epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ліст ад маці

Ну што яшчэ такое

Мне прыдумаць,

Пра што пісаць,

Пра месяц у акне?

Перада мной

Ляжыць з маўклівым сумам

Ліст,

Што прыслала маці мне.

 

Яна мне піша:

«Будзе час які,

Да нас, галубчык,

Прыязджай на свята.

Мне шаль, а бацьку

Ты купі парткі, —

Бо на няхваткі

Ў нас багата хата.

 

Што ты паэт,

Сказаць мне страшна ўслых,

Што ссябраваўся

З славаю ліхою.

Яно б ляпей,

Каб з год малых

Хадзіў ты ў полі за сахою.

 

Старая стала,

Кепска мне, павер,

Ды калі б дома ты

Застаўся змалу,

Была б нявестка

У мяне цяпер

І на назе

Я ўнучыка гушкала.

 

Ды ты па свеце

Разгубляў дзяцей,

Аддаў другому жонку,

Як бяздомны,

І без сям’і, без дружбы,

Самасей,

Ты з галавой

Нырнуў у вір карчомны.

 

Мой сыне любы,

Што з табой?

Ты быў, як ранак,

Хмаркай не заценен,

І гаварылі ўсе наперабой:

Які шчаслівы

Аляксандр Ясенін!

 

Надзеі нашы

Ты давёў датла,

Таму душа шчыміць

Нязбытным болем,

Што ў бацькі думка

Марная была,

Каб ты за вершы

Грошаў браў як болей.

 

Ты ў дом іх не пашлеш,

Хоць лік бы страціў

Ім,

І вось таму так горка

Словы льюцца,

Што знаю я

На вопыце тваім:

Паэтам грошы не даюцца.

 

Што ты паэт,

Сказаць мне страшна ўслых,

Што ссябраваўся

З славаю ліхою,

Яно б ляпей,

Каб з год малых

Хадзіў ты ў полі за сахою.

 

Адна туга,

Нас агарнула ноч зусім.

У нас няма каня.

Ды калі б быў ты ў доме,

То ўсё было б,

Пры розуме тваім —

Пасада старшыні

Ў валвыканкоме.

 

Ніхто б нас не цягнуў,

Жыла б сям’я,

Тваёй бы марнай стомы

Як не стала.

Нявестку прасці б

Прымушала я,

А ты, як сын,

Спакоіў нашу старасць».

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Ліст камячу,

Я падаю ў імжу.

Няўжо сцяжыну

Я абраў чужую?

Ды ўсё, што думаю,

Я потым раскажу —

Лістом разважным

Раскажу я.



Пераклад: Рыгор Барадулін

Беларуская Палічка: http://knihi.com