epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Балада пра дваццаць шэсць

З любоўю — цудоўнаму мастаку Г. Якулаву

 

Даль

Песняй, паэце,

Шкваль.

Сёння сіні

Неба паркаль.

Мору —

Песняю харашэць.

Іх было

26.

26 іх было,

26.

Ля магіл іх

Вятрам цішэць.

Сэрцу кожнаму

Гневам расце

Іх расстрэл

На 207-й

Вярсце.

Там, за морам, гуляе

Туман.

Бач, устаў з пяску

Шаўмян.

Над пустэльняй кашчавы

Стук.

Вунь яшчэ 50

Рук

З долу лезуць,

Каб там не самшэць.

26 іх было,

26.

Хто з свінцом у грудзях,

Хто ў баку,

Кажуць:

«Час нам быць

У Баку —

Мы паглядзім,

Пакуль ёсць туман,

Як жыве Азербайджан».

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Коціць поўню, як дыню,

Ноч.

Хваля ў бераг б’е —

Не суроч!

Вось у гэткую ж ноч

І туман

Расстраляў іх

Атрад англічан.

 

Камунізм —

Сцяг усіх свабод.

Ураганна ўскіпеў

Народ.

На імперыю ўсталі

У рад

Селянін

І пралетарыят.

У Расіі,

Як помсты кліч,

Бацька строгі быў наш

Ільіч.

А на Ўсходзе,

Дзе шабляў шчэць,

Іх было

26.

 

Кожны помніць

Той,

Поўны нягод,

18-ты смутны

Год.

І канаў

Ад здрадніцкіх ран

Абстраляны

Азербайджан.

 

Цяжкі быў

Камуне

Удар.

Край не вытрымаў —

Паў, змагар.

Як ад жаху

Не аглушэць,

Вестку ўчуўшы

Под 26?!

 

У пяскі, што як плаўлены

Воск,

Звезлі іх

За Краснаводск,

І хто шабляй,

Хто куляй у бок —

Іх паклалі на жоўты

Пясок.

 

26 іх было,

26.

Ля магіл іх

Вятрам цішэць.

Сэрцу кожнаму

Гневам расце

Іх расстрэл

На 207-й

Вярсце.

 

Там, за морам, гуляе

Туман.

Бач, устаў з пяску

Шаўмян.

Над пустэльняй кашчавы

Стук.

Вунь яшчэ 50

Рук

З долу лезуць,

Каб не самшэць —

26 іх было

26.

 

. . . . . . . . . . .

Ноч ніцее

На свежаку.

Ценяў

26

Над Баку.

Цені ценькія,

Іх —

26.

Песня, смутак наш

Рыкашэць!

 

А не вецер шуміць,

Не туман.

Чуеш, вымавіў

Шаўмян:

«Джапарыдзе,

Ці я аслеп,

Паглядзі:

У рабочых хлеб.

Нафта — чорнай

Крывёй зямлі.

Паравозы кругом,

Караблі...

І ва ўсе караблі,

Цягнікі

Зорку ўрэзалі мы

На вякі».

 

«Так і ёсць, —

Джапарыдзе ў адказ. —

Вестка гэтая

Радуе нас.

Бо трымае рабочы

Клас

Моцна ў чэпкіх руках

Каўказ.

 

Коціць поўню, як дыню,

Ноч.

Хваля ў бераг б’е —

Не суроч!

Вось у гэткую ж ноч

І туман

Расстраляў нас

Атрад англічан».

 

Камунізм —

Сцяг усіх свабод.

Ураганна ўскіпеў

Народ.

На імперыю ўсталі

У рад

Селянін

І пралетарыят.

У Расіі,

Як помсты кліч,

Бацька строгі быў наш

Ільіч.

А на Ўсходзе,

Дзе шабляў шчэць,

26 іх было,

26.

 

. . . . . . . . . .

 

Неба ясніцца

Сіні ўспых.

Дарагіх

Ценяў

Гоман заціх.

Хто прастрэлены ў грудзі,

Хто ў скронь.

Ахч-Куйма

Кліча іх праз агонь...

 

Даль

Песняй, паэце,

Шкваль.

Сёння сіні

Неба паркаль…

Мору —

Песняю харашэць,

26 іх было,

26.

 

1924.



Пераклад: Рыгор Барадулін