epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Песня аб вялікім паходзе

Гэй, сустрэчныя,

Недарэчныя!

Прусакі, цвыркуны

Запечныя.

Не народ, а драхва

Падбітая.

Нечасаная Русь,

Русь нямытая.

Вы паслухайце

Новы вольны сказ,

Новы вольны сказ

Пра жыццё у нас.

Першы сказ аб тым,

Што даўно было.

А другі — аб тым,

Што з даўна ўсплыло.

Для цябе я, Русь,

Гэты сказны спеў

Пеў, бо праўду меў,

Пеў, бо смеласць меў.

Быў мастак складаць

Гэты прытчыны,

Не баяўся я

Быць паклычаны.

 

*

Ой, у горадзе

Ды ў Іпацьеве

Пры Пятры было

Пры імператары.

Словы гаварыў

Баламутны дзяк:

«А ў нас выйшла так:

Цар дурны,

Як гляк,

Цар прастак — Батрак:

Смаркачы ў кулак,

Ставіць

Піцер-град

На нямецкі лад.

Ці рабіць яму

Болей нечага,

Ён узяўся Русь

Анямечваць.

Голіць ён князям

Бароды, вусы ўсе, —

Як не плакаць нам

Тут над Русію?

Што ты, доля, нас

Так пакінула?

Неслухмяных ён

Б’е дубінаю».

 

*

Тыя словы ўчуў

Малады стралец,

Баламута хоп

За тугі касец.

«Ты ідзі, паўзі,

Не рапенься, брат.

Я звязу цябе

Проста ў Піцер-град.

Прывяеу цару,

Кайся, абармот!

Кайся, сучы кот,

Што юрыў народ!»

 

*

Па Цвярской-Ямской

Пад дугою ўзвяк,

Са званочкамі

Ехаў бедны дзяк.

На чацвёрты дзень,

Пот паўдзён уцёр,

Прыкаціў наш дзяк

Да цара у двор.

А выходзіць цар,

Углядаецца,

Мах-дубінкаю

Клікнуў ён стральца.

«Ты скажы, чаго

Прыкаціў, стралец?

Ці з Масквы які

Патайны ганец?»

«Не ганец я, цар,

Не радня з Масквой.

Толькі ўвесь як ёсць —

Служка верны твой.

Бунтара-дзяка

Я табе прывёз,

Не таўклі яму,

Мусіць, добра нос.

У карчме на ўвесь

На круты народ

Бэсціў ён цябе,

Твой высокі род».

«Вош, — сказаў тут Пётр, —

Вылязай жа ты!»

Шэжацца ў дзяка

Космы, як жыты.

На плячы ў Пятра

Не ўтрываў кулак...

І навек задраў

Лапці ўгору дзяк.

 

У Пятра быў двор,

На двары быў кол,

На калу — мачала.

Гэта, сябры, запеў.

Песня пакуль маўчала.

 

*

А ў цара Пятра

Моцнае нутро.

Адным духам ён

Піва п’е вядро.

Курыць — дым ідзе

На тры сажані,

У нямецкім усім

Франціць дзень пры дні.

Слова браў наш цар

Аляксеіч Пётр:

«Да мяне хадзі,

Дарагі Лефорт.

Майстра слынны ты:

Ў Амстэрдаме быў.

Рускі цар табе,

Як батрак, служыў.

Як тапор трымаць,

Ён вучыўся там.

Едзь жа, майстра, ты

Зноў у Амстэрдам.

Перадай ты ўсім

Ад Пятра паклон.

Ды скажы, што цяпер

З доляй злою ён.

З доляй злой за Русь,

Мусіў помсту мець...

Страшна паміраць,

Скора прыйдзе смерць.

Скора прыйдзе смерць,

Ды і жыць не рад:

Хто ж цяпер шчадзіць

Будзе Піцер-град?

У туманах злых,

Ланцугах балот

Сню працоўны я

Згіблы тут народ.

Мне ўначы звіняць

Галасы тугі,

Што на іх касцях

Лёг граніт тугі.

І таму падчас

Абступаюць град,

Мерцвякі ўстаюць,

Строяцца ў парад.

Крык — у цішыні,

Боль — у цішыні.

Ад такой крычні

Хоць гасі агні.

Словы кажуць мне:

«Мы ўсяму цары!

Пападзешся, Пётр,

Здолей жа памры.

Злупім мы з цябе

Дзёрзкі твой чупрын,

А таму што ты

Быў сабачы сын.

Знаці патураў

Ды з міністрамі.

На крутой крыві

Горад выстаяў.

Ды няхай усе

Ведаюць дамы —

Яшчэ прыйдзем мы,

Прыйдзем, прыйдзем мы!

Гэты горад наш,

А таму і тут

Толькі можа жыць

Наш рабочы люд».

Змоўк наш цар

Аляксеіч Пётр,

Ручаямі з яго

Лье халодны пот.

 

*

Слухайце, слухайце,

Вы, вядома, народ

Харошы,

Хоць завеяй вас крый,

Хоць парошай.

Адным словам,

Мілягі!

А ці не дасцё

Каўток брагі?

Чалавечая мова

Славіцца прытчай.

Слаўны вы, людзі,

Прыдумалі

Звычай.

 

*

І гарматы б’юць,

І званы плачуць.

Вам, вядома, зразумела,

Што гэта значыць?

Многа руж было,

Многа было макаў.

Пахавалі Пятра,

Піцер-град плакаў.

І з таго, што там

Кожны быў хіцёр,

Хто ўсур’ёз рыдаў,

А хто вочы цёр.

Ды з таго вось дня

Аж на дзвесце год

Ёлупні-цары

Не ішлі на звод.

І ўсе дзвесце год

З-пад зямлі йшоў гуд:

«Прыйдзем, прыйдзем мы!

Наша праца тут.

Мы зграбём дваран

Ды па плешы ім,

На ліхтарных слупах

Перавешаем!»

 

*

Цераз дзвесце год

Снег кастрычнік гнаў.

Трэслася Нява,

Як вада канаў.

Рана ўстаў народ

І на буру глядзь:

На слупах вісіць

Свалатная знаць.

Ай, ды слаўны люд!

Ай, ды Піцер-град!

Што ж там б’юць з гармат

На вясёлы лад?

Б’юць за горадам,

З мора, як з каўша.

Цям усё сама

Ты, мая душа.

Шмат у тыя дні

Здзейснілася спраў.

Я спяю пра іх,

Як я сам спазнаў.

 

*

Весяліся, душа

Маладзецкая,

Зараз наша ўлада

Савецкая.

Афіцэрыка

Ды галубчыка

Прыкакошылі

Ўчора ў Губчэка.

Гаркнуў «Яблычка»

Малады матрос:

«Мы не так яшчэ

Падатром вам нос».

 

*

А за Яварам,

Пад Украйнаю,

Мужыкоў бярэ туга,

Як стэп, бяскрайная.

Ім Савецкая ўлада

Дужа правільная,

Толькі войскі йдуць

З ёй расправіцца.

Не паспелі мужыкі

Адпачыць ад пакут,

І Ўрангель тут,

І Дзянікін тут.

А на помач ім —

Помста ў воўчых вачах —

Шле атрады з Сібіры

Адмірал Калчак.

 

*

Ах, рыбкі мае,

Драбнакостачкі!

Вы сялянскія хлапцы,

Падуростачкі.

Ані боссю вас не ўзяць,

Ні разанамі,

Галяком пайшлі гуляць

З партызанамі.

Чырвонай Арміі штыкі

Ў полі свецяцца,

Могуць бацька з сынком

Тут прывеціцца.

А за лёс адзін

Б’ецца гэта раць —

Уладаць зямлёй

Ды ўвесь век араць,

Каб жыты раслі

І авёс звінеў,

І каб кожны калачы

З пірагамі еў.

 

*

Злосць раз’юшана

Несканаўшая!

А на Доне пяюць

Не па-нашаму:

«Параход ідзе

Міма прыстані.

Будзем рыбу карміць

Камуністамі».

Ну, а ў нас для іх пяюць

«Куды, нявернае?

Трапіш у Вэчэка —

Назад на вернешся».

 

*

Ад адной бяды

Тры аж тут як тут, —

Зноў над Піцерам

Чуцен новы гуд.

І няўцям, адкуль

Гуд паўзе, як крот:

«Ты не смей драмаць

Працаўнік-народ.

Як пад Піцерам

Раць Юдзеніча».

Што рабіць цяпер,

Дзе ты дзенешся?

Дзе ён, ціхі кут?

Б’е гарматны град.

Ой ты, бедны люд,

Ой ты, Піцер-град!

 

*

Лівень ліў тады

Ў тры пагібелі.

Рунь на караню

Ліўні выбілі.

І на гэты год

Сніў зярняты кош.

Не жыццё было,

А ў пячонкі нож.

. . . . . . . . . . . . . . .

 

 

*

А за сінім Донам,

Станіцы казачай,

Гэтым часам воўк падступны,

Як зязюля, плача.

І Карнілаў кажа

Казакам парэчным:

«Пачастуйце партызанаў

Вітаннем карцечным.

З Чырвонай Арміяй Дзянікін

Саўладае, знаю.

Колюць неба нашы пікі

З Дона да Дунаю».

 

*

. . . . . . . . . . . . . . .

Цісне і люцее

Вецер сінь-сцюдзёны.

З намі храбры Варашылаў,

Удалец Будзённы.

 

*

Каб раўлі мацней,

Ты як след прыструнь.

Мужыку адно:

Не тапталі б рунь,

А як пайшла па ёй

Тут раць Дзянікіна —

Легла ў сотні вёрст,

Чэзла зніклая.

Над такой бядой

Белякі іржуць.

Валяць жывіну —

Пад гарэлку пруць.

Мужніх жонак мнуць,

Дзевак лапаюць.

«Так і трэба вам,

Сівалапыя.

Што, мужык, прахвост,

Сэрца ёкнула.

Ёлупень, плаці

За маёнткі нам.

Адплаці цяпер,

Што ты вешаў знаць.

Расталкуй, бізун,

Растакую маць!»

 

*

Ой ты, сіні бэз,

Белапенны сад!

А на роднай старане

Ніхто жыць не рад.

Утравелыя гароды

Палатошаны.

Заліўныя лугі

Не пакошаны.

Жыта выбіта,

Вымяты авёс, —

Дзе ж цяпер, мужык,

Твой спакойны лёс?

 

*

Толькі больш за ўсіх

Устрывожаны,

Хто ў скуранках не спіць

Ночку кожную,

Хто за бедны люд

Жыць і згінуць рад,

Хто не хоча здаць

Вольны Піцер-град.

 

*

Там пад Лігавым

Страшны бой кіпіць.

Піцер ссмучаны

Без агню не спіць.

Міг — і вораг злы

Праламае ўсё,

І бывай дума

Гарадоў і сёл...

Пот і кроў цурком

З твараў змораных.

У скуранках тых

Б’юць, няскораных.

Як снапамі ток —

Поле трупамі.

Коней шпорыць жах,

З жахам тупаюць.

Ды напор ад нас

Больш і больш відзён,

Б’юцца восем дзён,

Б’юцца дзевяць дзён...

На дзесяты дзень

Вораг зведаў страх...

Драпака задаў

Па кустах, ярах,

Нашы ўзад ім: «Крый!..»

Толькі гром гармат...

Ай, ды слаўны люд!

Ай, ды Піцер-град!

 

*

А за Белградам

Ды ля Харкава

Ярына крывёй

Перахаркана.

Босы, у Маскву

Бедны люд бяжыць.

І ад стогну і ад рову

Аж зямля дрыжыць.

Зя скарынкаю

Яны ў жэбры йдуць.

Воля злосная

Трушчыць рэбры ім.

Ля ваколіцы,

Гуляй-абранніцы,

Буйныя галовы

Будзілі раніцу.

Сталі папяліць

Ды агнём паліць,

У Дзянікіна

Аж жывот баліць.

 

*

Эх ты, песня,

Песня!

За цябе даражэй

Хіба свет весні?!

Хоць пад гуслі спявай,

Хоць пад тальяначку.

Ці мне, хлопцы,

Не дасцё вы

Яшчэ шкляначку.

 

*

Ах, яблычка,

Вецер вылавіў!

Б’юць Дзянікіна,

Б’юць Карнілава.

Ах, кветка мая,

Кветка макавая.

Ты хутчэй, адмірал,

Адкалчаквайся.

Там за стэпам гул,

Там за стэпам гром,

Кожны ў бойцы там бароніць

Свой бацькоўскі дом.

А скуранак пад Данцом

Не палічыш, брат —

Пэўна, ёсць у Петраградзе

Гэтай масці шмат.

 

*

У варожым стане стогн,

Лямант белякоў:

Абступае наша раць

Іх з усіх бакоў.

У белым стане крык

Стогне з нематы.

Стаў, нібы пажар,

Золак залаты.

І ва ўсіх шынках

Агні свецяцца...

Заўтра многія ўжо больш

Не прымецяцца.

За цара, за Русь

П’юць — займае дух.

Забываюць сум

У ласках знаных шлюх.

 

*

У чырвоным стане храп,

Нос сарве смурод:

Цяжкі дух ануч

Ды салдацкі пот.

Заўтра, ледзь на дзень,

Трэба зноў у бой.

Спі, каравы мой!

Спі, ласкавы мой!

Хай жа золак вас

Золатам крапіць.

А ў скураначцы

Камунар не спіць.

 

*

На зары, зары

Ў дажджавы круцень,

Свістам ядзерным

Сустракалі дзень.

Цяжка ўгору ўзняў

Вочы, быццам сум,

Камісар сказаў,

Поўны цяжкіх дум:

«Калі тут, браты,

Вораг зможа нас,

Дзень Кастрычніка

Назаўжды пагас.

Будзе біць бізун

І нагайка біць,

Век усім тады

Жабракамі быць».

З горкім гневам рук,

Выцершы слязу,

Ротны наш з тых слоў

Боты ўраз разуў;

Гучна кашлянуў,

«На, — сказаў адчай, —

Дома голь і бось,

Жонцы перадай».

 

*

На зары, зары

Ў дажджавы круцень

Свістам ядзерным

Мы сушылі дзень.

Як пчаліны ўджал,

Куля ў грудзі йдзе.

Наш атрад тады

Бег уперадзею

За лагчынай — стаў,

А за ставам — лог.

Камісар на дол

Ніцма носам лёг.

Вораг бег і бег.

Нам жа — смак атак!

Пад дажджом ляжаць

Мерцвякі хай так.

Спіце, храбрыя!

Гучны рот ваш сціх,

Прыйдзем мы пасля

Вас хаваць усіх.

 

*

Бой закончыўся.

Чырван-сцяг — наш брат.

Вораг драпае,

Не шкадуе пят.

Дзіва, што ўцалеў,

Сам не верыць аж.

Боты абуваў

Моўчкі ротны наш.

«Жонцы, — ён сказаў, —

Боты не ў нагу»,

Я і сам цяпер

Іх стаптаць магу».

 

*

Бой закончыўся.

Хто жывы, той рад.

Ай, ды вольны люд!

Ай, ды Піцер-град!

Покуль змрок зара

Вымеце з двара,

Над тваёй Нявой

Ходзіць цень Пятра,

Ходзіць цень Пятра,

Грозна хмурыцца

На кумач святы

Ў нашых вуліцах.

Хваля ў бераг б’е,

Пену кідае...

Караблі плывуць

Нібы ў Індыю...

 

1924



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.