epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Хопіць лаяць!..

Хопіць лаяць! На торг не смелы —

Словы не прадаю з рукава.

Адхіснулася і ўраз пацяжэла

Залатая мая галава.

 

Нёс любоў да вёскі, да горада, —

Не данёс. Адпушчу бараду,

Кіну ўсё — і, адчаем агорнуты,

Па Русі валацужыць пайду.

 

Я забуду паэмы і кнігі,

Толькі торбу на плечы вазьму,

Бо ў палях для душы забулдыгі

Вецер болей пяе, чым каму.

 

Прасмярджу рэдзькаю і цыбуляй,

Буду гучна смаркацца ў руку,

Каб у цішы вячэрняй пачулі, —

Строіць дурня лацвей дзіваку!

 

Што там лепшай удачы ўдавацца —

Мне б забыцца і слухаць пургу,

А таму што без гэтых дзівацтваў

Я пражыць на зямлі не магу.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.