epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Піліпка і Ведзьма

З'ява першая
З’ява другая
З’ява трэцяя
З’ява чацвёртая
З’ява пятая
З'ява шостая


П’еса-жарт

паводле беларускай народнай казкі

 

АСОБЫ

 

Піліпка.

Баба.

Дзед.

Ведзьма.

Каваль.

Гусі.

 

З'ява першая

Хата, дзе жывуць старыя Дзед з Бабай. Дзед ляжыць на печы і калупае пальцам нагі дзірку ў столі. Баба сядзіць на лаве і калыша люльку.

Баба (спявае)

 

Люлі-люлі-люлі,

Палез кот па дулі,

Нарваў дзве ахапкі,

Намазоліў лапкі.

Ідзі, каток, на вулку,

А дзіця — у люльку.

А я буду калыхаць,

А дзіця салодка спаць...

 

Дзед. Баба, кінь дурное! Зірні лепш, ці не зварылася ў печы бульба.

Баба падыходзіць да печы і глядзіць у чыгун.

Баба. Сядай, Дзед, да стала, будзем снедаць. (Вымае чыгун з бульбай.)

Дзед злазіць з печы, абувае адзін бот, шукае другі.

Дзед. Куды падзеўся мой бот? (Шукае па хаце бот і знаходзіць яго ў люльцы.) Звар’яцела старая... (Нацягвае бот на нагу і сядае да стала.)

Баба (летуценна). Эх, каб даў нам Бог сыночка... Не елі б мы тады нішчымнай бульбы. Сынок бы наш падрос і парупіўся пра старых бацькоў. (Пачынае гушкаць чыгун і спяваць.)

 

Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі гулі,

Мёдам частавалі,

Дзіця калыхалі...

 

Дзед. Ты што, зусім з глузду з’ехала? Дай сюды чыгун! (Адбірае ў Бабы чыгун і стаўляе на стол.)

Баба (плача). Бедныя мы, бедныя! Няма нам каго калыхаць, няма каго гадаваць...

Дзед. Э-эх! Не магу слухаць! (Хапае з-пад лаўкі сякеру і выбягае з хаты.)

Чуваць стук сякеры па дрэву. Дзед вяртаецца з паленцам у руках.

Дзед. Вось табе сынок, калышы!

Баба (узрадавана). Ой, які гожанькі! Які ладненькі! Назавём яго Піліпкам. (Кладзе палена ў люльку і калыша.)

Дзед сядае за стол есці бульбу.

Баба (спявае)

 

Расці-расці, сынок,

Моцны, як дубок,

З белымі плячыма,

З чорнымі вачыма...

 

З люлькі чуваць дзіцячы плач, потым — смех.

Дзед (здзіўлена). Баба, ты чуеш? Недзе дзіця плача!

Баба. Чую, чую. Гэта наш сынок смяецца!

Дзед. Што? Які сынок, дурніца старая?

Баба. А той, якога ты з алешыны высек.

Дзед падыходзіць да люлькі. З люлькі выскоквае Піліпка.

Піліпка. Дзень добры, матуля! Дзень добры, татуля! Я — ваш сын Піліпка.

Баба. Ах, якога прыгожага сынка нам Бог паслаў!

Дзед (чухае патыліцу). Чым жа мы яго карміць будзем?

Піліпка. Не турбуйся, тата. Зрабі мне дубовы чоўнік, бярозавае вясельца. Я рыбы налаўлю і сам пад’ем і вас пачастую!

 

З’ява другая

Па возеры плавае ў чоўніку Піліпка і ловіць рыбу. З берага за ім сочыць Ведзьма.

Ведзьма (прынюхваецца). Што за рыбак з’явіўся на маім возеры? Як бы да яго дабрацца ды з’есці?

З’яўляецца Баба з піражкамі для Піліпкі. Ведзьма хаваецца ў чараты.

Баба. Піліпка-сынок, плыві на беражок, з’еш піражок!

Піліпка падплывае да берага, аддае маці рыбу, бярэ піражкі і зноў адплывае.

Баба (з гонарам). Ах, якога спрытнага хлопчыка нам з Дзедам Бог паслаў! Во колькі рыбы налавіў (Нясе рыбу дадому.)

З чаратоў паказваецца Ведзьма, у руках яна трымае мяшок і качаргу.

Ведзьма (задаволена). Ага, цяпер ведаю, як гэтага рыбака злавіць. (Кліча.) Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!

Піліпка падплывае, Ведзьма качаргой выцягвае чоўнік на бераг і запіхвае Піліпку ў мяшок.

Піліпка (кліча). Маму, тату, ратуйце!

Ведзьма. Ага, папаўся! Больш не будзеш лавіць рыбу ў маім возеры. (Ускідвае мяшок на плечы і нясе дахаты.)

Мяшок цяжкі, і Ведзьма неўзабаве стамляецца. Яна скідвае мяшок на зямлю і аддыхваецца.

Ух, з выгляду — такі маленькі, а які цяжкі!

Піліпка (з мяшка). Ага! Бо я слухаўся мамы з татам і еў кашу!

Ведзьма. Бр-р! Не люблю кашу! Я люблю юшку з рыбакоў. Вось прынясу цябе дахаты — і звару. Толькі дух змяню, бо стамілася.

Піліпка (з мяшка). А ты не спяшайся, прысядзь на пянёк, адпачні.

Ведзьма. Дапраўды! Куды спяшацца?! На сняданак мы з табой спазніліся, а да абеду яшчэ далёка. (Сядае на пянёк і неўзабаве засынае.)

Піліпка выбіраецца з мяшка, кладзе туды некалькі камянёў і ўцякае. Ведзьма прачынаецца, ускідвае мяшок на плечы і бяжыць далей.

Пакуль я спала, хлопчык стаў яшчэ цяжэйшы. (Задаволена.) Відаць, падрос. (Прыносіць мяшок у сваю хату, стаўляе ля печы. Вымае з печы вялізны чыгун, налівае вады. Запальвае ў печы і нешта шукае на паліцы.) А дзе мая кулінарная кніга? (Бярэ з паліцы вялізную чорную кнігу і шукае патрэбны рэцэпт.) Та-ак, хлопчыкі смажаныя, хлопчыкі пражаныя, дзяўчынкі вэнджаныя, дзяўчынкі сушаныя. Вось, юшка рыбная з рыбака. Тое, што трэба. (Кладзе разгорнутую кнігу на лаўку, развязвае мяшок і вытрасае ў чыгун камяні.) Ах, нягоднік! Падмануў старую галодную жанчыну! Ну, я табе пакажу, як мяне падманваць! (Хапае мяшок і выбягае з хаткі.)

 

 

З’ява трэцяя

Піліпка плавае ў чоўніку на возеры і ловіць рыбу. На беразе з’яўляецца раззлаваная Ведзьма.

Ведзьма. Піліпка-сынок, плыві на беражок, з’еш піражок!

Піліпка ловіць рыбу і не адгукаецца.

Ведзьма. Піліпка-сынок, плыві на беражок, з’еш піражок!

Піліпка ловіць рыбу і не адгукаецца.

Ведзьма (злосна). Ты што, аглух? Не чуеш, як цябе родная маці кліча?

Піліпка падплывае крыху бліжэй, але Ведзьма дарэмна спрабуе падчапіць чоўнік качаргой.

Піліпка. Я не аглух, я чую, што ты — не мая маці. Ты — злая Ведзьма. У маёй маці голас танчэйшы.

Ведзьма (шэптам). Добра, разумнік, зраблю я сабе танчэйшы голас. (Бяжыць у кузню да Каваля.) Каваль, Каваль, накляпай мне язык, каб голас танчэйшы быў!

Каваль. Не буду я табе язык кляпаць! Ты — злая Ведзьма, нейкае ашуканства задумала!

Ведзьма (пагрозліва). Не будзеш? То я тваіх дзяцей з’ем! Каваль (спалохана). Добра, добра, накляпаю. Кладзі язык на кавадла.

Ведзьма кладзе свой доўгі язык на кавадла. Каваль бярэ молат і кляпае язык, які робіцца зусім тонкім, змяіным.

Вось табе тонкі язык, Ведзьма, толькі не чапай маіх дзетак!

Ведзьма (рознымі галасамі). Мерсі! Гудбай! Арывідэрчы! (Пакідае кузню і вяртаецца на возера.)

Піліпка ловіць з чоўніка рыбу.

(Тоненькім галаском.) Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок!

Піліпка думае, што яго кліча маці, і падплывае. Ведзьма качаргой выцягвае чоўнік на бераг і запіхвае Піліпку ў мяшок.

Піліпка. Мама, тата, ратуйце!

Ведзьма. Цяпер ты мяне не падманеш! Ні разу не прысяду, пакуль мяшок дахаты не данясу! (Ускідвае мяшок на плечы і валачэ ў сваю хату.)

 

З’ява чацвёртая

Ведзьма прыносіць мяшок з Піліпкам у сваю хату і кідае ля печы.

Ведзьма. Ух, як стамілася! Нялёгка ў наш час паабедаць. Пакуль абед зловіш, пакуль дахаты прынясеш. (Жаласліва.) А яшчэ згатаваць трэба! (Развязвае мяшок.) Чуеш, Піліпка, стамілася я. Не буду з цябе юшкі варыць. Пакуль бульбу абярэш, прыправы назбіраеш. Надта гэта доўга.

Піліпка (высоўваецца з мяшка). Доўга, бабуля, ой доўга!

Ведзьма. Лепш я цябе проста засмажу ў печы.

Піліпка. Ой! (Хаваецца назад у мяшок.)

Ведзьма. Ну-ну, без фокусаў! (Вытрасае Піліпку з мяшка, адчыняе ў печы засланку і бярэ ў рукі вялізную лапату.) Узлазь на лапату, я цябе ў печ закіну!

Піліпка сядае на лапату, растапырыўшы ногі і рукі. Ведзьма спрабуе засунуць лапату ў печ, але нічога не выходзіць.

Не сядай, а кладзіся!

Піліпка кладзецца на лапату, але не ўздоўж, а ўпоперак. І зноў не пралазіць у печ.

Ведзьма (злосна). Не так, ёлуп!

Піліпка (пакрыўджана). А як? Ты б не лаялася, бабулька, а ўзяла ды паказала.

Ведзьма (кідае лапату). Цьфу! Што за дзеці пайшлі: нічога не ўмеюць! (Узлазіць на лапату.) Во як трэба! Зразумеў, няздара?

Піліпка (узрадавана). Зразумеў, бабулька! (Хапае лапату, засоўвае Ведзьму ў печ, зачыняе засланку і ўцякае з хаткі.)

Ведзьма. Не так, ёлуп! Ой, горача! Ой, пячэ!.. (Выбіраецца з печы праз комін, запэцканая і злёгку падсмажаная. Заўважае, што Піліпкі ў хаце няма, і кідаецца лавіць уцекача.) Уцёк, нягоднік!

 

З’ява пятая

Піліпка ўцякае ад Ведзьмы, якая вось-вось яго дагоніць.

Ведзьма. Стой, нягоднік! Стой, ашуканец! Ты каго засмажыць хацеў? Мяне, старую хворую жанчыну? Людажэр саматужны!

Піліпка разумее, што яму не ўцячы, і залазіць на высокі явар. Ведзьма круціцца вакол явара, але папасці на дрэва не можа.

(Лісліва.) Злазь, сынок, а то горай будзе.

Піліпка. Горай не будзе, бабулька.

Ведзьма (злосна). Уф, загрызу! Жыўцом праглыну! (Спрабуе стрэсці Піліпку з дрэва, але той з усяе сілы ўчапіўся за галіны і падаць не збіраецца. Ведзьма спрабуе грызці дрэва, але зноў нічога не выходзіць: зубы паламала, а явар стаіць, як стаяў. Выплёўвае зуб.) Цьфу! Апошні зуб зламала! Ну, пачакай! Зараз я да цябе дабяруся! (Бяжыць дахаты па сякеру.)

Піліпка разумее, што раней ці пазней Ведзьма да яго дабярэцца, і думае, як выратавацца. У гэты час у небе з’яўляецца чарада гусей.

Піліпка (да гусей). Гусі, гусі, скіньце мне па пёрку! Я з вамі палячу да таты, да мамы, пачастую вас кашай, напаю гарбаткай!

Гусі скідаюць па пёрку, Піліпка робіць з пёрак паўкрыла.

Эх, толькі паўкрыла!

Вяртаецца Ведзьма з сякераю, сячэ явар.

(Занепакоена.) Сячы, сячы, Ведзьма: не ў явар, а ў камень!

Ведзьма (злосна). Не ў камень, а ў явар!

Піліпка (упарта). Не ў явар, а ў камень!

Ведзьма. Не ў камень, а ў явар!

Піліпка. Не ў явар, а ў камень!

Сякера патрапляе ў камень і выпадае з Ведзьміных рук. Ведзьма круціцца і вые ад злосці, Піліпка смяецца.

Ведзьма. У-у-у, мярзотнік! Смейся, смейся — паплачаш ты ў мяне! (Бяжыць па Каваля, каб навастрыў сякеру.)

У небе зноў з’яўляецца чарада гусей.

Піліпка (да гусей). Гусі-гусі, скіньце мне па пёрку! Я з вамі палячу да таты, да мамы, пачастую вас кашай, напаю гарбаткай!

Гусі скідаюць па пёрку, Піліпка даканчвае першае крыло.

От ужо адно крыло ёсць!

Вяртаецца Ведзьма, якая цягне на плячах Каваля. Скідае Каваля пад яварам. Каваль няўпэўнена ўстае на ногі і разглядаецца.

Ведзьма. Каваль, Каваль, навастры мне сякеру! (Паказвае Кавалю сякеру.)

Піліпка (з дрэва). Каваль, Каваль, не вастры Ведзьме сякеры! Ведзьма зрубіць явар, Піліпку з’есць!

Каваль (да Ведзьмы). Не буду я табе сякеры вастрыць! Ты — злая Ведзьма, хочаш Піліпку з’есці!

Ведзьма. Не будзеш? То я тваю жонку з’ем!

Каваль (спалохана). Добра, добра, навастру! Кладзі сякеру на пянёк.

Ведзьма кладзе сякеру на пянёк, Каваль вострыць лязо.

У небе зноў з’яўляецца чарада гусей.

Піліпка (да гусей). Гусі, гусі, скіньце мне па пёрку! Я з вамі палячу да таты, да мамкі, пачастую вас кашай, напаю гарбаткай!

Гусі скідаюць па пёрку, Піліпка робіць з пёрак яшчэ паўкрыла.

Яшчэ паўкрыла!

Тым часам Каваль канчае вастрыць сякеру.

Каваль (лісліва). Вось табе вострая сякера, Ведзьма, толькі не чапай мае жонкі!

Ведзьма. Прэч адсюль, недарэка, а то і цябе з’ем!

Каваль уцякае, Ведзьма сячэ явар, Піліпка ўглядаецца ў неба. Явар рыпіць і хістаецца, а гусей усё няма. Няма як Піліпку паўкрыла дарабіць.

(Рагоча.) Ідзі да мяне, мякенькі, ідзі да мяне, смачненькі! Я цябе адразу праглыну, толькі соллю ды перцам пасыплю. Нават костачак ад цябе не застанецца!

Піліпка. Задавішся ты маімі костачкамі, старая Ведзьма! (Роспачна.) Эх, усяго паўкрыла дарабіць засталося! (Кліча.) Гусі-гусі, дзе вы, шэрыя, дзе вы, белыя? Сюды ляціце, Піліпку ад смерці бараніце!

У небе з’яўляецца чарада гусей.

(Да гусей.) Гусі, гусі, скіньце мне па пёрку! Я з вамі палячу да таты, да мамы, пачастую вас кашай, напаю гарбаткай!

Гусі скідаюць па пёрку, Піліпка даканчвае другое крыло. Прыладжвае крылы і ўздымаецца ў неба, а надсечаны явар падае акурат на Ведзьму і прыціскае яе да зямлі.

(З-пад аблокаў.) Бывай, бабулька! Смачна табе есці!

Ведзьма (з-пад дрэва). Ох, смерць мая прыйшла! Не выбрацца мне з-пад гэтага праклятага дрэва...

Піліпка даганяе гусіную чараду і разам з ёй ляціць дадому, да Дзеда з Бабай.

 

З'ява шостая

Хата Дзеда з Бабай. За сталом сядзяць Дзед, Баба і Каваль. На стале чыгун з кашай ды імбрык з гарбатай.

Дзед (да Каваля). Частуйся, частуйся, суседзе! Падкладай кашы, падлівай гарбаты. Небагатыя мы, але добраму чалавеку заўсёды рады.

Баба (праз слёзы). Раскажы нам, як загінуў наш сынок Піліпка.

Каваль (з поўным ротам кашы). Распавяду ўсю праўду. Бачу: сядзіць на явары Піліпка, а пад яварам Ведзьма круціцца. Схапіў я сякеру і...

Дзед. І...

Каваль. І разрубаў злую Ведзьму на два кавалкі!

Дзед. Ух!

Каваль. А кавалкі склаліся разам і адразу зрасліся.

Дзед. Эх!..

Каваль. Я зноў разрубаў, а яны зноў зрасліся! Ганяў я, ганяў Ведзьму па лесе — не дагнаў. А да явара вярнуўся — толькі белыя костачкі ад вашага Піліпкі засталіся. (Важна.) Перахітрыла мяне, значыцца, Ведзьма! (Накладае сабе ў талерку кашы.)

Баба. Сыночак наш, Піліпка! Аніколі мы цябе ўжо не пабачым, аніколі кашкай не накормім, гарбаткай не напоім! (Плача наўзрыд.)

Дзед (уздыхае). Во гора нам, гора...

І тут у хату праз адчыненыя вокны залятае мноства гусей. Адны гусі накідваюцца на Каваля: дзяўбуць яго, шчыкаюць, б’юць крыламі. Другія чынна ўладкоўваюцца на стале вакол чыгуна з кашай. А самы нахабны гусь схапіў імбрык і разлівае ў кубкі гарбатку.

Каваль. Ратуйце, ратуйце, забіваюць! (Уцякае з хаты, абярнуўшы місу з кашай.)

Дзед. Баба, што гэта дзеецца?

Баба. Колькі жыву на свеце — такіх дзівосаў не бачыла!

Піліпкаў голас. Так яму й трэба, баязліўцу ды хлусу!

Дзед з Бабай углядаюцца і бачаць: сядзіць на падаконні іх улюбёны сынок Піліпка, жывы і здаровы, ды яшчэ з крыламі за плячыма.

Дзед. Піліпка!

Баба. Сынок!

Піліпка. Матуля! Татуля!

Гусі. Га-га-га-га-га! (Усчынаюць неверагодны шум і вэрхал.)

Нікога і нічога апроч гусей не відаць і не чуваць; далей казку працягваць няма як, і яна заканчваецца.

Заслона