epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Не шчыміць мая былая рана...

Не шчыміць мая былая рана —

П’яны жах не точыць сэрца мне.

Кветкамі з блакіту Тэгерана

Я лячу іх сёння ў чайхане.

 

Сам чайханшчык з круглымі плячамі,

Каб слыла прад рускім чайхана,

Поўніць піялу чырвоным чаем —

Ш гарэлкі моцнай, ні віна.

 

Поўні піялу, твой госць не дрэмле:

Ружы ў неспакой гаспадару.

Мне міргнулі вочы недарэмна,

Адхінуўшы чорную чадру.

 

У Расіі веснавых, харошых

Не ланцужым, як сабак, дзяўчат,

Пацалункам вучымся без грошай,

Без кінжальных хітрыкаў і звад.

 

Ну, а гэтай за рухавасць стану,

Што падобна тварам на зару,

Плечы ўкрыю шалем з Харасана

І кілім шыразскі падару.

 

Гаспадар, налі, хай не слабее

Чай круты, каб разагнаць тугу.

Адкажу сягоння за сябе я,

За цябе адказваць не магу.

 

Не глядзі на дзверы проці ночы,

Быў бы сад — а весніцы знайду.

Недарэмна мне міргнулі вочы,

Адхінуўшы чорную чадру.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.