epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Пясчаны замак

Дзея першая
  З’ява першая
  З’ява другая
  З’ява трэцяя
Дзея другая
  З’ява чацвёртая
  З’ява пятая
  З’ява шостая


П’еса-казка ў 2-х дзеях

 

АСОБЫ

Пясчанік.

Гліннік.

Вапнінка.

Котка.

Свіння.

Пацук.

Конь.

Вецер.

 

Дзея першая

 

Калі вы былі на моры — а хто ж у наш час там не быў? — вы бачылі, з якім імпэтам і фантазіяй маленькія дзеці будуюць на пляжы замкі з пяску. Позным вечарам, гуляючы самотна ўздоўж мора, вы міналі шмат узораў такога наіўнага дойлідства, пакінутых на ласку свавольніка-ветра і прагных морскіх хваляў. Сярод пясчаных дамкоў, крэпасцяў, палацаў сустракаліся маленькія і вялікія, нязграбныя і ладныя, а часам перад вачыма ўзнікаў такі прыгожы і грацыёзны замак, такі велічны... нават не верылася, што яго пабудаваў чалавек. А яго і не будаваў чалавек, яго ўзвяла маленькая істота з таямнічага роду Пясчанікаў...

 

 

З’ява першая

Раніцай на пясчаным пляжы ля самага мора. Маленькі працавіты Пясчанік скончыў будаваць чарговы замак з пяску і ўважліва аглядае зробленае. Мініяцюрны замак зіхаціць на сонцы, яго надзейныя муры абяцаюць спакой, а спічастыя дахі, крытыя маціцовымі ракаўкамі, вяшчуюць радасць і шчасце.

Пясчанік. Здаецца, атрымалася. Сцены, брама, байніцы, дахі — усё на месцы. Можна казаць таемныя словы і выпраўляцца далей. (Шэпча старадаўны заклён, які надае трываласці пясчаным сценам і дахам.)

З мора налятае лёгкі ветрык.

Пясчанік (прыслухоўваецца). А вось і Вецер. Як заўсёды, у самы час.

Голас Ветру. Прывітанне, сябра Пясчанік. Новы замак? (Вецер нібы незнарок круціцца вакол пясочнага замка.)

Пясчанік. Так. Прымай працу, браце Вецер.

Парывы ветру ўзмацняюцца. Пясчанік занепакоена глядзіць на замак: ці вытрымае? Але пясчаныя муры, узмоцненыя старадаўнім заклёнам, стаяць непахісна.

Голас Ветру. Сумленна зроблена! Можаш рушыць далей.

Пясчанік. Дзякуй за дапамогу.

Голас Ветру. Няма за што! Для цябе гэта праца, для мяне — забава!

Пясчанік. Глядзі, не перастарайся. (Уздыхае.) Хацеў бы я хоць раз застацца і паглядзець, што станецца з маім замкам.

Голас Ветру (насмешліва). Хіба ты не ведаеш?

Пясчанік. Ведаю. (Задумліва.) З’явяцца Жыхары і паселяцца ў ім. Так казаў мне мой бацька, а яму — ягоны бацька. З пракаветных часоў будавалі мае продкі замкі з жоўтага блішчастага пяску, пакідалі іх невядомым Жыхарам, а самі ішлі далей берагам мора, на ўсход; узводзілі ўсё новыя і новыя замкі, пакуль самі не знікалі ў нябыт, як знікаюць беззваротна сляды ў прагных пацалунках морскіх хваляў. Пабудаваўшы замак, трэба рушыць далей, нельга чакаць Жыхароў — такі запавет Пясчанікаў.

Голас Ветру. І што табе не падабаецца?

Пясчанік. Мне не падабаецца, што ніхто гэтых таямнічых Жыхароў, для якіх мы ўзводзім замкі, не бачыў. Ні я, ні бацька, ні дзед. А раптам Жыхарам не патрэбна нашая праца, а раптам... яны ўвогуле не існуюць?

Голас Ветру (іранічна). Смешна было б, праўда?

Пясчанік (усхвалявана). Гэта несправядліва: ствараць хараство для кагосьці невядомага, так ніколі і не дазнаўшыся, як яны гэта ўспрымаюць і разумеюць. Чаго і каго мы баімся, куды і ад каго бяжым, не ведаючы спачыну? Можа, палохаемся кпінаў і знявагі за сваю працу? Але нельга не заўважыць хараства там, дзе яно ёсць. Калі ж яго няма, дык навошта далей жыць, узводзіць пачварныя гмахі і нясклёпістыя будынкі?

Голас Ветру. Сцеражыся, Пясчанік! Калючыя думкі завяліся ў тваёй галаве. Бывай, мне час ляцець далей!

Пясчанік (крычыць наўздагон). А ты сам бачыў гэтых Жыхароў? Ты іх дачакаўся?

Голас Ветру. Я непаседа-Вецер, я ніколі нікога не чакаю! (Адлятае.)

Пясчанік. А я вазьму і дачакаюся. Няхай я парушу запавет продкаў, але даведаюся праўду і пазбудуся сумневаў! (Пераконвае сам сябе.) А раптам Жыхарам нешта не пасуе ў нашых замках, нейкая дробязь, пра якую яны не могуць нам сказаць? Можа, брама для іх занадта вузкая? А можа, ім не стае пад замкам падземных сутарэнняў?..

 

З’ява другая

Сонца ўзнялося высока над вадой, халодны вільготны ранак змяніўся сухім, спякотным днём. Пясчанік нерухома сядзіць ля замка і чакае, калі з’явяцца таямнічыя Жыхары.

Пясчанік (пачынае сумнявацца). Колькі чакаю — а нікога няма. Няўжо і праўда не існуе ніякіх Жыхароў і мае продкі іх проста выдумалі? «Смешна было б!» — сказаў Вецер. Чаму ён так сказаў? Ён жа паўсюль бывае, усё бачыць, усё ведае... (Прыслухоўваецца.) Але што гэта? Нехта ідзе... (З надзеяй.) Напэўна, Жыхары!

У прыбярэжным зарасніку чуваць трэск, шум, піск, рогат. З кустоў вывальваюцца на пляж Конь, Свіння, Котка, Пацук. З агідным віскатам Пацук кідаецца да Замка і знікае за брамай. Свіння, рохкаючы, аббягае некалькі разоў вакол Замка і плюхаецца ў лужыну, якую пакінуў начны прыліў. Конь апускаецца на цёплы пясок і абыякава адварочвае морду ў адваротны бок. Котка сядае недалёка ад Пясчаніка і пачынае няспешна мыцца.

Здзіўлены Пясчанік не варушыцца, і жывёлы не заўважаюць яго, а можа, не хочуць заўважаць. Праз нейкую хвіліну з-за брамы Замка з’яўляецца Пацук, падбягае да Коткі і нешта пішчыць ёй на вуха. Котка ківае галавой на знак згоды.

Котка. Яшчэ адзін пясчаны Замак, толькі што пабудаваны. Уставайце, гультаі, бярыцеся за працу!

Конь і Свіння ляніва ўздымаюцца на ногі і пачынаюць з двух бакоў руйнаваць Замак.

Пясчанік. Што вы робіце?! Не чапайце майго Замка!

Конь і Свіння спыняюцца і здзіўлена глядзяць на Пясчаніка, а потым — запытальна — на Котку. Пацук на ўсялякі выпадак хаваецца за Котку. Котка робіць жывёлам знак пачакаць, паварочваецца да Пясчаніка і ўважліва разглядае яго.

Пясчанік (абурана). Хто вы такія?

Котка (прыязна). А ты хто?

Пясчанік. Я — Пясчанік, я пабудаваў гэты замак! Навошта вы яго разбураеце?

Котка. А навошта ты яго пабудаваў? Хіба не дзеля таго, каб яго разбуралі?

Пясчанік. Вядома, не. Я пабудаваў замак, каб у ім жылі!

Котка. Ты — дзівак. Хто гэта будзе жыць у пясчаным замку? Ніхто.

Пацук (высунуўшыся з-за Коткі). Ніхто! Ён — дзівак!

Свіння задаволена рохкае, а Конь пагардліва ржэ.

Пясчанік. Няпраўда! Мае продкі з пракаветных часоў узводзілі пясчаныя замкі, і заўсёды ў іх пасяляліся Жыхары.

Котка. Цікава! Але якія Жыхары?

Пясчанік. Гэтага я не ведаю. Продкі ніколі не чакалі іх прыходу, яны адразу ішлі будаваць новыя замкі, таму Жыхароў ніхто ніколі не бачыў, і ніхто не ведае, якія яны.

Котка. Значыць, ніякіх Жыхароў ніколі не было, калі іх ніхто не бачыў. Твае продкі не чакалі іхнага прыходу, бо нельга дачакацца тых, каго няма.

Пясчанік. Ніколі не было? (Разгублена.) І вы таксама іх не бачылі?

Свіння і Конь пачынаюць рагатаць.

Котка (строга да жывёлаў). Чаго рагочаце? Даўно самі верылі ў гэтыя казкі? (Спачувальна да Пясчаніка.) Вядома, не бачылі. Але ты не бядуй, Пясчанік.

Пясчанік. Але навошта ж тады будаваць замкі? Навошта было жыць маім продкам, навошта жыць мне?

Котка (прымірэнча). Ну, можа, тыя Жыхары некалі і існавалі, у пракаветныя часы, а потым звяліся, зніклі без следу. Мы таксама калісьці штосьці будавалі. А потым зразумелі ўсю марнасць і непатрэбнасць гэтай працы і заняліся больш разумнай справай — знішчаць зробленае іншымі. Зараз мы ідзём берагам мора на ўсход і старанна руйнуем пабудаванае рознымі дзівакамі. Павер мне, гэта куды карысней, спакайней і прыемней. І нікому ніякай шкоды: твае пясчаныя замкі, калі ў свой час іх не разбурыць, разваляцца самі, як толькі насунецца шторм. Вытры слёзы, братка, і хадзем з намі.

Пясчанік. Мне цяпер усё роўна куды ісці. (Апускае вочы.)

Котка. Ну і добра. Лепей жорсткая праўда, чым прыгожая хлусня. (Дае знак Свінні і Каню.) Канчайце працу.

Конь і Свіння бяруцца разбураць Замак.

(Да Пясчаніка.) Хадзем, дружа. Яны нас дагоняць.

Пясчанік паслухмяна брыдзе ўслед за Коткай, Пацук незадаволена чмыхае і бяжыць за імі.

Конь і Свіння руйнуюць Замак. Маціцовыя ракаўкі дахаў больш не блішчаць на сонцы, і велічныя вежы не ўзносяцца над жоўтымі мурамі.

 

З’ява трэцяя

Раніцай на беразе ракі, пад вялікай стромай. Тоўсты, нязграбны Гліннік толькі што скончыў будаваць чарговы палац з гліны і занепакоена аглядае вынікі працы. Невялікі, прысадзісты палац прытуліўся пад самай стромай, у якой парабілі сабе норкі-гнёзды берагавыя ластаўкі і стрыжы. Гліннік прыслухоўваецца, чуе нейкі шум, галасы, тупат.

Гліннік (усхвалявана). Нехта ідзе... Мусіць, Жыхары ідуць у свой Палац! А я яшчэ тут! (Мітусіцца.) Нам нельга бачыць жыхароў, такі запавет Гліннікаў! (Разгублена разглядаецца, шукаючы, куды падзецца. Не прыдумаўшы нічога лепшага, хаваецца ў гліняным палацы.)

На рачным пляжы з’яўляюцца Конь, Свіння, Котка, Пацук і Пясчанік.

Котка (да Пясчаніка). Бачыш, братка-Пясчанік: яшчэ адзін нікому не патрэбны Замак. Усё радзей мы сустракаем іх на сваім шляху, усё менш на свеце дзівакоў, якія будуюць невядома што, невядома для каго. Але пакуль нам рана адпачываць: невядомы будаўнік пакінуў сваё стварэнне неісным Жыхарам і пасунуўся далей. Трэба разбурыць Замак, а будаўніка — выследзіць яго і знясшкодзіць!

Пясчанік (сумна). Гэта не замак, гэта гліняны Палац.

Котка. Усё адно разбураць. (Дае знак Пацуку.) Правер! (Пацук бяжыць да Палаца.) Зрэшты, не варта. (Пацук спыняецца.) Шкада часу. (Да Каня і Свінні.) Бярыцеся адразу за працу, пакуль гліна не застыла!

Конь і Свіння бяруцца руйнаваць гліняны Палац. Нечакана з Палаца высоўваецца Гліннік.

Гліннік. Хто вам дазволіў?! Перастаньце!

Конь і Свіння запытальна глядзяць на Котку. Котка загадвае жывёлам спыніцца і паказвае Пясчаніку на Глінніка.

Котка. А вось і будаўнік! Нам пашанцавала. Ну, Пясчанік, пакажы, як ты засвоіў нашу навуку!

На загад Коткі жывёлы адыходзяць убок. Пясчанік набліжаецца да глінянага Палаца.

Пясчанік (да Глінніка). Прывітанне, сябра! Як цябе завуць?

Гліннік (непрыязна). Гліннік.

Пясчанік. А мяне — Пясчанік. Ты пабудаваў гэты Палац для Жыхароў?

Гліннік. Так. А вы хто такія? Чаму нішчыце маю працу?

Пясчанік. Таму, дружа, што яна нікому не патрэбна. Няма ніякіх Жыхароў і, мажліва, ніколі не было.

Гліннік. Ты адкуль ведаеш?

Пясчанік. Я — Пясчанік. Я таксама некалі будаваў, толькі не гліняныя палацы, а пясчаныя замкі. Верны запавету продкаў, я ніколі не чакаў Жыхароў, але аднаго разу застаўся — можа, цяпер я нават шкадую, што так зрабіў — і дачакаўся вось іх (паказвае на жывёлаў), якія расказалі мне праўду. Ты таксама ўпершыню застаўся?

Гліннік (вінавата). Я не наўмысна, я проста замарудзіў з працай.

Пясчанік. Значыць, ты спазнаў праўду выпадкова. (Уздыхае.) Табе лягчэй.

Гліннік (разгублена). Але як жа гэта?.. Што ж мне цяпер рабіць?..

Пясчанік. Не журыся, Гліннік. Усе мы некалі нешта будавалі, а потым зразумелі марнасць нашага занятку і пачалі знішчаць зробленае іншымі. Бо гэта куды карысней, спакайней і прыемней. Хадзем з намі, дружа!

Гліннік (сумна). Мне цяпер усё роўна. Назад дарогі няма. (Далучаецца да жывёлаў.)

Котка. Я заўсёды казала: лепей жорсткая праўда, чым самая прыгожая хлусня. (Дае знак Свінні і Каню.) Канчайце працу. (Да Пясчаніка.) Малайчына, Пясчанік, добра выканаў заданне!

Конь і Свіння руйнуюць гліняны Палац. Чуваць роспачны піск устрывожаных ластавак і стрыжоў.

 

Дзея другая

 

Яны ішлі ўсё далей, і іх рабілася ўсё больш. Недзе побач з Пясчанікам муркатала дзікая Котка, ззаду рохкала Свіння, наперадзе, падбрыкваючы, бег Конь. Яшчэ шмат невядомых і проста безыменных стварэнняў цягнулася ў тым самым кірунку і з той самай мэтай: пакінуўшы сваю працу, нішчыць створанае іншымі.

— Навошта ты будуеш, хіба не дзеля таго, каб потым нехта руйнаваў? — пытаў Пясчанік у чарговага дзівака і шыбаваў далей без радасці і жаданняў.

— Хто гэта будзе жыць у паветраным замку?! — пераконваў новую ахвяру Пясчанік і марнаваў дзень за днём, не шкадуючы, што іх застаецца ўсё меней.

— Ніякіх жыхароў ніколі і не было, калі іх ніхто не бачыў, — тлумачыў Пясчанік, а ў ягоных вачах хаваліся смутак і туга.

— Я таксама калісьці, штосьці для кагосьці будаваў, а потым зразумеў бязмэтнасць і непатрэбнасць гэтай працы і заняўся больш вартай і разумнай справай, — спавядаўся Пясчанік, а ноччу захлынаўся слязьмі, праклінаў той дзень, калі яму захацелася ўведаць праўду, і зайздросціў тым, хто ідзе спрадвечным шляхам продкаў, ні пра што не задумваецца і не здагадваецца...

 

 

З’ява чацвёртая

Раніцай на невысокім лугавым кургане. Навакол трава-мурава і духмяныя краскі. Маленькая, жвавая Вапнінка толькі што скончыла будаваць чарговы Храм з вапны. Недалёка ад Храма відаць некалькі выкапаных ям, адкуль вынаходлівая будаўніца здабывае вапну. Бялюткі, грацыёзны Храм лёгка і бязважка ўзносіцца да высокага неба, якое ад гэтага робіцца блізкім і зразумелым.

На даляглядзе ўзнікае слуп пылу, Вапнінка з трывогай углядаецца ўдалеч, як раптам з густой травы выскоквае ёй проста пад ногі вялізны Пацук.

Вапнінка (спалохана). Ай! (Спрытна залазіць па калоне на балюстраду Храма.) Апсік, аюсь, а-кыш! Ідзі прэч, нахабнае стварэнне!

Пацук бегае вакол Храма і злосна сіпіць: ці то на Вапнінку, ці то на саму пабудову. Чуваць шум, тупат, рогат. Каля Храма з’яўляюцца Конь, Свіння, Котка, Пясчанік і Гліннік.

Вапнінка. Дапамажыце! Праганіце гэтага агіднага Пацука!

Кампанія гучна рагоча. Пацук падбягае да Коткі і нешта пішчыць ёй на вуха. Котка задаволена ківае галавой на знак згоды.

Котка (разглядаючы Храм з вапны). Такой дзіўнай пабудовы я яшчэ ніколі не бачыла... Нам пашанцавала: удалося заспець на месцы дойліда. (Дае знак Пясчаніку і Глінніку.) Пачынайце, сябры!

Пясчанік з Гліннікам выходзяць наперад і завучанымі галасамі пачынаюць спяваць у камічна-аперэтачным стылі. Конь і Свіння падцягваюць, ствараючы неверагодную какафонію гукаў.

Пясчанік, Гліннік (разам).

 

Што за дзіўная істота

Збудавала гэты храм?!

Думаеш сваёй работай

Спадабацца Жыхарам?

Ха-ха-ха! Пустая вера!

Жыхароў даўно няма.

Можа, з’ела іх халера,

Можа, знішчыла чума!

 

Вапнінка. Хто вы такія? Калі вы не таямнічыя Жыхары, для якіх я ўзвяла Храм — ідзіце сваёй дарогай!

Котка (дырыжыруе лапкай). Далей!

Пясчанік, Гліннік (разам).

 

Мы калісьці будавалі

Храмы, замкі, палацы,

Але праўду мы спазналі,

Сваю працу пакідалі

І шчасліва заспявалі.

Вось якія малайцы!

 

Вапнінка. Вы што, пашалелі? Увушшу звініць ад вашых спеваў! (Абураная злазіць з балюстрады.)

Гліннік. Бач ты, якая жышка. Спевы ёй нашы не падабаюцца. А мы стараліся, шчыра хацелі табе дапамагчы.

Пясчанік (прыязна). Праўда.

Вапнінка. Не трэба мне вашая дапамога! Каціцеся адсюль! (Адважна рушыць на Пацука, той хаваецца за Котку.)

Котка. Колькі адвагі... Дарэчы, пазнаёмцеся: гэта — Гліннік, гэта — Пясчанік! Цудоўныя дойліды былі... А цябе, такую адважную, як завуць?

Вапнінка. Вапнінка! Калі яны дойліды — няхай будуюць, а не швэндаюцца па свеце са сваімі бязглуздымі песнямі!

Гліннік (пакрыўджана). Ды мы ж уратаваць цябе хацелі, дурнічка! Вызваліць ад непатрэбнай працы!

Пясчанік (спачувальна). Вапнінка, зразумей: ніякіх Жыхароў не існуе! Няма для каго будаваць замкі, палацы, храмы! Усё дарэмна!

Вапнінка. А я не толькі для Жыхароў будую! Я яшчэ для ўласнага задавальнення. Так што валяйце адсюль разам са сваёй зграяй, здраднікі!

Гліннік (абурана). Ах ты пстрычка малая! Як ты нас назвала? (Насоўваецца на Вапнінку.)

Пясчанік (да Глінніка). Пачакай, браце! (Да Коткі, усхвалявана.) Яна не зразумела!

Котка. Яна не хоча разумець. Рэдка, але здараюцца такія выпадкі.

Пясчанік (разгублена). Што ж рабіць?

Котка. Мы не можам пакінуць яе сам-на-сам з шаленствам. Давядзецца ратаваць яе насілу. (Да Глінніка.) Трымай вар’ятку. (Да Каня і Свінні.) Рабіце сваю справу.

Пясчанік. Пачакайце! Дайце мне з ёй паразмаўляць! Я пераканаю яе!

Але Пясчаніка ўжо ніхто не слухае. Гліннік хапае і моцна трымае Вапнінку. Конь і Свіння руйнуюць Храм, які паддаецца з цяжкасцю. Вапнінка дарэмна спрабуе вырвацца, Пацук сыкае і шчэрыцца на яе. Котка пераможна ўсміхаецца. Пясчанік бездапаможна мітусіцца паміж ахвярай і спраўцамі.

Вапнінка. Пусціце мяне! Не чапайце Храма! Яны прыйдуць у яго, яны будуць маліцца сваім Багам! Злачынцы, варвары, дурні! (Плача.)

Зрабіўшы сваю справу, Зграя рушыць далей. Гліннік і Пясчанік з вінаватымі вачыма брыдуць услед за жывёламі. Самотная Вапнінка сядзіць ля разбуранага Храма і ціха плача.

 

З’ява пятая

Позным вечарам на ўскрайку леса. Жывёлы са Зграі ўладкоўваюцца на начлег, не відаць сярод іх толькі Пацука. Непадалёк прылёг на вязанку галін Гліннік, а Пясчанік сядзіць воддаль і засяроджана ўглядаецца ў начную цемру.

Гліннік (пазяхаючы). Пясчанік, а ты чаму не кладзешся спаць?

Пясчанік. Не хачу, браце Гліннік. Не ідзе да мяне сон.

Котка (іранічна). Ён перажывае за тую вар’ятку, што мы ўчора сустрэлі.

Гліннік. От яшчэ! Знайшоў пра каго думаць! (Адварочваецца і засынае.)

Котка (падыходзіць да Пясчаніка). Праўду я кажу? Пра яе думаеш?

Пясчанік (паварочвае галаву і смела глядзіць Котцы ў вочы). Так. Навошта мы пабурылі ейны Храм?

Котка. Бо ён нікому не патрэбны. Няма ніякіх Жыхароў.

Пясчанік. Няхай так. Але яна не паверыла нам. Навошта мы разбурылі Храм насуперак яе волі?

Котка (незадаволена). Ты пачаў сумнявацца, Пясчанік? Шкадуеш, што кінуў свой марны занятак і пайшоў з намі? (Насмешліва.) Можа, ты зноў паверыў у існаванне Жыхароў?

Пясчанік (цвёрда). Я не шкадую. Я дазволіў зруйнаваць свой Замак і добраахвотна далучыўся да вас. Але навошта нішчыць пабудаванае іншымі, калі яны гэтага не хочуць? Вапнінка ж казала, што будуе для ўласнага задавальнення.

Котка. Яна хлусіць, Пясчанік. І падае дрэнны прыклад іншым. Гэта вельмі небяспечнае стварэнне. Бачыш, і ў тваёй душы яна пасеяла неспакой.

Са змроку вынырвае Пацук, падбягае да Коткі і нешта ціхенька пішчыць ёй на вуха.

Котка. Так я і думала...

Пясчанік (занепакоена). Што здарылася? Дзе быў Пацук?

Котка. Нічога не здарылася. Кладзіся спаць, Пясчанік.

Пясчанік (ускоквае на ногі). Няпраўда! (Упэўнена.) Нешта здарылася з Вапнінкай?

Котка (неахвотна). На ўсялякі выпадак я загадала Пацуку прасачыць за нашай агульнай знаёмай. Яна пачала ўзводзіць на іншым кургане новы Храм, яшчэ вышэйшы, чым той, які мы разбурылі. Я ж казала: гэта небяспечнае стварэнне! (Да Пацука.) Хадзем, мой верны служка, падумаем, што з ёй зрабіць.

Котка і Пацук знікаюць у цемры. Пясчанік усхвалявана круціцца на месцы.

Пясчанік. Яны баяцца яе! Баяцца маленькай Вапнінкі і пабудаванага ёю Храма! Значыць, яны хлусяць. Яны не ведаюць праўды! (Азірнуўшыся, падкрадаецца да Глінніка і будзіць яго.)

Пясчанік. Уставай, Гліннік!

Гліннік (уздымае галаву). Што здарылася?

Пясчанік. Трэба ратаваць Вапнінку!

Гліннік. Жартуеш? Кладзіся лепш спаць. (Кладзе галаву на ранейшае месца.)

Пясчанік (трасе Глінніка). Я сур’ёзна! Вапнінка будуе новы Храм. Зграя хоча знішчыць пабудову, а можа, і саму Вапнінку! (З усёй сілы штурхае Глінніка.) Ды прачніся ты! Нас падманулі! Зграя таксама не ведае, існуюць Жыхары ці не! Можа, мы дарэмна кінулі сваю працу!

Гліннік (прыўздымаецца і сядае). Ведаеш, Пясчанік, я ўжо раз табе паверыў. Ты сам мяне пераканаў зруйнаваць гліняны Палац і далучыцца да Зграі.

Пясчанік. Выбачай, я памыляўся! Але цяпер...

Гліннік. А цяпер ты мне прабач, бо двойчы я сваіх паглядаў не мяняю. Такі ў мяне характар. Я не пайду ратаваць Вапнінку. Ты сам ва ўсім вінаваты. (Адварочваецца на другі бок.)

Пясчанік. Так, я сам вінаваты. І я павінен выправіць сваю памылку. Нават калі трэба будзе заплаціць за гэта жыццём... (Ціха знікае ў цемры.)

Гліннік (не ўздымаючы галавы). І потым, як ты пераможаш Зграю? У цябе ёсць будаўнічы... цьфу, ваяўнічы план?.. Чаму не адказваеш? (Паварочваецца і бачыць, што Пясчанік знік.) Ну, вар’ят! І план у яго, пэўна, вар’яцкі. (Кладзецца спаць).

 

З’ява шостая

Раніцай на кургане, дзе Вапнінка ўзводзіць новы Храм. Ён ужо амаль пабудаваны, толькі купал яшчэ не завершаны. Спрытная Вапнінка спускаецца па лесвіцы па новую порцыю будаўнічых матэрыялаў.

У гэты момант перад Храмам узнікае задыханы і ўсхваляваны Пясчанік.

Вапнінка (убачыўшы Пясчаніка). Не! Я не дам руйнаваць Храм! (Загароджвае Храм ад Пясчаніка.) Прэч, прэч!

Пясчанік. Не бойся, Вапнінка! Я прыйшоў дапамагчы табе.

Вапнінка. Няпраўда, ты гнюсны шпег. Ты сачыў за мной, хацеў даведацца, дзе паўстане новы Храм!

Пясчанік. За табой сачыў Пацук, і неўзабаве ён прывядзе сюды ўсю Зграю. Яны не толькі зруйнуюць Храм, але і заб’юць цябе, Вапнінка! Трэба хутчэй хавацца!

Вапнінка. Я не веру табе. Гэта нейкая хітрасць!

Пясчанік. Клянуся, я хачу цябе ўратаваць! Я не заслужыў твайго даверу, але часу пераконваць цябе няма! (Натхнёна.) Паслухай, мы выкапаем пад Храмам глыбокі падземны ход, нават Пацук не пралезе туды за намі. А пралезе — я зраблю для яго пастку. Калі з’явіцца Зграя, мы схаваемся і перачакаем; яны ж не могуць доўга затрымвацца на адным месцы — ім трэба рушыць далей, ім трэба шукаць і руйнаваць іншыя будынкі. А нам спяшацца няма куды. Яны пасунуцца далей, а мы выберамся на паверхню і будзем узводзіць новыя пясчаныя Замкі і вапнавыя Храмы з магутнымі мурамі і спічастымі дахамі. Мы будзем будаваць і спадзявацца, ствараць і верыць. А Жыхары з’явяцца, яны абавязкова з’явяцца, трэба толькі падрыхтаваць для іх утульнае жытло...

Вапнінка (перапыняе). Я не буду хавацца.

Пясчанік. Як не будзеш?

Вапнінка. Я не пакіну свайго Храма.

Пясчанік. Але яны заб’юць цябе, дурнічка!

Вапнінка (углядаецца ўдалеч). Няхай забіваюць. Але пакуль я жывая — я буду бараніць Храм!

Пясчанік. Знайшлася мне абаронца! Супраць Зграі мы не маем ніякіх шанцаў. Ці не лепей перачакаць небяспеку, а потым...

Вапнінка (перапыняе). Раней ці пазней яны нас знойдуць. Дый і не паспеем мы выкапаць падземнага ходу. Зірні.

Пясчанік глядзіць у той бок, куды паказвае Вапнінка, і бачыць зусім блізка слуп пылу. Ужо нават чуваць іржанне Каня, рохканне Свінні. З травы высоўваецца на імгненне Пацук, задаволена сыкае і зноў знікае: відаць, бяжыць дакладваць пра становішча Котцы.

Пясчанік. Зграя! (У роспачы.) Што ж рабіць?

Вапнінка (хутка). Паслухай, Пясчанік. Храм яшчэ не дабудаваны, яго вельмі лёгка разбурыць. Зараз я вымаўлю таемны заклён майго народу, і ён стане крыху мацнейшы. У Пясчанікаў ёсць таемны заклён?

Пясчанік. Так, калі я завяршаю будаваць чарговы Замак, я гавару магічныя словы.

Вапнінка. Храм з вапны — не Замак з пяску, але паспрабуй прамовіць іх зараз, раптам будынак стане ўдвая мацнейшы?

Пясчанік. Цудоўная ідэя!

Спачатку Вапнінка, а потым Пясчанік шэпчуць па чарзе чароўныя словы.

Потым Вапнінка стукае камяком застылай вапны па сцяне Храма.

Камяк у руцэ ў Вапнінкі рассыпаецца.

Вапнінка (узрадавана). Спрацавала! Цяпер ім не так проста будзе яго разбурыць!

У гэты час перад Храмам з’яўляецца Зграя: Котка, Пацук, Конь, Свіння. Няма толькі таўстуна Глінніка: відаць, астаўся па дарозе.

Пясчанік адважна робіць крок наперад і загароджвае сабой Вапнінку.

Котка (урачыста). Вось яна, небяспечная істота, якая не адмовілася ад сваёй працы, нават калі пераканалася ў яе бессэнсоўнасці і непатрэбнасці. А з ёю — нікчэмнае стварэнне, якое ўжо двойчы здрадзіла: спачатку — сваім продкам, а потым — Зграі. Абодва яны заслугоўваюць смерці. Але спачатку мы на іхных вачах разбурым гэтую недарэчную пабудову, якая перашкаджае нам цешыцца свабодай і нараджае ў наіўных душах марныя спадзевы. (Дае знак Свінні і Каню.)

Вапнінка (робіць крок наперад і становіцца ўпоруч з Пясчанікам). Яшчэ пабачым, як у вас выйдзе! Сілы не стане!

Свіння падбягае да Храма і спрабуе бурыць яго сцены, але адразу з віскатам адступаецца, падрапаўшы лыч. Вапнінка і Пясчанік скачуць ад радасці.

Пясчанік. Што, атрымала?!

Вапнінка. Не з тваім рылам!

Да Храма падыходзіць Конь, уздымаецца на дыбкі і б’е капытом у сцяну. Кавалак сцяны адвальваецца і падае на зямлю.

Ах! (Закрывае вочы рукамі.)

Котка. Як бачыце, мы мацнейшыя за вашыя чары!

Пясчанік. Вы мацнейшыя, але вы нас баіцеся!

Котка (злосна). Паглядзім, як ты заспяваеш, калі мае зубы ўвап’юцца ў тваю шыю!

Котка, а за ёй Пацук і Свіння пагрозліва насоўваюцца на Пясчаніка і Вапнінку.

Нечакана як з пад зямлі з’яўляецца Гліннік і становіцца на шляху ў Зграі. Пад ногі Пясчаніку ён кідае набор будаўнічых інструментаў, якія можна выкарыстаць у якасці зброі: кельму, кайло, кувалду. А ў руках у Глінніка застаецца... электрычны дрыль, які да таго ж працуе!

Гліннік (да Коткі). А я пагляджу, як ты замуркочаш, кацюга, калі табе ў азадак увап’ецца гэты свердзел! (Да Пясчаніка і Вапнінкі.) Разбірайце зброю, сябры!

Пясчанік (захоплена). Які ты вынаходлівы, Гліннік!

Гліннік (сціпла). На будоўлі ўсяму навучышся.

Пясчанік і Вапнінка хуценька ўзбройваюцца. Напалоханыя ці проста збітыя з панталыку жывёлы адступаюць назад.

Конь ад здзіўлення застывае ля сцяны Храма з узнятымі ў паветра капытамі — нібыта каменная статуя.

Котка (нядобра ўсміхаецца). Што ж, і мы чараваць умеем. У нас таксама для вас падрыхтаваны сюрпрыз. (Нахіляецца да Пацука і шэпча нейкі заклён, потым паварочваецца да Свінні і таксама шэпча чароўныя словы. Спрытна накідвае жывёлам на шыі павадкі, як сабакам.)

Нечакана Пацук і Свіння пачынаюць павялічвацца ў памерах, растуць проста на вачах, робяцца большымі за Каня, за Храм, за цэлы Свет.

Пры з’яўленні такіх монстраў у Пясчаніка і Вапнінкі бездапаможна апускаюцца рукі з інструментамі-зброяй. А тут яшчэ электрычны дрыль Глінніка перастаў працаваць...

Гліннік (разглядаючы дрыль, вінавата). Відаць, акамулятар сеў.

Котка (пераможна). Цяпер паглядзім, хто з нас мацнейшы. (Да монстраў, пяшчотна.) Ату іх, пачваркі!

Пясчанік. Ну ўсё, мы прапалі. Няма больш каму прыйсці нам на дапамогу.

І тут уздымаецца Вецер: спачатку лёгкі, потым мацнейшы, а потым зусім шалёны віхор. Пацук і Свіння лёгка адрываюцца ад зямлі, нібыта паветраныя шарыкі, а за імі ўздымаецца ў неба і перапалоханая не на жарт Котка, якая не можа вызваліцца ад павадкоў-нітачак.

Голас Ветру. Як гэта — няма каму прыйсці на дапамогу?! А пра мяне ты забыўся, Пясчанік?

Пясчанік (радасна). Вецер, непаседа Вецер! Ты з’явіўся ў самы час, браце!

Голас Ветру. Як заўсёды, Пясчанік. Але як заўсёды — лячу далей.

Пясчанік. Пачакай, я хачу табе расказаць...

Голас Ветру. А я ўсё ведаю. Бывай!

Пясчанік (з надзеяй). Але цяпер, пасля ўсяго, што са мной адбылося, ты адкажаш на маё пытанне? (Крычыць наўздагон.) Яны існуюць?

Голас Ветру. Ха, які хітры! Я — свавольнік-Вецер, я не адказваю ні на чые пытанні! (Адлятае.)

Гліннік (глядзіць з-пад рукі на неба, дзе знікаюць удалечыні ледзь відочныя Пацук, Свіння і Котка.) Выходзіць, пачвары былі надзіманыя. Як паветраныя шарыкі. (Да Пясчаніка і Вапнінкі.) Што будзем рабіць?

Вапнінка. Я буду даканчваць дах Храма. (Спрытна залазіць па лесвіцы на дах.)

Пясчанік і Гліннік пераглядаюцца між сабой.

Гліннік (разважліва). Я тут падумаў-падумаў, і мне прыйшла ў галаву цудоўная ідэя...

Пясчанік (перапыняе). Гэта мне прыйшла ў галаву цудоўная ідэя: давайце працаваць разам! (Залазіць па лесвіцы за Вапнінкай.) Разам будаваць замкі, палацы, храмы!

Гліннік. Менавіта! (Лезе па лесвіцы за Пясчанікам.)

Вапнінка (крычыць з даху). Я — за!

І тут Конь у выглядзе статуі, пра якога ўсе забыліся, апускае нарэшце на зямлю пярэднія капыты, уздымае храпу ўверх і вымаўляе гукі, вельмі падобныя да словаў.

Конь. А пра мяне забыліся? Я, між іншым, некалі працаваў на будоўлі крэпасці. Цягаў вазок з цэглай. Возьмеце мяне ў сваю кампанію?

Вапнінка, Пясчанік, Гліннік (адначасова звесіўшыся з даху, здзіўлена). Га?..

Недабудаваны, але ўжо радасны і светлы Храм узносіцца да чыстага летняга неба, якое ад гэтага робіцца блізкім і зразумелым.

Заслона