epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Шлях да Бэтлеему

П’еса-апокрыф у 2-х дзеях

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  З’ява першая
  З’ява другая
  З’ява трэцяя
  З’ява чацвёртая
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  З’ява пятая
  З’ява шостая
  З’ява сёмая


 

АСОБЫ

 

Асёл.

Гаспадар.

Зорка.

Парсюк.

Леў.

1-ы Жаўнер.

2-і Жаўнер.

Крот.

Чорт.

Малпа.

Язэп.

Марыя з Дзіцяткам.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

З’ява першая

Па дарозе брыдзе Асёл, запрэжаны ў вазок. На вазку — некалькі мяхоў і бочак. Побач ідзе Гаспадар. Асёл заўважае ля дарогі дрэва і нясмела цягнецца да ягоных калючых галін.

Гаспадар (торгае за вяроўку). Куды, злыдух?! Куды?

Галодны Асёл упарціцца. Гаспадар з усяе сілы цягне за вяроўку.

Ах ты, лантух, ах ты, жарло! Ніводнае калючкі не прамінеш! Трапім мы сёння дадому ці не? (Кідае вяроўку і папіхае Асла.) Ану, пайшоў!

Стомлены Асёл упіраецца і незадаволена раве. Гаспадар ламае з дрэва дубец і б’е Асла.

Во табе, лайдак! Во табе! Не хочаш ісці самахоць — пойдзеш жывасілам!

Асёл раве ад болю, але не рухаецца з месца.

(Кідае дубец, выцірае рукой мокры лоб.) Цьфу! Што за натурлівая жывёліна! Я ажно ўпрэў, а ён — ні з месца. Адно слова, асёл. Здзерці скуру — ды на бубен. Давядзецца начаваць на дарозе. (Прывязвае Асла да дрэва. Потым здымае з пояса фляжку і п’е віно.) Смаката! Добрае вінцо! (Уладкоўваецца пад дрэвам і засынае з фляжкай у руцэ.)

Цямнее. На небе з’яўляюцца першыя зоркі. Асёл задзірае галаву ўгору і з асалодай уцягвае свежае паветра.

Асёл (глядзіць на неба). Зоркі... Якія яны прыгожыя, якія шчаслівыя. зайздрасцю.) Добра ім там, на небе. Не ведаюць яны ні цяжкіх мяхоў, ні пякучых бізуноў. Эх, чаму я нарадзіўся на свет аслом?! Зоркі-зоркі, вазьміце мяне да сябе. Тут, на зямлі, я няшчасны і самотны! Не чуюць... Ніхто мяне не чуе і не разумее. (Уздыхае.)

Нечакана адна з Зорак спускаецца з неба і сядае проста на дрэва, да якога прывязаны Асёл.

Зорка. Мір табе, божае стварэнне!

Асёл (здзіўлена). Ты хто?

Зорка. Я — Зорка.

Асёл (недаверліва). Зорка? Хіба зоркі растуць на дрэвах?

Зорка. Я не звычайная зорка, а Бэтлеемская. Я спусцілася з неба, каб абвясціць табе радасную навіну: на зямлю прыйшоў Бог.

Асёл. А хто такі Бог?

Зорка. Бог — гэта Той, хто стварыў Сусвет, і Той, дзеля каго Сусвет створаны! Бог — гэта Той, хто любіць усіх, і Той, каго ўсе могуць любіць!

Асёл (перапыняе). Не, мяне ён не любіць. Навошта ён стварыў мяне Аслом? Каб я штодня працаваў да знямогі, зносіў голад, кухталі ды лаянку? Каб усе з мяне смяяліся і здзекаваліся?

Зорка. На зямлі, якой яе стварыў Бог, не было цяжкай працы, няволі, голаду ды хваробаў. Усе: людзі, жывёлы, расліны — былі радасныя і шчаслівыя. А потым людзі выгналі Бога і ўсё змянілася. На зямлі запанавалі беды і няшчасці.

Асёл (зірнуўшы на п'янага Гаспадара). Дык вось хто ва ўсім вінаваты!

Зорка. Але цяпер Бог вярнуўся на зямлю, каб збавіць усіх яе жыхароў. Радуйся, божае стварэнне! Табе першаму з жывёлаў адкрыта вялікая таямніца.

Асёл (збянтэжана). Мне? Але што я такога зрабіў? Я — звычайны, шэры, даўгавухі Асёл!

Зорка. Так захацеў Бог, бо ён любіць цябе.

Асёл. Ах, не смейся з мяне, сястрыца Зорка! Усёмагутны Бог, які стварыў Сусвет, любіць няшчаснага Асла, якога не любіць ніхто на зямлі! Нават Гаспадар.

Зорка. А Ён любіць, павер мне.

Асёл. А я... я магу любіць Бога? Мая любоў нікому не патрэбна, нават Гаспадару. А Богу — яна патрэбна?

Зорка (таямніча). Яму патрэбна больш — твая дапамога.

Асёл (пакрыўджана). Ты зноў смяешся з мяне, сястрыца Зорка? Чым я магу дапамагчы Богу?

Зорка. Не ведаю, мой дружа. Але Ён даручыў мне перадаць наступную просьбу: «Братка Асёл, прыйдзі ў горад Бэтлеем і дапамажы мне». Вось і ўсё. У кожнага стварэння свой шлях да Бога. Твой шлях — да Бэтлеему. Пойдзеш?

Асёл (адважна). Пайду. А магу я ўзяць з сабой свайго сябра Парсюка?

Зорка. Чаму не? Надзейны сябар — знаходка ў дарозе. (Зорка спускаецца з дрэва і адвязвае Асла ад дрэва.)

Асёл (сарамліва). Скажы, сястрыца Зорка, а калі я дапамагу Богу, Ён споўніць маё запаветнае жаданне?

Зорка. Абавязкова, толькі трэба жадаць усім сэрцам. Шчаслівай дарогі, братка Асёл. (Уздымаецца ў неба.)

Асёл. Бывай, сястрыца Зорка! Да сустрэчы на небе. (Сам сабе.) Я таксама хутка буду Зоркай! (Спахапіўшыся.) Але пачакай, Зорка! Як я пазнаю Бога, калі я ніколі яго не бачыў? Як Ён выглядае?.. Не чуе. Паляцела. (Задумваецца.) Можа, Бог падобны да зоркі? (Усміхаецца.) А, можа, да Асла? (Уздрыгвае.) А раптам — да чалавека?

П’яны Гаспадар варушыцца ў сне, нешта мармыча сабе над нос.

(Зірнуўшы на Гаспадара.) Не, не можа Бог быць падобным да чалавека! Бывай, Гаспадар, я выпраўляюся ў Бэтлеем шукаць Бога! (Задумваецца.) Але што рабіць з вазком? Шкада пакідаць яго тут. Гэтулькі дарог разам прайшлі, гэтулькі мяхоў перавезлі. Вазьму з сабой. (Знікае з вазком за паваротам дарогі.)

Праз нейкі час Гаспадар прачынаецца, працірае кулакамі вочы.

Гаспадар. Што? Дзе? Куды? (Разглядаецца.) Дзе мой вазок? Дзе мой Асёл? (Бачыць пад дрэвам вяроўку.) Уцёк, злыдух! Нейкі д’ябал у яго ўсяліўся! Ну, пачакай, валацуга, злаўлю — здзяру шкуру на бубен! (Бяжыць за Аслом.)

 

З’ява другая

За загарадкаю перад хлявом сядзіць рабы Парсюк і сёрбае з карыта. На падворку з’яўляецца Асёл.

Асёл. Братка Парсюк, у мяне такая навіна! Такая навіна!

Парсюк (не адрываецца ад карыта). Няма ў свеце навіны, дзеля якой варта перапыняць сняданак. Рох-рох...

Асёл. На зямлі з’явіўся Бог!

Парсюк. І што з таго?

Асёл. Ён нас любіць і чакае нашай дапамогі. Мы мусім выпраўляцца ў Бэтлеем і адшукаць там Бога.

Парсюк. А навошта Ён нам?

Асёл (разгублена). Як навошта? Ён жа нас любіць...

Парсюк (абыякава). Мяне і так усе любяць, рох-рох.

Асёл. Калі мы яму дапаможам, Ён здзейсніць усе нашы мары. Зробіць нас шчаслівымі!

Парсюк (груба). Я ўжо шчаслівы.

Асёл. Табе не патрэбны Бог?

Парсюк. Мне патрэбны Гаспадар. Ён мяне смачна корміць, гладзіць па баках і спявае пяшчотна: «Дзюдзю, дзюдзю!» Цябе Гаспадар так любіць?

Асёл (сумна). Не. Бывае, зусім не корміць, а па баках гладзіць бізуном.

Парсюк. Вось таму ты і прыдумаў сабе Бога. А мне Ён навошта? Які з яго наедак? Га? Маўчыш.

Асёл (апусціўшы галаву). Не разумею: чаму Гаспадар цябе так любіць? Смачна корміць, не прымушае працаваць да знямогі.

Парсюк (самазадаволена). А ты зірні, які я прыгожы ды ладны. (Паварочваецца да Асла адным, потым другім бокам.) Хіба мяне можна не любіць?

Асёл. Няўжо я такі няўклюдны і брыдкі, што не варты хаця б спагады?

Парсюк. Прыгажосцю ты, братка Асёл, не вылучаешся. Розумам — таксама. Вечна табе ў галаву нешта стрэліць. Бог, Бэтлеем. (Схіляецца над карытам.)

Асёл. А я спадзяваўся, мы разам пойдзем у Бэтлеем.

Парсюк. Я яшчэ не звар’яцеў. І табе раю — апамятайся, братка Асёл.

Асёл. Я ўцёк ад Гаспадара...

Парсюк. Наш добры Гаспадар табе даруе.

Асёл. Не, я не застануся. (Цвёрда.) Бывай, братка Парсюк.

Парсюк (наўздагон). Вярніся, шалёны! Як цяпер Гаспадар будзе прывозіць мне ежу?

Запрэжаны ў вазок Асёл знікае ўдалечыні. Парсюк працягвае сёрбаць з карыта. Праз нейкі час ля загарадкі з’яўляецца Гаспадар з пустым мяшком у руках. Гаспадар пералазіць праз загарадку, падыходзіць да Парсюка і гладзіць яго па баках. Парсюк задаволена рохкае.

Гаспадар (ласкава). Дзюдзю, дзюдзю! Ах ты мой падласы, ах ты мой тлусты! Карміў я цябе, гадаваў. Думаў, выгадую акурат да святочнага стала. (Вымае з-за пояса вялізны нож, праводзіць па вострым лязе і, уздыхнуўшы, хавае назад.) Смачныя атрымаліся б шынкі ды кілбасы. Але так усё павярнулася, што давядзецца цябе прадаць. Мушу выпраўляцца шукаць твайго прыяцеля Асла, каб яго кадук. Папомніць ён, як уцякаць ад свайго Гаспадара. Я з ягонай дурной галавы зоркі выб’ю. Ты, Дзюдзю, не крыўдуй, калі цябе з’есць нехта іншы. (Абмацвае Парсюка і ўздыхае.) Шкада... Смачныя былі б шынкі ды кілбасы...

Гаспадар накідвае мяшок на Парсюка. Парсюк вішчыць ад страху. Узваліўшы мяшок з Парсюком на плечы, Гаспадар адыходзіць.

 

З’ява трэцяя

Бязлюдная мясціна па дарозе на Бэтлеем. Дзе-нідзе растуць рэдкія дрэўцы. Асёл сілкуецца калючкамі.

Асёл. Па дарозе ў Бэтлеем нават калючкі смачнейшыя!

З-за дрэва высоўваецца Гаспадар з вяроўкай у руках, падкрадаецца да Асла і спрытна накідвае на яго пятлю.

Гаспадар. Ага, папаўся, валацуга! Ад мяне не ўцячэш!

Асёл. ЬІ-ы-ы-ы-ы!..

Гаспадар. Ану, дадому! (Цягне за вяроўку.)

Асёл (упарціцца). ЬІ-ы-ы-ы!

Гаспадар. Не хочаш ісці дадому? (Хапаецца за бізун.) А бізуна хочаш?

Раптоўна наваколле скаланае львіны рык: «Р-р-р-р!»

Асёл (спалохана). Ы-ы-ы-ы!

Гаспадар (насцярожана). Ціха! (Прыслухоўваецца.)

Пагрозлівы рык набліжаецца: «Р-р-р-р! Р-р-р-р!»

(Спалохана.) Леў! Бяжыць сюды! Ён нас з’есць!

Асёл (вырываецца). Ы-ы-ы-ы!

Гаспадар (мітусліва). Што рабіць? (Сцяміўшы.) Во! Пакіну яму на з’яданне Асла, а сам схаваюся! (Прывязвае Асла да дрэва і ўцякае.)

З’яўляецца Леў, магутны і страшны.

Леў. Р-р-р-р!

Асёл (заплюшчвае вочы). Я загінуў!..

Леў уздымае лапу і... абрывае вяроўку, вызваляючы спалоханага Асла.

Леў. Не бойся, дружа! Ты — свабодны.

Асёл (расплюшчвае вочы). Ты мяне не з’ясі?

Леў. Не. Я вызваліў цябе, бо не прызнаю ў сваіх уладаннях няволі.

Асёл. У тваіх уладаннях? (Нясмела.) Можа, ты Бог?

Леў. Я — Леў, кароль над звярамі і жывёламі. А хто такі Бог?

Асёл. Бог — гэта той, хто стварыў Сусвет і нас усіх...

Леў (перапыняе). Значыцца, гэта Бог стварыў мяне каралём?

Асёл (працягвае). ...хто ўсіх нас любіць і каго мы можам любіць.

Леў (расчаравана). Якая наіўнасць! Абвяшчаць апірышчам сваёй улады любоў? Ха! Толькі сіла выклікае павагу ў зямных стварэнняў. (Рыкае.) Толькі сіла!

Асёл. Ты магутны, але справядлівы. Ты вызваліў мяне з рук Гаспадара. Таму я адкрыю табе вялікую таямніцу. Бог вярнуўся на зямлю!

Леў. Трэба быць вельмі смелым, каб адважыцца на такое!

Асёл. Ён з’явіўся ў Бэтлееме і чакае нашай дапамогі.

Леў. Ён паспеў ужо трапіць у бяду? Ха-ха! Я ж казаў: дабрыня і любоў не ратуюць у гэтым свеце. (Рыкае.) Толькі сіла! (Да Асла.) Дык ты ўцёк ад Гаспадара, каб ісці ў Бэтлеем на дапамогу Богу?

Асёл. Так. Мой Гаспадар дрэнна абыходзіўся са мной: прымушаў цяжка працаваць, часта біў і брудна лаяўся. (Даверліва.) Я хачу прасіць Бога, каб Ён ператварыў мяне ў Зорку. На зямлі я такі няшчасны.

Леў. Марныя твае спадзяванні, сябра. Бог табе не дапаможа. Ён нават ад злога Гаспадара цябе не абароніць.

Асёл (разгублена). Чаму?

Леў. Нават я, магутны ўладар, не здольны ператварыць асла ў зорку, а зорку ў асла. А твой Бог, як я зразумеў, стварэнне наіўнае і слабое, інакш ён не прасіў бы дапамогі ў цябе, звычайнага шэрага Асла.

Асёл (уздыхае). Што ж мне рабіць?

Леў. Заставайся са мной, я нікому не дам цябе ў крыўду. У маім каралеўстве ты будзеш сам сабе гаспадаром: будзеш хадзіць, дзе захочаш, жывіцца, чым захочаш.

Асёл. Праўда? І ты не змусіш мяне працаваць ад рання да змяркання?

Леў (рыкае). Маё каралеўскае слова. Навошта ты цягаеш за сабой гэты недарэчны вазок? Пазбудзься яго, ты — вольнае стварэнне.

Раптам чуваць пагрозлівыя крыкі, бразгат зброі, грукат бубнаў з усіх бакоў.

(Незадаволена). Што такое? Што за вэрхал у маіх уладаннях? Р-р-р-р! (Бяжыць на шум, які ўзмацняецца.)

Крыкі, тупат ног, бразгат зброі зліваюцца з ільвіным рыкам. Леў вяртаецца акрываўлены, са стралой у спіне.

Ратуйся! Паляўнічыя! У іх стрэлы і дзіды! Яны забіваюць здалёк! Уцякайма! (Кідаецца ў розныя бакі, але адусюль яго сустракаюць крыкамі, грукатам бубнаў, стрэламі і дзідамі.)

Асёл хаваецца за дрэва, зрэдку высоўваючы галаву. Шум сціхае гэтак жа раптоўна, як пачаўся. Асёл асцярожна выбіраецца з-за дрэва. Прыпаўзае Леў, увесь паранены, працяты дзідамі ды стрэламі.

апошніх сілаў уздымае галаву.) Я нічога не мог зрабіць. У іх стрэлы і дзіды... яны забіваюць здалёк... (Памірае.)

Асёл (з жахам). Яны забілі яго! Магутнага караля над звярамі і жывёламі! (Уцякае з усіх ног.)

З’яўляецца Гаспадар. Заўважае нерухомага Льва, асцярожна падкрадаецца да яго і кранае дубцом, каб пераканацца, што Леў мёртвы.

Гаспадар (урачыста). Здох. (Залазіць на Льва і трымаецца за дзіду, якая тырчыць у спіне ў звера.) Гэй, сюды! Сюды! Леў мёртвы!

З’яўляюцца Жаўнеры цара Ірада.

1-ы Жаўнер (смяецца). Зірні на героя!

2-і Жаўнер (груба). Гэй, самарыцянін, злазь з нашага звера! Папсуеш скуру!

Гаспадар. Гэта мой Леў! Я вас сюды прывёў.

1-ы Жаўнер. А мы яго забілі. Гэта нашая здабыча. (Выштурхоўвае Гаспадара з тушы Льва.)

Гаспадар. Леў з’еў майго Асла! Таму ён належыць мне.

2-і Жаўнер. З’еў цэлага Асла ды яшчэ з вазком? Пайшоў прэч, дурань.

Гаспадар. Мы з вамі дамаўляліся! (Ные.) Аддайце мне майго Льва.

1-ы Жаўнер. Маўчы, паганец! Гэты Леў забіты ўва ўладаннях цара Ірада і паводле закону належыць яму!

2-і Жаўнер. Здымем з ільва шкуру і занясём цару Іраду ў падарунак. Можа, атрымаем узнагароду.

Жаўнеры бяруць Льва за лапы і валакуць за сабой. Услед цягнецца Гаспадар.

Гаспадар (ціха). Ашуканцы! Рабаўнікі! Злодзеі!

 

З’ява чацвёртая

Поле недалёка ад Бэтлеему. На даляглядзе ўзвышаюцца гарадскія муры. З-пад зямлі вынырвае галава Крата, а потым і ўвесь Крот. Ён выцягвае за сабой на паверхню мех з зямлёй.

Крот (мармыча). Пазаўчора прайшоў дзесяць метраў — два мяхі зямлі. Учора пятнаццаць метраў — тры мяхі. Сёння толькі пяць метраў — адзін мех. Разам — шэсць мяхоў. (Аддыхваецца.) Божа, дапамажы мне! Узнагародзь мяне за маю працу — дай сілы дабрацца да твайго Раю.

Над Кратом вырастае постаць А с л а. Сонны Асёл цягне вазок, пакуль не натыкаецца на мех з зямлёй.

(Заўважае над сабой Асла.) Ой! (Хаваецца пад зямлю.)

Асёл (угледзеўшы пад нагамі Крата). Прабач мне, божае стварэнне! Я крыху задрамаў і не заўважыў цябе на дарозе.

Крот (вылазіць на паверхню). Во-во! (Злосна.) Сонца ўсё перакручвае вам у галовах. Вы ніколі не заўважаеце, што ў вас дзеецца пад нагамі. Заўсёды вашыя вочы ўтароплены ў неба, быццам там ёсць нешта вартае ўвагі. Фы! (Узнёсла.) Божа, ратуй мяне ад марнасці гэтага свету!

Асёл (імгненна прачынаецца). Ты сказаў «Божа»? Адкуль ты ведаеш?! Я думаў, што ўва ўсім свеце толькі я ведаю гэтую таямніцу.

Крот. Фы! Якія могуць быць таямніцы ў свеце? Усе таямніцы ў цемры, і каму, як не мне, Крату, ведаць іх?

Асёл. Ты ведаеш, што ёсць Бог, які стварыў усіх нас...

Крот (перапыняе). ...і дзеля якога ўсе мы створаны.

Асёл (узрадавана). Ёсць Бог, які любіць нас...

Крот (працягвае). ...і якога можам любіць мы. (Пагардліва.) Знайшоў таямніцу! Можа, ты знайшоў і самога Бога?

Асёл (разгублена). Не, толькі шукаю... Ты ўсё ведаеш. Давай шукаць Бога разам, братка Крот! Ён тут, у Бэтлееме. (Глядзіць на гарадскія муры.)

Крот (важна). А што я, па-твойму, раблю?

Асёл (глядзіць на мех з зямлёй). Рыеш зямлю.

Крот (істэрычна). Капаю і рыю, рыю і капаю, шукаючы Бога, які жыве глыбока пад зямлёй!

Асёл (узіраецца пад ногі). Глыбока пад зямлёй? (Задзірае галаву і ўзіраецца ў неба.) Дзе там, братка Крот! Ты ўсё пераблытаў, Бог жыве высока ў небе!

Крот (фанатычна). Во-во, гэта — галоўная ваша памылка! Бог — на небе! Фы! (Смяецца.)

Асёл (асцярожна). Але паслухай, пра Бога мне расказала Зорка, якая на крылах спусцілася з неба!

Крот. Фы-фы! На крылах! Птушка! Ты паверыў птушцы! Які ж ты асёл! А можа, табе гэта толькі прымроілася? (Экзальтавана.) Божа, ратуй мяне ад прывіднасці свету і кіруй працай маіх лапак да твайго Раю, які схаваны глыбока-глыбока! (Знікае пад зямлёй.)

Асёл (крычыць). Пачакай, пачакай, братка Крот! Вярніся, я хачу разам з табой шукаць Бога!

Крот (высоўвае галаву). Ты прызнаеш сваю памылку?

Асёл (апускае галаву). Ах, я так нядаўна даведаўся пра Бога! І так мала... Можа, ты маеш рацыю.

Крот. Я ведаю пра Бога ад свайго бацькі, а той — ад свайго, а дзед — ад прадзеда... З пакалення ў пакаленне перадаецца ў нас, кратоў, запавет — капаць і рыць углыб зямлі, пакуль не дасягнем Раю і не знойдзем Бога. (Таямніча.) Ведаеш, мне здаецца, я ўжо зусім блізка да мэты. Я нутром адчуваю блізкасць Бога. Нас аддзяляе ад Яго некалькі метраў!

Асёл (усхвалявана). Дык рый хутчэй, братка Крот! Каб я мог табе дапамагчы!

Крот. Шмат часу я трачу на тое, каб выцягнуць мяхі з зямлёй на паверхню і высыпаць як мага далей ад шахты, абы людзі не заўважылі ўваходу. Бярыся за гэтую працу.

Асёл. Згода!

Крот з Аслом бяруцца за працу. Крот знікае пад зямлёй і падае Аслу мяхі. Асёл выцягвае іх і складае на вазок.

Крот (вылазіць з-пад зямлі). Усё. Шэсць мяхоў. (Падае Аслу апошні мех.) Я капаю далей. (Знікае пад зямлёй.)

Асёл. Ух, якая прыемная праца. Які гонар — першымі знайсці Бога! Дзіўна ўсё-ткі, што жыве Ён не на небе, а пад зямлёй. Але не майго розуму гэтая справа. Толькі б Бог быў добрым і споўніў маё запаветнае жаданне.

З-пад зямлі чуваць нейкі шум, лямант, жудасны рогат. Потым на паверхню выскоквае перапалоханы Крот, за ім — страшны Чорт.

Крот. На дапамогу! Ратуйце! Там — Чорт!

Чорт. Куды ты, мой даражэнькі? Куды, мой родненькі? Ты — мой! (Задаволена рагоча.) Я даўно цябе чакаю. (Хапае Крата і цягне пад зямлю.)

Асёл. Божа, гэта Чорт! (Уцякае, раскідваючы мяхі з вазка.)

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

З’ява пятая

Раніцай на гарадскім рынку ў Бэтлееме. Бязлюдна. Каля будынка з надпісам «Шынок» стаіць вялізная драўляная клетка. У клетцы спіць Малпа. З’яўляецца 1-ы Жаўнер і голасна абвяшчае загад цара Ірада.

1-ы Жаўнер. Слухайце, жыхары Бэтлеема! Слухайце загад усяміласцівага цара Ірада! Усім, хто мае дзяцей да двух гадоў, загадана з’явіцца з імі ў царскі палац! Тых, хто не выканае загаду, чакае смяротнае пакаранне. Слухайце, жыхары Бэтлеема! Слухайце і выконвайце загад усяміласцівага цара Ірада! (Падыходзіць да клеткі з Малпай.) Гэй, красуня, прачніся! Цябе пасадзілі тут не дзеля таго, каб ты спала. Пакажы мне свой мілы тварык!

Жаўнер вымае з похваў меч і, прасунуўшы яго ў клетку, казыча вастрыём мяча Малпу. Малпа прачынаецца, злосна крычыць, носіцца па клетцы, робіць жахлівыя грымасы.

(Рагоча.) Ха-ха, вось пачвара дык пачвара! А як смешна крыўляецца... Бывай, гарэзніца. (Хавае меч у похвы.) Слухайце, жыхары Бэтлеема!.. Слухайце загад усяміласцівага цара Ірада...

З завулка выходзіць на плошчу 2-і Жаўнер з мячом у адной руцэ і немаўляткам у другой.

2-і Жаўнер. Гэй, годзе крычаць! Сваім крыкам ты толькі палохаеш людзей. Ніхто па сваёй волі не прынясе дзіця ў палац, бо ўсе ведаюць, што там дзяцей забіваюць.

1-ы Жаўнер (незадаволена). Але ў мяне царскі загад...

2-і Жаўнер. Ёсць новы загад: хадзіць па дамах і сілай адбіраць у бацькоў маленькіх дзяцей. Вось. (Паказвае немаўлятка.)

1-ы Жаўнер. Цьфу!

На рынак выходзіць з завулка цясляр Язэп. Пабачыўшы жаўнераў, паварочвае назад.

2-і Жаўнер (да Язэпа). Ану, вярніся! (Падазрона.) Навошта хацеў уцячы ад нас?

Язэп (неахвотна вяртаецца). Што вы, пане Жаўнеру, я і не збіраўся ўцякаць.

1-ы Жаўнер. Чуў загад усяміласцівага цара Ірада? Маеш маленькае дзіцятка?

Язэп (з жахам глядзіць на немаўлятка ў руках 2-га Жаўнера і не можа вымавіць ані слова). ?..

1-ы Жаўнер. Ты што — глухі?

Язэп (злякана). Я... не... я не тутэйшы... Я цясляр Язэп... з Назарэта. (Апускае галаву.)

2-і Жаўнер (да 1-га Жаўнера). Пакінь яго ў спакоі. Адкуль у такога разявакі будуць дзеці? Хадзем, пашукаем на той вуліцы.

Жаўнеры адыходзяць. Язэп уздымае галаву і проста перад сабой бачыць Малпу, якая робіць міны.

Язэп (апамятаўшыся). Божа, канец свету! Бедная Марыя! (Язэп знікае ў адным з завулкаў.)

З іншага завулка вынырвае Гаспадар.

Гаспадар. Пракляты горад! (Здымае з пояса фляжку і робіць некалькі глыткоў віна.) Жыхары, як пацукі, пахаваліся па дамах. Па вуліцах маршыруюць жаўнеры цара Ірада. А я ў такі час мушу шукаць свайго асла! (Заўважае ў клетцы Малпу і робіць здзеклівую міну. Пакрыўджаная Малпа адварочваецца і паказвае яму зад.) Цьфу, страхоцце якое! (Шэптам.) Ходзяць чуткі, быццам тут, у Бэтлееме, нарадзіўся будучы цар юдзейскі. Раз’юшаны Ірад не ведае, як яго знайсці, і таму загадаў забіць у горадзе ўсіх маленькіх дзяцей. Але мне што да таго? Мне трэба знайсці свайго асла. Сляды вядуць сюды. (Вешае фляжку на пояс.) Але ніводнага чалавека на вуліцы, няма ў каго запытацца... (Знікае ў адным з завулкаў.)

З іншага завулка паказваецца Асёл.

Асёл (сам сабе). Эх, відаць, падманула мяне Зорка. Не сустрэў я Бога на шляху ў Бэтлеем, не знайшоў у самім горадзе. А можа, няма ніякага Бога? Толькі страшныя людзі з мячамі, якія забіваюць маленькіх дзяцей? Можа, мне ўсё прыснілася? (Спыняецца ля клеткі з Малпай.) Што ж рабіць? Як далей жыць на гэтым свеце?

Малпа (з цікавасцю выслухаўшы Асла). Ці не мяне ты шукаеш, небарака?

Асёл разглядаецца і заўважае Малпу.

Асёл (уражаны). Якая дзіўная істота! Падобная да чалавека, але не чалавек. Падобная да жывёлы, але...

Малпа. ...не жывёла. Я — Бог!

Асёл. Бог?

Малпа. Што, не пазнаў? Ты ўяўляў мяне іншым?

Асёл (разгублена). Так. Зусім іншым.

Малпа. Я і ёсць іншы! Але людзі кінулі мяне ў гэтую зачараваную клетку, і маё аблічча змянілася. Жудасна змянілася! Дапамажы мне выбрацца адсюль — і ты пабачыш сапраўднае аблічча Бога.

Асёл (узрадавана). Дык вось чым я магу табе дапамагчы, Божа! Вось пра што казала Зорка!

Малпа (узбуджана). Ага, і Зорка так казала! Хутчэй збі замкі з клеткі і вызвалі свайго Бога!

Асёл. Зараз, мой Божа! (Прыладжваецца і збівае капытам цяжкія замкі.)

Малпа выбіраецца на волю і, ашалелая ад радасці, скача па даху клеткі.

Малпа. Я вольная, вольная! Гэты дурань вызваліў мяне! (Пагрозліва трасе кулаком у бок завулка.) Ну, пачакайце, людзі, я вам адпомшчу! (Знікае ў завулку.)

Асёл (наўздагон). Куды ты, Божа? Пачакай, не пакідай мяне! Ператвары мяне ў зорку!.. (Сам сабе.) Знік. Нават не развітаўся. Які дзіўны Бог! Чаму ягонае аблічча не змянілася? Можа, не адразу? Можа, праз нейкі час? І тады Ён вернецца...

З завулка чуваць нейкі шум, крык, лаянка. Праз нейкі час на рынак вылятае раз’юшаная Малпа. На галаве ў Малпы — Язэпаў брыль, у адной руцэ — меч, у другой — фляжка з віном.

Божа, што гэта?

Малпа (істэрычна). Я ім адпомсціла, адпомсціла! (П’е з фляжкі віно.) Папомняць яны, як з мяне пасміхацца і здзекавацца! (Знікае ў іншым завулку.)

На рынку пачынаецца страшэнны вэрхал. Напераменку з’яўляюцца і знікаюць Жаўнеры, Язэп, Гаспадар.

1-ы Жаўнер. Малпа ўцякла! Трымайце Малпу!

Язэп. Мой брыль!

2-і Жаўнер. Вярні меч! Заб’ю гадзіну!

Гаспадар. Трымайце злодзея! Мая фляжка!

Асёл (разгублена). Малпа? Гэта была ўсяго толькі Малпа?!

Гаспадар (заўважае Асла). Мой Асёл! Трымайце Асла!

Асёл уцякае. Гаспадар бяжыць за ім, але натыкаецца на 1-га Жаўнера. Жаўнер падае, але хуценька ўсхопліваецца на ногі і хапае Гаспадара.

1-ы Жаўнер. Хто, я — асёл? За абразу жаўнера Яго Вялікасці цара Ірада атрымаеш сто бізуноў!

 

З’ява шостая

Ноч. Закінутая стайня на ўскрайку Бэтлеема. Каля жолаба на мычцы сена спіць Марыя з Дзіцяткам на руках.

У дзвярах паказваецца галава Асла.

Асёл (разглядаецца). Якая занядбаная стайня! Халодная, цёмная. Не дзіўна, што пустая. (Уваходзіць.) Але затое Гаспадар мяне тут не знойдзе. Сёння на рынку ледзь не папаўся яму ў рукі. Пераначую ў стайні, а раніцай пакіну Бэтлеем. (Звыкшыся з паўзмрокам, Асёл заўважае ля жолаба Марыю з Дзіцяткам.) Ой, тут нехта ёсць! (Асцярожна падыходзіць да жолаба.) Маці з Дзіцяткам. Спяць. Якое гора прывяло іх у гэтую стайню? (Прыслухоўваецца.) Нехта ідзе! Вось табе і пустая стайня! (Хаваецца ў закутку.)

У стайню ўваходзіць Гаспадар з ліхтаром у руцэ.

Гаспадар. Гэй, дзе ты, нягоднік! Вылазь, я бачыў твой вазок каля стайні. Ты, пэўна што, недзе тут.

Марыя (прачынаецца ад яркага святла). Мой Божа!

Гаспадар (заўважае ля жолаба Марыю з Дзіцяткам на руках). А вы хто такія? Што робіце ноччу ў закінутай стайні?!

Марыя (туліць да сябе Дзіцятка). Не губі нас, добры чалавек! Мы хаваемся ад жаўнераў цара Ірада. Цар загадаў забіць усіх маленькіх дзяцей у Бэтлееме. А ў мяне якраз нарадзіўся сын.

Гаспадар (азіраецца). А ты не бачыла тут майго беглага Асла? Я амаль што злавіў яго, а ён зноў як скрозь донне праваліўся.

Марыя. Не бачыла, дабрадзею. Мой муж, Язэп, таксама пайшоў у горад шукаць асла. (Уздыхнуўшы.) Мусім да раніцы пакінуць Бэтлеем і ўцякаць у Егіпет.

Гаспадар (задуменна). Дык кажаш, хаваецеся ад жаўнераў цара Ірада? (Убок.) Калі я аддам яе ў рукі жаўнераў — атрымаю шчодрую царскую ўзнагароду.

Марыя. Злітуйся, добры чалавек! Не выдавай нас!

Гаспадар. Не бойся, жанчына, я дапамагу вам. Чакайце тут, я прывяду асла.

Марыя (з надзеяй). Бог узнагародзіць цябе за тваю дабрыню!

Гаспадар (убок). Спачатку мяне ўзнагародзіць цар Ірад.

(Выходзіць.)

Дзіцятка пачынае плакаць, Марыя суцяшае яго, гушкае на руках.

Марыя (да Дзіцяткі). Не плач, маё дзіцятка. Не плач, сыночак. Усё будзе добра. Бог не пакіне нас у бядзе.

Са свайго сховішча выбіраецца Асёл, які ўсё чуў.

Асёл (усхвалявана). Мой Гаспадар — мярзотнік! Ён падмануў няшчасную кабету. Ён пабег па жаўнераў, каб атрымаць узнагароду за жыццё дзіцяці! Чаго яна чакае? Трэба ўцякаць! Хутчэй! (Падбягае да Марыі і раве.) ЬІ-ы-ы-ы!

Марыя. Ой, Асёл! (Азіраецца.) А дзе твой гаспадар? (Зноў азіраецца.) Мусіць, гэта той добры чалавек з ліхтаром...

Асёл адмоўна круціць галавой, але Марыя не разумее яго. У дзвярах паказваецца спалоханы Язэп

Язэп. Марыя, бяда! Сюды ідуць жаўнеры!

Марыя. Божа мой!

Язэп. Я не знайшоў у горадзе асла, але там перад дзвярыма стаіць вазок... (Звыкшыся з паўзмрокам, заўважае каля Марыі Асла.) Асёл? Адкуль ён узяўся?

Марыя. Не ведаю. Можа, яго прыслаў нам Бог?

Язэп. Мы выратаваны, Марыя! Запражэм асла ў вазок і выберамся з Бэтлеема.

Язэп выводзіць Асла са стайні, за імі выходзіць Марыя з Дзіцяткам на руках. Нейкі час у стайні ціха і пуста. Раптам дзверы адчыняюцца, у стайню ўвальваюцца Гаспадар і двое Жаўнер а ў.

Гаспадар. Сюды! Тут яны схаваліся. Гэта я іх знайшоў. Мне належыць царская ўзнагарода!

1-ы Жаўнер (уздымае ліхтар над галавой). Нікога няма.

2-і Жаўнер. Ты што, здзекуешся з нас, самарыцянін? (Б’е Гаспадара бізуном.)

Гаспадар. Ай-ай, злітуйцеся! (Круціцца пад ударамі бізуна.)

2-і Жаўнер (да Гаспадара). Шалбер!

1-ы Жаўнер. За падман жаўнераў Яго Вялікасці цара Ірада пойдзеш у вязніцу!

Жаўнеры хапаюць Гаспадара і цягнуць яго ў вязніцу.

 

З’ява сёмая

Ноч. Па дарозе брыдзе Асёл, запрэжаны ў вазок. Побач з Аслом цягнецца Язэп. На вазку сядзіць Марыя з Дзіцяткам. Параўняўшыся з невысокім, але раскідзістым дрэвам, Язэп спыняе Асла.

Язэп. Адпачнём пад гэтым дрэвам, Марыя. Няхай наш добры Асёл пад’есць калючак. (Дапамагае Марыі з Дзіцяткам злезці з вазка і ўсаджвае іх пад дрэвам. Потым выпрагае з вазка Асла і сам сядае пад дрэвам.)

Выпіўшы вады і з’еўшы па кавалку хлеба, людзі засынаюць. Асёл сілкуецца галінкамі дрэва.

На небе гаснуць зоркі. Нечакана адна з іх спускаецца на дрэва, пад якім стаіць Асёл.

Зорка. Мір табе, божае стварэнне!

Асёл (уздымае галаву). Зорка?

Зорка. Рада цябе зноў бачыць, братка Асёл. Ты вяртаешся з Бэтлеема?

Асёл. Ах, Зорка, маё падарожжа было дарэмным. Я не сустрэў у Бэтлееме Бога. Можа, Ён так і не прыйшоў на зямлю?

Зорка. Мілае, наіўнае асляня! Ты яшчэ не здагадаўся, што за дзіцятка нарадзілася ў той занядбанай стайні? Ты яшчэ не ведаеш, каго ты выратаваў?

Асёл (не разумее). Дзіцятка? (Глядзіць на Марыю з Дзіцяткам.) Так, я сустрэў у Бэтлееме гэтых няшчасных людзей і хачу ім дапамагчы.

Зорка. Ты вязеш у сваім вазку Бога, братка Асёл.

Асёл. Бога? (Не верыць.) Ты жартуеш?

Зорка. Зірні сам.

Зорка і Асёл глядзяць на Дзіцятка, якое спіць на руках у Марыі. Галіны дрэва звілі над ім жывую альтанку. Над альтанкаю водзяць карагод зоркі, якія спусціліся з неба. Чуваць мілагучны спеў.

Асёл. Бог на маім вазку... Такі маленькі і бездапаможны... Такі падобны да чалавека...

Зорка. Ён вырасце і выправіць памылкі чалавека. Ён уратуе Сусвет. Ты дапамог яму, братка Асёл, і цяпер тваё жаданне споўніцца.

Асёл. Якое жаданне?

Зорка. Хіба ты не хацеў стаць зоркаю? Далучайся да нас, будзеш жыць на небе шчасліва і бесклапотна!

Асёл (узрадавана). Я буду зоркай! Мая запаветная мара! (Спахапіўшыся.) Пачакай, а хто ж павязе Бога і гэтых людзей у Егіпет?

Зорка. Цябе не павінны больш цікавіць зямныя справы. Знойдзецца нехта іншы. А ты ператворышся ў зорку. (Лічыць.) Раз — два — тры...

Асёл (крычыць). Не, не, я не згодны! Я не хачу быць зоркаю! Я хачу застацца Аслом!

Зорка (строга). Што такое, братка Асёл?

Асёл. Я не хачу быць зоркаю! Я хачу застацца Аслом! Я хачу везці Бога ў Егіпет! (Кідаецца да Язэпа і будзіць яго.) Прачынайся, гаспадар, час выпраўляцца ў дарогу!

Язэп (прачынаецца). Як гэта я заснуў? (Будзіць Марыю.) Уставай, Марыя, трэба ехаць далей.

Зорка (смяецца). Бывай, братка Асёл. Бачу, ты сапраўды знайшоў у Бэтлееме тое, чаго шукаў. (Знікае высока ў небе.)

Язэп запрагае Асла, усаджвае Марыю з Дзіцяткам на вазок, і яны працягваюць свой шлях.

Заслона




Тэкст падаецца паводле выдання: Кавалёў, Сяргей Валер'евіч. Шлях да Бэтлеему : п'есы-казкі : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Сяргей Кавалёў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 229, [2] с. - (Школьная бібліятэка).