epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Русь савецкая

А.Сахараву

Той ураган мінуў. Нас мала ацалела.

Усіх не ўчуць на пераклічцы згод.

Я зноў вярнуўся ў край асірацелы,

У ім не быў я восем год.

 

Каго паклікаць? Падзяліцца з кім мне

Той сумнай навіной, што я вяртанню рад?

Тут нават млын — драўляны птах нішчымны

З адным крылом — стаіць, прымружыўшы пагляд.

 

Я тут нікому не вядом.

Якія помнілі, даўно забылі.

Там, дзе калісьці быў бацькоўскі дом,

Застаўся друз у попеле й дарожным пыле.

 

Жыццё вірыць.

Заняты ўсе ў жыцці.

Адных не ведаю, а тых не помню.

Ды прывітаць капелюшом каго мне,

Прытулак у чыіх вачах знайсці?

 

І ў галаве маёй не ціхне думак бура:

Радзіма што?

Няўжо ўсё гэта сны?

Бо я амаль для ўсіх тут пілігрым пануры

З вядомай толькі богу стараны.

 

І гэта я!

Грамадзянін сяла,

Якое тым і будзе знакаміта,

Што баба тут калісь жыццё дала

Расійскаму скандальнаму пііту.

 

Ды голас думкі з сэрца гоніць зло:

«Апомніся! Ці ж ты маленькі?

Світае гэта новае святло

Каля хацін другога пакалення.

 

Стаў адцвітаць, а, што прыйшлі пасля,

Другія юнакі пяюць напеўна,

Іх песні будуць цікавей, напэўна,

Іх маці не сяло ўжо — ўся зямля».

 

Ах, родны край! Румянца лістабой

На шчокі паў, як на сухі гасцінец.

Мне стала мова родная чужой,

Я ў родным краі як іншакраінец.

 

Вось бачу я:

Нядзельныя сяльчане

Ля воласці юраць, як ля царквы.

Каравым словам новы дзень сычае,

Балакаюць пра «жытку» і правы.

 

Начэе. Хліпкай пазалотай

Заход абпырскаў шэрыя палі.

Таполі, як цялушкі пад вароты,

У канавы ногі босыя звялі.

 

Чырвонай Арміі баец а абліччам сонным,

Кульгавы, ва ўспамінах моршчыць лоб,

Апавядае важна аб Будзённым

І як чырвоныя адбілі Перакоп.

 

«Ужо ж яго — раз-так і так, уволю —

Буржуя гэнага... каторы ў Крыме... мы...»

І клёны моршчацца вушамі доўгіх голляў,

І бабы войкаюць у прыцемак нямы.

 

З гары ідзе сялянскі камсамол,

І пад гармонь стараецца старанна —

Пяюць агіткі Беднага Дзям’яна,

Вясёлым крыкам аглушаюць дол.

 

Эх, старана!

Якога ж я ражна

У вершах роў, што дружны я з народам?

Мая паэзія, не трэба тут яна!

Дый я не трэба тут, як смутны одум.

 

Даруй, прытулак родны.

Сум міне.

Чым саслужыў табе — ну і таго даволі.

Няхай пяюць сягоння без мяне, —

Спяваў тады, як край канаў ад болю.

 

Прымаю ўсё.

Як ёсць усё прымаю.

Гатоў быць верным выбітым слядам.

Аддам душу кастрычніку і маю,

Ды толькі ліры любай не аддам.

 

Я — не аддам яе ў чужыя рукі —

Ні маці, ані жонцы, ні сябрам.

Яна свае мне толькі давярала гукі,

Ключы ад песенных мне аддавала брам.

 

Квітнейце, юныя! І здаравейце целам!

У вас жыццё інакшае, напеў другі.

Адзін пайду да меж нязнаных крокам смелым,

Знайшоўшы для душы бунтоўнай берагі.

 

Але й тады,

Калі па ўсёй планеце

Міне згрызня плямён,

Злу скажуць: «Не трылузь!»,

Пець буду я

Ўсёй існасцю ў паэце

Шасціну ўсёй зямлі

З кароткай назвай «Русь».



Пераклад: Рыгор Барадулін