі тыцнуў пальцам у столь і параіў, перш чым ехаць у Новасібірск, зайсці да таварыша Страпчанкі, але, барані божа, не спасылацца на яго.

Сакратар райкама доўга не прымаў яе, а выслухаўшы, здзекліва спытаў: «Вы што, член партыі? Не? Дык навошта ідзяце ў райком? Педкадрамі займаецца райана, туды і звяртайцеся». Што яна гаварыла Страпчанку, якія довады выстаўляла, што прасіла, што патрабавала, Аля мне не прызналася. Ён злосна маўчаў, потым працадзіў: «Супакойцеся. Зайдзіце ў другой палавіне дня. Падумаем, што можна зрабіць. Не парыце гарачку і нікуды пакуль не ездзіце». Другі раз да сакратара прабілася позна вечарам. Ён памякчэў, паспагадаў і здзіўляўся толькі, як яна, былая камсамолка, чалавек пралетарскага паходжання, звязалася з палітычным злачынцам, якому тут і паміраць, навошта яна калечыць сваю маладосць і будучыню дзіцяці. Яшчэ не позна адумацца і павярнуць свой лёс на правільны шлях.

«Я дзякую за параду. Я гэта чула многа разоў. Мне прапанавалі публічна асудзіць палітычную ненадзейнасць мужа, але я яго ведаю не горш за сябе, ведаю яго сумленнасць, яго адданасць савецкай ідэалогіі. Ён выбіўся з галечы, рэвалюцыя дала яму адукацыю, любімую працу, а нейкі паклёпнік ад зайздрасці ці ад злосці зламаў жыццё і штурхнуў на вечныя пакуты яго і нас». Страпчанка здзекліва спытаў: «Скажыце, ён у маладосці не папісваў часам у газетах і часопісах? Прозвішча знаёмае па даўніх часах. Ён жа з Беларусі?» Аля пацвердзіла здагадкі сакратара і сказала, што верыць у справядлівасць, што ўсё высветліцца і невінаватыя вернуцца да нармальнага жыцця. «Ну, бачу, хочаце перацягнуць мяне ў сваю веру. Дарэмна. Запомніце, у нас дарэмна нікога не саджаюць. Органы — святая святых нашай дзяржавы... У вобласць вам ездзіць няма патрэбы, мы тут параіліся і знайшлі магчымым дазволіць вам выкладаць матэматыку, а муж ваш ніколі не будзе працаваць у школе. Сёння ўжо не паспееце, а заўтра атрымаеце загад аб аднаўленні на рабоце».

Ледзь не да поўначы ў гасцінным доміку Лідзіі Яўсееўны абмяркоўвалася, узважвалася, разгадвалася значэнне кожнага слова новага сакратара і загадчыка райана. Горача выказваліся Алена Хрысціянаўна Ракоўская і Вікторыя Сяргееўна. Маё прызначэнне ў школу абнадзеіла ўсіх ссыльных, а звальненне прыгняло безнадзейнасцю і беспрасвеццем нашага становішча.

Раніцай сапраўды Аля атрымала загад і вось прымчалася абрадаваць нас. Я паслаў заяву ў аблана на імя самога Андросава і цярпліва чакаў адказу. Пачаліся ў школе заняткі. У восьмым класе Аля атрымала добрую нагрузку, а мае ўрокі пуставалі. Хтосьці прасіў дагрузіцца маляваннем і чарчэннем, але

Яўген Паўлавіч чамусьці не спяшаўся.

Я цэлымі днямі капаўся на сваіх сотках і пазбягаў сустрэч з настаўнікамі і вучнямі. Але не-не ды прыбягалі да мяне гаваркія дзетдомаўцы, расказвалі пра свае поспехі і няўдачы, крыўды і сваркі. А мне было сорамна нешта ім гаварыць і абяцаць. Дачушка мая пайшла ў першы клас, а мы з дзедам выбіралі бульбу і больш маўчалі. Супакоілася і наша гаспадыня, што сорак рублёў за свой пакойчык будзе мець. А мы цвёрда вырашылі — вясною пачнём будавацца. Чаканне адказу з аблана пазбавіла сну, прыгняло непамерным цяжарам. Самае страшнае было атрымаць адмоўны адказ. Страпчанка ж мог напісаць усё, што прыйдзе ў галаву. Даводзь тады, што ты не вярблюд. Набраўся рашучасці — няхай будзе што будзе, пайшоў на пошту і так-сяк дазваніўся да Новасібірска. Мяне выслухалі, і прыемны барытон адказаў: «Чаго яны там чудзяць? Мы надоечы адправілі загад у пацвярджэнне папярэдняга. Вы будзеце адноўлены на рабоце». Я бег дадому, не чуючы пад сабою ног.

 

ДОМАЎЛАСНІКІ

Зіма мінала з маразамі, завеямі, педсаветамі, плёткамі, ласкавымі і варожымі зіркамі ў наш бок. Зноў наша школа займала першае месца на аглядах самадзейнасці, восьмы клас прыбавіў мне нагрузку і заработкі. Мы акрыялі і павесялелі. Я радаваўся, што недзе ў вобласці ёсць не знаёмыя мне, але сумленныя і добрыя людзі — Андросаў і Кулагін. Колькі разоў яны нас ратавалі, а маглі ж адмахнуцца, каб спакайней жыць.

Пад вясну калгасны рухавік даў электрычнае святло. Напачатку яно гайдалася, як ад ветру, але ўсё ж гадзін да адзінаццаці свяціла. У старой шафе, выкінутай у школьны калідор, я знайшоў фільмаскоп і набор дыяпазітываў па розных вучэбных прадметах. Асвоіў яго, і ледзь не кожны вечар у вялікім класе вучні збіраліся глядзець «маленькае кіно». Прыходзілі і настаўнікі на тэматычныя паказы.

У недалёкай вёсцы Платонаўцы за трыста дарэформенных рублёў купілі старую, але яшчэ моцную, прасторную хату. Сельсавет пад забудову ссыльным далёка за вёскаю, каля самай тайгі, нарэзаў высокі, ніколі не араны груд. Пад ім круцілася крынічная Біязянка, а з другога боку быў глыбокі лог, зімою забіты снегам, а ўвесну поўны талай вады. Ссыльных выселілі нават з сяла на асобную вуліцу і назвалі яе Зялёнай.

Цяпер і самому не верыцца, што за лета паставіў хату. Падруб і сталярку памаглі зрабіць Зміцер Сцяпанавіч з Вацлавам, а сцены, пакуль мог дацягнуцца, складаў сам, апошнія вянцы падняць памог сусед па забудове, сын сонечнай Малдовы, Несцер Павалук. Ён будаваўся, як ніхто: укапаў чатыры шулы, з жонкаю і дзвюма дачушкамі на сабе нацягалі з тайгі вяршынніку з сукамі і заклалі імі сцены, як азярод. Пад гэтым зрубам хутка дакапаўся да тлустай гліны, мясіў яе з саломаю і гноем і ляпіў сцены. Дах накрыў вялікімі лістамі бяросты, прышыў іх зграбнымі рэечкамі, сцены пабяліў, пад хатаю зрабіў склеп і цяплічку. За лета вырасла хата, як лялька.

Цераз вуліцу мнагадзетны, нізкарослы, затурканы нястачамі, бадзяннем па турмах і ссылках Іван Рудэнка зляпіў хацінку з дзёрну, абмазаў глінаю і берасцяны дах прыкідаў пластамі дзёрну. У гэтай земляной нары ён пражыў з вялікаю сям’ёю аж да вызвалення. Калі пыталіся ў Рудэнкі, за што ён трапіў у няволю, адказваў адным словам: «Па плану». Часам тлумачыў: пасвіў ён чараду авечак, падагнаўся да дарогі, аж бачыць — з іх сяла пыліць грузавік з людзьмі і вайскоўцамі ў кузаве. Стаў пры дарозе і глядзіць, куды гэта ў такую гарачую пару едуць людзі. Спыніўся і грузавік. Начальнік з кабіны пытае: «Гэта твае авечкі в-у-унь там сталачылі проса?» — «Што вы, я туды не ганяў, і проса ў тым баку няма». — «Давай залазь». — «А як жа авечкі?» — «Давай, давай, без разгаворчыкаў». Двое саскочылі, падсадзілі ў кузаў і паехалі. «Ну, вось і трыццаты ёсць», — узрадаваўся старшы. У іх план быў — забраць трыццаць ворагаў, а ў сяле знайшлося толькі дваццаць дзевяць мужчын. Іван Рудэнка «забяспечыў план» і вось пятнаццаты год пакутуе з сям’ёю. Тонкая, як тычка, жонка рабіла прачкаю ў дзіцячым доме, а Іван там жа канюхаваў, цяслярыў, сталярыў, рабіў, хто што загадае.

Ссыльныя дружна памагалі адзін аднаму будавацца. На сваёй будоўлі я і начаваў. На світанні з-пад крутаяру цягаў на каромысле гліну на тынкоўку і печ, разгарадзіў хату на тры катушкі, памаляваў падлогу і рамы, скідаў сенечкі і хлеўчучок, і ў канцы жніўня ўвабраліся ў пустую, гулкую, але сваю хату. Здавалася, лепшага нам і не трэба, абы не чапалі, каб толькі далі спакойна працаваць і дажываць век, няхай сабе і ў гэтым суровым краі.

З вясны да замаразкаў капаліся на сваім гародзе, цягалі сотні вёдзер вады на грады, няньчылі кожнае каліўца, завялі карову і двух парсюкоў, бо без гаспадаркі нават з грашыма будзеш галодны: у краме, апрача хлеба, ліпкіх цукерак, часам круп і салёнай рыбы, нічога не было. Так што хочаш не хочаш — абрастай гаспадаркай.

Затое вечарамі, калі за сценамі гудуць і стогнуць бураны, шуміць тайга, шорсткі снег шапаціць па сценах, у хаце патрэсквае аж чырвоная бляшаная печка, пахне падсмажанымі скваркамі і дранікамі — так добра і лагодна. На другі год да сянец прыбудаваў лазню. Распараныя сядзім суботнімі вечарамі ў прасторнай кухні, сёрбаем фруктовы чай і слухаем з вялікай папяровай талеркі навіны і спевы з Масквы. Часам прарвецца беларуская звонкая песня, а я глытаю слёзы, і агортвае балючы сум па нашых барах, васільках і перапёлках у жыце, па бусліным клёкаце, заліўных лугах, высокім і чыстым жаўруковым небе.

Школа наша расла: адкрылі дзявяты клас і неяк душыліся ў ранейшых старых катухах. Вучыліся пераважна пераросткі. Здаралася, прыходзіш пасля зімовых канікулаў у клас, пытаешся, чаму няма Ахрапкінай або Маліцікавай, а ў адказ чуеш, як самае звычайнае: «А они в замуж ушли». Бывала, тыдні праз два, не вельмі саромеючыся, вярталіся з замужжа, садзіліся за парту і зноў вучылі «парціцып цвай».

Ніводзін навучальны год я не пачынаў першага верасня. Прывыкаць да гэтага пачалі я і вучні. Непрымірымы змагар за высокую ідэйнасць Страпчанка здымаў мяне звычайна перад самым пачаткам заняткаў. Праз тыдні два мяне зноў аднаўляў аблана. Некаторыя лічылі, што ў мяне там ёсць «моцная рука», а я ў вобласці не быў і нікога не ведаў. Падстава была адна — знятая судзімасць, а самае галоўнае — не звяліся сумленныя, добрыя і смелыя людзі нават у жахлівыя гады суцэльнага страху, арыштаў, здзекаў і беззаконня. І ўсё ж былі Людзі. Я ім удзячны ўсё жыццё і не забуду ніколі.

Так мы і жылі да вясны 1953 года, пакуль і ў нашу глушэчу не дакацілася трывожная вестка: «Захварэў таварыш Сталін». У настаўніцкай звычайна паціху пыталіся: «Ну як! Што чуваць?» Уздыхалі і разыходзіліся па класах. Усе беды звальвалі на «ворагаў народа» — крамлёўскіх урачоў, якія ўсіх «труцілі і знішчалі», захапляліся даносам Лідзіі Цімашук, а ў класах заклікалі вучняў быць Паўлікамі Марозавымі — не шкадаваць ні бацьку, ні маці, намякалі, што і ў нас працуе ўрачом невядома хто, калюча пазіралі на мяне, нібыта ў хваробе правадыра ёсць і мая віна.

«Пільнасць і класавая нянавісць» паралізавалі ўсіх. Пушыкаў не толькі ставіў адзнакі ў нашых «воўчых пашпартах», а ўчыняў сапраўдныя допыты, дамагаўся даносаў аднаго на другога, дапытваўся, хто што гаворыць, як настроены, што думае, упартых гразіўся саслаць за Палярны круг. Прыгнечанасць і трывога не пакідалі нас.

Быў адліжны сакавіцкі дзень. Па снежнай траншэі праз свой пляц мы ішлі з Аляю на другую змену. Насустрач бегла наша Таня. Чаму так рана? Ці не познімся мы? Параўняўшыся, яна ціха сказала: «Нас адпусцілі. Памёр таварыш Сталін. Там усе плачуць». Я ўхапіўся за галаву. Аля смыкнула мяне за рукаў. «Не ўздумай толькі румзаць. Вочы ў цябе на мокрым месцы, а падумаюць — прыкідваешся, льеш кракадзілавы слёзы... Цяпер нешта будзе».

Настаўніцы спаборнічалі, хто каго пераплача, галасілі: як жа цяпер будзем жыць, што мы варты без мудрага і вялікага настаўніка і бацькі? Плакалі дарослыя і дзеці, сухія вочы выклікалі падазронасць: не плачаш, значыць, радуешся.

У жалобныя дні заняткі адмянілі, але настаўнікі і старэйшыя вучні збіраліся ў школе, слухалі жалобныя перадачы і маршы, рыхтавалі клас да мітынгу ў дзень пахавання. Знеслі дзе якія былі дываны, накрылі імі састаўленыя сталы, паставілі аблямаваны жалобнымі стужкамі партрэт правадыра, акружылі яго лепшымі «садамі» (вазонамі), паставілі сцяг сельсавета з чорнаю ліштваю.

У дзень пахавання амаль усё сяло сышлося ў школу. Калматыя, барадатыя, у кажухах і сабачых дохах сібіракі моўчкі падпіралі сцены, жанкі часам шморгалі насамі, настаўніцы адна перад адною заліваліся слязьмі, а калі пачаліся жалобныя прамовы, рыдалі да істэрыкі. Аля стаяла, апусціўшы галаву, а я, каюся, не ўтрымаўся і заплакаў, можа, таму, што напакутаваўся за столькі гадоў, і самі сабою прарваліся нявыплаканыя слёзы. Наіўна яшчэ верылася, што толькі ён, народнае апірышча, дазнаўшыся пра нашы пакуты, можа злітавацца і вызваліць з няволі. І патаемна думалася: няўжо ён не ведае, колькі мільёнаў людзей розных узростаў, спецыяльнасцей, талентаў гіне ў турмах, лагерах і ссылках. Успаміналіся ленінградскія карабелы і партыйныя работнікі, бальшавікі з дарэвалюцыйным стажам, палкоўнікі і сакратары райкамаў, інжынеры, пісьменнікі і артысты. Следчыя мелі рацыю, калі гаварылі: «Дурняў мы не бяром», — хоць бралі ўсіх, як таго Рудэнку, «па плану».

Пасля пахавання ўсе нечага чакалі. З’явіліся партрэты Малянкова, адчулі палёгку ў калгасах, дасціпны народ адразу выказаўся: «Прыйшоў Малянкоў, паспыталі блінкоў». Чакалі нечага і мы. Трошкі памякчэў Пушыкаў, спакайней і лагодней глядзела Наталля Іванаўна, нават часам раілася з намі, прасіла аформіць табліцы для яе класа.

Эла Рыгораўна даволі часта ездзіла ў раён па лекі і ўказанні свайго начальства і, вядома, спынялася ў Лідзіі Яўсееўны. Прывозіла адтуль капу навін, усцешных чутак і здагадак. Імі толькі і трымаюцца ўсе нявольнікі, абнадзейваюць, суцяшаюць сябе і блізкіх. .

Пасля таго як мы «асірацелі», у хатцы Лідзіі Яўсееўны і Веры Міхайлаўны сыходзіліся аптымісты і песімісты. Ленінградкі і масквічкі прыносілі лісты ад родных з намёкамі на лепшае: вызвалілі крамлёўскіх урачоў, спынілі высяленне з Масквы, Іван Андрыянавіч раіў усім складаць чамаданы, пасміхаўся з мяне, што рваўся, будуючы хату, а дастанецца чорту лысаму. Міналі тыдні і месяцы, а ў нашым становішчы ніякіх змен не было.

Толькі трошачкі спакайней жылося.

Стаялі бязвоблачныя цёплыя дні, асядаў і ходка раставаў набрынялы снег, з шоргатам са стрэх спаўзала наледзь, з крутаяраў у Біязінку і Тару беглі каламутныя раўчукі, карычневатай смугою зацягнуліся бярэзнікі, пачарнелі паточаныя сонцам сумёты. Пахла вясною, курыліся першыя праталіны, лажок за нашымі гародамі стаў глыбокім і бурным ручаём. А ночы бывалі марозныя і зорныя. Часта начамі агаладалыя ласі падыходзілі да нашых хат, шукаючы спажывы.

Сібірская вясна імклівая, бурная і шумная. Разоры ператвараюцца ў рачулкі, нізіны ў азёры, аздобленыя пралескамі і мядункамі. У такую пару з сяла ні выехаць, ні ўехаць у яго, у веснавую бездараж і Пушыкаў нас не турбуе сваімі клопатамі. Нават пачынаеш забываць пра свой «наморднік», вольна ідзеш у суседнюю вёску Кардон да землякоў-беларусаў. Пераехалі яны сюды ў пачатку стагоддзя з пясочкаў, багны і падзолаў на тлустыя сібірскія чарназёмы, абжыліся на таежных расцяробах, вырасла ці не чацвёртае пакаленне, а жывуць неяк асобна, збярогшы прадзедаўскія звычаі, гаворку, песні, побыт. Печы, посцілкі, калыскі і ложкі, стравы і ручнікі пазнаеш адразу — усё беларускае. Я часта хадзіў да землякоў адвесці душу, і яны былі рады чалавеку «са сваёй стараны». Маладыя толькі чулі пра яе, а я ім расказваў пра гарады, мястэчкі і сёлы Беларусі і сам жыў успамінамі.

Пасля адыходу ў «лепшы свет» правадыра і «бацькі народаў» нішто не пабурылася, не развалілася. Наадварот, у краме давалі колькі трэба хлеба, прывезлі некалькі бочак салёнай кеты і нават з Кітая — скрынкі ніколі тут не бачаных апельсінаў.

Мы шчыравалі ў школе і на сваім гародзе, марылі, каб толькі далі спакойна разам хоць тут дажыць свой век.

У гарачы ліпеньскі поўдзень я капаўся на сваіх градах. Па вуліцы шпарка ішла наша суседка Рудэнчыха. Спынілася і паклікала мяне. «Чы чулы вы, што посадылы цього скажэнного Бэрыю?» Я замахаў рукамі, каб змоўкла, азірнуўся, ці не слухае хто. «Та вы нэ лякайтэся. Всі чулы в дітдомі па радзіву. Шпіён він і вбівец». Я стаяў як аглушаны. Убег у хату, хутчэй уключыў чорны рэпрадуктар. Ігралі маршы, расказвалі, як ідзе касавіца на Украіне і жніво ў Малдавіі. І толькі пад вечар пачуў: «Непарушнае адзінства партыі, урада і савецкага народа — залог нашай магутнасці ў гэтыя складаныя дні... Толькі што выкрыты вораг народа Берыя рознымі кар’ерысцкімі махінацыямі ўцёрся ў давер і прабраўся да кіраўніцтва. Яго чакае суд і заслужаная кара».

Я ўхапіў Алю на рукі і пачаў кружыцца па хаце: «Кончыліся нашы пакуты! Пабачыш, нешта зменіцца і ў нашым жыцці!»

Неўзабаве ссыльных пачалі выклікаць у райаддзел НКУС запаўняць анкеты і без асаблівай радасці намякаць, што ўсе хутка паедзем дадому. У хатцы Лідзіі Яўсееўны быў святочны ўздым, гаварылі, хто куды паедзе, расказвалі, што ў Маскву ўжо вяртаюцца з уральскай ссылкі. Сын Вікторыі Сяргееўны напісаў, што вярнулася яе сяброўка па камеры жонка Молатава Жамчужына і спраўлялася пра яе лёс. Іван Андрыянавіч збіраўся ў сваю Успенку. Там ён дваццаць пяць гадоў вучыў дзяцей, атрымаў ордэн «Знак Пашаны», потым лагер і вечную ссылку, але ў самых складаных абставінах заставаўся аптымістам, ніколі не траціў пачуцця гумару, кпіў з сябе самога, што служыць у канторы «Рогі і капыты».

19 жніўня мне абвясцілі, што я вызвалены з ссылкі без зняцця судзімасці. І так кожнаму. Некаму карцела хоць пляму пакінуць. О, гэтая ракавая лічба 19! У 1936 годзе 19 кастрычніка мяне арыштавалі, праз дзесяць гадоў 19 кастрычніка вызвалілі з лагера, 19 ліпеня 1947 года знялі судзімасць, 19 мая 1949 года арыштавалі другі раз, 19 верасня пастанавілі саслаць на пасяленне і вось 19 жніўня адпускаюць на крыху даўжэйшы павадок: асуджаны чалавек не меў права жыць у буйных гарадах, сталіцах рэспублік, яго пашпарт быў такой серыі, з якою не вельмі прапісвалі і бралі на работу. Зазірну трохі наперад: пастанова аб маёй рэабілітацыі прынята 19 кастрычніка 1955 года, роўна праз 19 пакутніцкіх гадоў. Ну як тут не быць фаталістам?

Вызваленым без зняцця судзімасці выдавалі «часовы пашпарт» на адзін год — складзеную напал блакітную паперку. Каму яе пакажаш? Што з ёю выпрасіш? Тады я дастаў са свайго спрату пастанову аб зняцці з мяне судзімасці Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР. Паказаў начальніку. Той здзівіўся, развёў рукамі: «Нічога не ведаю. Я дакладна выконваю ўказанне». Прыйшлося ўзяць «пашпарт» трошкі большы за «воўчы» з вялізным мінусам на геаграфічнай карце.

Неўзабаве мяне выклікалі ў райана і прапанавалі выкладаць рускую мову і літаратуру. Гэта была найвялікшая радасць. На ўрокі ішоў, як на свята, і стараўся, не шкадуючы сіл і часу. Літаратура — мая гарачая і нязменная любоў, і выкладаў яе з натхненнем.

Шкада толькі, што апусцела наша «калонія» ссыльных. Паехалі Эла Рыгораўна і Ганна Якаўлеўна. Не затрымаліся Кінаш і Вацлаў. Раз’ехаліся нашы лепшыя сябры з райцэнтра. А я вырашыў да поўнай рэабілітацыі нікуды не кратацца. Куды ж паедзеш з сям’ёю без пэўнага прыстанку і работы? Нудзіўся, але чакаў адказу з Пракуратуры і Вярхоўнага суда.

На перапынку жнівеньскай канферэнцыі собіла сутыкнуцца ў калідоры з маім «нястомным апекуном» Страпчанкам, і д’ябал тузануў за язык: «Можа, хоць цяпер пакінеце мяне ў спакоі, таварыш сакратар?» Ён сумеўся ад нечаканага нахабства, паглядзеў прыжмуранымі маленькімі вочкамі. «Я займаюся партыйнымі кадрамі, а настаўнікамі — райана». — «Па вашых указаннях». — «А ў вас у Новасібірску, відаць, моцная рука». — «Ніколі там не быў і нікога не ведаю. Проста ёсць яшчэ сумленныя і сапраўдныя людзі». — «А мы што, не сумленныя?» — вырачыўся ён. «Гэта вам лепш вядома». І раптам ён змяніў тон: «Не думаў, што беларусы такія настырныя. Ваша прозвішча памятаю па нарысах у газетах, а потым пісалі — «замаскаваны нацдэм». — «Дык вы-ы з Беларусі?» — «З Крычава». — «Вы ж мяне па-зямляцку кожны год штурхалі ў пятлю. Толькі сям’я стрымлівала». — «Цяпер працуйце спакойна». Я кіўнуў і выйшаў з клуба.

Ішоў па шырокай, асабліва сумнай цяпер пустой вуліцы і дакараў сябе, навошта чапаў землячка, але і стрымацца не мог. Бязмэтна выйшаў на ўскраіну і апынуўся на рынку. На ўкапаных сталах жанкі прадавалі зялёную і галоўкамі цыбулю, бручку, яечкі, кедравыя арэшкі, воўну, нейкія неданоскі. На стале пад паветкаю з толю ляжаў амаль новы кіцель, сінія брыджы і фуражка з блакітным верхам. Іх прадаваў звольнены ў запас Пушыкаў. Райаддзел амаль цалкам быў скасаваны, і непатрэбныя работнікі раз’язджаліся куды каторы. Я разгубіўся. Адвярнуўся і ён, думаючы, што не пазнаю. На ім была светлая кепка, безрукаўка і сандалеты. У цывільным ён выглядаў дробненькім і зусім не грозным. І ўсё ж я не ўтрымаўся, падышоў: «Прадаяце?» Пушыкаў злосна зіркнуў: «Не, праветрываю». — «А фуражачку я б у вас купіў... на памяць, — узяў і памераў. — Шкода, што малая, а то пафарсіў бы... Як мы яе баяліся».

 

КРАМЛЁЎСКІЯ КУРАНТЫ

Пасля адноснага вызвалення амаль яшчэ два гады цярпліва чакаў маленькую паперку, якая вяртала чалавечую годнасць, правы, волю, незаплямленае імя. Дні, тыдні і месяцы цягнуліся марудна, але не пакідала надзея.

Пракуратура апратэставала абвінавачанні 1936 і 1949 гадоў і справу перадала Калегіі Вярхоўнага суда БССР. Я ўяўляў, колькі там разглядалася лёсаў жывых і даўно пахаваных у вечнай мерзлаце, каб з родных і блізкіх зняць страшнае кляймо. Каб меней думаць, шчыраваў у школе і на сваёй невялікай гаспадарцы: летам у таежнай глушэчы касіў і стагаваў сена, зімою даглядаў карову, рэзаў і калоў дровы, кожную раніцу адкідаў снег і прабіваў у сумётах, вышэйшых за мяне, траншэю да крынічкі на беразе Біязінкі, высякаў прыступкі на абледзянелым крутаяры, каб можна было ўзысці з вёдрамі вады, па суботах паліў лазню, хадзіў на давераныя мне дзесяцідворкі.

І ў школе пабольшала нагрузка, прыбавілася сшыткаў, планаў, даручылі класнае кіраўніцтва, і наш драмгурток у клубе кожны месяц выпускаў прэм’еры. Мяне ўжо запрашалі на святочныя настаўніцкія вечарынкі. На іх было шмат бражкі і гарэлкі, не вельмі прыстойных жартаў і песень да крыку. Аднойчы падсела да мяне Бугаёва і зашаптала: «Не п’еш, разумненькі, і толькі пасміхаешся з нас, а я з гора часам залью вочы. Што гэта за жытка — без мужа гадаваць чацвёра дзяцей, а я ж яшчэ не перастарка. І маю маладосць гэты ірад Берыя атруціў — бацьку майго недзе нізашто згнаіў. Вось і засталася недавучкай, з’ехала сюды. Муж быў правільны і ідэйны і мяне такой выхаваў. Столькі насіла камень на сэрцы і от прызналася. Ведаю — плявузгаць не будзеш. З’едзеш хутка і забудзеш нас, дурняў». І праслязілася. Мне стала шкода яе. Суцяшаў як умеў. І яна была ахвярай нашага страшнага часу.

Нарэшце прыйшоў чаканы пакет з Вярхоўнага суда. Большай радасці ў мяне ніколі не было: 19 кастрычніка 1955 года я быў поўнасцю рэабілітаваны. Зноў 19-га і роўна праз 19 гадоў! Гэта не проста былі каляндарныя гады, а штодзённыя нечалавечыя выпрабаванні у адзіночках, «на канвеерах» у следчых камерах, у карцэрах, на непасільнай рабоце галодным і халодным на лесасеках і пагрузках, на пракладцы ляжнёвак і чыгунак. А нормы! Цяпер нават цяжка ўявіць, як мы іх выконвалі за шэсцьсот грамаў хлеба і тры міскі баланды. Адкуль браліся сіла і цярпенне? Адзін такі цярністы шлях некаторым удавалася вытрываць, але ён паўтарыўся ў 1949-м. Чаму? Навошта? За што аднялі маладосць, лепшыя гады не толькі ў такой драбнаты, як я, а ў мільёнаў таленавіцейшых вучоных, канструктараў, вынаходцаў, камандзіраў і паэтаў, артыстаў, чыгуначнікаў і тых аратых, што, як Рудэнку, бралі «па плану». Дзе яны? Хто вытрываў? Хто вярнуўся? Ды і на тых, хто выкараскаўся з пекла, яшчэ доўга скоса глядзелі, а часам і глядзяць «праведнікі» ўзору 37-га.

Усё часцей прыходзілі лісты ад сяброў і знаёмых па ссылцы. Вікторыя Сяргееўна і Эла Рыгораўна вярнуліся ў Маскву і пачалі працаваць, Ганна Якаўлеўна — у Ленінград, Вера Міхайлаўна — у Баку падала хадайніцтва пра аднаўленне ў партыі, Кінаш у Краматорску вярнуўся на свой завод, Вацлаў — у Мінску. І ўсе запрашалі не мінаць па дарозе дадому. А дзе ў мяне той дом, я і не ведаў, але заставацца тут болей не мог. Вось калі я зразумеў, што такое настальгія. Мне снілася Беларусь, я сам з сабою гаварыў на роднай мове, успомніў забытыя песні, пахі аеру і яблыневага цвету. Родная зямля стала маёй мараю. Дзе б ні ішоў, што б ні рабіў, думаў адно. Усё пачало валіцца з рук, часам адказваў не тое, што трэба было, і наважыўся ехаць. Аля мяне супакойвала і суцяшала, угаворвала дабыць да лета і тады збірацца ў дарогу. А куды? Хто нас там чакае? Каму мы патрэбны? Дзе прыхінеш галаву? Там жа — ні кала ні двара, а тут як ні кажы свая хата, нейкая гаспадарка і работа, з якое ўжо болей не спора і Страпчанка.

І ўсё ж мне з кожным днём рабілася цяжэй і цяжэй. Толькі часам на ўроках забываўся на свае пакуты: так ясна і даверліва глядзелі вочы дзяцей бяргульскіх кержакоў, кардонаўскіх беларусаў, весялоўскіх татарчанят і асцякоў. Я з імі пасябраваў і шчыра палюбіў сваіх непасрэдных і наіўнаватых выхаванцаў. Падросшы, яны, відаць, адчулі, што дарэмна мяне дражнілі «Дэр ман», задавалі абразлівыя пытанні, былі неслухамі і гультаямі.

Пасля зімовых канікулаў я падаў дырэктару заяву, каб вызвалілі мяне ад работы. Ён разгубіўся. Дапытваўся, можа, хто абразіў ці пакрыўдзіў, угаворваў закончыць навучальны год. Я разумеў свой абавязак, але заставацца не мог: усё валілася з рук — клікала воля, каб нішто не нагадвала гэтыя сем пакутлівых гадоў. Пры мне Яўген Паўлавіч пазваніў у райана. Было чуваць, як накінуўся на яго Маеўскі. Дырэктар развёў рукамі, аддаў мне заяву.

Прыйшлося ехаць у раён. Загадчык райана спакушаў мяне з новага навучальнага года пасадаю завуча ў раённай сярэдняй школе, абяцаў кватэру, добрую нагрузку жонцы. Пры мяккасці характару я быў непахісны. «Вас прымусіць пракуратура працаваць да канца навучальнага года», — перайшоў да пагрозы Маеўскі. «Сем гадоў я вам быў не патрэбен, як жабрак, выпрошваў работу на кавалак хлеба, звальненнямі кампраметавалі перад вучнямі і бацькамі. Вы ўяўляеце, у якіх умовах я жыў і працаваў. Прабачце, больш не магу заставацца ні дня».

І ўсё ж давялося ісці да пракурора, выслухаць угаворы і абяцанні і настояць на сваім. Мяне вызвалілі па ўласным жаданні з добраю характарыстыкаю і падзякаю за працу...

Ва ўсіх класах даў апошнія ўрокі, прадыктаваў заданні на дом і з камяком у горле выйшаў са школы. Маю нагрузку развярсталі паміж настаўнікамі. Яны былі радыя дабаўцы да зарплаты, а некаторыя шкадавалі, што пакідаю школу Я жартаваў: «Застаюцца ў заклад жонка і дзеці».

Калі ўдасца выехаць, пэўна не ведаў. Люты — самы мяцельны ў Сібіры месяц. Снежныя бураны накручваюць сумёты аж да стрэх, завальваюць двары, што сусед адкопвае дзверы ў суседа. Мяце і круціць так, што выцягнутая рука не відаць. У такую завею аднойчы мы з Аляю ледзь не загінулі за некалькі крокаў ад свайго плота. Пакуль ішлі з педсавета па вуліцы, заблудзіць не было як, а сышлі ў наш лажок і па пахі патанулі ў снезе. Грэбліся, грэбліся, тупкая дарога прапала. Вецер збіваў з ног, над галавою, як белыя ведзьмы, свішчуць і круцяцца шорсткія пасмы, поўныя снегу валёнкі спаўзаюць з ног. Выбіліся з сіл і папаўзлі, а куды, і самі не ведаем. Трымаемся, каб толькі не згубіць адно аднаго, паўзём у крутаверці гулкай сцюдзёнай прорвы. Я лёг і прытуліўся шчакою да шорсткага сумёту, і здалося — зусім блізка мільгнула кропелька святла. Няўжо трызненне? Не, не знікае, дрыжыць і мільгае. Я ўхапіў Алю за каўнер кажушка, і папаўзлі на агеньчык. Пераваліліся цераз замеценае прасла плота і дагрэбліся да свайго ганка. Увайшлі, як два снежныя слупы. Электрычнасць даўно выключылі, на стале гарэла ўкручаная лямпа і выратавала нас.

Такая ж завіруха ўсхадзілася перад маім ад’ездам. Гусенічныя трактары з вялізнымі клінамі прабівалі дарогу машынам па збожжа, пакуль лютавала завея. Раптам усё сціхла, заіскрыліся дзівосныя сумёты, ударылі маразы з барвовымі світаннямі і малінавымі заходамі. У Барабінск збіраўся ехаць калгасны шафёр, марудны, губасты і маўклівы Ахмед Асанаў, і паабяцаў узяць і мяне.

Ранічкаю з фанерным чамаданчыкам я прыйшоў да яго. Мяне праводзілі Аля і Таня. У двары пад грузавіком невялічкае вогнішча разагравала матор. Я развітаўся з дачушкаю на вуліцы, яна выцерла рукавічкаю вочы і пабегла ў школу. Мы зайшлі ў хату. Ахмед павольна сёрбаў зацірку і маўчаў. У Алі першага ўрока не было, і яна цярпліва чакала... У сенцах пачуўся тупат ног, і ў хату ўваліўся ўвесь мой клас: заплаканая Таня сказала, што я ад’язджаю, яны сарваліся з урока і прыбеглі развітацца. Я расчуліўся да слёз. Шкода было пакідаць гэтых шчырых, з самага маленства працавітых, прагных да ведаў дзяцей, якія яшчэ не бачылі радасці, але і заставацца не было як. Мае мілыя вучні махалі мне ўслед, пакуль машына не завярнула за апошнюю хату.

Ад Барабінска да Масквы ў перапоўненым, душным і тлумным вагоне ехалі больш за чацвёра сутак. На станцыях сыходзілі адны, садзіліся другія са сваімі размовамі і навінамі. У Кунгуры амаль усе пасажыры кінуліся да прывакзальных ларкоў, і вагоны напоўніліся глінянымі і фарфоравымі статуэткамі «Гаспадыні меднай гары», саматужнымі ўпрыгожаннямі з уральскіх самацветаў, капілкамі ў выглядзе размаляваных катоў і сабачак са шчылінамі для манет.

Па вагонах часта шасталі не так даўно амнісціраваныя «мазурыкі». Я іх пазнаваў з першага погляду, як даўніх знаёмых па бараках і брыгадах, і адшываў некалькімі сказамі на блатным жаргоне. Відаць, лічылі за свайго і пакідалі за мною «сферу дзейнасці».

У сталіцу прыехаў 16 лютага. Выйшаў на прывакзальную плошчу, агледзеўся, аж не верылася, што я ў Маскве. Не, яна — стольная! У кіёску купіў і разгарнуў свежую «Правду». 14-га адкрыўся Дваццаты з’езд партыі. На першай старонцы — здымак Прэзідыума, а над ім у нішы скульптура Леніна на ўвесь рост. Толькі Леніна. Чаму ж няма таго, хто яго так доўга засланяў на плакатах і медалях? Яны ж побач у Маўзалеі? Падумаў і не прыдаў вялікага значэння.

Адрас Вікторыі Сяргееўны ведаў на памяць, але ў каго ні пытаўся, дзе той Лучнікаў завулак, толькі паціскалі плячамі і разводзілі рукамі. Стаяў на ўскрайку тратуара са сваім няўклюдным чорным чамаданам, глядзеў на людную мітуслівую плошчу, на галубоў у лужынах веснавой вады, на адліжную, у лёгкай смузе Маскву. Апошні раз я яе бачыў сем гадоў назад цераз краты «сталыпінскага» вагона, а ў сваёй таежнай глушы толькі па радыё чуў бой курантаў і знаёмыя галасы Левітана, Высоцкай і Тобіяша. Не верылася, што некалі ступлю на яе вуліцы і плошчы, убачу Крэмль, Спаскую вежу і Маўзалей. Але няма чаго раскісаць, трэба неяк дабірацца на той невядомы завулак. І раптам успомніў: Вікторыя Сяргееўна казала, што побач Політэхнічны музей і Лубянскі праезд. Там жыў, хадзіў і памёр Маякоўскі.

Першая думка — сесці ў таксі, але страшна — колькі гэта можа каштаваць? Кожная ж капейка на ўліку, а калі яе яшчэ заробіш?

Пачаў дабірацца на аўтобусах і тралейбусах, надакучаць роспытамі. А на мяне глядзелі падазрона. Па маім выцертым, у асцюках, доўгім паліце, злінялай шапцы і тоўстых мокрых валёнках, відаць, здагадваліся, адкуль я выскачыў, і маглі паклікаць міліцыю.

Дабраўся-такі на Марасейку, а там ужо рукою падаць да Лучнікавага завулка. Стары дом з брудным абшарпаным пад’ездам, дзверы, абабітыя дзіраваю цыратаю з касмыкамі чорнай ваты, на вушаку, як гузікі ў гармоніку, белыя кнопкі электрычных званкоў. Знайшоў патрэбны, далікатна націснуў і доўга стаяў. За дзвярыма пачуліся галасы, нехта некага гукаў, ляснулі засаўкі. Дзверы адчыніла невысокая сіваватая жанчына, падобная на Вікторыю Сяргееўну, і ўпусціла ў доўгі цемнаваты калідор з нейкімі куфрамі, скрынкамі, падвешанымі на сценах бляшанымі ваннамі і веласіпедам пад столлю. «Вікця, прымай госця». З суседняга пакоя выйшла мілая Вікторыя Сяргееўна і прадставіла сваю старэйшую сястру Людмілу, «карагандзінку са стажам». Пакуль сёстры сядзелі ў лагерах і ссылках, іх выракліся мужы (не ў прыклад многім жонкам), але ў абедзвюх выраслі слаўныя сыны, шчыра адданыя мацяркам. Яны ўтрымалі гэтую «камуналку» і збераглі ўсё, што маглі зберагчы, — сумленне і добрую душу.

Я адчуваў сябе няёмка і скавана. І не дзіва, каб не здзічэць за столькі гадоў. Ступаў на дыбачках, каб нікога не патрывожыць, каб шматлікія суседзі не ўпікалі маіх гаспадынь «заезджым домам». Па калідоры і ў кухні шасталі і гучна гаварылі жанчыны ў доўгіх злінялых халатах, з папяровымі папільёткамі ў валасах, нешта варылі і смажылі на сваіх керагазах і прымусах. Я цярпліва чакаў, калі яны схлынуць, каб прайсці да ўмывальніка.

Праз некалькі гадзін, бачачы непадробную шчырасць і нязмушаную ўвагу мілых сясцёр і іх сыноў, я адчуў сябе смялей і вальней.

Мне хацелася пахадзіць па Маскве, пастаяць у доўгай чарзе да Маўзалея Леніна, наведаць Траццякоўку, з’ездзіць у Хамоўнікі, падыхаць паветрам Талстога, пабыць у кватэры Чэхава, пакланіцца Пушкіну. Вікторыя Сяргееўна збіралася пайсці разам, але я адмовіўся, каб не кампраметаваць сваім таежным выглядам, а схлусіў, што хачу самастойна паблукаць па сталіцы.

Увечары толькі і гаворкі было пра партыйны з’езд. Усе чакалі вялікіх змен, асцярожна гаварылі пра нейкія новыя ацэнкі ролі Сталіна, хоць усё яшчэ азіраліся, баючыся яго і мёртвага. Але ўсюды адчуваўся ўздым, раскаванасць, болей было ўсмешак і светлых абліччаў.

На другі дзень Вікторыя Сяргееўна сказала, што ўвечары ідзём у МХАТ на «Крамлёўскія куранты». Я ніколі не быў у гэтым славутым тэатры і чакаў вечара, як малое дзіця навагодняй ёлкі. Білеты ёй дастала Жамчужына. Я адпрасаваў сваю адзіную белую кашулю і стракаценькі гальштук, навёў на штаны стрэлачкі, мне падабралі чаравікі сына Людмілы Сяргееўны. Каб не вельмі кідацца ў вочы, у тэатр мы прыехалі незадоўга да пачатку спектакля. У гардэробе і вузкіх калідорах я аж зажмурыўся ад бляску генеральскіх пагонаў, гузікаў, ордэнаў і лампасаў, ад Зорак Герояў, ад кідкіх жаночых убораў. Амаль усе былі з ордэнскімі планкамі і дэпутацкімі значкамі, галаву п'янілі пахі тонкіх духоў. Куды я трапіў? Тузануў за вуха, ці не сон гэта. Я ціснуўся да сцяны, каб нікому не замінаць, глядзеў на шчаслівых людзей, а яны, як даўнія знаёмыя, стаялі купкамі, гучна гаварылі, жартавалі, смяяліся. Каб не кідацца ў вочы, я папрасіў маіх спадарожніц паказаць нашы месцы. Яны былі на першым ярусе балкона, па правую руку ад сцэны. Пад намі была ўся зала. Пасля трэцяга званка па праходзе ішла невысокая жанчына ў чорным плацці з расшытым бісерам рыдыкюлем, белыя кароткія валасы зачэсаны назад. У зале загрымела авацыя. Жанчына спынілася каля першага рада, павярнулася да публікі, пакланілася на ўсе бакі і села. Авацыя працягвалася. Па зале прашалясцела: «Кніпер-Чэхава». Фантастыка! Я бачу тую самую Вольгу Леанардаўну, якая да апошняй яго хвіліны была з вялікім Чэхавым, ведала Талстога, Шаляпіна, Горкага, Станіслаўскага, Левітана і Купрына, Андрэева і Буніна. І вось яна некаму ўсміхаецца, ківае прыгожай галавой, папраўляе срабрыстыя валасы.

Пачалі цямнець люстры. Сэрца замірае ад хвалявання: вось-вось рассунецца заслона з чайкаю і пачнецца цуд. Але зноў воплескі скаланулі залу. Усе ўсталі, усталі і мы, не ведаючы чаго. Якраз насупраць нас ва ўрадавую ложу ўваходзілі Хрушчоў, Булганін, Мікаян, Суслаў і некалькі незнаёмых у цывільным. Я толькі цяпер зразумеў, што трапіў на спектакль для дэлегатаў Дваццатага з'езда партыі.

Пасля ўсяго перажытага апынуцца ў адной зале з кіраўнікамі партыі і дзяржавы, з лепшымі людзьмі краіны здавалася неверагодным, а часам нерэальным. З'яўленне Барыса Смірнова ў ролі Леніна сустрэў шквал апладысментаў. Ён быў такі жывы, такі натуральны, велічны і просты і поўнасцю супадаў з маім уяўленнем Правадыра ад самага дзяцінства. Увага гледачоў раздвойвалася паміж сцэнаю і ўрадаваю ложаю. Хрушчоў ажыўлена ўсміхаўся, глядзеў у розныя бакі. Калі ў кабінеце Леніна з’явілася магутная постаць Барыса Ліванава ў ролі інжынера Забеліна з клуначкам пад пахаю, Мікаян пакратаў Мікіту Сяргеевіча за плячо, звярнуў увагу на сцэну і весела засмяяўся, потым частаваў суседзяў, відаць, цукеркамі з круглай бляшаначкі. Я ў той вечар яшчэ не ведаў усяе праўды, якую сказала партыя на гэтым пераломным з’ездзе, але на памяць міжволі прыходзілі мае сябры па агульных пакутах, паплечнікі і напарнікі на лесасеках і бесперапынных пагрузках. Дзе яны, маладыя, сумленныя, адданыя народу і роднай зямлі? Хто знойдзе іх магілы ў вечнай мерзлаце?

Гэты вечар у тэатры, размовы, здагадкі, чуткі і спадзяванні перавярнулі ўсю душу, далі сілу і веру, што пачынаецца іншае жыццё ў нашага адданага, непахіснага і незласлівага народа. Можа, нешта зменіцца і ў мяне. Але я яшчэ не ўяўляў, куды вынесе лёс, што чакае заўтра, дзе мой прытулак, хто сустрэне, хто адштурхне. Марыў аб адным — усім астатнім жыццём давесці, што заўсёды быў адданы свайму народу і Радзіме, ні ўчынкам, ні думкаю ніколі не здрадзіў ідэалам, у якія паверыў з маленства, якім быў адданы і верны ў бядзе і пакутах.

Я марыў пасяліцца ў ціхім раённым мястэчку, пры рэчцы і лесе, вучыць дзяцей дабру і сумленню, любові да пявучага роднага слова, адкрываць скарбы людскога розуму і духу.

Праз два дні з такімі марамі начным цягніком выехаў у Мінск. Толькі за Вязьмаю змарыў сон. Пад хісткі грукат колаў сніліся за хвалістымі сумётамі мая хата, наўкол, як прывід, заінелая тайга, над срэбна-блакітным прасторам — вялікі месяц і буйныя зоры. Я адчуў цёплае дыханне прытуленага да грудзей маленькага сына і пачуў яго настойлівы галасок: «Тата, дастань Месяц».

Прахапіўся і ўспомніў, што там даўно ўжо развіднела, над хатамі гайдаюцца белыя слупкі дыму, а наўкол — такія сінія снягі. Аля з Таняю спяшаюцца ў школу. Хто ж ім праб’е ў сумётах сцежку?.. Калі зноў будзем разам? І расла трывога: «Куды еду, дзе прыхіну галаву, каму я патрэбен?»

За акном шарэла світанне. На адхонах сям-там яшчэ ляжалі лапікі пачарнелага снегу. Відаць, будзе ранняя вясна. Што яна мне прынясе? Адлігу ці зноў сцюжу?

Замільгалі назвы беларускіх станцый. Ад хвалявання хадзіў і хадзіў па праходзе вагона — думаў, строіў планы то светлыя, то змрочныя. Але колькі ні плануй, жыццё ўсё вырашае па-свойму і нечакана выносіць зусім на іншы бераг.

Вынесла яно і мяне ў свет, пра які я і не адважваўся марыць.

Я пражыў доўгае, складанае, пакутнае і цікавае жыццё, аж не верыцца, што ўсё перажытае было са мною. А было, і нічога забыць нельга. Я дзяліў горкую долю свайго народа і шчаслівы, што цяпер магу паспавядацца за сябе і сваіх незваротных сяброў.

Красавік 1987 — сакавік 1988 гг.




Беларуская Палічка: http://knihi.com