epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Вёсны маладыя з забубеннай славай...

Вёсны маладыя з забубеннай славай,

Горкую атруту сам на вас наслаў я.

 

Я не знаю: мой канец блізкі ці далёкі,

Вочы сінія былі, збляклі, як аблокі.

 

Дзе ты, радасць? Змрок, жуда, суму, крыўды многа.

Доля ў полі? У карчме? Не відаць нічога.

 

Рукі выцягну — і вось вобмацкам мне слухаць:

Едзем... коні... сані... снег... Гай мінаем зглуху.

 

«Гэй, ямшчык, ляці з усіх! Пэўна ж, не са слабых!

І душу тут не шкада вытрасці па ўхабах».

 

А ямшчык адно ў адказ: «Па такой завеі

Не ўспацелі б на шляху коні, дабрадзею».

 

«Палахлівец ты, ямшчык! Не памчыш на кпінах!»

Я за пугу — і хвастаць па канячых спінах.

 

Б’ю, а коні носяць снег, як пурга якая.

Ды штуршок... і я з саней у сумёт знікаю.

 

Што за д’яблы — ўстаў, гляджу — дзе ёй брацца, тройцы?

У бінтах увесь ляжу на бальнічнай койцы.

 

Замест коней вараных па дарозе вязкай

Я свой мулкі ложак б’ю мокраю павязкай.

 

І гадзіннік закруціў вострых вусаў стрэлкі.

Хрыпла шэпчуць нада мной сонныя сядзелкі:

 

«Залатою галавой выйшаў не ў пару ты,

Атруціў ты сам сябе горкаю атрутай.

 

Мы не ведаем, дзе ён, твой канец прымоўклы, —

Вочы сінія твае у шынках прамоклі».

 

1924



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.