epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Маленькі Анёлак

Дзея першая
Дзея другая


Мона-п’еса ў 2-х дзеях

паводле вершаў Кармэн Барнос дэ Гаштольд

(вершы ў перакладзе аўтара п’есы)

 

АСОБЫ

 

Анёлак — Апякун Забытых Жывёлаў.

 

ПЕРАЎВАСАБЛЕННІ:

 

Жаўрук.

Певень.

Парсюк.

Мыш.

Сабака.

Блыха.

Жырафа.

Папугай.

Малпа.

Жаба.

Чарапаха.

Морская Зорка.

 

Бог даў нам мажлівасць хоць неяк

разумець свае пакуты, разумець

пакуты жывёлаў нам не дадзена.

Мы не ведаем, дзеля чаго

жывёлы створаны і хто яны такія.

К. С. Льюіс

 

 

Дзея першая

На сцэну выходзіць Акцёр з двума куфэркамі ў руках. Стаўляе куфэркі на стол і адчыняе іх. З аднаго куфэрка вымае фігуркі жывёлаў, але расстаўляе іх за куфэркамі, каб не відаць было гледачам. Некаторыя фігуркі ён бярэ ў рукі, гуляе з імі, успамінае колішнія ролі.

Акцёр (вымае Сабаку). Гаў! Гаў-гаў! Гаў-гаў-гаў! (Стаўляе Сабаку за куфар і вымае Пеўня.) Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку! (Надзьмуўшыся, нібы Певень перад Курамі.) Хо-хо-хо-хо!.. Хо-хо-хо-хо-хо... (Стаўляе Пеўня за куфар і вымае Жабу.) Куўа-куўа... Куўа-куўа... Куўа... (Стаўляе Жабу за куфар, вымае Чарапаху і... задумваецца. Як жа крычыць Чарапаха? Дый ці крычыць яна ўвогуле? Нічога не прыдумаўшы і махнуўшы ў роспачы рукой, стаўляе Чарапаху за куфар. І толькі тады звяртае ўвагу на гледачоў.) Прабачце, спадары і спадарыні! Раскукарэкаўся тут, нібы перад малымі дзеткамі... Зараз, зараз пачну. (Вымае з другога куфэрка анёльскі ўбор, няспешна апранаецца і пераўвасабляецца ў Анёлка.)

Анёлак (распроствае крылы). Ах, як цудоўна быць анёлам! Нават такім маленькім анёлкам, як я. (Да гледачоў.) Вы ведаеце, што ў кожнага з вас, людзей, ёсць свой Анёл-ахоўнік? У цябе... у цябе... так, і ў цябе... і ў цябе таксама. Але я — не разумею і баюся людзей. Вы такія цяжкія, такія сур’ёзныя, такія велічныя. А я — такі маленькі і лёгкі. І я папрасіў усёмагутнага Бога: «Божа, прызнач мяне ахоўнікам якога іншага, прасцейшага стварэння». І тады ўсёмагутны Бог прызначыў мяне Апекуном Забытых Жывёлаў. Уяўляеце: усіх жывёлаў! Птушак, рыб, звяроў! Дзікіх і свойскіх, рахманых і драпежных! Ух! Я так узрадаваўся... спачатку. А пасля — задумаўся. Я не разумею вас, людзей, бо вы шмат і мудрагеліста гаворыце. Але як я зразумею жывёлаў, калі яны не гавораць зусім? Толькі: гаў-гаў, ку-гу — ку-гу, куўа-куўа. Акрамя таго, людзі моляцца і ў малітвах звяртаюцца да Бога з просьбамі і падзякай. А жывёлы? «У жывёлаў таксама ёсць малітвы, — супакоіў мяне ўсёмагутны Бог. — Ёсць свае просьбы і падзякі, радасці і няшчасці. Трэба толькі пачуць іх і зразумець». «А можна, я выберу з усіх жывёлаў некага аднаго?» — «Таго, у каго найбольш радасцяў, ці таго, у каго найбольш няшчасцяў?» — «Я хачу выбраць таго, каму найбольш патрэбна мая дапамога».— «Паспрабуй», — адказаў Бог. І я выправіўся шукаць найняшчаснейшае стварэнне, каб стаць ягоным Анёлам-заступнікам. (Узмахваючы крыламі, тройчы абыходзіць стол з куфэркамі.) Першага я сустрэў Жаўрука. (Шукае сярод фігурак Жаўрука і не знаходзіць.) Дзе ж гэта ён?

Чуваць спеў Жаўрука.

(Уздымае галаву ўгору, паказвае на неба). Ага, там. Чуеце, як спявае? (Да Жаўрука.) Добры дзень, Жаўрук! Я — Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў, можа, ты няшчасны, можа, табе патрэбна дапамога? (Прыслухоўваецца.) Спявае. Хочаш, я буду тваім Анёлкам-ахоўнікам? (Прыслухоўваецца.) Чаму ты не адказваеш на мае пытанні, Жаўрук? Ты шчаслівы? (Прыслухоўваецца.) Усё адно спявае! Што ж рабіць? (Задумваецца.) Усёмагутны Бог казаў, што ў кожнае жывёлы ёсць свая малітва. Можа, паспрабаваць? (Да Жаўрука.) Паслухай, Жаўрук, я не разумею, пра што ты спяваеш, але калі ў цябе ёсць Малітва да Бога — яе зразумеюць усе. (Да гледачоў.) І тады Жаўрук заспяваў Малітву...

Акцёр пераўвасабляецца ў Жаўрука.

Жаўрук

 

Шчодры Божа,

я не ведаю добра,

як належыць маліцца.

Але я прашу Цябе:

абарані маё гняздзечка

ад ветру і дажджу,

рассып кроплі расы на кветках

і шмат зярнятак на маім шляху.

Няхай шырыцца Тваё неба,

а Твае галінкі будуць гнуткія!

Няхай вечна ліецца Тваё святло,

а ў маім сэрцы бруіцца крыніца музыкі.

Так бы ўвесь час спяваў, спяваў, спяваў...

Аман.

 

Спеў Жаўрука сціхае высока ў небе. Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Вось такую Малітву праспяваў Жаўрук. Дзіўна: ён не ведаў, як маліцца, а выказаў усе свае пачуцці да Бога. (Уздыхае.) Але Жаўрук пачуваўся шчаслівым, яму не патрэбна была мая дапамога, і я адправіўся далей. (Узмахваючы крыламі, двойчы абыходзіць стол з куфрамі.) Я апынуўся ў вёсцы, ля чалавечага жытла, і на падворку ўбачыў Пеўня. (Вымае фігурку Пеўня і стаўляе на куфэрак.) Божа, што гэта быў за Певень! Які важны ён меў выгляд, які шыкоўны ўбор! На галаве — пунсовы грабеньчык, на нагах — ваяўнічыя шпоры, у хвасце — чырвоныя, зялёныя, сінія пёркі. Прызнаюся, я не адразу асмеліўся да яго звярнуцца. (Да Пеўня, баязліва.) Д-добры д-дзень, с-спадар Певень! Можа, ты — няшчасны, можа, табе патрэбна дапамога? Хочаш, я буду тваім Анёлкам-ахоўнікам? (Да гледачоў.) У адказ на мае ветлыя словы Певень пагрозліва начапурыўся, ваяўніча падскочыў, забіў крыламі і выклікаў мяне на двубой. «Хто, я няшчасны?! — крычаў Певень. — У мяне дзесяць прыгожанькіх жонак-курыц і я іх сам ахоўваю. Мне не патрэбна твая дапамога, нахабнік! На двубой!» Уяўляеце: двубой Пеўня з Анёлкам! Вам смешна, а мне было не да смеху. Я вымушаны быў прасіць прабачэння і тлумачыць Пеўню, што я — Божы пасланец і выклікаць мяне на двубой — тое самае, што выклікаць самога Бога. Певень пагардліва абгледзеў мяне з ног да галавы, узмахнуў крыламі, ускочыў на плот і пракрычаў...

Акцёр спрытна стаўляе адзін куфэрак на другі, усаджвае наверх Пеўня і пераўвасабляецца.

Певень

 

Не забывай, Божа,

што гэта я кажу сонцу ўзыходзіць.

Заўсёды быў тваім паслухмяным служкам,

але ранг маёй прафесіі

вымагае раскошы і бляску.

Шляхецтва абавязвае...

Тым не менш

заўсёды быў тваім паслухмяным служкам,

хоць... не забывай, Божа,

што гэта я кажу сонцу ўзыходзіць.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Пракрычаўшы гэта, Певень знік за плотам, а я застаўся на падворку, не ведаючы, ці абурацца мне, ці смяяцца. (Разбірае імправізаваны плот і хавае Пеўня ў куфэрак.) Нарэшце засмяяўся, бо такая наіўная ганарлівасць выклікала б усмешку ў самога Бога. Певень верыў, што Сонца ўзыходзіць на ягоны загад! Якая шляхетная дурнота! (Смяецца і вымае з куфра Парсюка.) І тут нехта тузануў мяне за крыло. Я азірнуўся, убачыў Парсюка і развесяліўся яшчэ больш. Парсюк быў таўсценны і брудны, ды такога несамавітага выгляду! Можа, у яго таксама ёсць Малітва? (Да Парсюка.) Ну, Парсючок. Што б ты хацеў сказаць Богу? Нешта надта смешнае, калі меркаваць з твайго выгляду. (Да гледачоў.) Парсюк рохкнуў, нязграбна раскланяўся і сказаў...

Акцёр пераўвасабляецца ў Парсюка.

Парсюк

 

Божа,

іхняя выхаванасць мяне смяшыць.

Так, я рохкаю!

Рохкаю і чмыхаю!

Рохкаю, бо рохкаю

і чмыхаю, бо нічога іншага не ўмею.

Але я не збіраюся дзякаваць ім за тое,

што яны адкормліваюць мяне на кілбасы.

Божа, што за лёс!

Чаму Ты стварыў мяне

такім чулым?

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Выказаўшы свой боль, Парсюк зноў раскланяўся і шуснуў пад ганак. Я нават не паспеў затрымаць яго. (Хавае Парсюка ў куфэрак.) Я ў роспачы апусціўся на зямлю і задумаўся. (Сядае проста на падлогу.) Парсюк быў няшчасны, вельмі няшчасны! А ўсе смяяліся з яго і я, я — таксама смяяўся! Божа, які з мяне пасля гэтага Апякун Забытых Жывёлаў?! «Што за лёс», — успомніў я словы Парсюка і сабраўся заплакаць, але тут убачыў, што па мне паўзе... Мыш! А-а-а-а! (Спалохана крычыць, хапае Мыш за хвост, імгненна залазіць на стол, апамятаўшыся, заўважае Мыш у руцэ, зноў крычыць і выпускае Мыш. Змяніўшы дух.) Ух. Не ведаю чаму, але ўсе Анёлы страшна баяцца мышэй. І я таксама. (Задумаўшыся.) Але ж я — Апякун Забытых Жывёлаў. Значыць, і Забытых Мышэй таксама. (Цвёрда.) Я не павінен іх баяцца. (Разгублена.) А баюся... (Шукае Мыш, не злазячы са стала.) Спадарыня Мыш, спадарыня Мыш, дзе вы? (Прыслухоўваецца.) Ага, чую. (Асмялеўшы злазіць са стала, знаходзіць Мыш і садзіць яе на далоні. Да Мышы.) Прашу прабачэння, пані Мыш! Я вас не пазнаў. Я — ваш Анёл-ахоўнік. Ці няма ў вас Малітвы да ўсёмагутнага Бога? Ці няма якіх просьбаў і пажаданняў?

Мыш пішчыць.

Што? Ёсць? Ой, у вас такі слабенькі галасок. (Падносіць Мыш да вуха і ўважліва слухае яе: згаджаецца, здзіўляецца, спачувае. Выслухаўшы, хавае ў куфэрак.) Зусім не страшная Мыш. А якая выдатная ў яе Малітва... (Паўтарае з памяці пачутую на вуха Малітву Мышы.)

Акцёр пераўвасабляецца ў Мыш.

Мыш

 

Я такая шэрая,

усёмагутны Божа,

што нават не ведаю,

ці памятаеш ты пра мяне.

Заўсёды насцярожаная, усімі цкаваная,

грызу нешта тут і там,

жыву з мізэрных крохаў.

Ніхто ніколі мне нічога не даў!

Хіба гэта ганьба — быць мышшу?

А хто ж мяне стварыў, як не Ты?

Божа, толькі адно ў Цябе прашу:

каб я заўсёды мела надзейнае сховішча.

Не дай мне памерці з голаду

і абарані мяне ад кіпцюроў

таго д’ябла з зялёнымі вачыма.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Зусім не страшная Мыш! Маленькая, непрыкметная, а колькі ў ёй годнасці ды мужнасці! (Дэкламуе.) «Хіба гэта ганьба — быць мышшу? Ніхто ніколі мне нічога не даў!» Ой, я ведаю, як ёй дапамагчы! Дам ёй хлебных крошак. (Кліча.) Спадарыня Мыш, спадарыня Мыш! (Зноў вымае з куфэрка Мыш, вымае з другога куфэрка акраец хлеба. Усаджвае Мыш на куфэрак і, пакрышыўшы хлеб, корміць яе. Да Мышы). Частуйцеся, спадарыня Мыш. (Да гледачоў, з гонарам.) Я — сапраўдны Апякун Забытых Жывёлаў. А хто ж такі д’ябал з зялёнымі вачыма, чыіх кіпцюроў так баіцца Мышка? Ага, здагадаўся, здагадаўся! Гэта Кот! Цікава было б з ім сустрэцца і выслухаць ягоную Малітву. (Падумаўшы.) Не, лепш іншым разам. Раптам ён папросіць у Бога на сняданак гэтую вось Мышку? (Занепакоены, Анёлак хавае Мыш назад у куфэрак, ссыпае ёй туды і крошкі.) Але я зусім забыўся на Парсючка. Пэўна што, з усіх жывёлаў ён найбольш няшчасны. Трэба адшукаць яго, паспрабаваць суцешыць і дапамагчы. Ці не ён гэта стаіўся пад ганкам? (Вымае з куфэрка нейкую фігурку, як выяўляецца фігурку Сабакі.) Ой! (Адскоквае на некалькі крокаў.) Гэта — не Парсючок! Гэта — вартавы Сабака. Калматы і злосны! (Выконваючы загады Сабакі.) Стаю. Слухаюся. Не ўцякаю. Адказваю. Толькі праўду. Нідзе не быў. Нічога не браў. Што схаваў у кішэні? Нічога не схаваў, бо кішэняў не маю. Згодны, усе злодзеі маюць кішэні. А я не маю. (Узрадавана.) Значыць, я не злодзей! А хто я? Я — Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў. (Пакрыўджана.) Я не бадзяюся без справы, я шукаю самае няшчаснае ў свеце стварэнне. (Ласкава.) Добры сабачка, паслухмяны сабачка! Ты ж не ўкусіш свайго Анёла-ахоўніка, праўда? Ты ж — таксама ахоўнік. Што, ты — самае няшчаснае стварэнне ў свеце? Такі вялікі і дужы? Не можа быць! Добра, адпусці мяне, а я перадам Богу тваю Малітву, калі яна ў цябе ёсць. (Да гледачоў.) Вядома, у яго была Малітва...

Акцёр пераўвасабляецца ў Сабаку.

Сабака

 

Божа,

я — на варце!

Без мяне,

хто будзе ахоўваць іхніх авечак?

Хто будзе захоўваць вернасць?

Ніхто — апроч Цябе і мяне —

не ведае, што такое вернасць.

Кажуць мне: «Добры сабачка! Паслухмяны сабачка!»

Гэта толькі словы...

Паблажліва тузаюць,

кідаюць мне старыя косткі

і вельмі з таго ўсцешваюцца.

Прымаю ўсё,

бо яны лічаць, што мне так добра.

Часам нехта з іх дасць мне выспятка,

калі пападуся на ягонай дарозе.

Прымаю і гэта, бо што мне зробіцца!

Я — на варце!

Божа,

не дай мне памерці,

пакуль хоць нешта ім пагражае.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Скончыўшы Малітву, Сабака грымнуў цяжкім жалезным ланцугом і схаваўся пад ганак. Сабака сапраўды быў няшчасны. І, добра разважыўшы, я перадумаў шукаць Парсюка. Разумееце, хоць іхнія з Сабакам малітвы звернутыя да Бога, але яны — пра Чалавека, пра Гаспадара, ад якога залежыць шчасце альбо няшчасце Парсюка і Сабакі. Яны — свойскія жывёлы, жывуць пры Чалавеку. Дый Певень з Мышшу таксама. А я — Апякун Забытых Жывёлаў, я не разумею і баюся людзей, не магу ўмешвацца ў іхнія справы. І я надумаўся адправіцца ў нечапаныя Чалавекам мясціны, да дзікіх звяроў і птушак. Бо хто, апрача мяне, выслухае іх, хто дапаможа? Вось там я і знайду істоту, якой мая дапамога патрэбна найбольш... Я сабраўся пакінуць падворак, але тут... (пачынае падскокваць, часацца, некага лавіць пад сваім анёльскім адзеннем) тут я адчуў, як па мне нехта скача, нехта мяне кусае! Гэта была Блыха! Уяўляеце: Блыха на Анёлку! Адкуль яна ўзялася? Можа, пераскочыла на мяне з Сабакі? І яна патрабавала перадаць яе Малітву Богу. Якое нахабства! (Да Блыхі.) Зараз, зараз! Толькі не кусайся. Я не магу прамаўляць да Бога, калі мяне кусаюць! (Абвяшчае.) Малітва Блыхі!..

Акцёр пераўвасабляецца ў Блыху.

Блыха

 

Скачу і кусаю,

скачу і кусаю!

Божа, як мяне гэта цешыць!

Гэта была геніяльная задума:

стварыць мяне такой маленькай

і ўзброіць скокамі і кусамі.

Скачу і кусаю,

скачу і кусаю.

Што за каралеўская забава!

Прызнаюся,

што раблю я гэта з пэўнай зласлівасцю.

У сваіх лахманах блышынага колеру

(колер гэты прыдуманы наўмысна дзеля мяне)

я маю ўладу большую, чым слон.

Калі падумаю пра гэта —

проста заходжуся ад смеху.

Скачу і кусаю,

скачу і кусаю!

Божа, ці прымеш мяне да свайго Раю,

ці не збаішся,

што магу там усім залезці пад скуру?

Ажно не адважваюся марыць...

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак (абмацвае сябе). Аман! Нарэшце адчапілася. Таксама — Божае стварэнне. І якое ганарлівае! «Каралеўская забава, улада, большая чым слон!» Але ўсё, усё. Лячу ў першабытныя мясціны, да дзікіх жывёлаў — у Афрыку.

Акцёр здымае з сябе анёльскі ўбор і хавае яго ў куфэрак. У другі куфэрак збірае фігуркі звяроў. Бярэ куфэрак і пакідае сцэну.

 

Дзея другая

На сцэну выходзіць Акцёр з двума куфэркамі ў руках. Стаўляе куфэркі на стол, адчыняе іх. Дастае з аднаго куфэрка анёльскі ўбор і апранае яго. Убор у некалькіх месцах падраны. Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак (разглядае дзіры на сваім уборы). Нішто сабе, якія дзіры! Вось да чаго даводзяць падарожжы ў Афрыку. (Да гледачоў.) Спадзяюся, вы падумалі, што на мяне напаў драпежны афрыканскі звер? На жаль, вы памыліліся. О як бы я хацеў забавіць вас неверагоднай гісторыяй пра ўтаймаванне львоў і леапардаў! Але нічога такога гераічнага не здарылася. Проста, прызямляючыся, я неасцярожна наляцеў на дрэва і зачапіўся за сук ба-а-ба-ба. Здаецца, гэта быў баабаб. Ды так і застаўся на тым суку вісець. (Бярэ сябе адной рукой за каўнер, паказваючы, як ён вісеў на суку.) Суседнія галіны не давалі разгарнуць крылы, я боўтаўся ў паветры і разумеў, што без чужой дапамогі мне на зямлю не спусціцца. Вядома, я мог бы звярнуцца да ўсёмагутнага Бога... Але не хацелася непакоіць яго з такой дробязі. Дый паказвацца яму ў такім недарэчным, бездапаможным выглядзе — таксама. І тады я стаў крычаць. Што я крычаў? Ну а што б вы крычалі на маім месцы? (Крычыць, па-ранейшаму трымаючы сябе рукой за каўнер.) Гэй, дзікія звяры ды птушкі! Я — Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў. Ваш абаронца і заступнік. Хто з вас няшчасны? Каму патрэбна дапамога? (Да гледачоў.) З суседняга дрэва ўзнялася патрывожаная птушка, недзе паблізу засмяялася Гіена і — цішыня. Я зноў закрычаў: «Што, усе вакол шчаслівыя? Ва ўсёй Афрыцы няма каму прыйсці на дапамогу?» Тады галіны баабаба рассунуліся (а можа, гэта быў і не баабаб) і паказалася жоўтая ў чорных плямах галава Леапарда. «А можа, гэта быў і не Леапард? — з надзеяй падумаў я, калі галава схавалася. — Хіба ў леапардаў бываюць такія сумныя і добрыя вочы?» (Бярэ сябе за каўнер і другой рукой.) У наступнае імгненне я адчуў, як нехта бярэ мяне за каўнер, уздымае ўгору і — ой, толькі б не выпусціў — стаўляе на зямлю. Так, гэта быў не Леапард! (Вымае з куфэрка фігурку Жырафы.) Гэта была Жырафа. (Звяртаецца да Жырафы, быццам нічога і не здарылася.) Уф, якая спёка! Куды гэта я трапіў? Пэўна што ў Афрыку. Прывітанне, шаноўная Жырафа. У цябе такая доўгая шыя. А я — Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў. Хочаш, я стану тваім Анёлам-Ахоўнікам? Ты не хочаш? Пачакай, пачакай, куды ты ўцякаеш? (Іншым голасам.) Мілая Жырафа, дзякуй табе, дзякуй за дапамогу! Я не ведаю, чым змагу адплаціць табе за дабрыню, але калі ты хочаш звярнуцца з Малітвай да Бога,— кажы, я ўсё перадам Уладару. (Да гледачоў.) Спыніўшыся, Жырафа нахіліла сваю даўгую шыю і яшчэ раз паглядзела на мяне сваімі мудрымі, сумнымі вачыма. А потым, узняўшы галаву высока ў неба, прамовіла Малітву. Прамовіла не дзеля мяне, проста да Бога.

Акцёр пераўвасабляецца ў Жырафу: залазіць на стол і адтуль, выцягнуўшы шыю, прамаўляе Малітву.

Жырафа

 

Божа,

як цяжка прызвычаіцца

да штодзённае дробязнасці свету,

калі пазіраеш на яго зверху!

Кажуць,

табе даспадобы пакорлівыя стварэнні.

Плёткі малпаў!

Мне лягчэй паверыць у Тваю веліч:

жыўлюся ўсім, што ўзносіцца ўверх

і бачу зблізку Тваё неба.

Пакора?

Плёткі малпаў!

Аман!

 

Акцёр злазіць са стала і пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак (сумна). Пайшла. Вядома, ёй не патрэбна мая дапамога: Жырафа і без мяне бачыць неба зблізку. (Задаволена.) Затое ў Малітве яна ані словам не згадала пра Чалавека. Афрыка! (Хавае Жырафу ў куфэрак і вымае Папугая.) І тут на мяне наляцеў Папугай. (Садзіць Папугая на плячо.) Страшэнна балбатлівы Папугай. (Спрабуе гутарыць з Папугаем.) Прывітанне, Папугай! Я — Анёлак, Апякун... Што, ты — Анёлак? Ах, ты — не Анёлак, ты проста паўтараеш словы за мной? Ну так, ты ж — Папугай. Выслухай мяне ўважліва, Папугай, я — Апякун Забытых Жывёлаў. Я прыляцеў у Афрыку... Так, у Афрыцы шмат жывёлаў, я і без цябе гэта ведаю. Я шукаю... А пры чым тут бівень Слана? Ты ведаеш, дзе яго знайсці? Урэшце ты можаш хоць хвілінку памаўчаць ці не? Не?!. Ільвіца нарадзіла львянят? А каго ж яна яшчэ магла нарадзіць?.. О!.. (Схапіўшыся за галаву.) Страшэнна балбатлівы Папугай! (Да гледачоў.) Я ні слова не змог сказаць, пакуль не выслухаў усіх афрыканскіх плётак і чутак. З кім сябруе Насарог, каго праглынуў Кракадзіл, дзе начуе Леў... Калі ён пачаў пераказваць мне тыя самыя навіны трэці раз, я не вытрымаў і закрычаў... (Да Папугая.) Усё! Не дуры мне галавы! Хочаш пагаварыць — гавары з Богам. Ён такі ўсёмагутны, што нават дасць рады выслухаць тваю балбатню. (Да гледачоў.) Папугаю спадабалася мая прапанова...

Акцёр пераўвасабляецца ў Папугая.

Папугай

 

Ты нешта сказаў, Божа?

Прабач, мне падалося,

Што Ты звяртаешся да мяне.

Але я памыліўся —

Ты па-ранейшаму маўчыш.

Можа, баішся,

Што я выбалбачу Твае сакрэты?

Сапраўды, лічуся занадта гаваркім,

але я перакананы,

што ў многіх выпадках

магу быць карысным.

Сустракаюцца яшчэ дубовыя галовы,

Якім трэба таўчы і таўчы,

усё тое самае, усё тое самае.

Калі гэта спатрэбіцца —

Я заўсёды да тваіх паслугаў.

Не нудзіць мяне таркатанне,

Перажоўванне тых самых слоў.

У гэтым тоіцца вялікая сіла.

Я ведаю, што крыху раздражняю

Сваіх суседзяў,

Але яны слухаюць мяне,

Хочуць таго ці не.

Бубню ўвесь час тое самае,

Але ад гэтага напаўняецца іхняя памяць.

Калі змагу прыдацца Тваёй мудрасці?

Не пагарджай мною, Божа!

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Гэта была вельмі доўгая Малітва... Пагутарыўшы з Богам, Папугай зноў накінуўся на мяне, каб расказаць, адкуль у Зебры такі модны ўбор і дзе ўсё-ткі Слон згубіў учора бівень. Але я прагнаў балбатуна. (Хавае Папугая ў куфэрак.) Папугаю не патрэбна была мая дапамога. Ён адчуваў сябе на сваім месцы і ведаў, чым дапамагчы самому Богу. А ў мяне ад ягонае траскатні разбалелася галава... І тут на гэтую хворую галаву нешта ўпала з дрэва. (Дастае з куфэрка банан і разглядае яго.) Банан. Нішто сабе банан. Я нават хацеў яго з’есці, але тут на мяне зваліўся яшчэ адзін. А потым яшчэ і яшчэ. (Хапаецца за галаву.) Ой, балюча! (Хаваецца за куфэрак.) Цэлы град бананаў. І ўсе ляцелі якраз у мяне, таму я мусіў схавацца за суседняе дрэва. «Ага, — падумаў я, — самі сабой бананы з дрэва не падаюць. Нават у Афрыцы». Я прыгледзеўся і, сапраўды, убачыў сярод лістоты задаволеную ідыёцкую фізіяномію. (Вымае з куфэрка Малпу.) Гэта была Малпа. (Да Малпы.) Ах ты нягодніца, ты чаму кідаешся бананамі ў свайго Анёла-Ахоўніка? Досыць! Ой! (Хапаецца за галаву.) Ты зноў? Дык во табе! (Кідае банан у Малпу.) Ага, пацэліў! А вось яшчэ! Не падабаецца? (Колькі хвілін доўжыцца дуэль.) А так! (Замахваецца бананам, але раптам застывае на месцы з узнятай рукой.) Божухна, што гэта я раблю? Я, Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў, служка ўсёмагутнага Бога, у Афрыцы перакідваюся бананамі з Малпай! Пасля таго як павісеў уніз галавой на суку баабаба і павадзіўся з Папугаем. Чым я ўвогуле тут займаюся, дзеля чаго сюды прыляцеў? (Да Малпы.) Усё, спадарыня Малпа, я здаюся. Ты перамагла. Годзе крыўляцца і вырабляць глупствы. Я — Анёлак, пасланы да цябе самім Богам. Калі ў цябе ёсць, што сказаць Богу, — злазь з дрэва і кажы. Калі няма — я развітваюся і рушу далей. (Здзіўлена.) Ого, яна спускаецца. Цікава, што можна сказаць Богу з такой ідыёцкай грымасай на твары?

Акцёр пераўвасабляецца ў Малпу.

Малпа

 

Мудры Божа,

чаму Ты стварыў мяне такой смешнай,

з ідыёцкім тварам, поўным грымасаў?

Чаму я павінна быць блазнам

сярод іншых Тваіх стварэнняў?

Ах, хто вырве тугу з майго сэрца?

Ці згодзішся, мой Божа,

каб хоць аднойчы

нехта паставіўся да мяне ўсур’ёз.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Я зноў памыліўся. Малпа была досыць сур’ёзная і вельмі няшчасная. Але што б яна ні казала, нават калі плакала — з яе хацелася смяяцца. Такую ўжо яна мела вонкавасць. Малпа гэта ведала і таму, скончыўшы Малітву, схавалася ў гушчары. (Хавае Малпу ў куфэрак.) Вось каму патрэбна мая дапамога, вось чыім Анёлам-Ахоўнікам я мушу стаць. Малпа — найняшчаснейшая жывёліна ў свеце! Я знайшоў таго, каго шукаў. (Кліча.) Малпа, Малпа, вярніся! Дзе ты, Малпа? Ты зусім не смешная! (Шукае ў куфэрку Малпу і знаходзіць Жабу. Вымае Жабу на куфэрак.) Шукаючы Малпу, я ўбіўся ў самы гушчар і натрапіў на Жабу. На вялізную дрэўную Жабу, якая паказваецца толькі ўночы, а ўдзень хаваецца ў дуплах дрэў — такая яна агідная ды брыдкая. (Да Жабы.) Я — Анёлак, Апякун Забытых Жывёлаў, пасланец усёмагутнага Бога. Я выпадкова на цябе натрапіў, але вельмі рады гэтаму. Пэўна што і ў цябе ёсць, чаго папрасіць у Бога? (Да гледачоў.) У Жабы не толькі было чаго папрасіць у Бога, але і што ахвяраваць яму...

Акцёр пераўвасабляецца ў Жабу.

Жаба

 

Я — самотная і брыдкая,

мой Божа,

І пазіраюць на мяне з агідай.

Аднак

мой голас прасякнуты спевам

чыстага сэрца.

Схаваная ў глыбіні ночы,

ахвярую Табе, Божа,

гэтае жалобнае кваканне

мае нязграбнае істоты.

Будзь ласкавы прыняць яго зычліва,

каб я навучылася ўрэшце

цярпець сваю ганьбу

з любоўю.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Штоночы Жаба ахвяравала Богу свой спеў, які ўсім здаваўся нязграбным кваканнем. Я не ведаю, хто з іх няшчаснейшы: смешная Малпа ці агідная Жаба. Я ўвогуле нічога не ведаю! Я не магу выбраць самай няшчаснай істоты! Сустрэўся з дзесяццю жывёламі, а іх — сотні, тысячы, мільёны. (Хавае Жабу ў куфэрак.) Разгублены, я пакінуў Жабу ў спакоі... І хацеў пакінуць Афрыку, але раптам пачуў слабенькі галасок: «Хвілінку, хвілінку, пачакайце. Я ўжо іду». (Вымае з куфэрка Чарапаху ) Я зірнуў пад ногі і ўбачыў Чарапаху. Чарапаха, як заўсёды, спазнялася, а ёй так хацелася перадаць сваю Малітву Богу!..

Акцёр пераўвасабляецца ў Чарапаху.

Чарапаха

 

Хвіліначку...

Крышачку цярпення,

мой Божа.

Я ўжо іду...

Як і кожны, падпарадкоўваюся сваёй натуры,

але ж не я стварыла яе такой.

Не хачу крытыкаваць

гэтую хатку на маёй спіне —

яна мае свае выгоды.

Але мусіш пагадзіцца, Божа,

што насіць яе досыць цяжка.

Аднак маю надзею,

што хоць я шчыльна адгароджаная ад свету,

як у сваім панцыры, так і ў сваім сэрцы,

я ніколі не буду адгароджаная — ад Цябе.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. Малітва Чарапахі дапамагла мне канчаткова вызначыцца. Маленькая Чарапаха з годнасцю несла свой цяжар праз жыццё, не наракала і прымала свет такім, які ён ёсць. І сябе ў гэтым свеце. Дык нашто наракаць мне, Анёлку, пасланцу Бога? (Хавае Чарапаху ў куфэрак.) Я ўспомніў Жаўрука, Пеўня, Парсюка, Мыш, Сабаку, Блыху, Жырафу, Папугая, Малпу, Жабу. Я нікога з іх не магу выбраць, нікому не магу адмовіць у дапамозе і любові. Так я і скажу, калі стану перад усёмагутным Богам. І застануся Апекуном Забытых Жывёлаў. Усіх жывёлаў: вялікіх і малых, дзікіх і свойскіх, драпежных і рахманых. Нічога, што я маленькі Анёлак. Дам рады... З такімі думкамі я і пакінуў Афрыку. А калі пралятаў над морам, пачуў Малітву Морскай Зоркі... (Вымае з куфэрка Морскую Зорку і пераварочвае куфэрак другім бокам, на якім намалявана мора. Прымацоўвае Морскую Зорку сярод хваляў і пераўвасабляецца.)

Морская Зорка.

 

Божа,

бездань сышлася нада мной.

А можа, я — анёл,

які упаў з нябёсаў

і трапіў ва ўладу злых хваляў?

Бачыш,

выглядаю як зорка,

што сцякае крывёй.

Я спрабую ажывіць у памяці

сваё каралеўскае мінулае —

усё дарма!

Поўзаю па пяску,

растапырваю шчупальцы

і мару, мару, мару...

О, Божа,

калі нарэшце анёл

вырве мяне з морскіх тоняў

і зноў прымацуе

на Тваім небе?

Ах, пэўнага дня

няхай так здарыцца.

Аман.

 

Акцёр пераўвасабляецца ў Анёлка.

Анёлак. І я зразумеў: так Бог узнагароджвае мяне за тое, што я нікога з жывёлаў не пакідаю без дапамогі і любові. Я нырнуў у морскія глыбіні і вызваліў Зорку з палону. (Здымае Морскую Зорку са сценкі куфэрка, на якім намалявана мора.) А тады ўзяўся за аблокі і прымацаваў яе на Небе. (Пераварочвае Морскую Зорку другім бокам — яна робіцца Нябеснай Зоркай. Потым бярэ і пераварочвае іншым бокам другі куфэрак: на ім намалявана ночнае неба. Анёлак прымацоўвае Зорку на неба.) Вось і ўсё.

Акцёр здымае з сябе анёльскі ўбор і хавае яго ў куфэрак. Бярэ ў адну руку куфэрак з уборам, у другую — куфэрак з фігуркамі звяроў і пакідае сцэну.

Заслона