epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Гары, не падай, зараніца...

Гары, не падай, зараніца,

Губляй настыла прамяні.

Жывому сэрцу больш не біцца

За плотам вечнай цішыні.

 

Ты свеціш жнівенем і жытам

І поўніш цішыню палёў

Журбой рыдалістай, аджытай

Неадляцелых жураўлёў.

 

І слухаць цішыню хачу я

За гаем ці за курганом,

І зноў чыюсьці песню чую

Пра край бацькоў, пра родны дом.

 

І восень, грэючы ўспамінам,

Збаўляючы ў бярозах сок,

За ўсіх, каго кахаў і кінуў,

Лістамі плача на пясок.

 

І хутка, адчуваю ўпотай,

Ужо не па чыёй віне

Ляжаць пад сумным нізкім плотам

Таксама давядзецца мне.

 

Пагасне полымя даверу,

І сэрца спапяліцца ў прах.

Сябры паставяць камень шэры,

Вясёла мой зрыфмуюць шлях.

 

Хоць тут без смутку немагчыма,

Так склаў бы для сябе таму:

Любіў зямлю ён і радзіму,

Як любіць п’яніца карчму.

 

1925



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.