epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Захлынуўся блакіт ад агню...

Захлынуўся блакіт ад агню,

Забываюцца родныя далі.

Пра каханне пяю ўпершыню,

Першы раз я зарокся скандаліць.

 

Быў я ўвесь — як запушчаны сад,

На жанчын і на зелле быў падкі.

Знадакучыла піць напрапад

І жыццё разгубляць без аглядкі.

 

Мне б сачыць толькі кожны твой міг,

Кары вір тваіх воч з трывогай,

Каб, не любячы дзён былых,

Не магла ты пайсці да другога.

 

Поступ лёгкі, ласкавы стан,

Толькі б сэрца пазнала надзею,

Як умее кахаць хуліган,

Як пакорлівым быць умее.

 

Я б забыўся навек на шынкі,

Знацца б з вершамі не давялося,

Толькі б чуць ціхі дотык рукі,

Валасоў тваіх ціхую восень.

 

Загадай — я твой след даганю

Ці ў сваіх, ці ў нялюбых далях.

Пра каханне пяю ўпершыню,

Першы раз я зарокся скандаліць.



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.