Следу не знайсці ў кустах барвяных
І не мяць ніколі лебяды,
Ты з раскошай валасоў аўсяных
Выснілася мне на ўсе гады.
Шчок румянец. Ты, нібы мадонна.
Мілая, прыгожая, была
На ружовы захад ты падобна,
І як зорны снег, ты са святла.
Зерні воч апалі і завялі,
І растала імя, нібы гук.
Ды застаўся ў складках змятай шалі
Водар мёду ад цнатлівых рук.
Як зара на даху заначуе,
Быццам коцік мые лапкай рот,
Пра цябе лагодны голас чую
Вадзяных сугучных з ветрам сот.
Хай парой мне шэпча сіні вечар,
Што была ты марай, дзівам з дзіў.
Нехта выдумаў твой гібкі стан і плечы —
Вусны к светлай тайне прытуліў.
Следу не знайсці ў кустах барвяных
І не мяць ніколі лебяды.
Ты з раскошай валасоў аўсяных
Выснілася мне на ўсе гады.