epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Не шкадую, не заву, не плачу...

Не шкадую, не заву, не плачу,

Пройдзе ўсё, як з белых яблынь дым,

Пазалотай восені пазначаны,

Я не буду болей маладым.

 

Сэрца, прадчуваючы пагрозу,

Ты мяне дарэмна не трывож,

І краіна ў паркалі бярозак

Не завабіць бегаць басанож.

 

Дух бадзянняў не вядзе ў бязмежжа.

Вусны у палоне забыцця.

О, мая растрачаная свежасць,

Жар вачэй, паводка пачуцця.

 

Я цяпер скупейшы на жаданні.

Ты, жыццё, мяне не абміні.

Быццам я вясновым гулкім раннем

На ружовым праскакаў кані.

 

Кожны з нас усё ж ідзе да скону,

З клёнаў медзь ліецца дагараць...

Будзь жа на вякі благаславёна,

Што прыйшло цвісці і паміраць.



Пераклад: Сяргей Грахоўскі