epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ліст да маці

Ты жывеш яшчэ, мая матуля?

Я жывы, і шлю табе паклон,

І няхай і ў змрок святлом атуліць

Нашу хату адзінокі клён.

 

Пішуць мне, што тоячы трывогу,

Ты засумавала без мяне,

Што выходзіш часта на дарогу

У сваім старэнькім каптане.

 

Не журыся ты на кожным кроку

І душу дарэмна не трывож,

Што нібыта мне ў атрутным змроку

Нехта увагнаў пад сэрца нож.

 

Родная, дарэмна! Супакойся,

Гэта толькі трызніцца ў журбе.

Не загіну я, нібы прапойца,

Болей не пабачыўшы цябе.

 

Я, як і даўней, такі ж ласкавы,

Толькі мару, каб з мяцежных стром

І ад мітусні агорклай славы

Зноў вярнуцца ў нізенькі наш дом.

 

Можа, я вярнуся на змярканні,

Калі квецень наш пабеліць сад,

Толькі ты мяне ўжо на світанні

Не будзі, як восем год назад.

 

Не будзі таго, што не збылося,

Што паспела ў марах адцвісці.

Вельмі ж рана страты давялося

Мне сустрэць у блытаным жыцці.

 

І маліцца не вучы. Ні бога,

Ні анёлаў, — як і не было.

Толькі ты — адна мне дапамога,

Толькі ты адна — маё святло.

 

Дык забудзь ранейшую трывогу,

Не журыся вельмі без мяне,

Не хадзі так часта на дарогу

У сваім старэнькім каптане.



Пераклад: Сяргей Грахоўскі