epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Душы тужыць па вышыні...

Душы тужыць па вышыні,

Сніць нетутэйшых ніў загоны.

Няхай на дрэвах цішыні

Варушыцца агонь зялёны.

 

Хай цепляцца сукі ствалоў,

Як свечкі, перад таямніцай,

І расцвітаюць зоры слоў

На іх першалістоце ніцай.

 

Зямля, я голас твой спасціг,

Ды не страхну пакуту гэту,

Як дол прыціхлы з вод сваіх

Адлюстраваную камету.

 

Так коні не страхнуць хвастамі

Той поўні, што іх б’е ў хрыбты.

Каб мог я прарасці вачамі

У глыбіню, нібы лісты.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.