epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ліст да маці

Ты яшчэ жывеш, мая старая?

Я жывы. Паклон табе, паклон!

Хай над хатай ціха дагарае

Вечаровы свет забытых дзён.

 

Пішуць мне, што, тоячы трывогу,

Ты засумавала без мяне,

Што зачаста ходзіш на дарогу

У старым злінялым шушуне.

 

І табе у прысмеркавым суме

Бачыцца зачаста ўсё адно ж:

Быццам нехта мне ў карчомным тлуме

Увагнаў пад сэрца фінскі нож.

 

Родная, нічога! Супакойся.

Гэта толькі мроіцца ў журбе.

Не такі ўжо горкі я прапойца,

Каб сканаць, не ўбачыўшы цябе.

 

Па-ранейшаму пяшчоты поўны,

Маладую мару пешчу ў снах, —

Каб хутчэй мяне з тугі бунтоўнай

Шлях прывёў пад родны нізкі дах.

 

Я вярнуся, як раскіне голле

Па-вясноваму наш белы сад.

Толькі ты ўжо ў досвіткавай золі

Не будзі, як восем год назад.

 

Не будзі таго, што не збылося,

Не хвалюй вярэдліва гады, —

Рана стратамі сустрэла восень,

Выстудзілі сэрца халады.

 

І маліцца не вучы мяне. Не трэба!

Да старога травянее след.

Воч маіх пагодлівае неба,

Ты адна мой вечаровы свет.

 

Дык забудзься на сваю трывогу

І задужа не сумуй па мне.

Не хадзі так часта на дарогу

У старым злінялым шушуне.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.