epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Чорны чалавек

Друг мой, дружа,

Я хворы, я дужа хворы!

Сам не знаю, адкуль ён узяўся, боль.

А ці вецер гудзе над пустым,

знелюдзелым борам,

Ці, як гай вераснёвы,

Абтрасае мазгі алкаголь.

 

І махае вушамі мая галава,

Птушка крыламі быццам.

Ён маячыць на шыі нагі,

Болей сіл нестае.

Чорны чалавек,

Чорны чалавек,

Чорны чалавек

Да мяне на ложак садзіцца,

Чорны чалавек.

Спаць мне ўсю ноч не дае.

 

Чорны чалавек

Водзіць пальцам па словах мярзотнай кнігі

І, нада мной гугнявячы,

Як над мерцвяком манах,

Чытае жыццё мне

Прахвоста нейкага і забулдыгі,

На душу наганяючы смутак і страх.

Чорны чалавек,

Чорны чалавек!

 

«Слухай, слухай! —

Мармоча ён мне, —

Шмат у кнізе цудоўнейшых

Думак і планаў.

Жыў чалавек гэты

У старане

Што ні ёсць найагідных

Граміл і шарлатанаў.

 

Снежань слепіць, як д’ябал, там

Снежнаю белатой,

Калаўроты заводзяць

Мяцеліцы шпарка.

Авантурыстам чалавек быў той,

Ды самай высокай

І лепшай маркі.

 

Да ўсяго быў паэт,

Вытанчаны, як зло,

Хоць з невялікай,

Ды ўчэпістай сілаю,

І жанчыну нейкую,

Ёй за сорак было,

Называў дзеўчынёшкаю

І сваёю мілаю.

 

«Шчасце, — гаварыў ён, —

Ёсць спрытнасць розуму й рук,

Душы няспрытныя ўсе

Як няшчасныя здаўна вядомы.

Гэта нічога,

Што многа мук

Прыносяць ілжывыя

Жэсты й надломы.

 

Калі паставіць

Жыццё рабраком,

Стаўшы жабраком,

Сабой застацца,

І здавацца ўсмешлівым дзіваком —

Гэта вышэйшае ў свеце мастацтва».

 

«Чорны чалавек!

Я не дазволю гэтага!

Ты ж не на службе

Жывеш вадалазавай.

Што мне да жыцця

Скандальнага паэта!

Калі ласка, іншым

Чытай і расказвай».

 

Чорны чалавек

Не зводзіць з мяне пагляд.

І блакітнымі рыгамі

Пакрываюцца вочы, —

Быццам хоча сказаць мне,

Што жулік я й канакрад,

Што без сораму некага

Абакраў аднойчы.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Друг мой, дружа,

Я хворы, я дужа хворы.

Сам не знаю, адкуль ён узяўся, боль.

А ці вецер гудзе

Над пустым, знелюдзелым борам,

Ці, як гай вераснёвы,

Абтрасае мазгі алкаголь.

 

Ноч марозная.

Ціша на гукі сквапная.

Я адзін ля акенца,

Ні госцю, ні другу не рад.

А раўніна пакрыта

Сыпучай мяккай вапнаю,

І, як коннікі, дрэвы

З’ехаліся ў наш сад.

 

Кліча страх,

Недзе плача злавесна начніца.

Сеюць драўляныя коннікі

Стук казытлівы ўскрут.

Вось і зноў готы чорны

На крэсла маё садзіцца,

Прыўзнімае цыліндр свій

І адкідвае вольна сурдут.

 

«Слухай, слухай! —

Хрыпіць мне, нібы я аглух,

Хіліцца ўсё бліжэй,

Не ўгамоніцца, —

Не бачыў я, каб хто-небудзь

З падлюг

Так бязглуздна і смешна

Пакутваў бяссонніцай.

 

Ах, няхай памыліўся!

Поўня ж сёння адна.

Што ж дрымотнаму свету

Да жорсткага выраку?

Можа, з тоўстымі сцёгнамі

Прыйдзе ўпотай «яна»

І ты будзеш чытаць

Сваю дохлую томную лірыку?

 

Ах, люблю я паэтаў!

Забаўны народ.

Я знаходжу заўжды ў іх

Гісторыю, сэрцу знаёмую —

Як прышчакаватай курсістцы

Доўгавалосы ўдод

Пра сусветы гаворыць,

Юрлівай сцякаючы стомаю.

 

Не знаю, не помню,

У Калузе

А ці ў Разані, але

У простай сям’і,

Як з вякоў павялося,

Хлопчык жыў

У адным сяле

З вачыма блакітнымі,

Жоўтавалосы.

 

І вось стаў ён дарослы,

Паэт, як назло,

Хоць з невялікай,

Ды ўчэпістай сілаю,

І жанчыну нейкую,

Ёй за сорак было,

Называў дзеўчынёшкаю

І сваёю мілаю.

 

«Чорны чалавек!

Ты мярзотны хадок.

Гэту славу даўно

Пра цябе разносяць».

Я сшалелы, раз’юшаны,

І ляціць мой кіёк

Проста ў морду ягоную,

Ў пераноссе...

 

...Ціха месяц сканаў,

Мжыць світанне маной.

Ах ты, ноч!

Што ты, ночка, наблытала?

Я ў цыліндры стаю.

Анікога са мной.

Я адзін...

І люстэрка разбітае...



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.