epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Русь савецкая

А.Сахараву

Той ураган прайшоў. Нас мала уцалела.

На выклік дружбы многія маўчаць.

Я зноў вярнуўся ў край асірацелы,

Дзе восем год не здолеў пабываць.

 

Каго пазваць? З кім падзяліцца шчасцем,

Журботным шчасцем тым, што я жывы?

Тут нават млын, як птах той бервянчасты

З адным крылом, не ўскіне галавы.

 

Нікому я тут не знаём,

А ўсе, што помнілі, даўно забылі.

І там, дзе быў калісьці бацькаў дом,

Ляжыць там попел з прыдарожным пылам.

 

Жыццё-ж кіпіць.

Каля мяне снуюць

Юнацкія, старэчыя абліччы;

Але няма каму мне брылём пакланіцца,

Іх вочы мне прытулку не даюць.

 

І ў галаве маёй праходзяць думы хмура:

Што бацькаўшчына?

Хіба гэта сны?

Ды я-ж амаль для ўсіх тут пілігрым пануры,

Хто ведае, з якой далёкай стараны.

 

І гэта я!

Я, сын таго сяла,

Якое славаю адзінаю пакрыта,

Што баба некалі на свет тут прывяла

Расійскага скандальнага пііта.

 

Ды голас думкі сэрцу шле адказ:

— «Апамятайся! Ў чым твая нягода?»

Ды гэта-ж толькі ля хацінак бляск

Інакшага святла другога роду.

 

Ўжо адцвітанне да цябе прышло,

Другія юнакі інакшы спеў спяваюць.

Яны бадай што болей зацікавяць, —

Ім маці — ўся зямля ўжо, не сяло.

 

Ах, бацькаўшчына! Як я пасмяшнеў.

Сухі румянец мне на твар злятае.

І мова землякоў нібы чужая мне,

Як чужаземец стаў я ў родным краі.

 

Вось бачу я:

Сяльчане ў дзень нядзельны

Да воласці нібы ў царкву прышлі.

Гаворкаю шурпатай, закарэлай

Гамоняць пра жыццё, што пражылі.

 

Ўжо вечар. Рэдкай пазалотай

Заход апырскаў шэрыя палі.

І ногі босыя, як цёлкі пад вароты,

Уткнулі па канавах тапалі.

 

Кульгавы чырвонаармеец сонна,

Ўспамінамі ўзморшчваючы лоб,

Апавядае важна аб Будзённым,

Ды як чырвоныя адбілі Перакоп.

 

— «Мы ўжо яго і так і сяк паролі —

Буржуя гэтага... каторага... ў Крыму...»

І клёны моршчацца вушмі даўгога голля,

І бабы войкаюць у змоўкнуўшую цьму.

 

З гары ідзе сялянскі комсамол,

І пад гармонь з запалам і старанна,

Пяюць агіткі Беднага Дзем’яна,

Напоўніўшы вяселлем сухадол.

 

Вось дык зямля!

Якога-ж ліха я

Крычаў у вершах, што дружу з народам?

Больш не патрэбна тут паэзія мая,

Ды, мусіць, я і сам тут болей непрыгодны.

 

Ну, што-ж!

Прытулак мой, бывай.

Чым паслужыў табе — і тым ужо я горды.

Сягоння не пяюць мяне, няхай. —

Я пеў тады, калі быў край мой хворы.

 

Прымаю ўсё,

Як ёсць, усё прымаю.

Па выбітых слядах пайду і сам.

Аддам душу Кастрычніку і Маю,

Ды толькі ліры мілай не аддам.

 

Ні маткі, ні сябра, ні жонкі рукі

Не возьмуць маёй ліры у мяне,

Бо толькі мне яна свае давала гукі,

І песні нежныя спявала толькі мне.

 

Жывіце, юныя! Квітнейце целам свежым!

З жыццём інакшым, з песняю другой.

А я пайду адзін да невядомых межаў,

Навек заціхнуўшы бунтоўнаю душой.

 

Але й тады,

Калі на ўсёй планеце

Замоўкне злосць плямён,

Сум і маны прымус,

Я буду пець

Усёй істотаю ў паэце

Часць шостую зямлі,

З кароткай назвай «Русь».

 



Пераклад: Алесь Дудар
Тэкст падаецца паводле выдання: Анталогія рускай савецкай паэзіі / пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча і Петруся Броўкі; [пераклады: А. Александровіча і інш.]. - Менск [Мінск] : Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, Сектар мастацкай літаратуры, 1936. - 331, [4] с.