epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Адыходзім, нібы ў падарожжа...

Адыходзім, нібы ў падарожжа,

Мы ў той край, дзе вечны супакой.

Хутка і мая чарга, быць можа,

Тленныя пажыткі браць з сабой.

 

Любыя бярозы па-над кручай!

Ты, зямля! Прастор мой дарагі!

Перад гэтай доляй немінучай

Не магу я не адчуць тугі.

 

Вельмі ўжо любіў я ўсё на свеце,

Што ў палон душу маю ўзяло.

Мір асінам, што, прасцёршы вецце,

Заглядзеліся ў рачное шкло.

 

Шмат я думаў у цішы маркотнай,

Шмат я песень пра сябе злажыў,

І на гэтай на зямлі гаротнай

Тым шчаслівы, што кахаў і жыў.

 

Тым шчаслівы, што на цёплых межах

Кветкі рваў, валяўся на траве

І звяр’ё, як пабрацімаў меншых,

Колькі жыў, не біў па галаве.

 

Знаю я, што шыяй лебядзінай

Не звініць там колас ні адзін.

Вось таму і вее дамавіннай

На мяне тугой ад дамавін.

 

Знаю я, што ў тым краі не будзе

Ніў, заліўшых золатам палі.

Вось таму мне любы свет і людзі,

Што жывуць са мною на зямлі.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.