epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Хто я? Што я? Летуценнік вечны...

Хто я? Што я? Летуценнік вечны,

Сінь вачэй растраціў, а калі?

І жыццё пражыў нібы дарэчы,

Заадно з другімі на зямлі.

 

Мой па звычцы пацалунак палкі,

Многіх цалаваць я меў давер,

І, нібы запальваю запалкі,

Словы любасці кажу цяпер.

 

«Дарагая», «любая», «давеку»,

А ў душы ўсё звычнае даўно,

Як зачэпіш страсці ў чалавеку,

То не знойдзеш праўды ўсё адно.

 

І таму душы не так марозна:

І жаданне, і агонь міне.

Ты, мая таропкая бярозка,

Створана для многіх і мяне.

 

Хоць шукаю родную адну я,

Ні на кога не звярну віну,

Я цябе ніколькі не раўную,

Я цябе ніколькі не кляну.

 

Хто я? Што я? Летуценнік вечны,

Сінь вачэй растраціў, а калі?

І цябе кахаў хіба дарэчы,

Заадно з другімі на зямлі.

 

1925



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.