epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Песня пра сабаку

Раніцою ў гуменным закутку,

Дзе рагож залаціўся рад,

Ашчаніла рыжая сука

Рыжых сямёра шчанят.

 

Да вечара яна іх лізала,

Прыхарошвала языком,

І сняжок расплываўся падталы

Пад цёплым яе жыватом.

 

А вечарам, калі куры

На седалах спяць сваіх,

Прыйшоў гаспадар яе хмуры,

Паклаў у мяшок семярых.

 

Яна бегла за ім, праваджала,

Прабавала хвастом віляць...

І доўга, доўга дрыжала

Вады незамёрзлая гладзь.

 

А калі, прыбітая болем,

Ледзь-ледзь валаклася назад,

Паказаўся ёй месяц над полем

Адным з яе рыжых шчанят.

 

У сінюю высь звонка

Загаласіла яна,

І схаваўся месячык тонкі

За хмару каля гумна.

 

І глуха, як ад падачкі,

Калі кінуць ёй камень насмех,

Пакаціліся вочы сабачыя

Залатымі зоркамі ў снег.



Пераклад: Юрка Гаўрук