epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Якая ноч! Я не магу...

Якая ноч! Я не магу...

Не спіцца мне — святло такое!

Яшчэ як быццам берагу

Сваё юнацтва залатое.

 

Сяброўка састарэлых дзён,

Не называй гульню каханнем,

Хай лепш струменіцца з акон

Святло, заліўшы ложак ззяннем.

 

І ўсё, што час паспеў змяніць,

Хай абмалёўвае ён смела.

Хіба ты зможаш разлюбіць,

Як пакахаць ты не сумела?

 

Кахаць мы можам толькі раз,

І мне чужая з-за таго ты,

Што ліпы марна вабяць нас,

Ступіўшы ў белыя сумёты.

 

З табой мы знаем удваіх,

Што ў гэты водбліск, ясны, сіні,

Не цвет на ліпах векавых —

Нп гэтых ліпах снег ды іней.

 

Што адкахалі мы даўно,

Ты не мяне, а я - другую,

Гуляць ці не — усё адно —

Нам у любоў недарагую.

 

І ўсё ж цалуй і абдымай

З пяшчотай, можа, нечаканай.

Хай сэрцу вечна сніцца май

І тая, што была каханай.



Пераклад: Яўген Міклашэўскі