epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Паэма пра 36

Многа ў Расіі

Сцяжын.

Кожная —

З дамавін.

Што ні вярсціна —

Крыж.

Да енісейскіх мясцін,

Лічы ж,

Сумёт

Шэсць тысяч адзін.

 

Лёг

Сіні ўральскі

Ском

Пасткай каменных стром,

За скомам шуміць

Тайга.

Як вязне ў снезе

Нага,

Ісці паспрабуй

Пешаком.

 

Добра, як гарт

І запал,

Як знаеш сібірскі

Шквал.

А як ты аслаб

І лёг,

То здрадна пралезе

Ў лог,

Цябе адпяе

Шакал.

 

Бура сыча

Савой.

Грузна брыдзе

Канвой.

Ружжы наперавес.

Хочаш прабіцца

Ў лес, —

Не даражы

Галавой.

 

Ссыльны салдату

Не брат.

Сам паднявольны

Салдат.

А як не ўзяў

На прыцэл, —

Заўтра яго

Пад расстрэл.

Ды ты не ідзі

Назад.

 

Не знае хай,

Згіне дзе,

Хто брата ў тайгу

Вядзе.

І ты пад кандальны

Дзын

Шпар, як сівы

Баргузін.

Мкніся!

Не саступай бядзе!

 

Дом

За Уралам крутым.

Стэп,

Над вадою дым.

У сінюю роўнядзь

Шыб

Месяц

Лье скрыпкі ўсхліп.

Ці ж кепска

Ў доме сваім?

 

Слаўны

У песні лад.

Кожны той песні

Рад.

Там за Уралам

Клён.

Любы

Жыцця палон

З поўневым ззяннем

Хат.

 

А як у весняй

Журбе

Чакае адна

Цябе,

Уся, як бэзавы май,

Уся, як бацькоўскі край, —

Быць песневай

Варажбе!

 

Бура сыча

Савой.

Грузна брыдзе

Канвой.

Ружжы наперавес.

Хочаш прабіцца

Ў лес —

Не даражы галавой.

 

*

Колкі, пранізлівы

Пух.

Цяжка ісці,

Як апух.

Ды пад кандальны

Дзын,

Калі ты любіш

Дзень,

Хіба мілей

Шлісельбург?

 

Там не жыве давер,

Ходзіш, бы ў клетцы

Звер.

Дума заўжды аб адным:

Можа, ў краі

Тваім

Стала не так

Цяпер.

 

Можа, пад спеў

Завірух

Сканаў твой апошні

Друг.

Родны хто —

Ўсё адно.

Хочацца вырваць

Акно,

Хочацца бегчы ў луг.

 

Марудны турэмны

Час.

Каб позірк салдата

Згас!

Хочаш дазнацца

Ты

Пра шлях на волю

Круты —

Я знаю адзін

Расказ.

 

*

Іх трыццаць шэсць

Было.

Ні сесці — такое

Жытло.

У вокнах буруна

Ўскатурх.

Моцна стаіць

Шлісельбург.

Мора — прадоннае

Тхло.

 

А кожны, горды,

Сядзеў,

Што сцішыць не мог свой

Гнеў,

Хацеў перайначыць

Лёс,

Бо да галечы й слёз

Любоў вялікую

Меў.

 

Ты помніш, глухі да згод,

Вірлівы той

Пяты

Год.

Калі з-за сцен

Барыкад

Цаліўся ў брата

Брат.

Хто ў галаву, хто

Ў жывот.

 

Адзін барабаніў

Закон —

Нявольны, ўлюбёны

Ў трон.

Граміў гэты трон

Другі,

Быў брат яму

Не дарагі.

Ці ж быў не за праўду

Ён?

 

Ты помніш, вядома,

Як

Нагайкай свістаў

Казак?

Тады ў пахіленых

Ніц

З патыліц і паясніц

Капаў гарачы

Мак.

 

Ты, знаю,

Пад буры

Спеў

На кветкі на снезе

Глядзеў.

Бо кожны хлопчыкам

Рос,

Кожнаму білі

Нос:

Усё бой кулачны

Ўмеў!

 

Тых кветак

Не назіраў,

Малечых было

Забаў,

І не чытаў яшчэ

Кніг.

Ды калі б бачыў

Іх,

То хіба маўчаць

Стаў?

 

*

Іх трыццаць шэсць

Было.

Юшыла

Помсты зло.

Кожны пакінуў

Дом

З вербамі над стаўком,

Ды помніў

Ласкі цяпло.

 

Камендант

Падагрэў шал:

«Цесны для вас

Зал.

Пяць я такіх

Прыму

Ў камеру па аднаму,

Трыццаць адзін —

На вакзал».

 

Поле і снежны

Звон.

Клетчаты мчыць

Вагон.

Рэкі грызе

Паравоз.

Хіба пытанне

Ўсур’ёз:

Куды іх даставіць

Ён?

 

Многа ў Расіі

Сцяжын.

Кожная —

З дамавін.

Што ні вярсціна —

Крыж.

Да енісейскіх мясцін,

Лічы ж,

Сумёт

Шэсць тысяч адзін.

 

*

Мчыцца цягнік

Наўскрах.

Тоіцца ў кожным

Страх.

Надзеўшы

Тугі бранзалет,

Гоняць, каб доўга

Шкілет

Золата рыў

У гарах.

 

І тое, што вырвеш

Ты

Кіркаю з нематы,

Будзе з рук

Дабрака

На левай руцэ

Дачка

Пярсцёнак насіць

Залаты.

 

Поле і снежны

Звон.

Клятчаты мчыць

Вагон.

І трыццаць першы

Ўстаў

І шэптам цвёрда сказаў:

«Сёння мне ноч

Не ў сон.

 

Сёння мне ў ноч

Не ляжаць.

Я вырашыў цвёрда ўцякаць,

Хоць поўня

Не зазірне!

Вы памажыце

Мне

Цела маё

Падтрымаць.

 

Клетку ўжо я

Сілой...

Добры хаўрус

З пургой.

Загарадзіце мяне

Вы ад агню

Пры акне,

Каб не заўважыў

Канвой».

 

Быццам

Не спяць ані

Трыццаць

У цішыні,

Дзівяцца снегу

Ўначы.

Хіба так цяжка

Ўцячы,

Кані не гараць

Агні?

 

Іх засталося

Пяць.

Пяць ложкаў

Моўчкі стаяць,

У вокнах бурунны

Ўскатурх.

Моцна стаіць

Шлісельбург,

Толькі ў ім кепска

Спаць.

 

Хіба заснеш:

Скажы,

Як сняцца сцяжын

Вужы,

Родны стары

Пляцень,

Сіні, званлівы

Дзень,

І ты ідзеш

Па мяжы?

 

Ціхі вячэрні

Час.

Вызвоньвае звон

Сем раз.

Месяц

Смяецца ўсмак.

Драмаў

І драмаў бы так,

Расперазаўшы пас.

 

Глянеш, на вокнах

Пух.

Сумны, няшчасны

Друг,

Днём ці ўначы

Адно:

Хочацца вырваць

Акно

І збегчы ў луг.

 

Пятага ўзяў

Знявер.

Напільнік здабыў, —

Цяпер.

Шчырэе праз ноч,

Як крот,

Капае з носа

Пот

Цераз губу ў ашчэр.

 

Раз пры нагрузцы

Дроў

Ён паслізнуўся

Ў роў...

Лёд утрымаў

Бяду,

Бач, ён крычыць

На хаду.

Крыкнуў — і будзь

Здароў.

 

*

Гоніцца дзён

Гайня.

Дзень — ён колу

Радня.

Студзеньскай снежнай

Парой

У камеры сорак

Другой

Сустрэла іх

Цішыня.

 

Пятаму

Гледзячы ў твар,

Сказаў трыццаць першы:

«Мар!

Там, дзе струменіць Об,

Ціхне вёсачка

Топ,

Вакзал там,

Як волі дар.

 

Мае жыццё

Свой смак.

Прыгадваць

Я не мастак.

Ёлуп сібірскі —

Чалдон,

Сквапны, як д’ябал,

Ён.

Прадасць за пятак,

Так.

 

Пад снегам спіць

Сенажаць.

Не маю што

Ўспамінаць.

Знаю адно:

Без кроз

Нават у злы

Мароз

Смачна на сене

Спаць».

 

Пяты тады

Ў адказ:

«Мне сорак год

Якраз.

Нячысты ў душу

Залез,

Так мяжа й цягне

Ў лес

Чуць

Вечаровы сказ.

 

Многа сказаць

Не магу:

Ляжаў гадзіну

Ў снягу,

Белы спавіў

Сувой,

Парушыў спакой

Канвой

З ружжамі на бягу».

 

*

Меркнецца высь,

Калі

Хмары растуць

З зямлі.

Той, помніш,

Няўмольны да згод,

Мяцельны семнаццаты

Год,

Як хмары

З зямлі сышлі?

 

Кожны падаўся ў свой

Дом

З вербамі над стаўком.

Поўню бачыў

І клён,

Ды не прывеціў

Ён,

Па кім плакаў

Сэрца звон.

 

Іх трыццаць шэсць

Было,

Помста будзіла

Зло.

І кожны ў кастрычніцкі

Звон

Пайшоў на ўлюбёных

У трон,

Каб іх назаўжды

Змяло.

 

Хутка бягуць

Дні.

Сустрэліся

У цішыні.

У кожнага новы

Дом.

Спакою

Бег не вядом —

Воч загасілі

Агні.

 

Ціхі вячэрні

Час,

Вызвоньвае звон

Сем раз.

Месяц,

Як сам давер.

Хто задрамаў

Цяпер,

Болей не ўбачыць

Нас.

 

Сіняе вёскі

Цяпло,

Песня,

Спрабуй крыло...

Над кожным зорка

Свая...

Не цішыцца

Песні бруя:

Іх трыццаць шэсць

Было.

 

1924



Пераклад: Рыгор Барадулін