epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Сукін сын

Зноў гады змрок развіднілі даўні

І шумяць, як рамонкавы луг.

Псіну мілую зноў згадаў я.

Што ў юнацтве была мне друг.

 

А юнацтва маё адшумела,

Як струхлелы пад вокнамі клён.

Мне дзяўчына згадалася ў белым,

Для якой быў дварняк паштальён.

 

А не ў кожнага ёсць свой блізкі,

Ды яна мне як песня была,

Бо з аброжка маёй запіскі

Аніводнае не ўзяла.

 

Не чытала яна іх ніколі,

Не зірнула хаця б крадком.

Толькі мроіла нечым паволі

Ля каліны за жоўтым стаўком.

 

Я таміўся... Хацеў прывету...

З’ехаў так... І праз колькі год

Дарагім і вядомым паэтам

Зноўку тут, каля родных варот.

 

Здохла псіна, і даль зглушэла,

З той жа масцю з адлівам у сінь

З брэхам лівіста-ашалелым

Мяне стрэў малады яе сын.

 

Гэта ж трэба так урадзіцца!

Зноў развіднеўся боль душы.

Маладзей з гэтым болем як быццам,

І хоць зноўку запіскі пішы.

 

Рад паслухаць я песню былую,

Не брашы! Не брашы! Сорам май!

Дай, брахло, я цябе пацалую

За абуджаны ў сэрцы май.

 

Да цябе прытулюся целам,

Увяду ў дом, як сябра, павер...

Падабаў я дзяўчыну ў белым,

Ды ў блакітным люблю цяпер.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.