epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Стаміўся ў родным краі жыць...

Стаміўся ў родным краі жыць,

Самоту ўпотай не адужаць,

Пайду з прасторамі тужыць,

Пайду як злодзей валацужыць.

 

Па светлых пасмах дня пайду

Шукаць ласкавае хаціны,

І на мяне, як на бяду,

Навострыць нож мой друг адзіны.

 

Вясной і сонцам на лугу

Спавіта жоўтая дарога,

Імя каторай берагу,

Мяне прагоніць ад парога.

 

Вярнуся я ў бацькоўскі дом

І радасць не сваю прывечу,

На рукаве пад злым акном

Павешуся ў зялёны вечар.

 

Сівыя вербы ў тумане

Галовы схіляць — не пабачу.

І неабмытага мяне

Зарыюць так, пад брэх сабачы.

 

А месяц будзе ўсё плысці

І вёслы давяраць азёрам.

Русь будзе піць у забыцці,

Скакаць і плакаць разам з горам.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.