epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Я не быў ніколі на Басфоры...

Я не быў ніколі на Басфоры,

Не пытай, як дно ўздыхае днём.

Я ў тваіх вачах убачыў мора —

Сінім захлынаецца агнём.

 

У Багдад не йшоў я з караванам,

Не вазіў ні шоўк туды, ні хну.

Да мяне схіліся гнуткім станам,

На каленях дай я адпачну.

 

А ці зноўку, колькі ні прасі я,

Клопату няма табе, мой свет,

Што я ў імі сіверным — Расія —

Самы лепшы, дарагі паэт.

 

У мяне ў душы пяе тальянка,

Бачу месяц — чую мілы брэх.

Хіба ты не хочаш, персіянка,

Бачыць сіні край ласкавых стрэх?

 

Я сюды прыехаў не з дакукі —

Клікаў край пялёсткавай імглы.

Лебядзіныя сустрэлі рукі,

Абвівалі, быццам два крылы.

 

Лёс ні хвілі мне не даў спакою,

І хоць дзён мінулых не кляну,

Раскажы мне што-небудзь такое

Пра тваю — ў вясёлках — старану.

 

Заглушы ў душы тугу тальянкі,

Чараў свежых выдыхні павеў.

Каб пра воч паўночныя маланкі

Ні ўздыхаць, ні думаць не хацеў.

 

Хоць не быў ніколі на Басфоры,

Я схлушу, як дно світае днём.

Вочы нездарма твае, як мора,

Сінім захлынаюцца агнём.

 

1924



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.