epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Адыходзім пакрысе да бога...

Адыходзім пакрысе да бога

У той край, дзе непрабудна спяць.

Мусіць, хутка ўжо і мне ў дарогу

Тленныя пажыткі сабіраць.

 

Мілыя гаі бяроз лагодных,

Ты, зямля пяскоў і стэпаў гладзь.

Перад гэтым мноствам адыходных

Не магу журбы сваёй хаваць.

 

Вельмі я любіў на гэтым свеце

Ўсё, што можна ў плоць душы яднаць.

Мір асінам, што дрыготкім веццем

У ваду ружовую глядзяць.

 

Многа думаў я ў жыццёвай буры,

Многа песень склаў я ад душы.

І на гэтай на зямлі панурай

Тым шчаслівы, што і я тут жыў.

 

Тым шчаслівы: мог жанчын усцешыць,

Кветкі мяў, качаўся на траве,

І звяр’ё, як "браццяў” нашых меншых,

Колькі жыў, не біў па галаве.

 

Знаю, жыта там не зацвітае,

Лебядзінай шыяй не звініць.

І таму прад мноствам, што знікае,

Маё сэрца ные і баліць.

 

Знаю я, што ў краі тым не будзе

Гэтых ніў, што золатам цвілі.

І таму мне дарагія людзі,

Што жывуць са мною на зямлі.



Пераклад: Юрась Свірка