epub
 
Падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Ранкам, дзе дрэмле змора...

Ранкам, дзе дрэмле змора

Саломы, рагожных куткоў,

Ашчаніла яна сямёра

Рыжых сляпых шчанюкоў.

 

Да вечара яна іх лізала,

Аблашчвала языком,

І дыміўся сняжок падталы

Пад мокрым яе жыватом.

 

А вечарам, калі куры

З седала слухаюць змрок,

Гаспадар выйшаў хмуры,

Сямёра ўсіх паклаў у мяшок.

 

Доўга бегла па гурбах белых, —

Да ягонай звыкала хады.

І так доўга, доўга дрыжэла

Незамёрзлая роўнядзь вады.

 

Ледзь плялася назад вінавата,

Вылізваючы пот з бакоў,

Здаўся месячык ёй над хатай

Адным з яе шчанюкоў.

 

Ў сінечу настылую звонка

Скавытала адна ў снягах.

Слізгануўся месячык тонкі,

За пагоркам знік у палях.

 

Глуха, як ад падачкі няйначай,

Калі каменем кінуць на смех,

Пакаціліся вочы сабачыя

Залатымі зорамі ў снег.



Пераклад: Рыгор Барадулін

Беларуская Палічка: http://knihi.com